Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сустрэча прымірэньня ці канфрантацыі?


Юры Дракахруст, Прага

(Вядучы: ) “Пуцін нібыта зьбіраўся заехаць у Беларусь пасьля саміту “васьмёркі” напрыканцы чэрвеня, потым, паводле Лукашэнкі, абодва лідэры меркавалі сустрэцца ў ліпені ў Сочы, але, як патлумачыў кіраўнік Беларусі, ён быў заняты ўборкаю ураджаю. Меркавалася, што Лукашэнка прыедзе ў Маскву сёньня ўвечары, але сёньня стала вядома, што кіраўнік Беларусі прыляціць у расейскую сталіцу заўтра раніцаю”.

(Дракахруст: ) “Варта пачаць з таго, што тло заўтрашняй сустрэчы выглядае вельмі неспрыяльным. Пасьля жорсткай крытыкі Пуціным беларускіх плянаў інтэграцыі і ня менш жорсткіх адказаў Лукашэнкі паміж бакамі пачаўся абмен адчувальнымі ўдарамі. Адкінуўшы рыторыку, прыгадаем толькі факты.

Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі, скасаваўшы рэгістрацыю расейскага прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт”, фактычна пачаў працэс нацыяналізацыі расейскай уласнасьці ў Беларусі, ці, прынамсі, уласнасьці, якую Расея лічыць сваёй.

Падчас уборачнай на расейскіх пастаўшчыкоў нафты загадам Лукашэнкі была накладзеная дабраахвотна-прымусовая даніна на дапамогу беларускай сельскай гаспадарцы. Гэты крок выклікаў асуджэньне з боку расейскага віцэ-прэм’ера Віктара Хрысьценкі. Загамаваў працэс стварэньня сумеснага прадпрыемства расейскага Газпраму і беларускага Белтрансгазу. Стварэньне гэтага прадпрыемства было прадугледжанае беларуска-расейскімі пагадненьнямі, падпісанымі увесну сёлета.

Нарэшце, учорашняе адключэньне расейскіх радыёстанцыяў і скарачэньне трансьляцыі расейскіх тэлеканалаў. Кіраўніцтва беларускага дзяржтэлерадыё прыводзіла нейкія несур’ёзныя матывы гэтага кроку. Пра тое, што сапраўдныя прычыны – зусім іншыя – сьведчыць заява намесьніка старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Ён сказаў, што гэта палітычнае пытаньне і яго рашэньне будзе адбывацца на самым высокім узроўні.

(Вядучы: ) “Здавалася б, з адключэньнем расейскіх мэдыяў, калі нават у гэтым была нейкая пільная патрэба, можна было б і пачакаць хаця б да завяршэньня заўтрашняй сустрэчы?”

(Дракахруст: ) “Так, калі б мэта была ў тым, каб палагодзіць сытуацыю. Аднак разам выкладзеныя факты сьведчаць пра зусім іншыя матывы. Лукашэнка спрабуе прадэманстраваць сваю моц, паказаць, што ён не саступіць ціску і ў выпадку разрастаньня канфлікту можа стварыць Расеі шмат непрыемнасьцяў.

Непрыхаванаю пагрозаю прагучала ягоная ўчорашняя заява наконт таго, што нікому – ані расейскаму прэзыдэнту, ані беларускаму – ня будзе дазволена ўстаць на шляху стварэньня адзінай дзяржавы. Звыклая гульня ў пошук ворагаў інтэграцыі працягваецца.

Варта адзначыць, што да апошняга часу Масква ўстрымлівалася ад крокаў у адказ эканамічнага характару. Аднак менавіта ў апошнія дні ў Менск прыйшоў чарговы ўльтыматум Газпраму. Расейскі канцэрн пагражае на чвэрць скараціць пастаўкі газу ў Беларусь з прычыны нявыплаты даўгоў. Падобныя ўльтыматумы Газпрам дасылае ў Менск рэгулярна, але гэтым разам справа можа быць надзвычай сур’ёзнаю. І таксама паказальны час прад’яўленьня ўльтыматуму – няпярэдадні сустрэчы.

Як стала вядома, расейскі урад падрыхтаваў пастанову, паводле якой з 1 кастрычніка будзе забаронены продаж у Расеі вялікагрузных машынаў з рухавікамі тыпу Эўра-0. Менскі аўтазавод дзякуючы гэтаму рашэньню згубіць 70% свайго рынку і страціць каля 50 мільёнаў даляраў у год.

(Вядучы: ) “Дык на такім тле чаго можна чакаць ад сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным? Паводле расейскай агэнцыі ІТАР-ТАСС, галоўнай тэмай перамоваў стане падрыхтоўка Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы і абмеркаваньне пытаньня выбараў саюзнага парлямэнту.

Аднак, факты нагадваюць не інтэграцыю, а хутчэй эканамічную “халодную вайну”. Ну, а тэма саюзнай дзяржавы здаецца канчаткова пахаванаю пасьля заяваў Пуціна наконт “юрыдычнага шалупіньня”, “аддзяленьня мух ад катлетаў” і нежаданьня аднаўляць СССР, як тое прапануе беларускі бок.”

(Дракахруст: ) “Сапраўды, абмен рэзкімі заявамі паміж Лукашэнкам і Пуціным, што адбыўся напачатку лета, прадэманстраваў ня толькі цеплыню іх асабістых адносінаў, але і нясумяшчальнасьць поглядаў на тое, якой мусіць быць саюзная дзяржава. Тыдні, што прайшлі ад часу таго скандалу, аніяк ня зблізілі пазыцыі афіцыйнага Менску і Крамля.

Тым ня менш, важны сам па сабе той факт, што сустрэча двух лідэраў, якая шмат разоў адкладалася, нарэшце адбудзецца. Хутчэй за ўсё, яе хада ці, прынамсі, афіцыйныя камэнтары наконт яе вынікаў будуць больш-менш лагоднымі. Няма аніякага сэнсу сустракацца, каб публічна прадэманстраваць, што канфлікт паглыбляецца. Таму, магчыма, сустрэча двух лідэраў і пераносілася некалькі разоў – канфлікт быў занадта гарачым. І цяжка было спадзявацца, што атрымаецца хаця б зьнешне прадэманстраваць узаемаразуменьне.

Экспэрты расейскага інтэрнэт-выданьня Політ.ру мяркуюць, што Пуцін, як прагматык, адкладзе пытаньне саюзнай дзяржавы ў доўгую скрыню. У сваю чаргу і Лукашэнка ня будзе размахваць мячом і патрабаваць сатысфакцыі за абразу. “Гэта будзе сустрэча прымірэньня, але яна ня створыць нічога ў сфэры мітычнага праэкту адзінай дзяржавы” – піша Політ.ру.

“Ізвестія” цытуюць неназваных расейскіх дыпляматаў і палітыкаў, якія гавораць: “Мы баімся “спугнуць” Лукашэнку, а то ён ізноў не прыедзе”.

(Вядучы: ) “Ці не азначае гэта, што пэўная зацікаўленасьць Масквы ў Беларусі ўсё ж захоўваецца?”

(Дракахруст: ) “Выглядае, што так, а таму захоўваецца і нежаданьне ператварыць адносіны ў відавочна непрыязныя. Менавіта гэтую негатовасьць Крамля ісьці да канца і меў на увазе Лукашэнка, калі казаў, што нікому ня будзе дазволена стаць на шляху адзінай дзяржавы.

Аднак, сцэнар заўтрашняй сустрэчы можа быць і іншым. Калі хтосьці спадзяваўся, што пасьля заяваў Пуціна Лукашэнка схавае свае амбіцыі ў кішэню, то гэта было памылкаю. Ён, як я ўжо распавядаў, прадэманстраваў гатовасьць біцца і нават нанес некалькі адчувальных удараў. Магчыма, на заўтрашняй сустрэчы кіраўніку, так бы мовіць, прадэманструюць бізун ва ўсіх дэталях, распавядуць, якія менавіта крокі можа зрабіць Масква, калі справа дойдзе да сур’ёзнай канфрантацыі. Аднак зьнешне, і тут можна пагадзіцца з выданьнем “Політ.ру”, сустрэча, хутчэй за ўсё, будзе выглядаць, як сустрэча прымірэньня”.
XS
SM
MD
LG