Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СОЙМ КХП БНФ АБВІНАВАЧВАЕ РАСЕЮ Ў СПРОБАХ АКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле сябраў Сойму КХП БНФ, апошнія рэзкія заявы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, ягоныя прапановы Беларусі стаць суб’ектам Фэдэрацыі ёсьць адкрытым паваротам да анэксіі. Сойм КХП БНФ параўноўвае заяву кіраўніка Расеі зь дзейнасьцю нацыстаў у адносінах да Аўстрыі й Чэхаславаччыны й заклікае грамадзянаў Беларусі выступіць у абарону незалежнасьці сваёй краіны.

Да абароны незалежнасьці Беларусі заклікаюць сябры КХП БНФ і парлямэнты краінаў АБСЭ ды Рады Эўропы. У гэтым жа звароце рэзка крытыкуецца былая дзейнасьць Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску, якая, на іх думку, была скіраваная на інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі. Сябры Сойму сьцьвярджаюць, што цяперашняе выдаленьне зь Менску дыпляматаў АБСЭ таксама адбылося пад дыктоўку з Масквы — каб лягчэй было правесьці аншлюс Беларусі.

Яшчэ ў адной заяве Сойму КХП БНФ адзначаецца, што за апошнія восем гадоў рэзка ўзрасла колькасьць абортаў, заражэньняў СНІДам, істотна зьніжалася нараджальнасьць і г.д, што вядзе да зьнікненьня беларусаў як нацыі. КХП БНФ заклікае спыніць этнацыд беларусаў.
XS
SM
MD
LG