Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“THE GUARDIAN”: ПУЦІН СЫПАЎ СОЛЬ НА РАНЫ ЛУКАШЭНКУ З АСАЛОДАЙ


Аляксандар Лукашук, Прага

Вось некалькі характэрных цытатаў з артыкулу Іана Трэйнара: “Анахраністычны аўтарытарызм”, “апошні дыктатар Эўропы”, “настальгія па савецкай звышдзяржаве”, “адзіны эўрапейскі кіраўнік-парыя”, “лідэр з маніяй велічы”, “дыктатар”. “The Guardian” адзначае, што ў свой час у спробе стварэньня славянскага саюзу Лукашэнка меў сяброў – і адным з іх быў цяперашні абвінавачаны ў генацыдзе Слабадан Мілошавіч. Лукашэнка спадзяваўся ўзначаліць беларуска-расейкі саюз; Мілошавіч хацеў далучыцца і скарыстаць яго супраць Захаду, каб застацца ва ўладзе. У свой час, у 1948 годзе, Югаславія стала першай славянскай камуністычнай дзяржавай ва Ўсходняй Эўропе, якая парвала са Сталіным і расейкім панаваньнем у рэгіёне. Новы югаслаўскі дыктатар спрабаваў зрабіць наадварот, ягоная тактыка правалілася, і цяпер Мілошавіч бавіць час у турэмнай камэры.

Цяпер таксама лопнула і бурбалка Лукашэнкі, піша “The Guardian” Уладзімер Пуцін не выбіраў словаў пасьля сустрэчы зь беларускім кіраўніком – і гэтыя словы, адзначае Іан Трэйнар, гучалі як сьмяротны звон.

“Хто хоча сябраваць і жыць разам са слабым”, – цытуе брытанскі журналіст Пуціна.

Уладзімер Пуцін ніколі ня быў адданым ідэі зьліцьця, якая засталася ў спадчыну ад Барыса Ельцына, але пару гадоў яшчэ працягваў гаварыць патрэбныя словы, нічога не рабіць на практыцы і трымаць свой выбар пры сабе. Ягоная прамая заява, на думку “The Guardian”, была гучным прыніжэньнем; а заява наконт 90-га суб’екта фэдэрацыі гучала яшчэ больш дзёрзка. Пуцін, піша брытанская газэта, атрымліваў асалоду, калі сыпаў соль на раны, нанесеныя Лукашэнку: маўляў, аб’яднаньне аслабіць Расею. “Ня трэба забываць, што беларуская эканоміка складае толькі 3% ад расейскай”.

Лукашэнка застаецца ў адзіноце – Польшча ў NATO, балтыйскія дзяржавы туды ўступаюць, Расея збліжаецца. Паводле ацэнкі “The Guardian”, расейкія палітыкі і бізнэсмэны маюць вялізарны ўплыў у Беларусі. ЗША нядаўна зьвярнуліся да Расеі з просьбай паўплываць на Менск у справе місіі АБСЭ. Новае збліжэньне Масквы і Вашынгтону можа азначаць новы клопат для дыктатара Беларусі, так заканчваецца артыкул у брытанскай “The Guardian”.
XS
SM
MD
LG