Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАРТЫЯ КАМУНІСТАЎ БЕЛАРУСКАЯ ВЫСТУПАЕ СУПРАЦЬ УВАХОДУ БЕЛАРУСІ Ў СКЛАД РАСЕІ НА ПРАВОХ ГУБЭРНІЯЎ


Уладзімер Глод, Менск

Спадарыня Скрыган яна наступным чынам ацаніла сытуацыю вакол канфлікту паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Пуціным:

(Скрыган: ) “Гэтага трэба было чакаць. Згодна з ацэнкай Партыі камуністаў Беларускай, рэальных крокаў на шляху інтэграцыі Беларусі й Расеі было зроблена вельмі мала. І мы за гэта крытыкавалі найпер наш урад. Тое, што нам паказвалі, у асноўным насіла кан’юнктурны характар: то Лукашэнка ішоў на выбары, то Ельцын. І кожны выкарыстоўваў інтэграцыю ў асабістых мэтах — утрымацца ва ўладзе.

Цяпер імітацыя і гульня ў інтэграцыю скончыліся. І скончыліся з ініцыятывы Пуціна. І стала зразумела, што Расею не задавальняюць беларускія праекты інтэграцыі — надсаюзныя органы, саюзны прэзыдэнт і права вэта для Беларусі. І Расея на гэта ня пойдзе. Добра, што пазыцыя нарэшце вызначылася. Але гэта моцны ўдар па аптымістычным рэляцыям беларускага кіраўніцтва. І невыпадкова Лукашэнка назваў гэта самой моцнай для яго абразай за апошнія дзесяць гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “Як, на вашую думку, будуць разьвівацца падзеі далей?”

(Скрыган: ) “Было б добра, калі б кіраўніцтва Беларусі пайшло на кантакт з усімі палітычнымі сіламі ўнутры краіны, каб абмеркаваць сытуацыю, каб прыйсьці да высновы, што рабіць далей. Магу сказаць, што Партыя камуністаў Беларуская супраць таго, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі дзьвюма губэрнямі — Менскай і Магілёўскай, як прапануе Жырыноўскі.

Пакуль у нас інтэгруюцца прэзыдэнты, мы выступаем за інтэграцыю народную, інтэграцыю сапраўдную. Найперш, за эканамічную інтэграцыю, інтэграцыю, дзякуючы якой народ стане жыць лепей — і ў Беларусі, і ў Расеі. А калі людзі заўважаць, што іхнае жыцьцё палепшылася, тады можна рухацца далей”.
XS
SM
MD
LG