Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМІНІСТРАЦЫЯ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ ВЕДАЕ ПРА ВЫКАЗВАНЬНІ ПУЦІНА, АДНАК КАМЭНТАВАЦЬ ІХ НЕ ЖАДАЕ


Юры Сьвірко, Менск

Пракамэнтаваць сёньняшнія заявы прэзыдэнта Расеі я папрасіў Натальлю Пяткевіч, прэсавую сакратарку Аляксандра Лукашэнкі. Спадарыня Пяткевіч адмовілася даць ацэнку заяве Ўладзімера Пуціна пра тое, што беларускі бок прапануе стварыць “нешта накшталт Савецкага Саюзу”. Гэтую цытату падаў Інтэрнэт-сайт “Страна.Ру”. А паводле агенцтва РИА “Новости”, Уладзімер Пуцін выказаўся яшчэ больш катэгарычна: “Былыя рэспублікі СССР разам ня будуць”.

Аднак прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі кажа:

(Пяткевіч: ) “Вы, напэўна, няўважліва чытаеце, таму што я дакладна чытаю раздрукоўку — там зусім іншае напісана. Я чытаю “Інтэрфакс” — тут таксама цытата ідзе”.

Спадарыню Пяткевіч я папрасіў пракамэнтаваць хаця б тую цытату, якая супадае ў паведамленьнях “Інтэрфаксу” й сайту “Страна.Ру”, — пра “шалупіньне й кашу” вакол саюзнае дзяржвы Беларусі й Расеі. З чыйго боку гэтае шалупіньне й каша?

(Пяткевіч: ) “А чаму? Гэта зь нічыйго боку абсалютна. Усё, што прэзыдэнт сказаў, тут усё напісана. Чытайце ўважліва! Калі вы хочаце перакруціць нешта, дык перакручвайце”.

Замест адказу на пытаньне, ці сапраўды Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў стварыць нейкі наднацыянальны саюзны орган, Натальля Пяткевіч пераадрасавала мяне да прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі:

(Пяткевіч: ) “Думаю, што камэнтаваць Уладзімера Ўладзімеравіча Пуціна мусіць Аляксей Аляксеевіч Громаў. А дзеяньні прэзыдэнта Беларусі былі ў поўнай меры адлюстраваныя ў беларускім друку, на тэлебачаньні й радыё. Усе выказваньні прэзыдэнта, усе матэрыялы былі абнародаваныя”.

Як стала вядома, увечары пачалося паседжаньне калегіі прэзыдэнцкае адміністрацыі. Таму для камэнтароў былі не даступныя і кіраўнік адміністрацыі Ўрал Латыпаў, які на піцерскай сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным ня быў, і ягоны намесьнік Леанід Козік, які ў Санкт-Пецярбургу прысутнічаў.

Што да Аляксея Громава, прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі, дык зь ім зьвязацца сёньня не пашанцавала. Аднак падчас адказаў Уладзімера Пуціна на пытаньні супрацоўнікаў Маскоўскага кардыялягічнага цэнтру была прысутная Натальля Цімакова, першы намесьнік начальніка ўправы прэсавае службы прэзыдэнта Расеі. Вось наш дыялёг:

(Карэспандэнт: ) “Страна.Ру” піша, што Пуцін заявіў: беларускі бок прапануе стварыць...”

(Цімакова: ) “Не, усё, што ў цытатах у іх, гэта ўсё, вядома ж, праўда. Я паглядзела зараз — проста тое самае ў ТАССа ёсьць”.

Спадарыня Цімакова пацьвердзіла, што прэзыдэнт Расеі назваў прапановы беларускага кіраўніцтва пра ўмовы інтэграцыі менавіта ідэалягічным, а не юрыдычным шалупіньнем:

(Цімакова: ) “Ідэалягічным. Вось што ён казаў: ідэалягічным”.
XS
SM
MD
LG