Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьверы беларускага дому


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: гісторык, археоляг Алег Трусаў

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Дзень адчыненых дзьвярэй”, “ламіцца ў адчыненыя дзьверы”, “паказаць на дзьверы”, “пры адчыненых дзьвярах”, “ляснуць дзьвярыма” — аналягі гэтых крылатых выразаў, напэўна, існуюць ва ўсіх краінах, у мовах усіх народаў…. Ці ня ёсьць дзьверы часткай усясьветнай міталёгіі?”

(Алег Трусаў: ) “Так. Бо будынкаў не бывае безь дзьвярэй. І ў кожнага народу зь дзьвярыма і з вокнамі зьвязана шмат паданьняў, мітаў і іншых элемэнтаў мэнтальнасьці”.

(Ракіцкі: ) “А мы, беларусы, далучаемся да ўсясьветнай міталёгіі, ці маем нешта сваё, адметнае?”

(Трусаў: ) “Адметнасьць беларусаў у тым, што нашыя дзьверы заўжды адчыненыя для сяброў і заўжды мы можам празь іх кантактаваць з усім сьветам”.

(Ракіцкі: ) “Але ж, спадар Трусаў, здаецца, Пётар І “прарубіў дзьверы“ ў Эўропу?”

(Трусаў: ) “У тым і справа, што ён “прарубіў”, а ў нас яны заўжды былі адчыненыя, і мы заўжды былі часткай эўрапейскай супольнасьці. І нашыя дзьверы былі не перашкодай, а элемэнтам кантактаў з Эўропай”.

(Ракіцкі: ) “Пра беларускія дзьверы ў беларускім доме мы гутарым зь гісторыкам, археолягам Алегам Трусавым. Спадар Трусаў, калі зьяўляюцца беларускія дзьверы, якімі яны былі?”

(Трусаў: ) “Дзесьці ў VIII–IX стст., калі зьяўляецца вясковая ці гарадзкая хата, рубленая зь бярвёнаў, зьяўляюцца і дзьверы. Нашы археолягі знайшлі цэлых дзьвярэй даволі шмат, у тым ліку і ў Менску. Менскія дзьверы мелі невысокія парамэтры: вышыня — ад 1 мэтру да 1 мэтру 20 сантымэтраў, знаходзіліся блізка ад столі й заўжды адчыняліся ў сярэдзіну памяшканьня, каб не выпускаць цёплае паветра вонкі”.

(Ракіцкі: ) “Гэта значыць, дзьверы мелі чыста функцыянальны характар. Але ці цікавіла людзей нешта большае, чым проста зручна ўвайсьці ў хату?”

(Трусаў: ) “Візытоўкай любых дзьвярэй былі дзьве рэчы: дзьвярная ручка і адпаведна — дзьвярны замок, бо дзьверы ўжо ад старажытнага часу мусілі быць зачыненыя ў той час, калі гаспадара няма дома, каб ня скралі рабаўнікі ягоную маёмасьць. Дзьвярная ручка выглядала як прыгожае мэталёвае колца, скручанае з дроту, аздобленае насечкамі (медзьдзю, напрыклад). Замкі ад самага старажытнага часу былі двох тыпаў: цыліндрычныя (разьёмныя) і накладныя, якія ўразаліся ў самі дзьверы. У кожнага гаспадара быў свой адметны замок, якім ён ганарыўся і які засьцерагаў яго ад злодзеяў”.

(Ракіцкі: ) “А клямкі? Мне падаецца, нават у сучаснай вёсцы, у звычайных людзей вельмі рэдка адшукаеш абсалютна аднолькавыя клямкі”.

(Трусаў: ) “Асаблівы росквіт беларускай клямкі — гэта канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзяў. Наагул, клямка зьявілася ў XVI стагодзьдзі. І менавіта беларускія кавалі з кожнай клямкі рабілі ўзоры мастацтва: ёсьць клямкі з паганскай сымболікай — гэта розныя сонейкі, крыжыкі; ёсьць элемэнты балцкай традыцыі — галоўкі вужоў ці зьмеяў; ёсьць клямкі ў выглядзе кветак, лісточкаў — наагул, клямка ў беларускай хаце канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў была сымбалем дабрабыту, сымбалем дакрананьня: першае, што рабіў чалавек, каб адчыніць дзьверы, ён мусіў націснуць на клямку. І калі дзверы лёгка адчыняліся — яго як бы пускалі ў чужы сьвет, у сьвет іншай сям’і”.

(Ракіцкі: ) “Калі я будаваў сабе дом, вельмі доўга думаў, як зрабіць дзьверы — калі да мяне будуць прыходзіць госьці, каб яны бачылі, што гэта дзьверы менавіта Ракіцкага, а не яшчэ некага. Ці заўсёды так было ў Беларусі, што людзі фантазавалі адносна формы дзьвярэй, матэрыялу, нейкіх арнамэнтаў?”

(Трусаў: ) “Абавязкова. Больш за тое, ужо да ХІХ стагодзьдзя кожныя вясковыя дзьверы атрымалі адпаведнае аздабленьне. Найперш, гэта ліштва — разная фігурная дошка над дзьвярыма. Ліштвы былі й над вокнамі, і над дзьвярыма. Кожны гаспадар ці сам выразаў гэту ліштву, ці наймаў адмысловага разьбяра — і гэта было нібы карункавае аздабленьне. Асабліва прыгожымі былі драўляныя дамы ў беларускіх гарадох і мястэчках, дзе першы паверх каменны, а верхні драўляны. І вось там вокны й дзьверы былі аздобленыя рознымі драўлянымі карункамі, і кожны ўзор, як правіла, не паўтараўся”.

(Ракіцкі: ) “Мы гаварылі пра дзьверы простых людзей, але, напэўна, і фантазіі, і магчымасьці ў шляхты, магнатэрыі былі значна большыя. Якія былі дзьверы храмаў, палацаў?”

(Трусаў: ) “Першыя дзьверы манумэнтальных будынкаў зьвязаныя з культавай архітэктурай. Чым яны адрозьніваліся ад простых дзьвярэй? Яны былі, як правіла, двухфорткавыя, і першыя форткі называліся па-беларуску “дзьвярыны” — вялікія палотны (полацкая Сафія мае дзьверы шырынёй два мэтры), якія расхіналіся ўжо ня ўсярэдзіну памяшканьня, а, як правіла, вонкі. І вось гэтыя дзьверы ў храмах былі творамі мастацтва.Так, напрыклад, захаваліся дзьверы корсунскай працы ў наўгародзкай Сафіі. Яны аздобленыя спэцыяльнымі клеймамі, з мэталу вырабленыя арнамэнты, крыжы, розныя сцэнкі. Многія дзьверы яшчэ й умацоўваліся, каб вораг ня мог так проста ўварвацца ў храм — яны мелі мэталёвую абшыўку. І каб увайсьці ў такія дзьверы, трэба выбіваць іх таранам”.

(Ракіцкі: ) “А вось замкавыя дзьверы… Мы маем вельмі цікавыя ўзоры гатычнай архітэктуры. Чым яны вылучаліся ў Беларусі?”

(Трусаў: ) “Па-першае, яны мелі вельмі прыгожы праём — дзьвярны партал, які вырабляўся са спэцыяльнай фігурнай цэглы, гэтыя традыцыі прыйшлі да нас з Эстоніі, Прусіі, Польшчы (пазьней, у час Адраджэньня, гэтыя парталы будуць рабіць ужо з вапняковага разнога каменя). Другая асаблівасьць у тым, што дзьверы, пачынаючы ад XVI стагодзьдзя, ужо на завесах — вялікіх каваных дэталях, якія маюць форму лацінскай літары S. Гэтыя завесы былі элемэнтам і ўмацаваньня дзьвярэй, і дэкарацыйным элемэнтам.

Трэцяя ўласьцівасьць гатычных і пазьней барокавых (ці дзьвярэй эпохі ракако) — гэта вялікая колькасьць дэкарацыйных цьвікоў. Гэтыя цьвікі мелі даўжыню да дваццаці сантымэтраў, вялікую прыгожую плешку ў выглядзе кветкі ці крыжака, ці ромба. Яны прабівалі дошкі наскрозь, загіналіся — і ўсе дзьверы былі начыненыя гэтымі арнамэнтамі цьвікоў. У выніку дзьверы станавіліся шэдэўрам мастацтва”.

(Ракіцкі: ) “Калі падарожнічаеш па Эўропе, зьвяртаеш увагу на дзьверы храмаў, замкаў, палацаў эпохі Рэнэсансу, барока, ракако — ці маглі б вы параўнаць дзьверы беларускія і дзьверы, скажам, італьянскіх майстроў?”

(Трусаў: ) “Можна параўнаць, тым больш, што нашы дзьверы былі ня горшыя, а часам іх рабілі ў Беларусі непасрэдна італьянскія майстры (згадаем кантакт Радзівілаў з італьянскімі архітэктарамі). Не выклікае сумненьня тое, што дзьверы нясьвіскіх палацаў маглі рабіцца непасрэдна паводле італьянскіх праектаў: ужываецца дзеля аздабленьня парталаў камень, мармур, вапняк.

І цяпер, калі пачаліся праектныя дасьледаваньні замку ў Нясьвіжы, адкрыліся ўнікальныя аздабленьні парталаў нясвіскіх дзьвярэй XVII–XVIII стст., якія маюць ня толькі розны арнамэнт, але й надпісы на латыні — цэлыя тэксты, дату будаўніцтва. У якасьці прыкладу можна прывесьці ўнікальны партал і дзьверы ў брыгіцкім касьцёле ў Горадні — гэта ўплыў нідэрляндзкага маньерызму, аб чым сведчаць гронкі вінаграду й дата будаўніцтва”.

(Ракіцкі: ) “Ці можам мы казаць пра шматстайнасьць культуры ўпрыгожваньня дзьвярэй у Беларусі? Я маю на ўвазе тое, што тут спрадвеку жылі людзі, якія адносіліся да розных культураў. У нас існавалі сынагогі, мячэты, праваслаўныя й каталіцкія храмы…”

(Трусаў: ) “У якасьці прыкладу ў многіх падручніках па гісторыі дэкарацыйна-ўжытковага мастацтва падаюцца ўнікальныя дзьверы з быхаўскай сынагогі. Яны аздобленыя мэталам, акаваныя, таму што час быў неспакойны, дзьверы мелі абарончую функцыю, але таксама й вельмі прыгожы дэкор: там і галовы птушак, і галовы зьмеяў, і расьлінны арнамэнт. Дзьверы быхаўскай сынагогі — гэта ўзор дэкарацыйна-выяўленчага мастацтва XVII ст.

Яшчэ адны ўнікальныя дзьверы — гэта дзьверы царквы ў Супрасьлі. Яны таксама аздобленыя мэталам, рознымі дэкарацыйнымі элемэнтамі, вельмі моцныя. А ў эпоху Рэнэсансу прыйшлі вельмі моцныя накладныя дзьвярныя замкі, асабліва ў выглядзе сэрца. Мне давялося знайсьці такі замок пры раскопках замку ў Заслаўі. І ў гэтую ж эпоху зьяўляецца ключ, падобны да нашага: мае прыгожую дэкарацыйную галоўку і розныя віды бародак (ніжняя частка ключа, якая ўстаўляецца непасрэдна ў адтуліну). У Крэўскім замку я знайшоў цэлую зьвязку ключоў, 13 адзінак — ад самых маленькіх да самых вялікіх”.

(Ракіцкі: ) “А давайце ўдакладнім: гэтыя замкі і ключы імпартаваліся зь іншых краінаў, ці ў нас былі свае майстры, кавалі, разьбяры?”

(Трусаў: ) “Славянскімі замкамі гандлявалі купцы ўсёй Эўропы. Вельмі шмат замкоў з Полацку, Кіева, іншых усходне-славянскіх гарадоў. Нашы замкі закуплялі французы, і да XV стагодзьдзя замкі йшлі на экспарт, і ня толькі таму, што былі вельмі прыгожымі, а й таму, што да іх нельга было падабраць ключ”.

(Ракіцкі: ) “Значыць, была свая школа?”

(Трусаў: ) “Вялікая школа. І гэты тып замкоў ад Х стагодзьдзя не мяняўся аж да XV–XVI стагодзьдзя”.

(Ракіцкі: ) “А цяпер мы купляем замкі, ключы на Захадзе, на Ўсходзе, а калі ўжо патрапіш на замок з Ізраілю, то нават радуесься і шчасьлівы. І неяк ня вельмі хочацца купляць сёньня беларускія замкі”.

(Трусаў: ) “Я думаю, што гэта зьява часова…. Прыйдзе час, і дзьверы ў Эўропу будуць адчыненыя значна шырэй, чым цяпер, а наша вытворчасьць зноў ажыве — і беларускую клямку дзеля аздобы дзьвярэй уласнага пакоя зможа купіць і немец, і француз, і ангелец”.
XS
SM
MD
LG