Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гіпі


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Удзельнiчае: культуроляг Сяргей Сахараў

(Ракiцкi: ) “Канец 1960-х гадоў. Маладыя людзі ў ЗША i Заходняй Эўропе паўстаюць супраць вайны ў Вiетнаме, закасьцянелай сыстэмы адукацыi ва ўнiвэрсытэтах, супраць буржуазнага ладу жыцьця, створанага іхнымі бацькамі. Герой Дастына Хофмана зь фiльма “Выпускнiк” на знак пратэсту разьбiвае аўтамабiль сваiх бацькоў. Падлеткі, якія праглі перайначыць аднастайную да адурэньня рэчаіснасьць, навязаную бацькамі, для якіх самымі галоўнымі былі грошы, дабрабыт, умераны кансэрватызм і кар’ера, спрабуюць узарваць сьвет дарослых і адкінуць каштоўнасьці, што склаліся пасьля другой усясьветнай вайны, адкінуць канфармізм грамадзтва і даказаць бацькам, прадстаўнікам “пакаленьня маўклівых”, што сьвет створаны дзеля каханьня, эру якога яны так настойліва набліжалі.

“Мы сыходзім з такога грамадзтва не для таго, каб пагарджаць ім, але для таго, каб яго палешыць, – цытуе аднаго зь першых лёнданскіх гіпі польскі дасьледчык моладзевых субкультураў Марэк Енджэеўскі. – Мы хочам зьмяніць грамадзтва яшчэ пры жыцьці нашага пакаленьня! Станьце больш цярплівыя да незнаёмых твараў, прадметаў, зьяваў. Вы ня сьвіньні, але кветкі. Flower power. Зразумейце, што ксэнафобія – гэта адвечны вораг грамадзтва. Не цурайцеся іншага колеру скуры ці кашулі, чужога сьпеву ці “ізмаў”. Make love not war! Каханьне – гэта свабода! Усе людзі - кветкі!”

На думку адмыслоўцаў, менавіта гіпізм упершыню ў ХХ ст. перажыў стадыю станаўленьня як субкультура, разьвіцьця – як контркультуры – і нарэшце сталага замацаваньня як альтэрнатыўная культура.

Ці мелі беларускія гіпі, падобна да заходніх, папярэднікаў у асобе бітнікаў? Як памятаем, той жа ідэоляг “beat-generation” Гінзбэрг, як і Керуак – сталі духоўнымі правадырамі гіпізму?”

(Сахараў: ) “Так, мелі, але ў адносінах да беларускіх бітнікаў варта ўжываць“гэтак званыя”, бо ў нашай сытуацыі (зрэшты, як і ў Польшчы) адбылася падмена паняткаў: як такой зьявы “бітніцтва”, ідэнтычнага амэрыканскаму ці заходнеэўрапейскаму, у краі папросту не было. Беларускае бітніцтва – гэта перш за ўсё музыкі, якія гралі біт-музыку: Beatles, Rolling Stones і да т.п. – зьявілася ў Беларусі ў пачатку 1960-х.

(Ракiцкi: ) “Дзе распачаўся рух гiпi ў Беларусi?”

(Сахараў: ) “Дагэтуль нельга сьцьвярджаць, Горадня ці Менск ёсьць alma mater беларускіх бітнікаў. На карысьць сталіцы ўказвае тое, што менавіта тут жыла большая частка “залатой моладзі” – дзеці беларускага савецкага чынавенства, інтэлігенцыі і інш., – якая была ў курсе актульных падзеяў, што адбываліся на Захадзе. На карысьць Горадні кажа геаграфічны фактар – самыя апошнія музычныя плыты, навінкі моладзевай моды ды й наагул празаходні стыль жыцьця ішоў з Польшчы, адпаведна праз Горадню. Па ўспамінах гарадзенскіх бітнікаў, менавіта тут недзе ў 1964-65 годзе адбываўся першы неафіцыйны біт-фэстываль, у той час калі першы менскі фэст адбыўся ў 1968-м. Элемэнты культуры гіпі можна было заўважыць ужо ў другой палове 1960-х, і прыходзілі яны сюды менавіта праз моду на біт-, пазьней рок-музыку”.

(Ракiцкi: ) “Ходзяць легенды пра гіпоўскую “сыстэму” – гэткі прафсаюз, партыю і арганізацыю “дзяцей кветак” ў адным. Хто яго складаў? Наагул, зь якіх сацыяльных групаў паходзілі айчынныя гіпі?”

(Сахараў: ) “Так, у беларускіх гіпі існавала паняцьце “сыстэмы” – такая нябачная для абываталяў структура, якая дазваляла ідэнтыфікаваць “сваіх” і “чужых”. Дзяуючы ёй падтрымліваліся сталыя адносіны міжсобку, наладжваліся новыя кантакты, празь яе можна было лёгка знайсьці “траўку”, “цяжкае” снатворнае, рэцэпты на якое бязь цяжкасьці даставалі праз знаёмых мэдыкаў”.

(Ракiцкi: ) “На Захадзе гiпi выйшлi з асяродзьдзя сярэдняй буржуазii. Зь якiх сацыяльных слаёў яны паходзiлi ў Беларусi?”

(Сахараў: ) “Што да сацыяльных групаў, то гіпі былі звычайныя падлеткі, што нягледзячы на савецкую сыстэму адукацыі, апрача піянэрскага гальштуку і збору макулатуры ці мэталалому цікавіліся нечым “несавецкім”, забароненым – музыкай, літаратурай, мастацтвам. Гэта маглі быць і дзеці творчай інтэлігенцыі, і партработнікаў, і звычайных прыбіральшчыцаў – вялікую ролю адыгрывала тое, як быў выхаваны падлетак. Як узгадваў адзін гарадзенскі гіпі, “калі савецкі рэжым казаў нам на нешта “белае”, то мы былі ўпэўненыя, што гэта “чорнае”. Дарэчы, пазьней высьвятлялася, што якраз мы і мелі рацыю”.

(Ракiцкi: ) “Відавочна, для гіпі было важна кінуць выклік савецкай сыстэме: праз адзеньне, праз “амаральныя” паводзіны...


(Сахараў: ) “Хайратыя”, з ксіўнікам на грудзёх замест гальштуку ці камсамольскай значкі, падраныя швэдар ці кашуля і, безумоўна, джынсы – так выглядалі “клясычныя” гіпі. Што да легендарных джынсаў, то “заходнікам” у гэтым сэнсе было прасьцей – побач Польшча, дзе заўжды на рынку можна знайсьці запаветныя “клеша”. Як узгадвае гарадзенскі гіпі, “калі не было джынсаў, то былі добрыя палатняныя нагавіцы, на якіх добра ставіліся трафарэты. У той час, як увесь СССР крычэў “Свабоду Анджэле Дэвіс!”, у нас гэная “Анджэла” на задніцах была адбітая. За што мне дружыньнікі тыя нагавіцы падралі, я дагэтуль не магу зразумець – я ж за мір змагаўся!”

(Ракiцкi: ) “А дзе зьбiралiся беларускiя гiпi ў Менску, Гораднi? У Катманду ж яны ня езьдзiлi…”

(Сахараў: ) “Асноўным месцам дыслякацыі гіпі ў Менску былі сквэры Грыцаўца і “художнікі” (каля “сьцякляшкі”, на месцы якое стаіць кавярня “Блюз”), у Горадні – “брадвэй”, то бок вуліца Савецкая. Месца зборак гіпі – звычайна ў раёне “стратэгічных” аб’ектаў, будынкаў райкамаў, гаркамаў партыі – гэта таксама сьвядомы ці несьвядомы выклік сыстэме.

Час ад часу на маладзёнаў з доўгімі валасамі, у нагавіцах з шырокімі калашынамі рабіліся міліцэйскія аблавы, падчас якіх юнакоў зацягвалі ў аддзяленьні міліцыі, дзе гвалтам галілі ці рэзалі нагавіцы”.

(Ракiцкi: ) “Як вядома, пры канцы 1960-х — пачачтку 70-х гг. гіпі ўзялі актыўны ўдзел у разбурэньні ўстояў заходняй цывілізацыі. Ці мелі менскія і гарадзенскія гіпі такія прэтэнзіі?”

(Сахараў: ) “Безумоўна, бальшыня гіпоўскай тусоўкі ў Беларусі складалі г.зв. “несьвядомыя” – падлеткі, для якіх “дзеці кветак” было толькі гульнёй на тле пубэртатнага ўзросту і натуральных канфліктаў з бацькамі. Для найбольш упёртых зь ліку такіх гіпоўства было добрай нагодай прадэманстраваць юнацкі нонканфармізм нават тады, калі ім пагражалі адлічэньнем са школы ці інстытуту.

Што тычыцца “натуральных” гіпі, то іх было ня дужа багата. Нагадаю, на Захадзе вылучаюць дзьве найбольш моцныя плыні гіпізму – палітычная і культурніцкая. Першы паўстаў у выглядзе тэрарыстычных груп, мэта якіх была зьмяніць існыя палітычныя рэжымы, другі ж дэкляраваў стварэньне “альтэрнатыўнага грамадзтва”. Зразумела, пра існаваньне “палітычнай” у Беларусі не вядзецца, але менавіта “натуральныя” (тэрмін вельмі ўмоўны) былі ініцыятарамі правядзеньня адных зь першых у СССР дэманстрацыяў гіпі.

(Ракiцкi: ) “На Захадзе адметнай фiлязофiяй гiпi быў пацыфiзм. Якую iдэалёгiю спавядалi беларускiя гiпi?”

(Сахараў: ) “Тутэйшыя субкультуры, якія да гэтага адрозьніваліся сваёй ідэалягічнай аморфнасьцю, нечакана праяўляюць грамадзянскую актыўнасьць. 9 красавіка 1970 году ў Менску ў раёне сёньняшняй Малой сцэны Купалаўскага тэатру адбыўся несанкцаянаваны мітынг гіпі, зьвязаны з таямнічым забойствам юнака Вячаслава Максакава. Стыхійны мітынг быў жорстка падаўлены сіламі міліцыі й КГБ.

У кастрычніку 1971 на Цэнтральнай плошчы Горадні адбываецца дэманстрацыя гіпі. Маладыя людзі з плякатамі “Пакіньце нашыя душы ў спакоі!”, “Рукі прэч ад нашых валасоў” былі зьбітыя міліцыяй і камсамольскімі “сіламі правапарадку”. Ужо другая дэманстрацыя гіпі Горадні (лета 1972), калі да савецкага рэжыму былі высунутыя палітычныя патрабаваньні, сустрэла адпор некалькіх вайсковых спэцбатальёнаў. Акцыя атрымала сваё разьвіцьцё: на працягу некалькіх месяцаў па горадзе былі расклееныя ўлёткі, у навучальных установах распаўсюджваліся ананімныя адозвы да школьнікаў і студэнтаў з заклікам змагацца за свае правы”.

(Ракiцкi: ) “Чаго больш было ў гэтых выступах – юнацкага максымалізму ці цьвярозага погляду на палітычную сыстэму, якая склалася ў БССР?”

(Сахараў: ) “Хіба што апошняга: па ўспамінах беларускіх гіпі, яны ведалі, якую ролю адыгрываюць гіпі у той сытуацыі пераацэнкі базавых каштоўнасьцяў кансэрватыўнай заходняй цывілізацыі, якую ролю адыгрывалі яны ў краінах сацлягеру, а таму навобмацак спрабавалі зрабіць “нешта падобнае” тут.

Так ці інакш, пасьля згаданых падзеяў БССРаўскія ўлады ўсчалі татальны кантроль і вынішчалі любое іншадумства сярод моладзі. У савецкіх СМІ ладзіліся кампаніі, мэта якіх была даказаць, што гіпі – гэта водгукі крызысу капіталізму. “Подражатели подражателям хиппи” па аналягу з артыкулам у часопісе “Крокодил” назваў менскіх гіпароў нейкі цэкоўскі чыноўнік. Менавіта гэтыя “подражатели” не збаяліся ўголас абвесьціць пра тое, што савецкая сыстэма сябе зжывае”.
XS
SM
MD
LG