Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя беларускай пошты


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: гісторык і архэёляг Алег Трусаў

(Ракіцкі: ) “Капэрты, маркі, штэмпелі, паштоўкі – звыклыя нам атрыбуты паштовай сувязі. А калі, дарэчы, зьявіліся капэрты ўвогуле ў сьвеце і на Беларусі?”

(Трусаў: ) “Першае, што мы ведаем – гэта гліняныя капэрты старажытнай Асірыі. Асірыйцы пісалі свае лісты на гліняных таблічках і, каб ніхто ня прачытаў, клалі ў гліняную капэрту, абпальвалі. Каб пачытаць ліст, трэба было гэтую капэрту разбіць. Такія капэрты існавалі задоўга да нараджэньня Ісуса Хрыста. На Беларусі першымі капэртамі былі шаўковыя мяшочкі, якія штампавалі княскімі пячацямі. Таксама, адкрыць яго была няпроста”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем ізноў гісторык і архэёляг Алег Трусаў. Спадар Алег, хто і калі прыдумаў капэрты з паперы?”

(Трусаў: ) “Гэта здарылася ў Брытанскай Імпэрыі, і вынаходцам папяровага капэрта быў гандляр з гораду Брайтана Брэвар у 1820 годзе. Пад Раство ён нарабіў вялізарную колькасьць віншаваньняў і прыдумаў такі папяровы мяшочак, куды іх можна было пакласьці і заклеіць. Гэта ідэя пайшла па ўсім сьвеце”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня вельмі звыклы малюнак можна бачыць на нашых паштовых аддзяленьнях, калі людзі вось гэтыя папяровыя капэрты аблізваюць языком і такім чынам іх заклейваюць. А як тады гарантавалася захаванасьць ліста?”

(Трусаў: ) “Пра гэта думалі нават разьведчыкі. І існавалі спэцыяльныя сакрэткі. Сакрэтка ўяўляе сабой ліст паперы, складзены напалам, які мае пэрфарацыю і намазаны клеем па канцах. Чалавек пісаў унутры нейкае паведамленьне, складваў ліст напалам, заклейваў і, каб расклеіць, можна было толькі разадраць гэтую перфарацыю. Такія сакрэткі выпускаліся нават у Савецкім Саюзе”.

(Ракіцкі: ) “А ў больш старадаўнія часы чым карысталіся? Сургучом, ці, можа, зашывалі?”

(Трусаў: ) “Сургуч – гэта зьява ХVІІІ-ХІХ стагодзьдзя, а яшчэ раней навешвалі сьвінцовыя пломбы. На Беларусі такіх старадаўніх пломб была знойдзеная вялікая колькасьць”.

(Ракіцкі: ) “Капэрты былі стандартныя, ці кожны прыдумляў нешта сваё?”

(Трусаў: ) “Былі самыя розныя варыянты ў сьвеце – розных памераў, рознай формы. Але першую спробу стандартнага капэрта зрабілі таксама англічане ў ХІХ стагодзьдзі, калі зрабілі першы маляваны капэрт, на якім была сымбалічная выява Брытанскай Імпэрыі, якая пасылае ва ўсе бакі сьвету паштовую карэспандэнцыю. Потым гэты капэрт атрымаў назву “капэрт Мальрэды”, паводле вынаходніка. Потым маляваныя капэрты пашырыліся па ўсім сьвеце і зараз ёсьць усюды, нават на Беларусі”.

(Ракіцкі: ) “А калі зьявіліся мастацкія капэрты ў нас?”

(Трусаў: ) “Масава пашырыліся ўжо ў ХХ стагодзьдзі, асабліва пасьля другой сусьветнай вайны. Дагэтуль іх было няшмат, бо яны дорага каштавалі. У савецкія часы, асабліва ў 1960-я гады, іх стала пераважная большасьць. Гэта былі і ідэялягічныя надпісы, напрыклад, “Дагонім і перагонім Амэрыку”, ну а далей пайшлі такія сэрыі, як “Помнікі гісторыі і архітэктуры”. Дарэчы, мы дабіліся, каб у 1989 годзе, у савецкі час, былі выпушчаныя капэрты з выявай “Пагоні”.

(Ракіцкі: ) “Калі крыху яшчэ вярнуцца назад – вось, скажам, магнатэрыя. Ці мела яна нейкія знакі адрозьненьня на капэртах, якія яны адпраўлялі?”

(Трусаў: ) “Па-першае, яны карысталіся спэцыяльнай паперай для напісаньня лістоў – яна мела вадзяныя знакі, на якіх былі гербы багатых людзей. Таму сам капэрт ня меў вадзяных знакаў, на ім магла быць пячатка, Радзівілаўская, напрыклад”.

(Ракіцкі: ) “Запячатвалі толькі сваёй пячаткай, ці на паштовых аддзяленьнях таксама былі нейкія пячаткі?”

(Трусаў: ) “Пачтовыя штэмпелі – гэта зьява ХІХ стагодзьдзя. Менавіта ў гэтым стагодзьдзі ў розных краінах зьявіліся паштовыя штэмпелі, падобныя да нашых. Яны мелі круг, падзелены на дзьве часткі. У адным крузе стаяў месяц, час, які пісаўся спачатку ад рукі, а ў другім – назва паштовага аддзяленьня. Такім чынам, гэтыя штэмпелі актыўна прыйшлі на Беларусь. Першы штэмпель наагул ўвёў паштмайстар Генры Бішоп у 1661 годзе, зноў жа ў Англіі. Гэта быў кружок дыямэтрам 13 мілімэтраў. Ну а на Беларусі першы менскі паштовы штэмпель вядомы калекцыянэрам з 1771 году, таксама больш чым 200 гадоў”.

(Ракіцкі: ) “На паштовых штэмпелях нейкія дзяржаўныя, напрыклад, сымбалі выкарыстоўваліся?”

(Трусаў: ) “Асабліва ў савецкія часы. Кожны паштовы штэмпель савецкага часу меў выяву сярпа і молата і пяцікутную зорку. З ужываньнем мовы было наступнае правіла: калі гэта, напрыклад, аддзяленьне сувязі нейкай саюзнай рэспублікі, яны мелі права пісаць па расейску і на нацыянальнай мове. На жаль, беларусы вельмі часта адмаўляліся ад гэтага і пісалі толькі па расейску. Але, тым ня менш, ёсьць выпадкі, калі ў некаторых мясцовасьцях Беларусі гэта непарушна выконвалі”.

(Ракіцкі: ) “Наш гістарычны сымбаль – Пагоня. Ці назіралася калі-небудзь на штэмпелях выява вершніка?”

(Трусаў: ) “У ХХ стагодзьдзі выява вершніка – гэта 1991 год. Пасьля таго, як 25 жніўня Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня абьвесьціў незалежнасьць, першымі на гэта адрэагавалі беларускія паштары, і на пачатку верасьня было зроблена пагашэньне савецкага канверта адмысловым штэмпелям з выявай герба, зацьверджанага ў верасьні Вярхоўным Саветам, і напісаная дата, калі была абьвешчана незалежнасьць. Адсюль пачынаецца гісторыя сучаснай беларускай пошты”.

(Ракіцкі: ) “Я нават памятаю капэрты, калі, напэўна, ня пасьпелі яшчэ надрукаваць маркі, пошта замест маркі ставіла на капэртах свой штэмпель і бела-чырвона-белы сьцяжок уверсе”.

(Трусаў: ) “Так, асабліва гэтым славіліся капэрты Міністэрства інфармацыі”.

(Ракіцкі: ) “А цяпер колькі слоў пра паштоўкі. Хто і калі прыдумаў першую паштоўку, такую папулярную? Дзе б чалавек ня быў на сьвеце, ён імкнецца даслаць паштоўку свам блізкім, родным з выявай курорту”.

(Трусаў: ) “Першымі паштоўку прыдумалі ў Аўстра-Вугоршчыне. Гэта быў ваенны выкладчык, прафэсар зь Вены, Імануіл Герман. 1 кастрычніка 1869 года ў Аўстра-Венгрыі выйшла першая паштоўка. А ўжо ў 1874 годзе зацьвердзілі міжнародны стандарт яе памераў – 9 на 14 сантыметраў. Доўгі час паштоўкі выходзілі без малюнкаў. Гэта былі кавалачкі картону, з аднаго боку стаяў герб дзяржавы, а з другога – чыста. Ам пісалі тэкст. Але праз 20 год пасьля выхада першых паштовак, прыдумалі мастацкія паштоўкі. Першыя паштоўкі на Беларусі зьявіліся ўжо з 1 студзеня 1872 года, калі Расейская Імперыя ўвела іх у зварот. А вось мастацкія паштоўкі ўзнікаюць у Расейскай Імперыі напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. У гэты час дазволілі выдаваць паштоўкі ня толькі дзяржаўнай паштовай службе, але і прыватнікам. І прыватны бізнес пачаў штампаваць самыя розныя паштоўкі, і першая вядомая нам беларуская паштоўка выйшла ў Віцебску, у 1896 годзе з выявай маста праз Дзьвіну”.

(Ракіцкі: ) “Калі зьяўляюцца першыя беларускамоўныя паштоўкі?”

(Трусаў: ) “Гэта 1906 год, сталіца Расейскай Імпэрыі, Санкт-Пецярбург, славутае выдавецтва пад патранатам Эпімаха Шэпілы “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Гэта была сэрыя з 10 прыгожых паштовак. Першы выпуск складаўся зь дзесяцi вiдаў – “Шчарсуны ўлетку”, “Шчарсуны ўзiмку”, “Мужыкi спад Слуцку”, “Парабковая дворная хата”, “Вясковая баба Трыбужкоў”, “Францiшак Багушэвiч (Мацей Бурачок) – пясьняр беларускi”.

Празь некалькi гадоў зьявiлася другая сэрыя, болей разнастайная паводле тэматыкi. На паштоўках адлюстраваныя тыпы жыхароў розных раёнаў Беларусi, помнiкi старажытнага беларускага кнiгадрукаваньня, краявiды: “Мужыкi спад Пуховiча”, “Торжышча ў Пухавiчах”, “Дзяўчаты спад Слуцка”, “Селянiн спад Мiнску”, “Беларускi жыд”, “Беларускае евангельле ХV в.”, “Апостал” Чкарыны”, “Беларуская бiблiя ХУ1 в.”, “Беларускi псалтыр ХVІІ в.”, “Арба з валамi на Палесьсi”, “Палудзень жанцоў на Палесьсi” i “Белавеская пушча”.

Паштоўкi таварыства “Загляне сонца i ў наша аконца” друкавалiся ў чорна-белым i карычневым танах. Надпiсы выконвалiся па-беларуску адначасна лацiнкай i кiрылiцай”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Трусаў, маркі, капэрты, паштоўкі ёсьць асаблівым захапленьнем шматлікіх калекцыянэраў. Што вы можаце сказаць пра калекцыяваньне паштовак, капэртаў, марак на Беларусі”.

(Трусаў: ) “Нам таксама пашанцавала, бо самым вядомым калекцыянэрам беларускіх паштовак у сьвеце зьяўляецца наш зямляк Вячка Целеш, які жыве ў Рызе, у Латвіі і ўзначальвае беларускаю суполку “Сьвітанак”. Вось, спадар Вячка, яшчэ ў савецкія часы выдаў кніжку “Мінск на старых паштоўках”. Цэнзура забараніла яму друкаваць паштоўкі з выявай культавых будынкаў, і таму на гэтых паштоўках толькі сьвецкая архітэктура. А зусім нядаўна, у 1998 годзе, ён зрабіў новае выданьне, вялізарны альбом, які атрымаў вялікі розгалас, і зараз вы яго ўжо нідзе не набудзеце. Такім чынам, Вячка ўвёў у зварот унікальную гістарычную базу. Яшчэ была кніжка Падліпскага – “Беларусь на паштоўках” на расейскай мове, Менск, 1988 год”.

(Ракіцкі: ) “І я яшчэ дадам, што выходзіла кніжка “Глыбокае на старых паштоўках”, а ў Лунінцы існуе першы ў Беларусі і абсалютна унікальны музэй мясцовай пошты”.

(Трусаў: ) “Зараз наша пошта выдае ўнікальныя паштоўкі, прысьвечаныя розным зьявам культурнага і гістарычнага жыцьця Беларусі”.
XS
SM
MD
LG