Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларус у натоўпе


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае літаратуразнаўца, пісьменьнік Пятро Васючэнка

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Амэрыканскі пісьменьнік Эдгар По ў навэле “Чалавек натоўпу” распавёў пра істоту, якая фізычна ня можа існаваць па-за людзкой масай. Апавядальнік назірае за тым, як чалавек натоўпу вандруе па Лёндане, бы па лесе з чалавечых целаў, як ён пакутуе, калі вуліцы пусьцеюць, і як аджывае ў хаосе чалавечага руху. Уначы ён знаходзіць паратунак у натоўпе злодзеяў, забойцаў ды прастытутак. Сваёй фантасмагорыі Эдгар По надаў эпіграф з Жана Лябруера — францускага пісьменьніка-мараліста: “Уся наша бяда ў тым, што мы ня можам быць у адзіноце”.

Чаму ня ўявіць апісаную істоту на вулках старога Полацку, Вільні, Менску, Коўны, Лібавы, Нью-Ёрку — паўсюль, дзе, як казаў Багдановіч, “натоўп закруціўся рухавы”? Гэты пэрсанаж можа апынуцца і ў натоўпе сялянаў, што з косамі й віламі атакуюць панскі маёнтак, і парыжанаў, якія ладзяць барыкады.

Беларус у натоўпе — тэма сёньняшняга выпуску нашай праграмы, а мой суразмоўца — літаратуразнаўца і пісьменьнік Пятро Васючэнка.

Спадар Васючэнка, на вашую думку, чаго беларус баіцца больш за ўсё — быць у натоўпе, ці па-за натоўпам?”

(Пятро Васючэнка: ) “Беларусы, як і іншыя нацыі, складаюцца зь людзей розных. І ў гэтым асяродзьдзі можна таксама знайсьці людзей блізкіх паводле мэнтальнасьці да чалавека натоўпу, апісанага Эдгарам По. Выйсьці з натоўпу, вылучыцца з натоўпу, ізалявацца ад натоўпу людзі, беларусы, могуць баяцца з розных прычынаў.

Баяцца выйсьці з натоўпу тыя, каму няма чаго сказаць самім сабе, альбо Богу — у каго няма сваіх думак. Баяцца выйсьці з натоўпу тыя, хто прывык дзяліцца, і каму няма чым дзяліцца з астатнімі. Баяцца выйсьці з натоўпу тыя, хто шукае ў натоўпе сабе правадыра або ідала, альбо тыя ж правадыры альбо ідалы, бо яны пануюць толькі ў натоўпе. Натоўп вылучае зь сябе іх, яны бяруцца, гэтыя правадыры і ідалы натоўпу, невядома адкуль і невядома куды зьнікаюць, таксама хаваюцца ў натоўпе.

Нарэшце, натоўп валодае сваёй магіяй, ён, як правіла, зьвязаны з гарадзкімі вулкамі, гарадзкім краявідам, а горад, як вядома, як казаў Максім Багдановіч, валодае невытлумачальнай магіяй, пра што сьведчыць санэт Багдановіча “Ў Вільні”:

Кіпіць натоўп на жорсткім вулак дне!
Снуюць хлапцы, суюшчыя рэклямы…
Разносчыкі крычаць ля кожнай брамы…
Грук, гоман, гул — усё ракой імкне.

А дальш — за радам кас, лямбардаў, банкаў —
Агні вакзала… павадка фурманкаў…
Віры людзей… сіпяшчы паравоз…

Зялёны сэмафор… пакгаўз… склады…
Заводаў коміны пад цьмой нябёс…
О, гораду чароўныя прынады!”

(Ракіцкі: ) “Ці не падаецца вам, спадар Васючэнка, што беларусы баяцца ірацыяналізму і прадказальнасьці?”

(Васючэнка: ) “Цяпер гаворка ідзе ўжо пра тых, хто баіцца натоўпу, не пра тых, хто застаецца чалавекам натоўпу, а тых, хто засьцерагаецца натоўпу, менавіта з-за яго ірацыянальнасьці ці непрадказальнасьці.

Ну, па-першае, любяць адзіноту тыя, хто шукае цішыні і самоты для таго, каб пагаварыць з Богам. Так шукалі яе ў сваёй кельі Эўфрасіньня Полацкая і ў стаўпе наш славуты стоўпнік, самотнік і мысьляр Кірыла Тураўскі. Баяцца натоўпу тыя палітыкі, якія ня любяць правадыроў і ідалаў, якія шукаюць улады над натоўпам, прыйшоўшы да яго збоку, стаўшы над ім. Баяцца натоўпу рамантыкі, шукальнікі прыгодаў.

Баяцца натоўпу таксама тыя, каму ёсьць чым дзяліцца, але ня хоча дзяліцца. Прыкладна як герой Чорнаўскай аповесьці Лявон Бушмар, які, паводле сваёй натуры — чалавек, біялягічна прызначаны да адзіноты. Як вядома, Лявон Бушмар некалі трапіў у войска, і казарменны калектыўны побыт для яго аказаўся абсалютна непрыдатным”.

(Ракіцкі: ) “Ён што, баяўся большасьці?”

(Васючэнка: ) “Ён баяўся, хутчэй за ўсё, аднолькавасьці. Але слушна заўважылі вы пра тое, што ёсьць людзі, якія баяцца дыктату большасьці, альбо, так званага, бальшавізму. Як правіла, гэта інтэлігенты, якія маюць свой погляд на рэчы, адрозны ад калектыўнага. Прыкладам можа служыць герой Ібсэнаўскай драмы “Вораг народу” доктар Штокман, які любіў гаварыць: “Большасьць заўсёды памыляецца”.

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, у Шылера, у ягонай незавершанай драме Леў Сапега таксама гаворыць прыкладна гэтыя ж словы — “большасьць памыляецца, ня слухайце натоўп”.

(Васючэнка: ) “Бо натоўп — гэта не калектыўны розум, хутчэй, зборны інстынкт”.

(Ракіцкі: ) “Але чаму тады, калі глянуць на беларускую гісторыю, мы бачым менш лідэраў, хутчэй натоўп?”

(Васючэнка: ) “Сапраўды, можа падацца, што часам хаду гістарычных падзеяў вырашае менавіта натоўп, альбо, як казалі марксісты, народ, які ёсьць рухавіком гісторыі. Пра розьніцу паміж натоўпам і народам варта казаць, бо натоўп — калектыўны інстынкт, ці то інстынкт уласьніцтва, ці то інстынкт пошуку правадыра, а народ — гэта калектыўны досьвед, калектыўная воля і калектыўны розум.

Але, сапраўды, у нашай гісторыі бывалі выпадкі, калі калектыўны інстынкт перамагаў калектыўны розум. Часам гэты было зьвязанае з палітычнымі інстытутамі, такімі, прыкладам, як Полацкае веча, якое ў свой час было, як вядома, заканадаўчым органам Полацкага Княства. Веча, якое злучала і рысы натоўпу, і рысы народу.

Дык вось, паводзіны Полацкага веча, паводле летапісу, выглядаюць часам абсалютна непрадказальнымі, ірацыянальнымі. І няясна, прыкладам, чаму ў 1186 годзе яны лагодна прынялі чужынцаў — ноўгарадцаў і смаленцаў, але крыху пазьней адхілілі ў якасьці валадара Ягайлавага брата, Скіргайлу. Тут дзейнічаюць таксама ірацыянальныя прычыны.

Нарэшце, натоўп — гэта заўсёды крыніца бунтаў, пагромаў, чаго асабліва баяліся нашыя асьветнікі, нашыя ціхія шляхціцы і інтэлігенты ў ХІХ стагодзьдзі. Ян Баршчэўскі піша верш “Бунт хлопаў”, дзе паказвае, як гэтая стыхія ў 1812 годзе ўрываецца ў двор пана і чыніць пагром, пакуль ня прыходзіць аканом і не разганяе гэтых узбунтаваных і ўжо напітых мужыкоў.

Недзе тое ж самае праз стагодзьдзе напіша Максім Гарэцкі, у драме “Чырвоныя ружы”, калі будзе распавядаць пра тое, як ізноў сялянскі натоўп руёнуе панскі маёнтак, гвалціць, забівае”.

(Ракіцкі: ) “Ці ня хочаце вы гэтым самым казаць, што хаду нашай гісторыі, павароты нашай гісторыі вызначаў калектыўны розум, ці калектыўны ірацыяналізм, а не лідэры?”

(Васючэнка: ) “Не ў такой, скажам, ступені, як у краінах Усходу, але вось такія прарывы ірацыянальнага ў нас былі. Вось чаму ўжо ў ХХ стагодзьдзі нашаніўцы пачалі задумвацца: як арганізаваць натоўп, як перавесьці яго ў іншую якасьць?”

(Ракіцкі: ) “Ці была магчымасьць арганізаваць або нэўтралізаваць натоўп?”

(Васючэнка: ) “У ХХ стагодзьдзі ішоў інтэнсіўны пошук гэтых магчымасьцяў, шукалі нашаніўцы, у паэме “Сон на Кургане” Янкі Купалы шукаліся розныя мадэлі людзей, якія настолькі ізаляваліся і ад масаў, і ад народу, і ад натоўпу, што іх энэргія і воля рабіліся разбуральнымі.

У той жа час Купала ў хрэстаматыйным вершы, які заўсёды быў для мяне загадкаю, “А хто там ідзе?”, які так падабаўся Максіму Горкаму, паказвае беларусаў абадраных, абшарпаных і прыніжаных, менавіта натоўпам, які толькі шукае спосабаў, каб “людзьмі звацца”. І для мяне было заўсёды загадкаю, што ім перашкаджала людзьмі звацца?”

(Ракіцкі: ) “Можа, гэты натоўп не прымаў лідэра, можа лідэр баяўся натоўпу, можа ён адчуваў сябе некамфортна, выходзячы з натоўпу?”

(Васючэнка: ) “Як вы памятаеце, гэта маса чалавечая якраз ідзе зусім бязь лідэра. Там лідэра нябачна, ён яшчэ ня вылучыўся. Хаця Купала клікаў гэтага лідэра, ён гукаў яго ў тым жа вершы “Прарок”, альбо “Прыйдзі, народу майго ўладар”.

Але потым ХХ стагодзьдзе прадэманстравала даволі жудасныя прыклады таго, як ня трэба арганізоўваць натоўп. Гэта і слынная калектывізацыя, гэта і ўсялякія таталітарныя сыстэмы, калі народ рабіўся ня толькі прыладаю прыходу да працы, але і калектыўным мікрафонам, што агучваў ідэі дыктатараў. Гэта і выдаткі папулізму, тое, што мы маем па сёньняшні час: ілюзію псэўданародніцтва, той жа папулізм і іншыя прыклады звычкі — звычкі быць у натоўпе”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, як вы лічыце, беларусы — гэта хутчэй людзі натоўпу, ці беларусы — гэта людзі, якія ўсё-такі з натоўпу хочуць выдзеліць лідэра? Якога тады лідэра хоча гэты народ?”

(Васючэнка: ) “Згадаем для пачатку “Новую зямлю” і разьдзел зь яе “Дзядзька ў Вільні”, дзе мы пабачым дваістыя адносіны беларуса да натоўпу:

Эй, Божы люд! Якая сіла
Цябе віхрамі закруціла?
Куды ты йдзеш, чаго шукаеш?
Які ты ў сэрцы смутак маеш?
Куды вядзе твая дарога?
Чаму задума і трывога
Пячаць на твар твой налажыла?
Чаго глядзіш ты так няміла?
Няма ў тваіх вачах прывету,
Як ты ня рады сонцу, сьвету,
Ідзе народ, як хвалі мора,
Як хмары ў небе на прасторы.
Адны другім усе чужыя,
Ідуць старыя і малыя,
Ідуць, шнуруюць чарадою,
Заняты кожны сам сабою.
І дзядзька з гэтым людам зьліўся,
Як зерне ў зернях, загубіўся.

Беларус, як той самы дзядзька ў Вільні, у тым ліку і беларус-інтэлігент, ужо ведае разбуральныя сілы таго ірацыяналізму, які хаваецца ўнутры натоўпу. Ён ня хоча гэтага разбураньня. Але, як той жа дзядзька ў Вільні, кожны момант, нават калі ён індывідуум, інтэлектуал, альбо асоба, схавацца, нырнуць у гэты натоўп, каб застацца істотаю, у нейкім сэнсе, грамадзкаю. Схавацца ад адказнасьці, схавацца ад неабходнасьці прыняцьця волі…

Гэтак сама здараецца з нашымі інтэлектуаламі, часам зь пісьменьнікамі, якія ня хочуць разьвітвацца з Саюзам пісьменьнікаў. Часам і з нашымі палітыкамі гэта здараецца. Мне думаецца, што Беларусь заўсёды з сабою носіць натоўп, як цень, у які можна пры нагодзе сысьці, як сьлімак носіць сваю ракаўку.

Але беларус сёньня ўжо ўсведамляе, што натоўп неабходна трансфармаваць у народ і ведае спосабы, як гэта рабіць. Гэта асьветніцтва, гэта павага да чалавечай годнасьці і правоў чалавека, гэта, нарэшце, пачуцьцё нацыянальнай еднасьці, альбо крэўнасьці. Пры гэтых умовах натоўп ператвараецца ў народ, а асоба ператвараецца ў інтэлектуала, у палітыка, у лідэра”.
XS
SM
MD
LG