Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдыпаў комплекс


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: літаратуразнаўца і пісьменьнік Пятро Васючэнка

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Што рухае гісторыю плянэты, кантынэнтаў, краінаў і народаў? Мы спрабуем вытлумачыць капрызы, парадоксы нашай гісторыі і культуры і з дапамогай Зыгмунда Фройда. У гэтых размовах мы шукаем у глыбінях чалавечай існасьці, у нетрах асабіста несьвядомага, прычынаў нашых крыўдаў і бедаў, як казаў геніяльны Купала. А вялікі Фройд меркаваў, што палітыка, гісторыя, культура і мастацтва ёсьць прадуктамі цьмяных чалавечых інстынктаў ды комплексаў — такіх як лібіда, танатас, суіцыд.

Гаворка пра адметную ролю псыхалягічных праяваў у беларускай гісторыі ды культуры ў нас адбывалася і раней. Сёньня ж мы паспрабуем зразумець, як складваліся дачыненьні паміж бацькамі і дзецьмі ў беларускай мінўшчыне праз Фройдава разуменьне. Мой суразмоўца — літаратуразнаўца, пісьменьнік Пятро Васючэнка.

Спадар Васючэнка, я мяркую, што сьпярша трэба нагадаць нашым слухачам, што азначаюць комплексы Эдыпа ды Электры паводле Фройда?”

(Пятро Васючэнка: ) “Зыгмунд Фройд дасьледаваў адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, перадусім — паміж маленькімі дзецьмі й дарослымі бацькамі. Ён высьветліў, што маленькі хлопчык адчувае прыхаваную нялюбоў да бацькі й прыхаваную любоў, нават на сэксуальным узроўні, да маці. У дарослым узросьце сьляды гэтага комплексу, які ён назваў “эдыпавым”, сублімуецца ў іншыя сфэры, прыкладам, у палітычную дзейнасьць, у мастацкую творчасьць, і на іншым узроўні выяўляецца.

Недзе сымэтрычным комплексам зьяўляецца любоў маленькіх дзяўчатак да бацькі й прыхаваная нелюбоў да маці, якая таксама сублімуецца ў дарослым узросьце на адпаведным узроўні. Зыгмунд Фройд пайшоў далёка — ён настойваў на тым, што значэньне гэтых комплексаў мае ўплыў на грамадзкае, палітычнае, культурнае жыцьцё і гэтак далей”.

(Ракіцкі: ) “Беларуская культурная мінуўшчына — ці мае яна яскравыя праявы таго ж эдыпавага комплексу?”

(Васючэнка: ) “У біяграфіях Якуба Коласа і Янкі Купалы цяжка адшукаць адкрытыя праявы эдыпавага комплексу, хаця абодва рана засталіся без бацькоў. Цікавей прасачыць літаратурны вобраз бацькі Коласа і Купалы. Сьведама або нясьведама, аўтары з бацькамі абыходзяцца жорстка.

Прыкладам, “Новая зямля” — Міхал, даволі дэспатычная асоба ў дачыненьні да сваіх блізкіх, памірае пры канцы твору. У паэме “Сымон-музыка” зноў-такі жорсткі бацька выганяе маленькага Сымонку з хаты дзеля таго, што, граючы на скрыпцы, ён не зьбярог стада авечак.

У Купалы, у “Раскіданым гнязьдзе” бацька “выбывае з гульні” ўжо ў першым акце. Памятаеце рэпліку: “Чаго сядзіце, бацька павесіўся”. І героі распачынаюць шлях па жыцьці безь яго, маці робіцца правадыром сям’і, яна вядзе іх у далёкі шлях. Яшчэ больш адкрыта выяўляецца канфлікт сына і бацькі ў паэме “Забытая карчма”, напісанай Купалам у 1918 годзе, у баладзе, якой заўсёды прыпісвалі палітычны зьмест — на бой за лідэра, бой за правадыра, бой за прарока выклікаў Купала ў той час. Як вядома, гэта гісторыя пра бацьказабойства — сын забівае бацьку, а потым вешаецца сам”.

(Ракіцкі: ) “Нават нейкая прыватная гісторыя ў сур’ёзнай літаратуры мае праекцыю на сур’ёзную рэчаіснасьць, на гістарычны працэс, і ў таго ж Купалы “Забытую карчму” мы лягічна і натуральна вытлумачаем як твор і з палітычным зьместам”.

(Васючэнка: ) “Безумоўна, крытык Антон Адамовіч, які аналізаваў гэты твор, казаў пра тое, што рэвалюцыя, як Сатурн, паглынае сваіх дзяцей. Ён гаварыў пра бацьказабойства і сыназабойства ў рэвалюцыі”.

(Ракіцкі: ) “У гэтай сувязі, наколькі ўплывовая роля эдыпавага комплексу ў дачыненьні да нашай гісторыі?”

(Васючэнка: ) “Гэта можна праілюстраваць на прыладзе, які адначасова і зь літаратуры, і з гісторыі — на прыкладзе, які павярнуў лёс нашай гісторыі ў непрадказальны кірунак. Я нагадваю пра летапісную гісторыю крывавага шлюбу Рагнеды. Тут мы назіраем падвоены комплекс. Па-першае, Рагнеда, якая засталася бяз бацькі па віне Ўладзімера, на ўсё жыцьцё захавала памяць пра яго ўчынак, помсьціла — комплекс Электры. Па-другое, сын Ізяслаў помсьціцца за крыўду маці. У спрэчцы паміж бацькам і маці ён аддае перавагу менавіта ёй, пра гэта сьведчыць летапіснае паданьне”.

(Ракіцкі: ) “Дачыненьні паміж бацькамі й дзецьмі, угрунтаваныя на эдыпавым комплексе, на мой погляд, вызначаюць і стаўленьне народу да ўлады?”

(Васючэнка: ) “Безумоўна, эдыпаў комплекс прысутнічаў і пазьней, пасьля апісаных летапісных падзяў — у тым, што дынастыйная барацьба нашых князёў за ўладу працягвалася і далей, і таксама мела вынікам праліцьцё крыві блізкіх, як гэта было падчас славутага Крэўскага вузла, калі пляменьнік змагаўся зь дзядзькам.

Літаратурныя і гістарычныя крыніцы таксама даносяць да нас адносіны летапісцаў і народу да моцных ўладароў. Уладар атаясамліваўся ў калектыўнай сьвядомасьці з вобразам бацькі, дэспатычнага, жорсткага, часам справядлівага, але пры гэтым заўсёды захоўвалася адчуваньне няпрыязі да моцнага ўладара, недаверу. І гэта мы знаходзім у шэрагу летапісных крыніцаў.

Прыкладам, у той характарыстыцы, якую летапісец даў Ягайлу ў “Прамове Мялешку”, таксама мы знаходзім прызнакі недаверу шляхціца да ўлады. А потым, калі каралі сталі выбарныя ў Рэчы Паспалітай, мы знаходзім і адкрытыя праявы нелюбові сярэдняй клясы да каралёў, што праяўлялася ў адкрытых сутычках, калі шляхціц мог весьці дружыну на караля і высьвятляць зь ім адносіны. Спробы захаваць аўтарытэт бацькі і адначасова дэмакратызаваць улады абярнулася для Рэчы Паспалітай крахам — калі каралі сталі выбарныя, зьнікла пачуцьцё пераемнасьці, пачуцьцё крэўнасьці паміж бацькамі і дзецьмі”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што адной з прычынаў трагічнага лёсу гісторыі ёсьць тое, што ў нас была выбарнасьць, а не была спадчыннасьць?”

(Васючэнка: ) “Безумоўна. Не было крэўнасьці, не было спадчыннасьці, не было пераемнасьці. Бацька-манарх ужо ня думаў пра тое, каму ён будзе аддаваць ўладу пасьля сябе — пасьля мяне хоць паводка”.

(Ракіцкі: ) “Калі нацыя асьцерагалася моцнага ўладара, ці, гаворачы вашымі словамі, бацькі, дык якія дачыненьні былі ў народу з маці? Можа, жанчыне давяралі беларусы болей? Чаму ж яны не ўладарылі ў нас, як прыкладам, у Расеі або ў Ангельшчыне?”

(Васючэнка: ) “Гэтага не адбылося паводле шэрагу прычынаў, адной зь іх было тое, што Беларусь часам называюць “жаночай” нацыяй, накшталт таго, што мужчыны часам праяўляюць жаночыя рысы, а жанчыны — мужчынскія. Нават, калі жанчыны атрымліваюць права выбару, то яны выбіраюць сабе ўладара з мужчынаў.

У часы больш старадаўнія жанчыны кіравалі, але ў тым выглядзе, які Фройд назваў бы сублімаваным. Яны ажыцьцяўлялі ня столькі палітычнае кіраўніцтва, колькі ўплывовае, ахоўнае. Прыклад таму — духоўная чыннасьць Эўфрасіньні Полацкай. Як жанчыны кіравалі мужчынамі, можна прывесьці прыклады і ў пазьнейшы час — гэта кіраўніцтва Боны Сфорцы, якой баяўся і муж, і сын, хаця апошні яе любіў.

Сьвежы прыклад — гэта ўжо ХVІІІ стагодзьдзе, калі Агна Вецер пасылае на паўстаньне свайго сына і ахвяруе ім. Менавіта яна для яго найвялікшы аўтарытэт. І, нарэшце, прыклад з ХІХ стагодзьдзя, гэта чыннасьць Эміліі Плятэр, якая бярэцца за мужчынскую справу, і ў ХХ стагодзьдзі — гэта чыннасьць нашых слынных “нашанівак” — ад Цёткі да Геніюш, зноў-такі мы назіраем мужчынскі пачатак”.

(Ракіцкі: ) “Маё апошняе пытаньне: ці ёсьць магчымасьць пераадоленьня вось гэтых комплексаў у нашай нацыі?”

(Васючэнка: ) “Яна ёсьць, яе патрэбна шукаць, яе імкнуліся шукаць. У ХІХ стагодзьдзі сэнтымэнталісты, асьветнікі пайшлі іншым шляхам: яны прапанавалі адносіны ў грамадзтве пабудаваць па прынцыпу добрых, але строгіх бацькоў і паслухмяных дзяцей.

Так нарадзілася, прыкладам, “Ідылія” Дуніна-Марцінкевіча, у якой шляхта выступае ў ролі разумных, строгіх, патрабавальных і добрых бацькоў, а сяляне — як паслухмяныя, а часам і наадварот, дзеці. Час выявіў месца гэтай ілюзіі, ён паставіў яе ў кантэкст жанру літаратурнай ідыліі, але зерне ісьціны ў гэтым ёсьць. Сапраўды, адносіны ў грамадзтве павінныя будавацца ня толькі на прынцыпе няпрыязі, недаверу, але і на прынцыпе крэўнасьці, калі ўся нацыя адчувае сябе адзінаю сям’ёю.

Другі прынцып — гэта пераадоленьне фобіі, пераадоленьне комплексу страху. Ён можа быць пераадолены праз розум, кантроль над інстынктамі. У заходніх краінах над гэтым працуе цэлае войска псыхааналітыкаў, якія сочаць за тым, каб канфлікт з комплексамі не пераходзіў пэўную мяжу.

Я думаю, што можна абысьціся і без псыхааналітыкаў, трэба толькі давяраць розуму, давяраць кантролю над інстынктамі й не даваць ім вырвацца ў небясьпечную сфэру. Няхай комплексы рэалізоўваюцца, або, як казаў Зыгмунд Фройд, сублімуюцца, у бясьпечным пляне, у сфэры літаратуры, мастацкай творчасьці, дзе ім і месца. У грамадзкім жыцьці месца комплексаў мусіць заняць розум, давер і пачуцьцё крэўнасьці”.
XS
SM
MD
LG