Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як апраналіся настаўнікі?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: пэдагог Людміла Дзіцэвіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Кожны чалавек ў любым узросьце, напэўна, добра памятае сваіх школьных настаўнікаў. Настаўнік перадусім застаецца ў памяці сваім зьнешнім выглядам дый тым, як ён апранаўся. Мне, які вучыўся за савецкім часам, часам Брэжнева, заўсёды вопратка настаўніка ўяўлялася нейкім ідэалягічным сымбалем. Настаўніка заўсёды паводле адзеньня пазнавалі на вуліцы. Ці ёсьць, ці была, ці снавала залежнасьць паміж зьнешняга выгляду настаўніка зь ягоным грамадзкім статусам?”

(Людміла Дзіцэвіч: ) “У настаўніцкім адзеньні заўсёды выяўляецца інтэлігентнасьць, строгасьць, вучонасьць, самавітасьць, выхаванасьць, Таму і вопратку носяць настаўнікі пераважна цёмнага колеру, зручную. Вядома ж, адзеньне выхоўвае паслухмянасьць, павагу і... страх”.

(Ракіцкі: ) “У 19 стагодзьдзі, падчас панаваньня Расейскай імпэрыі, і настаўнікі, і вучні апраналаіся вельмі строга, зашпіляючыся на ўсе гузікі. Безумоўная была ідэалягічная скіраванасьць строю. Чым гэта было выклікана?”

(Дзіцэвіч: ) “Настаўніцы апраналіся ў цёмную сукенку або сарафан. Мужчыны хадзілі ў касьцюмах, белай кашулі. Часта насілі сурдуты, манішкі, манжэты. У гэтых строях выяўляліся праявы дырэктыўнай пэдагогікі з устаноўкамі на нормы, прадпісаньні, інструкцыі. З устаноўкай на зьмяншэньне актыўнай пазыцыі школьніка, каб ня выхаваць паўстанцаў, а выхаваць выканаўцу, без усялякай ініцыятывы. Дый да гэтага часу цягнецца традыцыя такога выхаваньня. Яно ў нас выяўляецца ў формуле: ўсеагульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця”.

(Ракіцкі: ) “Дзевятнаццатае стагодзьдзе, улады расейскія, а настаўнік паводле свайго паходжаньня, нацыянальнасьці, сьветаўспрыманьня — беларус. Ці знаходзіла гэта адбітак у той жа вопратцы?”

(Дзіцэвіч: ) “Вядома. Прыкладам, у вясковага настаўніка сурдуту не магло быць. Ён быў бедны, а таму насіў пільчак. Гэта кароткая вопратка з грубага даматканага сукна”.

(Ракіцкі: ) “Магчыма, існаваў усё ж уласнабеларускі стыль настаўніцкага адзеньня?”

(Дзіцэвіч: ) “Ён фармаваўся паволі, на глебе нацыянальных усьведамленьняў, гэтак сама, як і мова. Пра нацыянальна адметнае адзеньне беларускіх настаўнікаў можна казаць у зьвязку з тайнымі беларускімі школамі. За іх можна было атрымаць 300 рублёў штрафу ці тры месяцы турмы. Тайныя школы стваралі Дунін-Марцінкевіч у Менску, Люцынцы. Таксама Цётка, Колас…

І, вядома, выпрацоўваўся стыль у Першай беларускай школе ў Вільні, у 1915 годзе — падчас нямецкай акупацыі. Гэта кашулі-вышыванкі з кутасамі, паясы, тканыя гальштукі з нацыянальным узорам у мужчынаў. Такім мы і бачым Янку Здольніка ў Купалавай п’есе “Тутэйшыя”.

(Ракіцкі: ) “Так апраналіся настаўнікі проста інстынктыўна, ці ў гэтым была патрэба? А мо нават ідэалягічны выклік?”

(Дзіцэвіч: ) “Гэта былі і патрэба, і выклік. і гэта падкрэсьліваецца кансэрвацыяй гэтага стылю. Гэты стыль выявіўся пры канцы 19 стагодзьдзя. Потым ён актыўна ўжываўся ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. Настаўнікі насілі і кашулі, і нават манішкі вышываныя. За часы нямецкай акупацыі 40-х гадоў настаўнікі стараліся апранаць тканыя гальштукі. У апошняе адраджэньне таксама выяўляўся гэты стыль.

За мяжой, у асяродзьдзі беларускай эміграцыі ў беларускіх гімназіях апраналіся ў нацыянальнае адзеньне. У Беларусі да такой вопраткі былі схільныя настаўнікі-дысыдэнты. Прыкладам, Алесь Белакоз з Гудзівіцкай школы Мастоўскага раёну заўсёды прыяжджаў у Міністэрства адукацыі змагацца за гадзіны беларускай мовы ў кашулі-вышыванцы і ў тканым гальштуку”.

(Ракіцкі: ) “Прафэсія настаўніка — даволі цяжкая і ў фізычным пляне. Трэба цэлы ўрок адстаяць на нагах. Напэўна, функцыянальнасьць адзеньня таксама вельмі важная”.

(Дзіцэвіч: ) “Калі ўзгадаць першыя беларускія школы, то там было шмат нязручнасьцяў — чарнільніцы, пёры, плякацікі з пылам. Таму трэба было апрануцца ў цёмнае, кожны ж дзень мыць адзеньне немагчыма. Пасьля пачалі сьцірацца межы паміж уласна беларускім стылем і расейскім. На настаўніцкім адзеньні можна прасачыць і сьціраньне межаў паміж мовамі. Гэта выключна яскрава выявілася ў савецкай школе”.

(Ракіцкі: ) “У Савецкім Саюзе настаўніцы нават фрызуры мелі адметныя — валасы, сабраныя ў куклу ці куксу”.

(Дзіцэвіч: ) “Так, і куклы, і куксы былі папулярнымі. Кукла — гэта закручаная ззаду каса, кукса — проста валікам валасы”.

(Ракіцкі: ) “Я вучыўся яшчэ ў 1960-я. Мне памятаюцца настаўнікі ў галіфэ. Як можна стасаваць гэта з разуменьнем моды, часу? Настаўнікі — нібыта перадавыя людзі. 60-я гады... Рок-н-рол... А настаўнік у галіфэ...”

(Дзіцэвіч: ) “Галіфэ — гэта моцная адзнака кансэрватыўнасьці настаўніка. Галіфэ зьявіліся ў перадваенныя гады, і асабліва былі папулярныя пасьля вайны. І яны дайшлі аж да нашага часу. І нават сёньня на вёсцы вы можаце ўбачыць пажылога настаўніка ў галіфэ, у фрэнчы, наваксаваных ботах”.

(Ракіцкі: ) “А што яшчэ было характэрным у вопратцы настаўнікаў у мінулым, камуністычным стагодзьдзі?”

(Дзіцэвіч: ) “Жанчыны мелі хустку белую з кутасамі на галаве і асабліва на плячах. Апраналіся ў цёмныя сукенкі. А калі ўнівэрсытэты займелі свае значкі, пачалі шыць адмысловыя касьцюмы са штрыфелямі, каб прычапіць унівэрсытэцкі значок. Гэта былі касьцюмы з сукна ці з бастону, а пад пінжак — белы шалік. Тыпова настаўніцкае — белы каўнерык, белыя шкарпэткі, паясок на сукенцы.

У верхнім адзеньні настаўнікі аддавалі перавагу плашчу габардынаваму ці крэп-марыкенаваму. Бяднейшыя насілі плюшаўкі розных колераў. Кажушкі не насілі. Яны не існавалі для інтэлігенцыі, толькі для сялянаў. Узімку насілі паліто з каўнярамі цыгейкавымі альбо каракулевымі. Чарнабурка была піскам моды.

На нагах у настаўніцаў былі і басаножкі, і туфлі зь венскім абцасам — шырокім, невысокім. Гэты абцас быў проста знаходкай для настаўніка. Паўбоцікі-румынкі на такім жа венскім абцасе таксама лічыліся піскам моды. А яшчэ сьнягоўцы — гумавыя паўбоцікі. У іх устаўлялі туфлі, бо шкада было насіць іх на дождж. Прыкладам, калі туфлі былі на невысокім абцасе, то ў абцас устаўлялася калодачка драўляная.

Увогуле ў адзеньні і абутку аддавалася перавага зручнасьці. Белую спадніцу ў школу не насілі. Мужчыны любілі насіць хромавыя боты. А ў школе стаялі шчотка, вакса і “сабака” дзеля здыманьня ботаў. Джэнтльмэнскі мужчынскі набор уключаў у сябе ручку ў кішэні, грэбень і абавязкова насоўку. Партфэляў не было. Насілі сшыткі альбо пад пахай, або часам у торбах”.

(Ракіцкі: ) “А ці была розьніца ў адзеньні паміж бяднейшымі і багацейшымі, гарадзкімі і вясковымі настаўнікамі?”

(Дзіцэвіч: ) “Была. Бяднейшыя насілі пераліцаванае, перашытае. Плюшаўкі, сьнягоўцы — адзнака бяднейшых. А ўжо румынкі, чарнабуркі, паліто бастонавыя, цыгейкавыя або навату мутонавыя каўняры маглі дазволіць сабе багацейшыя.

Моладзь выбірала сабе іншае адзеньне, пераймала яго зь фільмаў. Калі зьявіўся фільм “Бабэта ідзе на вайну”, дык нашыя настаўніцы пачалі ўкладваць валасы з начосам пад Бабэту. А хлопцы апрануліся ў штаны-дудачкі. Начос у настаўніц школьнікі называлі “я ўпала зь сенавала”. У 60-70-я гады ў школу прыйшоў макіяж, яркія пазногці, міні-спадніцы, ад якіх ня лезла навука ў галовы старшаклясьнікаў”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж што ў адзеньні настаўнікаў у 20-м стагодзьдзі пераважала — мода, зручнасьць ці ідэалёгія?”

(Дзіцэвіч: ) “Усё названае вамі вельмі добра перапляталася. Хацелася і памоднічаць, але тут жа дырэктарскі кулак на стале спыняў. Я памятаю, як мяне дырэктарка ў 70-х гадох не пусьціла ў школу ў штанах. Мы прыходзілі ў школу ў штанах, а там пераапраналіся ў спадніцы”.

(Ракіцкі: ) “Апошняе дзесяцігодзьдзе — гэта ўжо іншая рэальнасьць. Беларусь, як бы хто ні пярэчыў таму, 10 гадоў існуе без ідэалёгіі. Свабода, незалежная краіна, цяга да Эўропы. Што вы як пэдагог з вопытам, як дасьледніца можаце сказаць пра тое, як апранаецца беларускі настаўнік сёньня?”

(Дзіцэвіч: ) “У школах працуюць настаўнікі розных узростаў. Таму, з майго гледзішча, у адзеньні найболей выяўляецца эклектызм. Але... Праз гэты эклектызм прарастае, як трава пад асфальтам, пазнака інтэлігентнасьці, эўрапейскасьці. І ў гэтым выяўляецца прага Беларусі мець сваю інтэлігенцыю. Вярнуць яе.

Інтэлігенцыя за камуністычным часам была зьнішчаная. Таму сучасная беларуская моладзь — “і жук і жаба” — шчэмяцца ў ВНУ, у тым ліку — пэдагагічныя ўнівэрсытэты. Яны як бы ажыцьцяўляюць замову нацыі на сваю інтэлігенцыю. Я веру, што нарэшце ў 21-м стагодзьдзі мы народзім свой адметны беларускі настаўніцкі стыль у адзеньні і ўвогуле ў зьнешнім вобліку”.
XS
SM
MD
LG