Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паны і слугі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае гісторык культуры Вацлаў Арэшка.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Ня бі каня, не зьневажай слугі, ня злуй жонкі”, — гэтак раіла старая шляхецкая прымаўка таму, хто хацеў жыць спакойна. Ад каня залежала часам жыцьцё рыцара, месца жонкі ў ягоным жыцьці таксама зразумелае. А вось якую ролю адыгрываў слуга, чаму менавіта ён трапіў у гэтую трыяду старасьвецкай жыцьцёвай мудрасьці?”

(Вацлаў Арэшка: ) “Падобна на тое, што сёньня мы, нават фантазуючы на гістарычныя тэмы, звычайна не ўяўляем сабе, што жыцьцё як ня надта багатага шляхціца, гэтак і магната часоў “залатой шляхецкай легенды” ад першага да апошняга дня праходзіла ў прысутнасьці, больш за тое — у шчыльным кантакце з рознага кшталту слугамі, якія ў людзей заможных складалі тое, што называлася “дворам”.

Вось як піша пра “дворскіх” выдатны бытапісец 18 стагодзьдзя ксёндз Анджэй Кітовіч:

“Шляхта й паспольства, якое служыла розным панам і падпанкам, слушна магло называцца станам, ад іншым станаў асобным, бо слуг такіх за панаваньнем Аўгуста была вялізарная колькасьць. Не было шляхціча і з адною вёскаю, каб не трымаў ён нейкіх дворскіх. Хаця слова “дворскі” ў істотным значэньні, як назоўнік, значыла адно толькі слугу-шляхціча, прыроджанага альбо часам уяўнага. Але ў “прыметнікавым” сэнсе слова “дворскі” азначала і пакаёвага хлопца, і гайдука, і пахолка, і лёкая, і вэнгерца, і гусара, і стрэльца, і пажа, і турчынка, і фурмана, і фарэйтара, і канюшага, і кухмістра, і кухара, і цукерніка, і ключніка, і буфэтнага... Зрэшты, усіх людзей, якія служылі вялікім панам альбо малым панкам”.

(Ракіцкі: ) “Тут пералічана шмат “гатункаў” слугаў, якія існавалі пры дварах. Але ж, напэўна, быў нейкі парадак, iерархія ў двары?”

(Арэшка: ) “Было нават некалькі iерархіяў, якія складалі досыць складаную сыстэму. Па-першае, усе слугі, як і ўсе жыхары Вялікага Княства і ўсёй Рэчы Паспалітай, дзяліліся на шляхту й “няшляхту”. А “няшляхта” яшчэ падзялялася на вольных, найманых людзей ды на прыгонных.

Доўгі час, яшчэ нават і ў 18 стагодзьдзі, існавалі таксама “нявольнікі” — збольшага “турчыны” ці “татары”, захопленыя на вайне, альбо набытыя “па аказіі”, ці падораныя мурыны. Вядома, што шляхта займала верхнія ступені гэтай “службовай лесьвіцы”. Такія слугі ў магнацкіх дамах падзяляліся на дзьве катэгорыі: “рэшпэктовыя” ці “ганаровыя”, якім не плацілі за службу, і “афіцыялісты”, якія мелі аплату. Асноўнымі функцыямі першых было прысутнічаць у панскіх пакоях добра апранутымі ды суправаджаць пана на візыты ці соймікі. Другія працавалі маршалкамі, сакратарамі, канюшымі, шатнымі і г.д.

Менавіта шляхетныя слугі называліся “дваранамі”. Шляхтаю былі гэтак званыя “рукадайныя” слугі (бо першаснымі абавязкам і правам (!) іх было падаваць руку пану ці пані, калі тыя сыходзілі з каня).

Ніжэйшаю ступеньню дваранаў былі пакаёвыя слугі. Іх у вялікіх дварох было шмат, і нават у сярэдняй шляхты круцілася ў сьвятліцах некалькі вусатых маладзёнаў. Але ня трэба думаць, што яны мусілі прыслужваць пану на пакоях — гэта было справаю пакаёвых гайдукоў, якіх якраз было адносна няшмат. Увогуле сапраўдную працу выконвалі людзі паспалітыя ды падданыя.

Бальшыня дваранаў таксама мела сваіх слуг, звычайна іхная лічба абмяжоўвалася адным-двума. Да слугаў адносіліся і шматлікія музыкі, мэтры, выхавальнікі, мамкі і боны, а таксама хатнія капэляны ды яшчэ блазны й карлы. Кіраваў усім гэтым маршалак двору.

Жаночая палова мела свой двор — гэтак званы “фраўэнцымэр” ці, як яго звычайна ў нас называлі, “фраўцымэр”. Дамы фраўцымэру адпавядалі пакаёвым дваранам. Яшчэ адну катэгорыю слугаў складала магнацкае войска. Дворская iерархія звычайна адлюстроўвалася ў харчаваньні — ганаровыя дваране мелі права сядзець за адным сталом з панам, маршалак меў свой стол для афіцыялістаў. Часам такіх “сталоў” была цэлая чарада”.

(Ракіцкі: ) “Сапраўды гэтая “піраміда” ўражвае... Колькі ж асобаў магло складаць такі двор?”

(Арэшка: ) “У вялікіх магнатаў лічба толькі дваранаў даходзіла да колькісот. Геранім Флярыян Радзівіл раіць сваім дзецям мець “слуг, калі Бог дасьць добрых, якіх, хай лічба сотні не перавышае”, граф Вінцэнты Тышкевіч, які, паводле ўспамінаў Лявона Патоцкага, быў у побыту выключна сьціплым, меў у сябе ў Сьвіслачы двор:

“...які складаўся з маршалка, канюшага, камэрдынэра, загадчыка віннага склепа, буфэтнага, дваіх ліўрэйных слугаў, столькіх палацёраў, кухмістра і чацьвярых кухараў. Кожны службовец меў прозьвішча, нададзенае панам. Так кухмістра Пятра звалі Педрылем, камэрдынэра Конрада — Канрадзідам, лёкая Антона — Антанэлі...”

(Ракіцкі: ) “Шмат вядома пра ганарлівасьць шляхты, а тут — слугі. А ці не ганебна было рыцарам звацца слугамі, падпарадкоўвацца іншым шляхцічам?”

(Арэшка: ) “Інстытуцыя дворскіх слугаў вельмі старая — усё фэадальнае грамадзтва будавалася на тым, што ваяры бралі на сябе абавязкі служыць свайму пану, а пан абавязваўся карміць іх ды апекавацца імі. І ў гэтай дамове не было нічога ганебнага. Гэтак і служба ў моцнага пана была сродкам знайсьці заступніка — “патрона”, зарабіць, выбіцца ў людзі. Пан таксама ў неспакойныя часы зацікаўлены быў мець шматлікае атачэньне.

Для дзяцей зь небагатай і нават сярэдняй шляхты служба на панскім двары была традыцыйным шанцам атрымаць пэўныя “ўнівэрсытэты”, здабыць “пуцёўку ў жыцьцё”. Так, напрыклад, Крыштап Карыцкі, пакаёвы князя Заслаўскага, стаў з часам генэрал-маёрам. Стэфан Хмялецкі, пачаўшы слугою ў Астроскіх, дасягнуў таго, што стаў Кіеўскім ваяводаю.

Зь іншага боку, і нашчадкі радавітых сем’яў ня грэбавалі службаю: у Гераніма Флярыяна Радзівіла маршалкам двору быў наваградзкі кашталян Незабытоўскі, у Салезія Патоцкага — князь Уладзімер Чацьвярцінскі. Крыштап Апалінскі гэтак заўважыў, апісваючы выпадак, калі ягоная сястра не захацела танчыць зь ягоным слугою: “Якое ж гэта глупства! Няўжо слуга ня шляхціч? Няўжо праз тое гонар губляе, што служыць?”

(Ракіцкі: ) “Але ж у панскай службе, напэўна, былі й свае цяжкасьці, свае змрочныя бакі?”

(Арэшка: ) “Служба ёсьць службаю. Нават калі гаспадар і называў свайго двараніна “пан-брат”, той заставаўся слугою. І мусіў падпарадкоўвацца загадам і капрызам свайго патрона, паводле якіх звычайна ладзілася ўсё жыцьцё двору. Асабліва цяжкім было жыцьцё пакаёвых, якія павінны былі трымацца суровай дысцыпліны. Вось як піша пра гэта Кітовіч:

“Маладых хлопцаў і пакаёўцаў за найменшую правіннасьць каралі розгамі: за слова ў размову панскую ўмяшанае, за недарэчныя адказ альбо маўчаньне, за неахайнасьць каля сябе, за плямы на сукні, за нячасаную чупрыну, за неабразаньне пазногцяў, за позьняе ўставаньне, за вечаровае драманьне, за нядобрае падпаясаньне, за гульню ў карты ці ў косьці, за каштаваньне напояў, падаваных пану ці гасьцям, за ласаваньне, зрэшты, за найменшы дэфэкт у звычаях ці манэрах, найболей жа за камплімэнты ды заляцаньне да фартушкоў...”

Дарэчы, калі лупцавалі шляхецкага сына, дык сапраўды, як у Дуніна-Марцінкевічавай “Пінскай шляхце”, у адрозьненьне ад “простага” мусілі рабіць гэта на дыване.

Часам, аднак, здараліся й выпадкі, калі “вялікі пан”, які спаўняў абавязкі судзьдзі на сваёй зямлі, выракаў нямілага слугу на сьмерць. Альбрыхт Станіслаў Радзівіл распавядае пра выпадак у 1645 годзе на двары нейкага не названага ім, але вядомага на той час магната, калі двое слугаў — шляхціч і просты хлопец — закахаліся ў адну ж і тую панну. Пашанцавала болей плябею, і зайшло далёка, што прывяло да сутычкі каханкаў, калі ж даведаўся пра тое пан, дык засудзіў усіх трох на сьцінаньне галавы. Але папраўдзе, такіх жудасных падзеяў было хіба значна менш, чым легендаў пра іх”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна ж, слугі адплачвалі за такое суровае стаўленьне да іх?”

(Арэшка: ) “Свавольства слугаў таксама ўвайшло ў легенды. Служба нярэдка бавілася п’янствам, сваркамі, бойкамі, шмат хто гатовы быў пры любым выпадку абакрасьці гаспадара ці гасьцей. Шмат гісторыяў ёсьць пра тое, як эканомы й камісары даводзілі свайго гаспадара да жабрацтва. Пра нахабныя звычаі слугаў з Польшчы жартаўліва апавядае, напрыклад, слынная “Прамова Мялешкі”:

“І то, міласьцівые панове, не малая шкода, слугы ховаемо, ляхі. Давай же яму сукню хвалендыфзавую, кармі ж яго сласна, а з іх службы не пытай. І толькі ўбраўшыся на высокіх падковах да дзевак дыбле і ходзіць зь вялікага куфля трубіць. Ты, пане, за стол, а слуга лях собе за стол. Ты боршчык, а слуга лях на покутніку штуку мяса. Ты за фляшу, а он за другую, а колі слаба дзержыш, дык ён і з рук вырве. Толькі пільнуе: скора ты з дому, дык ён маўчком прыласкаецца да жонкі...”

(Ракіцкі: ) “Але ж калі б гэтак усё было нядобра, дык хіба ніхто не трымаў бы слугаў у доме. Колькі ж ёсьць сюжэтаў пра верных слуг ды ўдзячных гаспадароў!”

(Арэшка: ) “Сапраўды, вернасьць была галоўнаю цнотаю слугаў. І часта нават неруплівыя гультаі гатовыя былі бараніць гонар і жыцьцё свайго гаспадара. Многія магнаты, дарэчы, карысталіся слугамі, каб адпомсьціць ворагу, нават выстаўлялі замест сябе на паядынках.

Ёсьць шмат сьведчаньняў і пра тое, як шчыра ўзнагароджвалі за верную службу. Звычайна ўзнагародамі былі пратэкцыя ва ўрадавай кар’еры, добры кавалак зямлі зь вёсачкай, колькі тысячаў злотых у спадчыну. У патрыярхальнай традыцыі гаспадары й слугі складалі адзіную сям’ю. Як казалі тады: “знаемся дома — знаемся й па-за домам”. Часам верны слуга нешляхецкага паходжаньня стараньнем гаспадара атрымліваў шляхецтва і быў прыпісаны да панскага гербу... Многія з буйных уладароў пакінулі ў сваіх запісах цёплыя словы пра добрых слуг.

“25 лютага 1738 году. Садоўнiк мой альбянскi на iмя Данiэль Гоцант, нацыяй чэх, у рамястве сваiм пэрфэкт i пачцiвы вельмi чалавек, зранку памер раптоўна, дай яму Пане неба i хай з Богам спачывае!” — гэтак прыгадвае Міхал Казімер Радзівіл у сваім “Дыярыюшу”. І падобных прыхільных згадак толькі ў ягоных мэмуарах колькі дзясяткаў”.

(Ракіцкі: ) “Але як бы можна было ў цэлым акрэсьліць ролю гэтага інстытуту слугаў у нашай мінуўшчыне?”

(Арэшка: ) “Слугі былі неад’емнаю часткаю грамадзтва. Колькасьць іх складала істотную долю ад усяго насельніцтва. Нездарма Кітовіч акрэсьліў слугаў як асобнае саслоўе. Большая частка шляхты альбо прайшла праз службу ў маладосьці, альбо ў той ці іншай форме спаўняла абавязкі слугаў на працягу ўсяго жыцьця. Стасункі тыпу “пан–слуга” былі ўвогуле дамінуючымі ў Рэчы Паспалітай 17–18 стагодзьдзя і ў пэўнай ступені вызначалі сьвядомасьць грамадзтва”.

(Ракіцкі: ) “Старасьвецкія аўтары нашыя называюць часам такія стасункі “трыманьнем панскай клямкі”. Здаецца, гэта вельмі трапны выраз”.

(Арэшка: ) “Сапраўды. Шукаць пратэкцыі вялікага пана ды аддаць яму да паслугі свой голас, сваю шаблю, сваё сумленьне, ісьці на ўсё на ягоны загад, падзяляць ягоныя погляды, сымпатыі й антыпатыі, аказваць яму паўсюль гонар і чалабітнасьць, а за гэта атрымваць што толькі магчыма, што толькі можа даць ягоны ўплыў, ягоная каліта ды ягоныя каморы — гэта называлася “трымацца за панскую клямку”. З часам “панская клямка” і стала чымсьці кшталту грамадзкай інстытуцыі альбо прафэсіі, да якой трэба было рыхтавацца й да якой імкнуцца”.

(Ракіцкі: ) “Але ж, здаецца, “панская клямка” была ня толькі агульнапрынятым спосабам на кар’еру. Гэта была яшчэ й школа падхалімства, карупцыі, сэрвілізму, якая рыхтавала паразытаў, пустазвонаў і палітычных прахвостаў. Заняпад Рэчы Паспалітай, пэўна, шмат у чым забясьпечаны быў гэтаю “клямкаю”.

Спазіраючы на сучаснасьць, здаецца мне, што хаця няма ўжо і паноў вялікіх, і меншае шляхецкай браціі, няма двароў панскіх і палацаў, але засталася нейкім чынам “панская клямка”, што лунае над зямлёю ды ўсё цягне й цягне ўчапіцца за яе негадзівых беларускіх дзецюкоў — от, хіба вывезе яна нас да праўдзівае панскае фартуны...”
XS
SM
MD
LG