Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і чаму беларусы выбіралі імёны


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “З гістарычнай і прыгодніцкай літаратуры нам вядомыя імёны індзейцаў тыпу Сакалінае Вока ці Хутканогі Заяц. Ці засьведчаныя падобныя найменьні ў славянаў, і ў беларусаў у тым ліку?”

(Тацяна Валодзіна: ) “Ад самага пачатку камунікацыі паміж людзьмі кожны індывід меў сваё імя. У той пэрыяд практычна кожнае паўназначнае слова магло быць выкарыстанае як уласнае асабовае імя. У старажытных беларусаў, гэтак сама як і ў іншых славянаў, уласныя імёны ўтвараліся ад назваў жывёлаў, расьлінаў, шырока ўжываліся імёны-характарыстыкі — Воўк, Дуб, Сокал, Касы, Рабы, Кульгавы”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі выпадковым быў выбар таго ці іншага слова? Чаму, скажам, Дуб, а не Асіна?”

(Валодзіна: ) “Імя служыла ня толькі для вылучэньня асобы зь ліку іншых, але і павінна было абараняць носьбіта імені ад злых сілаў. Нашыя продкі верылі ў магічную сілу слова і былі ўпэўненыя, што жывёлы, дрэвы, розныя зьявы прыроды, назвы якіх узятыя ў якасьці імёнаў, становяцца апекунамі ды абаронцамі. У іншых выпадках імя як бы магічна праграмавала будучы лёс.

Такія імёны маюць празрыстую ўнутраную форму, паходжаньне іх лёгка высьвятляецца, асабліва калі яны сугучныя з агульнымі назоўнікамі. Узгадаем Надзею, Любоў, Уладзімера — таго, хто валодае мірам, Уладзіслава — хто валодае славаю, мілую людзям Людмілу ды іншыя”.

(Ракіцкі: ) “Як вынікае, нашыя продкі выбіралі імя ня толькі з прычыны яго мілагучнасьці, але і зыходзілі з магічных мэтаў. Наколькі моцная такая традыцыя?”

(Валодзіна: ) “Беларусы здаўна зь вялікай адказнасьцю ставіліся да выбару імені немаўляці, бо ў народнай сьвядомасьці зь імем зьвязваўся далейшы лёс чалавека, ягонае шчасьце, здароўе ці, наадварот, няшчасьці. Шырока вядомае ўяўленьне, што калі даць дзіцяці імя вядомых у ваколіцы злодзеяў ці п’яніцаў, то дзіця разам зь імем перайме і гэтыя адмоўныя якасьці.

У асобных сем’ях імя хлопчыка перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне. Навароджаным не даюць, як правіла, імёнаў памерлых дзяцей, баючыся, што немаўлятак можа напаткаць той жа лёс. І сёньня называюць дзяцей у гонар той ці іншай знакамітай асобы”.

(Ракіцкі: ) “Празрыстых” імёнаў няшмат. Сёньня папулярныя Анатолі, Сержукі, Аляксандры… Адкуль гэтыя імёны?”

(Валодзіна: ) “У свой час у Бізантыі былі сабраныя і кананізаваныя найлепшыя імёны лацінскай і грэцкай моваў і моваў суседніх краінаў. Таму бальшыня нашых усходнеславянскіх асабовых імёнаў — гэта грэцкія, старажытнарымскія, старажытнагабрэйскія, сырыйскія і эгіпэцкія словы. Так, Андрэй — гэта мужны, адважны, Васіль — царскі, Аркадзь — пастух, Галіна — спакойная, гэта грэцкія імёны; лацінскія: Марына — марская, Юлія — народжаная ў ліпені.

Для нас цікава, што многія з такіх імёнаў у беларускай народна-дыялектнай мове набылі разнастайныя варыянты, утварыўшы своеасаблівую самабытную сыстэму: Соф’я — Зося, Канстанцін — Кастусь, Пётар — Пятрусь, Пятро, Елена — Алена ды іншыя.

(Ракіцкі: ) “Для славянаў гэтыя імёны ад пачатку былі чужымі і незразумелымі. Як жа арыентаваўся беларус у безьлічы імёнаў?”

(Валодзіна: ) “Манапольнае права даваць імя мела царква. У царкве, касьцёле звычайна без бацькоў поп, ксёндз выбіралі імя з улікам датаў царкоўнага календара. У найлепшым выпадку маглі прапанаваць для выбару некалькі імёнаў, ужо адабраных сьвятаром з улікам найбліжэйшых па часе датаў у царкоўным календары”.

(Ракіцкі: ) “Як бачна, выбар бацькоў у пытаньнях называньня дзіцяці быў мінімальным. Як жа пераадольвалася такая несвабода вольнымі язычнікамі?”

(Валодзіна: ) “Пасьля нараджэньня дзіцяці давалася тыповае, найчасьцей складанае імя тыпу Ізяслава ці Сьвятаполка. Пазьней, калі дзіця хрысьцілі, яно атрымлівала яшчэ адно імя, запазычанае з царкоўнага календара-сьвятцаў. Называючы сына яшчэ адным імем — Андрэем, Георгіем, Васілём, Паўлам, бацькі народжанага як бы выбіралі заступнікаў для яго зь ліку сьвятых.

Сын полацкага князя Барыса, што ўвайшоў у гісторыю як адзін з аўтараў Барысаўскіх камянёў, меў імя Рагвалод-Васіль. Абодва імені як бы абавязвалі яго носьбіта кіраваць людзьмі”.

(Ракіцкі: ) “Значыць, беларусы калісьці мелі па два імені запар. А як доўга праіснавала гэта традыцыя?”

(Валодзіна: ) “Як сьведчаць летапісы, у першыя два стагодзьдзі двухіменьне — спалучэньне хрысьціянскага і язычніцкага імёнаў для адной асобы — сустракаецца вельмі часта. Так, ад 12 стагодзьдзя чытаем: “Князь Міхайло, зовомый Святополком”; “діак… імя крестное Яков, а мірськы Творімір”. Аднак асобныя імёны дахрысьціянскіх часоў жывуць і сёньня — гэта Ўладзімер, Яраслаў, Вячаслаў.

Па два імені да канца 19 стагодзьдзя мелі многія беларусы каталіцкага веравызнаньня. Так, клясык беларускае літаратуры Багушэвіч меў імя Францішак-Бэнэдыкт Казіміравіч; поўнае імя Каліноўскага — Канстанцін-Вікенці Сямёнавіч. У сярэднія вякі былі вядомымі знатныя беларускія фэадалы Мікалай-Крыштоф Радзівіл, гетман Ян-Геранім Хадкевіч”.

(Ракіцкі: ) “Ці паўплывала на функцыянаваньне імёнаў існаваньне на беларускіх землях розных рэлігіяў?”

(Валодзіна: ) “У станаўленьні беларускай антрапанімнай сыстэмы вылучаюць сярэдзіну 17 стагодзьдзя як час уніі, час спэцыфічнага сынтэзу заходніх і ўсходніх традыцыяў. Яшчэ з тых часоў пачынаецца зьмешваньне на адной тэрыторыі кананічных і праваслаўных, і каталіцкіх імёнаў.

Разам з тым выразна прасочваецца дыфэрэнцыяцыя ў выбары імені ў залежнасьці ад веравызнаньня. А пазьней — таксама ў выніку ўплыву польскай і расейскай моваў праз школу і афіцыйныя органы кіраваньня.

Можна згадаць, што бацька клясыка нашае літаратуры Максіма Багдановіча — Адам Ягоравіч Багдановіч, які ўвайшоў у гісторыю як фальклярыст і мовазнаўца, да 16 гадоў меў імя Адольф. Новае, вядомае нам імя Адам далі пазьней, калі трэба было атрымаць мэтрыку для паступленьня ў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Туды на той час прымалі толькі асобаў праваслаўнага веравызнаньня, а Адольфа Багдановіча хрысьцілі ў касьцёле. Праз гады ва ўспамінах ён напіша:

“…Я быў перайменаваны з Адольфа ў Адама. Гэта была кансысторская выдумка ў інтарэсах праваслаўя і абрусеньня… Так вось, пасьля шаснаццаці гадоў я меў два імя і аж цэлых тры імя па бацьку — Юр’евіч, Георгіевіч, Ягоравіч…”

(Ракіцкі: ) “ Колькі вякоў хрысьціянства прыватызавала гэтую сфэру? Калі ж пачаліся больш-менш значныя зьмены ў антрапанімнай сыстэме?”

(Валодзіна: ) “Расклад крыху мяняецца ў пачатку 20 стагодзьдзя: беларуская мова набывае статус пісьмовай. У гісторыі Беларусі гэта пэрыяд, прасякнуты ідэяй нацыянальнага адраджэньня, калі робіцца сьвядомы акцэнт на нацыянальную самабытнасьць і адметнасьць.

Так, на старонках “Нашай Нівы” беларускі іменаслоў выступае пераважна не ў клясычным праваслаўным і каталіцкім варыянтах, а ў значнай ступені апрацаваным у беларускіх вуснамоўных традыцыях. Найболей адметную яго рысу складаюць ацэначныя і ўсечаныя формы тыпу Алесь, Габрусь, Вінцук, Паўлюк, Стэфка, Марыся. Галоўнае, яны ўжываюцца як нэўтральныя імёны, і нават у тэкстах афіцыйных паведамленьняў:

“Мы, студэнты-беларусы Пецярбургскаго Унівэрсытэта і староньнікі Адрадзэньня Беларусі, горача вітаем Рэдакцыю “Нашай Нівы”… Падпісаны Міхалка Навіцкі, Сергей Стрэльчэня, Язэп Дубінскі, Кастусь Цекалоўскі…”

(Ракіцкі: ) “Як тут не ўзгадаць паэтычныя псэўданімы — Янка Купала, Янук Журба, Цішка Гартны…”

(Валодзіна: ) “Безумоўна, яны, а таксама іншыя аўтарскія подпісы-саманазовы тыпу “Юрка Бусел з-пад Слуцку” ці “Грышка Кажан” — выразная адзнака адраджэнскіх тэндэнцыяў і праява замацаваньня нацыянальнай іменалягічнай спэцыфікі”.

(Ракіцкі: ) “А як быць з рэвалюцыяй, што ламала і мяняла ўсё — імёны ацалелі ці таксама патрапілі ў віхуру?”

(Валодзіна: ) “У першыя гады савецкай улады адбываўся цэлы анамастычны бум. Мноства людзей хацелі як бы ўнесьці сваю долю ў зьмены, што адбываліся ў краіне. Агульная тэндэнцыя — ігнараваць усё старое і ствараць новае, у тым ліку і імёны. Частка зь іх прыжылася і выкарыстоўваецца і цяпер — гэта імёны Ўладлен як скарачэньне ад Ўладзімер Ленін, Акцябрына — народжаная Акцябром (Кастрычнікам).

Частка стала своеасаблівым помнікам свайго часу. Так, Жарэс Алфёраў (дарэчы, наш зямляк) атрымаў імя героя францускага рэвалюцыянэра. Аднак такое захапленьне прывяло да нэгатыўных вынікаў. І ня толькі ў той недарэчнасьці й камізьме некаторых зь іх тыпу — Казьбек, Турбіна, Сталіна, але і ў адпрэчваньні свайго. Мілагучныя беларускія імёны паступова выцясьняліся “моднымі” наватворамі і запазычаньнямі”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж, ці ёсьць сёньня толькі беларускія імёны?”

(Валодзіна: ) “Сучасныя беларускія імёны — гэта зьмененыя, трансфармаваныя паводле законаў беларускай фанэтыкі і марфалёгіі ў асноўным грэцкія і рыма-каталіцкія імёны. Часам запазычанае імя набывае нават некалькі варыянтаў — так, грэцкае Пётар у нас мае такія варыянты: Пятрусь, Пётра, Пятро, Пятрок, Пятрук і нават жаночы адпаведнік Пятруня.

Падобная варыянтнасьць аднаго кананічнага імені (дужа часта запісанага толькі ў афіцыйных паперах) — вось нашая спэцыфіка. Яна яшчэ ў максымальнай адаптаванасьці каляндарнага імені да мэнтальных чыньнікаў мяккасьці, прыязнасьці, адсутнасьці афіцыёзу. І тое, што аднаго чалавека называюць па-рознаму, для беларусаў як бы і норма. Адзін з пэрсанажаў апавяданьня Фёдара Янкоўскага “Цёзка” распавядаў:

“Мяне дома ўсе, і сваякі мае ўсе, завуць Язэп, а ксёндз і пан звалі Юзаф. А вайсковы пісар у рускай царскай арміі запісаў і звалі мяне Восіп альбо Осіп — хто як…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG