Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Твар у мітапаэтычнай творчасьці беларусаў


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна

(Ракіцкі: ) “У чалавечай супольнасьці кожны паасобнік розьніцца адзін ад другога сваім зьнешнім выглядам і, перадусім, тварам. Прынамсі, твар – адзіна даступная дыфэрэнцыяльная часьцінка чалавека для ягоных субяседнікаў. Адбіткі пальцаў мы пакінем крыміналістам, бо мы празь іх асобу не ідэнтыфікуем. Мы глядзім чалавеку ў вочы. Зьвяртаем увагу на ягоны нос ці вушы. Твар нам пачынае падабацца альбо не”.

(Валодзіна: ) “Твар – своеасаблівая “візітоўка”, што адбівае рознабаковую інфармацыю пра асобу: ейны настрой, эмоцыі, здароўе і г.д. І менавіта твар акумулюе ў сабе архаічныя ўяўленьні розных роўняў і сфэраў. У бальшыні выпадкаў захоўвае значэньне знаходжаньне твару ўверсе і сьпераду, што і сьцьвярджае пазытыў яго сэмантыкі. Аднак наяўнасьць на твары адтулінаў, ці, як кажуць у народзе, – ямаў, вымушае рабіць высновы з пэўнай доляй асьцярожнасьці”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем – этнакультуроляг Тацяна Валодзiна. Тацяна, твар – частка галавы, і размову нам, відаць, належыць пачаць менавіта са звароту да гэтай зоны чалавечага цела”.

(Валодзіна: ) “Згодна з народнымі ўяўленьнямі, якія абапіраюцца і на рэальны досьвед, менавіта галава кіруе ўсімі жыцьцёва важнымі функцыямі чалавека, зьмяшчае ў сабе самую патэнцыю жыцьця і нават душу. Адыманьне галавы лічылася самым надзейным спосабам пазбавіць жыцьця любую жывую істоту, і ня толькі жывую:

“Вялікіх калдуноў аж зямля не прымае. Іх заграбуць у землю, а яна й выкіне. Каб калдун не вылазіў з зямлі да не пужаў добрых людзей, та трээ яго адкапаць. Звыкла ён там перавернецца і ляжыць ніц. Трээ яму атсекці голаў да й палажыць паміж ног, та больш не будзе хадзіць”.

Падобнае падкрэсленьне жыцьцяноснай вартасьці галавы надае ёй пэўную аўтаномнасьць, калі нават адцятая яна працягвала сваё, ужо самастойнае, існаваньне. Узгадаем хаця б галаву асілка са славутай паэмы “Руслан і Людміла” А.С.Пушкіна”.

(Ракіцкі: ) “Для сьвядомасьці старажытнага селяніна натуральнае атаесамленьне галавы з элемэнтамі хаты і з самой хатаю. Узгадаем папулярнае выслоўе: у яго ня ўсе дома і хата на клямцы. А калi зьвярнуцца да навакольных, прыродных аналёгіяў?”

(Валодзіна: ) “У сыстэме ляндшафту найперш вылучаецца гара, а пагорак у беларусаў так і завецца узлобак або лабяк. У загадках такое кадаваньне асабліва яскравае – “А на гары гай, пад гаем маргай, пад маргаем шмаргай, пад шмаргаем хапай”. У новазапаветным аповедзе ўзвышша ў выглядзе круглага ўзгорка, на якім быў укрыжаваны Ісус Хрыстос, атрымала назву Галгофа (грэц. – чэрап). Хрысьціянскае багаслоўе зьвязала Галгофу з чэрапам Адама, што апынуўся наўпрост пад крыжам, каб кроў Ісуса, сьцякаючы на яго, цялесна абмыла Адама і ў ягонай асобе ўсё чалавецтва ад скверны граху. Паказальная і замацаванасьць за гарой эпітэту Лысая – Лысая гара. Тут жа прыгадаем лац. calva - 'чэрап', calvus - 'лысы', Calvarie locus - Галгофа”.

(Ракіцкі: ) “Як цьвердзяць псыхолягі, 90% інфармацыі пра чалавека субяседнік атрымлівае, гледзячы яму вочы. А парою погляд такі, што не патрэбныя ніякія словы. А якое месца адвяла вачам народная традыцыя?”

(Валодзіна: ) “Вочы – орган зроку, які ў народных уяўленьнях успрымаецца як уваход у цела чалавека. Гэта месца, дзе прастора асобы аднаго датыкаецца да прасторы асобы другога. У вачох чалавека адбіваецца тайна жыцьця наагул, бо ў працэсе паміраньня найбольшыя зьмены закранаюць менавіта вочы. А яшчэ вочы – люстра душы і месца сувязі зь ёю, масток паміж цялесным і духоўным”.

(Ракіцкі: ) “І тады позірк вочы ў вочы становіцца як бы паядынкам між дзьвюма душамі, як у Хомы Брута зь Віем. Ці ёсьць нехта падобны да Вія ў беларусаў? Такі, што мог бы ўзьдзейнічаць адно сілаю свайго позiрку?”

(Валодзіна: ) “Нават вясковыя чарадзеі змушалі да пэўных учынкаў бляскам сваіх вачэй. Дый побач з намі ёсьць людзі, што проста падпарадкоўваюць энэргетыкай позірку. У фальклёры ж такую моц сканцэнтраваў у сабе сам Кашчэй:

“Служыла ў Кашчэя дзяўчынка Анціпка, якая яму вейкі падымала, віламі, бо вейкі тыя на пяць пудоў. А Кашчэй як паглядзіць на каго, то ад яго ўжо не адыдзеш, хоць і пусціць, то ўсё роўна да яго вернешся”.

(Ракіцкі: ) “Вушы ў нас, натуральна, дзеля таго, каб слухаць. Але разам з тым мы й сёньня зьвяртаем увагу на тое, у якім вуху зьвініць – у правым ці ў левым”.

(Валодзіна: ) “Ну, вядома: звон у вушох мае своеасаблівую прагнастычную ролю. А раней, калі ў левым вуху зьвінела, раілі перахрысьціцца, бо гэта чорт едзе. У мітапаэтычным кантэксьце значная нават форма вушэй. Калі ў навароджанага вушы каляныя – доўга будзе жыць, а мяккія, несымэтрычныя – будзе доўга і часта хварэць. Калі ж у хворага вушы станавіліся халоднымі, вясковы знахар адразу ж выносіў дыягназ – сурочылі”.

(Ракіцкі: ) “Ці не таму мы кажам сёньня: “Дурак ты і вушы ў цябе халодныя?”

(Валодзіна: ) “Таму, бо прыпісваньне дурню халодных вушэй тлумачыцца ў рэчышчы разуменьня інтэлектуальных адхіленьняў як узьдзеяньня дэманічных сілаў. І вушы ня толькі рэагавалі на такую атаку, а і самі станавіліся ўваходам ў патаемныя тагасьветы. Узгадаем вядомыя казачныя сюжэты, зьвязаныя з вухам каня:

“Свіснуў Іванька каня, у лева вуха яму ўлез, у правае вылез – абярнуўся каралевіч такі, што ў свеце не сыскаць, паляцеў да прынцэсы, але троху не даскочыў, вярнуўся, у правае вуха ўлез, у левае вылез – абярнуўся зноў такі старац, як і быў”.

Відаць, герой праз вуха перанараджаецца як усё адно пабываўшы на тым сьвеце. А той сьвет, дзе цудоўна пераўвасабляецца герой, аказваецца зьмешчаным у вуху жывёліны, магчыма, нават з татэмным мінулым. А таму і асэнсоўваецца тая прастора максымальна станоўча – беларусы кажуць: добра, як у валове вушка трапіў, цi як у Богавым вуху. І яшчэ адна казка, што зашыфравала і данесла да нас архаічныя погляды:
”Кажа карова: “Кладзі мне ў правае вуха кудзелю і верацяно, а сама хукні ў левае вуха і глядзі, што там будзе”. Зрабіла гэта Галя і глядзіць – а там кудзеля прадзецца, кросны ткуцца”.

(Ракіцкі: ) “Але ж у асобных хрысьціянскіх тэорыях, прыкладам, у маніхеізме, менавіта праз вуха Божай Маці выяўляецца зьяўленьне Хрыста. Тут жа і матыў зачацьця Хрыста, якое адбылося праз Слова Божае, альбо праз вуха Дзевы Марыі”.

(Валодзіна: ) “Падобныя тэорыі, хаця і не пастулюючы гэта, суадносяцца з архаічным атаесамленьнем між сабою розных органаў чалавечага цела. І менавіта вуха набывае яркую жаночую сэмантыку, дарэчы, як і рот”.

(Ракіцкі: ) “Ну, а нос? Калі мы сёньня кажам з носа па капейцы, то маем на ўвазе проста чалавека. Дый прыклады з клясычнай літаратуры (прынамсі, узгадаем аднайменную аповесьць Гогаля) паказваюць на магчымасьць сымбалізаваць праз нос галоўнага героя. Наколькі народная такая традыцыя?”

(Валодзіна: ) “І ў народных поглядах форма і асаблівасьці носу вызначаюць характар ягонага ўладальніка. І нават бабка-павітуха, першы раз спавіваючы дзіця, тры разы сьціскала яму носік, каб правільны быў. А ў прыказках – “Пазбаў, Божа, ад рыжа, коса і крывога носа”. Адхіленьні ад нормы ў форме носу нават паказваюць на дэманізм чалавека, пра якога скажуць – мае чмялі ў носе або ў яго крук у носе. Ці ўзагадаем Бабу Ягу, якая “носам вугальле ў печы памешвае”. Нос у дэманаў можа нават адрывацца, як у народных гісторыях:

“Ехаў раз бацька дамоў на санях. А тут чорт падбег, прыг на санкі і сядзіць сабе, рагоча. А бацька спужаўся, ад страху павярнуўся і схапіў яго за нос, а той лёгка так адарваўся. Чорт: “Ха-ха-ха”, - скочыў з санак і пабег. Так што, калі ўбачыш чорта, адразу хапай яго за нос, тады ён уцячэ”.

(Ракіцкі: ) “Зразумела. Адметны нос маюць Баба Яга, чэрці і кампанія. А пэрсанажы хоць колькі станоўчыя, і нос у іх правільны?”

(Валодзіна: ) “І тут сутыкаемся мы з агульнаміталягічнай канстантаю: любы незвычайны пэрсанаж – перадусім прадстаўнік таго сьвету, “добры” ці “дрэнны” ён у залежнасьці ад ідэалягічнай накіраванасьці ягонага ўспрыманьня. Так, у беларускай дэманалёгіі ёсьць пэрсанаж з такой асаблівасьцю яго носу, як наяўнасьць пастаянных сопляў:

“У лесе на пні жыў маленькі дзед. Ён быў дужа страшны. Калі людзі праходзілі па лясу, ён з’яўляўся і казаў: “Падатры сапель, падатры сапель”, а соплі зялёныя да нізу віселі. Калі збаіцца, то будзе ўсё жыццё баяцца, а калі не, то дзед пакажа, дзе золата ляжыць”.

“Вучоныя бачаць у такім вобразе рэшткі ўяўленьняў пра архаічнага Бога Белуна. Цікава іншае – выціраньне носу, які, уласна кажучы, набывае ролю вытворца багацьця і дабротаў і выступае ў стваральнай функцыі. Падобнымі якасьцямі ў рэестры іншых частак цела валодаюць толькі рукі (і то ў позьняй традыцыі) і органы полавай сфэры. Праекцыі носу і цялеснага нізу адбіліся і ў фразэялягізмах: Не кажы жонцы, у каго нос вялік; Пазнаць хлопца па яго носе ці носа даваць - ‘адмаўляць сватам’.

(Ракіцкі: ) “Значыць, нос у мітапаэтычнай традыцыі становіцца мужчынскім сымбалем. А іншыя часткі твару?”

(Валодзіна: ) “Тую ж мужчынскую сэмантыку працягваюць язык і зубы. І нават выраз Абы хлеб, а зубы будуць знаўца беларускай фразэалёгіі Федароўскі пазначыў як “жарцік двухзначны”. Акрамя таго, атаесамляюцца зуб і сам чалавек, нават калі прыгадаць тлумачэньні сноў, згодна зь якімі выпаданьне зуба вяшчуе чыюсьці сьмерць. У час жа хрэсьбінаў кумы стараліся сесьці што шчыльней, каб у малога вырасталі частыя зубы”.

(Ракіцкі: ) “Як вынікае, паўстае перад намі твар як закончаная, цэласная сыстэма, як тэкст, што перадае безьліч культурнай інфармацыі. Няхай сабе даўгаваты нос ці лупатыя вочы – важнае, што лучыць нас твар і з Богам, і з засьветамі, сьцьвярджае чалавечую існасьць і факусуе ў сабе ўсю вабнасьць і прыгажосьць для дарагіх людзей…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG