Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксуальныя паводзіны беларусаў у Сярэднявеччы


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: гісторык Ян Шубанскі

(Ракіцкі: ) “Сёньняшнія шлюбныя нормы ды “нармальныя”, згодна з нашымі ўяўленьнямі, сямейныя ўзаемадачыненьні – адзін з вынікаў перамогі хрысьціянскай рэлігіі на нашых землях. Распаўсюджваньне хрысьціянства ў эпоху Сярэднявечча, яго спробы татальна кантраляваць духоўнае дый цялеснае жыцьцё чалавека ў наступныя стагодзьдзі істотна зьмянілі погляды на сэксуальнае жыцьцё чалавека і шлюб.

Вядома, што ўсходнеславянскае паганскае насельніцтва не разглядала палігамію як зьяву анамальную, дый паняцьця мужчынскай шлюбнай здрады не існавала. Хрысьціянства зьдзейсьніла сапраўдную “сэксуальную рэвалюцыю” – цяпер толькі сэксуальныя стасункі ў манагамным шлюбе разглядаліся царквою як адзіна законныя і магчымыя. Неўпарадкаваныя полавыя сувязі, палігамія разглядаліся як адступленьне ад Хрыстовых запаветаў, парушэньне Боскага закону…”

(Шубанскі: ) “Але нягледзячы на імкненьне царквы да рэглямэнтацыі шлюбнага жыцьця і сэксуальнасьці чалавека ў поўнай адпаведнасьці з нормамі хрысьціянскай маралі цягам усяго Сярэднявечча полавае жыцьцё так і не было ўзятае пад татальны кантроль духавенства, а сэксуальныя паводзіны шляхты і месьцічаў у 16 – 18-м стагодзьдзях прынцыпова не адрозьніваліся ад сучасных.

Шэраг, паводле хрысьціянства, маральных заганаў, якія традыцыйна лічацца вынікам сучаснай цывілізацыі, былі шырока распаўсюджаныя і ў старавечнай Беларусі. Прыкладам, дашлюбнае полавае жыцьцё, як ведаем, безумоўна, палягала ганьбаваньню з боку царквы”.

(Ракіцкі: ) “А на самой справе, як выглядала сытуацыя? Людзі ёсьць людзі… Ці існаваў нейкі кампраміс паміж царквой і чалавекам у гэтым пытаньні?”

(Шубанскі: ) “Так, дашлюбнае полавае жыцьцё, калі яно сканчвалася пабраньнем каханкаў, раглядалася Францыскам Скарынам як нармальная справа:

“Естли кто прельстить девицу ещё незарученую и спит с нею, да дасть ей вено и поиметь ее собе за жену”.

(Ракіцкі: ) “Даволі далёка ад кананічных царкоўных рэкамэндацыяў…”

(Шубанскі: ) “Пра тое, наколькі далёкім ад царкоўных рэкамэндацыяў было полавае жыцьцё грамадзтва Вялікага Княства Літоўскага ў 16 – 17-м стагодзьдзях, сьведчаць і маштабы полавых захворваньняў у той час. Прыкладам, такая страшэнная хвароба, як пранцы. Цікава, што ў Польшчу ў 16-м стагодзьдзі пранцы завезла жанчына, якая вярталася з рыму, зь пілігрымкі… У хуткім часе з Польшчы гэтая хвароба патрапіла і да нас. У 1498 годзе на землях ВКЛ пачалася эпідэмія пранцаў – “нечуваная франца”, як казаў Мацей Стрыйкоўскі. Захворваньне набыло такія памеры ў Княстве, што выклікала занепакоенасьць вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ, які даручыў пасланаму ім баярыну Мамонаву даведацца, ці ня выбухнула эпідэмія ў Вязьме, а таксама ўдакладніць, ці спынілася яна ў Смаленску і Вільні”.

(Ракіцкі: ) “У гэтай сувязі мне прыгадаўся радок з польскамоўнага верша Сімяона Полацкага (тады яшчэ студэнта Віленскай Акадэміі), напісанага ў 17-м стагодзьдзі:

“Kogo zla Wenus Choroba zarazi
Z drzewa Huacu Napoy ja odrazi”.

Паказальна, што Сімяон Полацкі, параўноваючы з старажытнымі цудамі найважнейшыя адкрыцьці сваёй эпохі, называе сярод іх ня толькі адкрыцьцё Амэрыкі, вынаходніцтва компасу, вогнепальнай зброі, друкарства, гадзіньніка, але і найноўшыя лекавыя сродкі, якія тады лічыліся ў Эўропе панацэяй ад пранцаў!

Звычайна сярод прычынаў вэнэрычных захворваньняў называюць прастытуцыю. Ад якога часу і наколькі шырока была распаўсюджаная ў старажытнай Беларусі прастытуцыя?”

(Шубанскі: ) “Прынамсі, зь вялікай ступеньню ўпэўненасьці можна казаць пра 16-е стагодзьдзе. Яно для Беларусі было часам ня толькі вялікіх культурных здабыткаў, але і імклівага падзеньня традыцыйнай маралі ў гарадох. Тады прастытуцыя, якая, натуральна, існавала і раней, заявіла пра сябе ўва ўвесь голас.

Калі ў 1-м Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 году пра яе няма ўзгадкі, дык у 3-м Статуце 1588 годзе гэтаму пытаньню прысьвечаны шэраг адмысловых артыкулаў, якія сьведчаць пра пашыранасьць гэтай зьявы на той час. І гаворка ідзе ня проста пра лёгкія паводзіны жанчынаў, а менавіта пра прастытуцыю, бо Статут найперш акцэнтуе ўвагу на прафэсійных зводніках, якія, можна меркаваць, былі звыклым элемэнтам тагачаснага гарадзкога краявіду. Пакараньні за зводніцтва прадугледжваліся жорсткія, у духу тагачаснай эпохі:

“Прото абы такие люди, будь мужчизна або белая голова, в местех наших не были терпены, которые звыкли для зыску своего спросного намовляти панны або вдовы и мужатки кому гволи для спросности телесное, так иж хотя бы с которое могло быть што доброго в стане малженском, оборочаются за намовами зводниц внивеч, а в спросное а вшетечное помешканье. …Абы таких за оказаньем явным имати казали и карали обрезаньем носа, ушу и губы и з мест выганяли”.

(Ракіцкі: ) “І ці мелі плён падобныя забароны?

(Шубанскі: ) “Ня надта вялікі. Нягледзячы на забароны, і зводнікі, і прастытуткі пачувалі сябе даволі ўпэўнена ў тагачасных беларускіх гарадох. Пра памеры гэтай зьявы ў Магілёве пры канцы 16-га стагодзьдзя сьведчыць наступнае паведамленьне Баркулабаўскага летапісу:

“Року 1590 были козаки запрозкие Матюша с полком, Голый с полком у Могилеве… а кривды, шкоды не чинилы, толко жонок охочих. Тых намовляли и закликали, абы с ними на Низ ишли. И взяли з собою жонок и девок яко двесте поголов”.

(Ракіцкі: ) “Дзе, у якіх месцах адбываліся знаёмствы і абслугоўваньне кліентаў?”

(Шубанскі: ) “Улюбёнымі месцамі прастытутак былі гарадзкія корчмы, лазьні, асобныя зь іх прыймалі сталых кліентаў дома”.

(Ракіцкі: ) “Яны гэта рабілі адкрыта, бесьперашкодна?”

(Шубанскі: ) “Не зусім.Магістраты беларускіх гарадоў рэгулярна ладзілі аблавы на прастытутак і скіроўвалі іх на грамадзкія працы. У 1666 годзе слуцкія прастытуткі самым непасрэдным чынам спрычыніліся да ўмацаваньня абароназдольнасьці гораду. Слуцкі магістрат “хочучы такіх злых распуст загамаваць” пастанавіў:

“…дзе б дзе кальвек (такую прастытку злоўлена) …абы заразам усялякая …на мескія работы да чышчэньне равоў і вуліц, а таксама на замкавыя работы” была адпраўленая”.

(Ракіцкі: ) “Як выглядае, кара за прастытуцыю была ня вельмі ўжо і жорсткая…”

(Шубанскі: ) “Аднак, мы памятаем, што ў той час шчыра верылі ў тое, што блудніца зьяўляецца прыладаю д’ябла. І таму даволі часта як прафэсіяналкі, гэтак і звычайныя палюбоўніцы станавіліся ахвярамі намоваў ды абвінавачаньняў у чарадзействе з боку сваякоў іхных кліентаў і каханкаў. Вельмі не пашанцавала ў 1588 годзе магілёўскай прастытутцы Мары Юдзінай, якая па чарзе прымала двох кліентаў у сваёй хаце. Захапленьне хлопцаў гэтай паненкай сваякі трактавалі як факт, што яна іх зачаравала:

“Иван Иевлевич мещанин могилевский а Иван Ходотович, Давид Тарасович, Тимох Тишкович жаловали на мещанку могилевскую Марю Юдинну. Напрод Иван Иевлевич жаловал иж дей брата моего чарами очаровала иж бавечыся приней рок о ту жадное речи не может яко од часу не малого так шло ...ночи прошлое ею у нее в дому з суседми есми его поимал ...есмо ходил з ним и з иншими суседми и там же у дому ее знайшли брата его …А Давид Тарасович жаловал на тую ж Марю Юдинну иж дей сын мой Михалко не ведати для которое причины ходит у день и в ночи которого тым же способом очаровала чарами своими”.

Падобным чынам берасьцейскай зямянкай Ганнай Цывінскай у 1628 годзе была абвінавачаная віленская дама лёгкіх паводзінаў Раіна Цыцкавая:

“Межы иншыми и малжонка еи милости пани Цывинскои его милости пана Петра Цывинского, в року теперешнем 1628 недавно до Вилна прыехалого, снат через якиес чары и зводницы прылудивши, первеи через колко ночь у себе в каменицы его милости пана Юря Коленды, у Вилни в тыле костела светого Казимера лежачои, а потом и за другим прыездом в сем же року 1628, месеца марца розными часы и днями в тои же каменицы з его милостю обцовала и всяким способом малженскии стан розлучыт хотечы, на самую еи милость паню Цывинскую розными часы и днями и на розных местцах отповед и похвалку на здорове еи милость учынила и чынит не переставает, обецуючы еи милости з мужом разлучыт и самую через чары, албо иншым способом з сего света згладит, или смерт прыправит”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, занятак прастытуцыяй за тыя часы мог прывесьці і да пакараньня сьмерцю, бо тая з жанчынаў, якая зьбіралася прысьвяціць сябе гэтаму занятку, мусіла заўсёды памятаць і пра незайздросную пэрспэктыву быць спаленай на вогнішчы як ведзьма. Дык чаму ж людзі тым ня меней займаліся прастытуцыяй?”

(Шубанскі: ) “Перадусім мне бачыцца сынхроннасьць працэсаў на нашых землях з эўрапейскімі працэсамі. Эпоха Рэнэсансу прыносіць новыя каштоўнасьці. Традыцыйная мараль пасоўваецца маральлю, якая ўзьнікае пад уплывам таварна-грашовых адносінаў. Адным з рэцыдываў гандлёва-рамеснай этыкі ва ўсёй Эўропе, і ў нас таксама, было распаўсюджаньне гандлю ўсім, у тым ліку і целам”.

(Ракіцкі: ) “Грошы перамагалі Бога?”

(Шубанскі: ) “Выглядае, што так. Цікава, што ў гэты час рэзка павялічваюцца і крадзяжы царкоўнай маёмасьці. Людзі ня толькі прадавалі сваё цела, але і кралі ў самога Госпада Бога. І хто краў? Сьвятары кралі. Гэта было распаўсюджана па ўсё краіне. Пра гэта сьведчаць шматлікія дакумэнты.

Натуральна, існаваў рух за маральную направу. Тыя ж магістраты клапаціліся ня толькі пра гандаль, але і пра грамадзкую мараль, пра мараль сям’і. 16-е стагодзьдзе якраз дэманструе дзьве зьявы. З аднаго боку – прастытуцыю, а з другога – умацаваньне сямейных каштоўнасьцяў. Ёсьць нават дакумэнты-заабавязацельствы мужа і жонкі “пачціва захоўваць сябе і ня бегаць па месцах непатрэбных”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG