Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантрацэпцыя і аборт у традыцыйнай культуры беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Дзеля чаго нараджаецца і жыве чалавек? Усе старыя і найноўшыя мудрацы ніякавелі перад гэтым спракаветным пытаньнем. А сапраўды, дзеля чаго — каб будаваць, ствараць, разьвіваць й яшчэ раз будаваць? А дзеля чаго тады жывёлінка і птушка? Таксама разьвіваць і будаваць? А можа, каб трымалася гармонія ў сьвеце і працягваўся іхны — ці то птушыны, ці жывёльны род…”

(Тацяна Валодзіна: ) “Бальшыня народных казак — зашмат мудрэйшых за ўсіх мудрацоў — заканчваецца ні чым іншым, як вясельным пірам. Аказваецца, чалавек нараджаецца, каб як і ў жывёльным сьвеце, не перапыняўся, а доўжыўся чалавечы род. Але ж чалавек тым і розьніцца ад жывёлінаў, што яго полавае жыцьцё не падпарадкоўваецца толькі працягу ў нашчадках. І таму грамадзтва здавён хвалявала праблема рэгуляваньня нараджальнасьці і, адпаведна, кантрацэпцыя, ці засьцераганьне ад непажаданых цяжарнасьцяў”.

(Ракіцкі: ) “Праблема кантрацэпцыі для людзей мінулага была праблемай мэдычнай — ці яна зьвязаная з народнай культурай, народнымі ўяўленьнямі?”

(Валодзіна: ) “Ня толькі мэдычнай, хаця, безумоўна, у разьвязаньні такой праблемы жанчыны скарыстоўвалі і зёлкі, і іншыя рэальныя мэдычныя сродкі. Але ж справа ў тым, што народная мэдыцына стае часткаю агульнай духоўнай, менавіта духоўнай культуры, бо грунтуюцца яе запабегі на мітапаэтычных стэрэатыпах і схемах. Улучаліся ў агульны фальклёрны фон і перапыненьне цяжарнасьці, і забойства толькі народжаных немаўлятаў, і стаўленьне да такіх жанчын”.

(Ракіцкі: ) “І як жа засьцерагаліся беларускія сялянкі?”

(Валодзіна: ) “Пачнем з парады, якую найчасьцей узгадваюць вясковыя бабулі. Згодна зь іхнымі аповедамі, адзін з спосабаў народнай кантрацэпцыі палягаў у тым, што нявеста за вясельным сталом падкладвала пад сябе, сядала на такую колькасьць пальцаў рукі, колькі гадоў не хацела мець дзяцей: на два пальцы — тады два гады ня будзе, на тры — тры гады і г.д.”

(Ракіцкі: ) “З гледзішча сучаснага чалавека абсалютна невытлумачальныя і нават сьмешныя захады…”

(Валодзіна: ) “Але абсалютна абумоўленыя і заканамерныя ў рэчышчы мітапаэтычных поглядаў і магічных апэрацыяў. Так, сымболіка пальца зводзіцца да абазначэньня чалавека (узгадаем — адзін як перст), і перадусім дзіцяці. Беларусы кажуць: “Якога пальца ня ўрэж, усё адно баліць”, што паказвае на аднолькавую бацькоўскую любоў да ўсіх дзяцей у сям’і, ды і мальчык-з-пальчык тут жа.

Ну, а зьмяшчэньне ў прастору за сьпіной, пад сябе фактычна азначала выправу на той сьвет, у нябыт, і папярэджвала зьяўленьне адтуль дзіцятка. Вось і кантрацэпцыя, няхай сабе і міта-сымбалічная”.

(Ракіцкі: ) “Да чаго яшчэ дадумваліся вясковыя жанчыны?”

(Валодзіна: ) “Не дадумваліся, а рэалізоўвалі на практыцы сымбалічныя схемы. Так, увасабленьнем жаночае існасьці і здольнасьці да дзетанараджэньня ёсьць мэнструальная кроў. І тады раілі трохі вады, што засталася пасьля мыцьця кашулі, заплямленай месячнымі, выліць у замок, пасьля чаго замкнуць яго і выліць у студню. У такім разе дзяцей ня будзе ніколі. Калі ж гэтыя захады толькі часовыя, замкнёны замок хавалі ў месцы, што вышэй чалавечага росту. Захацеўшы дзяцей, замок той абавязкова адмыкалі.

“Вясковыя бабы, каб не раджаць болей, мылі свае сарочкі, на каторых кроў, а ваду лілі на гарачую печ у лазьні. А тады баба выходзіць, а з усіх бакоў дзяціныя галасы чуваць, і з плачам, з крыкам. А колькі галасоў — столькі б яна дзяцей магла мець. А так выпаліла”.

Як вядома, раней дзіцячае месца, пасьлед, закопвалі ў хаце, дзесьці ля печы ці на покуці. Дык каторая парадзіха не хацела больш ужо мець дзяцей, то адразу пасьля родаў прасіла бабку-павітуху закапаць пасьлед ніцма, пупавінаю ўніз. І тады, паводле законаў імітатыўнай магіі, гэтак жа павінны былі перавярнуцца спараджальныя магчымасьці жанчыны.

І яшчэ адзін запіс: “Каторай бабе надаела радзіць дзеці, то трэ, каб пайшла на магілку дзіцячу і цыркнула наводлег сваім малаком”.

(Ракіцкі: ) “Пакуль гаворка ішла толькі пра жаночыя клопаты. Ці не азначае гэта, што традыцыйна праблемы кантрацэпцыі хвалявалі толькі жанчын? А як адносна мужчынаў?”

(Валодзіна: ) “Абсалютная большасьць запісаў паказвае на строгую закрытасьць такіх жаночых ведаў і іх сакралізаваны строй. Што да мужчынскага засьцераганьня, то існуюць толькі адзінкавыя запісы. Раілі асабліва схільным да прыгодаў кавалерам заўсёды насіць пры сабе ў кішэні два зьвязаная накрыж кавалкі лучыны. І такой лучыны, што выпадкова — менавіта выпадкова! — акажацца падпаленай з абодвух бакоў”.

(Ракіцкі: ) “Як вядома, праблема рэгуляваньня колькасьці дзяцей прыводзіла жанчыну да абортаў і нават да забойства толькі народжанага дзіцяці. Сярэднявечныя жывапіс і літаратура ведаюць сюжэты пра пакараньне такіх жанчын на тым сьвеце, больш дакладна, у пекле, дзе іх чакаюць страшныя пакуты. Наколькі выпадковыя такія малюнкі? Ці ўсё ж можна казаць пра разьвіцьцё ў іх народных поглядаў?”

(Валодзіна: ) “Яднае і хрысьціянскую, і народную традыцыю безумоўнае асуджэньне кантрацэпцыі й дзетазабойства. Запісана значная колькасьць апісаньняў пекла, дзе жанчыны, якія маюць на сабе такія грахі, вымушаныя есьці сырое мяса, піць кроў. Уражваюць карціны, дзе распавядаецца пра тое, як іхныя грудзі смокчуць вужы ды іншыя гады”.

(Ракіцкі: ) “А стаўленьне соцыюму? Навакольля?”

(Валодзіна: ) “Цікава тут тое, што на людзкія грахі адгукалася прырода. У паданьнях не агаворваецца, наслалі стыхію Бог альбо дэманы — загубленыя душы. Яўна толькі тое, што на парушаную раўнавагу рэагуе ўвесь Сусьвет. Так, на Палесьсі верылі, што засуха, навальніцы бываюць пасьля таго, як пахаваюць на могілках няхрышчанае дзіця альбо адбудзецца забойства.

“Баба, што не схацела гадаваць дзяцінку і замардавала — ці прыспала, ці ўтапіла — то ад таго і град бувае, і дож сільны бувае. Раз замардавала баба дзіця і занесла ў другое сяло і паклала там у капну. І той дарогаю, як яна несла — град усё ішоў, цэлы год да восені і ўсё пабіў — і жыта, і ўсё, усё”.

(Ракіцкі: ) “А душы загубленых дзетак? Ці ня маюць яны хоць якую кампэнсацыю за свой загублены лёс?”

(Валодзіна: ) “Як гэта ні дзіўна, не. Загубленыя да хрышчэньня ці праклятыя маткаю яшчэ ў чэраве дзяўчынкі становяцца кікімарамі. Галоўным чынам кікімары зьбіраюцца ў тыя хаты, дзе адбылося забойства дзяцей і паблізу якіх быў схаваны трупік. Праз сваю дзяціннасьць яны большасьцю бясшкодныя і перашкаджаюць жыхарам хіба адной валтузьнёй.

Але калі ў хаце жанчыны песьцяць сваіх дзяцей, кікімары не па-зямному, неяк асабліва ўздыхаюць. Тым выказваюць яны зайздрасьць да чужое ласкі й недасягальнае жаданьне атрымаць такую ж”.

(Ракіцкі: ) “Але чаму бязьвінныя душы — дэманы?”

(Валодзіна: ) “Архаічнай сьвядомасьцю ўсе нябожчыкі як бы падзяляліся на дзьве групы: тых, хто памёр сваёй, натуральнай, сьмерцю, і тых, чый век быў перарваны. Гэтыя няшчасныя ўсё адно як патрабуюць ад жывых працягу свайго існаваньня і спаўненьня жыцьцёвага шляху.

Чым раней абарвалася жыцьцё, тым больш агрэсіі ў дачыненьні да жывых прыпісвалася такому нябожчыку. Відавочна, да гэтай, шкаданоснай, групы адносіліся і душы загубленых немаўлят”.

(Ракіцкі: ) “Не патрабуе доказаў велізарнейшае псыхалягічнае напружаньне жанчыны пасьля зьнішчэньня ўласнага дзіцяці. Як вырашае народная творчасьць гэты ўнутраны канфлікт? Якая помста чакае жанчыну?”

(Валодзіна: ) “Беларусы ведалі: не заўсёды вытрымлівае яна такі душэўны цяжар, зрываецца і засільвае сама сябе. У народных апавяданьнях — топіцца і становіцца расамахаю.

“Расамаха — гэто не звер, а якаясь нечысь. У нас людзі кажуць, што расамахаю робіцца жанчына, як яна зьнішчыць сваё дзіця і сама ўтопіцца. Я бачыў, як на бабровай хатцы сядзела голая жанчына з распушчанай касою, а на руках трымала дзіцятко. Палажыла яго на лано ды давай шчупаковым грэбенцам расчэсваць валасы. А як пачула мяне, усхапілася сама, схваціла аберучкі дзіця ды шабулдых у ваду, толькі шчурачкі пашлі”.

Важна тое, што народная мараль ня проста асуджае забойства дзіцяці. Няма апраўданьня ні з боку соцыюму, ні сабе самой. Самагубства — ня проста пакараньне, гэта адзінае вырашэньне псыхалягічнага крызысу”.

(Ракіцкі: ) “У традыцыі да забойства ў пэўнай ступені раўнаваўся і праклён, асабліва бацькоўскі. І сёньня кажуць: што важней за ўсё якраз бацькоўскае блаславеньне і страшней за ўсё іхны ж праклён. Чаму так?”

(Валодзіна: ) “У народным сьветаглядзе сьцьверджаньне чалавека ў сьвеце адбывалася празь ягоных бацькоў. Менавіта яны станавіліся як усё адно духоўным мосьцікам між асобаю і Сусьветам. У выніку праклёну губляецца магчымасьць паўнацэннай рэалізацыі, парываюцца ўстаноўленыя грамадзкія і родавыя сувязі. Калі цябе выракаюцца нават бацькі, то ты ўжо ня варты існаваньня і няма табе касьмічнае падтрымкі”.

(Ракіцкі: ) “Застаецца толькі падкрэсьліць, што ў традыцыйнай культуры беларусаў плянаваньне сям’і і адказнасьць за тое выходзіць па-за межы індывідуальнай, мацярынскай, а пашыраецца на ўвесь род. Можна нават казаць пра калектыўную адказнасьць жанчын-мацярок за дзіцячыя душы, адказнасьць соцыюму за працяг роду, бо “Навошта лепшы клад, калі ў дзецях лад?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG