Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы трагічны досьвед беларуска-расейскай інтэграцыі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае драматург, гісторык Алесь Петрашкевіч.

(Ракіцкі: ) “Асоба аднаго з самых багатых і ўплывовых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага на пачатку XVI стагодзьдзя — маршалка дворнага Міхаіла Глінскага ў нашай гісторыі зьвязваецца з такім паняцьцем як здрада.

Так, мяцеж супраць Вялікага Князя Літоўскага быў выкліканы амбіцыйнасьцю Глінскага, але гэты мяцеж плёну завадатару ня даў. Глінскія, якія зрабілі стаўку на Расею, не змаглі вярнуць свой пануючы стан, а сам Міхаіл скончыў жыцьцё ў расейскай турме. Такая вось расплата за здраду.

Але і тое, што папярэднічала мяцяжу, як ён адбываўся і ягоныя наступствы паставілі на кон значна большае — самое існаваньне нашай старажытнай дзяржавы”.

(Петрашкевіч: ) “У гэтай зьяве выразна праявіўся першы вопыт так званай інтэграцыі, а дакладней — інкарпарацыі Вялікага Княства Літоўскага ў Масковію. Гульня была такога шырокага маштабу, што ўцягнула ня толькі Вялікае Княства, Каралеўства Польскае і Масковію, але і Вялікую Рымскую Імпэрыю на чале з Максымільянам”.

(Ракіцікі: ) “Маім госьцем — драматург, гісторык Алесь Петрашкевіч”.

(Петрашкевіч: ) “З пэўнай пасьлядоўнасьцю на гістарычнай авансцэне адбываюцца падобныя падзеі. Найбольш любіць гісторыя выводзіць з-за куліс палітычных авантурнікаў”.

(Ракіцкі: ) “Вы гаворыце слова “авантурнік” у тым ліку і ў дачыненьні да Міхаіла Глінскага, але нават Карл Маркс называў Глінскага значным палітыкам. Больш за тое, у энцыкляпэдыях ці ў новых падручніках гісторыі напісана, што Глінскі хацеў незалежнасьці ад Польскай кароны”.

(Петрашкевіч: ) “Я назваў яго авантурнікам паводле спосабу дзеяньня. Паставіць мэту захапіць маскоўскі трон, сесьці на яго, нацягнуць на свае вушы шапку Манамаха — але гэта справа невыканальная. І маскоўскія баяры лепш ведалі, каго мець на сваім троне”.

(Ракіцкі: ) “Міхаіл Глінскі быў чалавекам адукаваным і абачлівым. Няўжо ён ня бачыў, што Масква ў гэты час мела зусім іншыя мэты — захапіць Вялікае Княства Літоўскае?”

(Петрашкевіч: ) “Ну, гэта ўжо хто каго перагуляе... Мэты ў Васіля ІІІ былі адныя, а ў Глінскага былі зусім іншыя. Глінскі і паводле крыві быў вялікім авантурнікам. Гэта нашчадак Мамая”.

(Ракіцкі: ) “Чаму Глінскі зрабіў стаўку на Маскву?”

(Петрашкевіч: ) “У яго не было сацыяльнай базы і апоры, на якую можна было б разьлічваць. Ён быў каталіком і разьлічваў на падтрымку праваслаўных беларускіх магнатаў, якія выказвалі пэўнае незадавальненьне ўладай польскага караля. І такіх знайшлося 7–8 чалавек, якія і апынуцца ў выгнаньні ў Маскве пасьля таго, як атрад на 800 вершнікаў Глінскага будзе разьбіты пад Менскам разам з шматлікімі войскамі Масковіі.

Гэтую паразу нанясе Глінскаму яго пляменьнік Канстанцін Астроскі. І фактычна гэта былі ўцёкі Глінскага ў Маскву. Ён ня кінуў свае мары, як у свой час ён убіўся ў ласку да караля Вялікага Князя Аляксандра, так ён зрабіў і ў Маскве — яго прыняў Васіль ІІІ. Прызначыў яго гетманам, больш за тое, ён даручыў яму ўзяць Смаленск”.

(Ракіцкі: ) “Ён бярэ Смаленск для Масквы. У той жа час мае на мэце валодаць асноўнымі землямі Вялікага Княства Літоўскага”.

(Петрашкевіч: ) “Так. Узяўшы Смаленск, Глінскі даклаў на радасьцях Васілю ІІІ: “Ты хацеў Смаленск. Я яго ўзяў і дару табе. Што ты мне падарыш?” Васіль ІІІ з пазыцыі маскоўскага Вялікага Князя сказаў: “Калі ты мне падарыў Смаленск, то я табе дару Княства Літоўскае”. Але яго трэба было яшчэ ўзяць.

Глінскі настолькі абразіўся, што хацеў вярнуцца да Жыгімонта, але, відаць, збаяўся. Але перапіску з Жыгімонтам пачаў. На другой грамаце, якую ён паслаў Жыгімонту, Глінскі прасіў выставіць рыцараў як гарантаў яго бясьпекі. Грамата трапіла да маскоўскіх віжоў, і ён быў схоплены, яму закавалі рукі і ногі, і ў гэтым стане Глінскі праседзеў у турме 13 гадоў. Цяпер пытаньне: чаму так доўга?”

(Ракіцкі: ) “Чаму?”

(Петрашкевіч: ) “Справа ў тым, што праз 13 гадоў адседкі Васіль ІІІ выпусьціць Глінскага з турмы, бо сам ажэніцца зь яго пляменьніцай Аленай. Сваю жонку — царыцу Саламею — ён адправіў у манастыр як бязьдзетную, а пабраўшыся з гэтай пляменьніцай, ён прыблізіў да сябе і Глінскага.

Глінскі атрымаў гетманскае званьне і стаў асноўным кансультантам па дыпляматычных, міжнародных пытаньнях пры Васілі ІІІ. І асноўнае, на чым засяродзіўся Глінскі — гэта ўцягнуць Васіля ІІІ у саюз зь Вялікай Рымскай Імпэрыяй”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, беларускія землі сталі разьменнай картай ужо больш вялікіх дыпляматычных гульняў, эўрапейскага маштабу...”

(Петрашкевіч: ) “Гэта ўжо была вялікая палітыка. Як рэкамэндаваў Глінскі Васілю ІІІ, так і атрымалася. Максымільяну, імпэратару Рымскай Імпэрыі, былі абяцаныя Вугоршчына і Польшча, а ўсё Княства Літоўскае павінна было адысьці да Масквы. Меркавалася стварыць такую славянскую дзяржаву з расейскіх, украінскіх і беларускіх земляў. Яна павінна была быць інкарпараваная ў Маскоўскую дзяржаву. Можа, гэта і не задавальняла Глінскага, але ён бачыў пэрспэктыву”.

(Ракіцкі: ) “У чым?”

(Петрашкевіч: ) “Калі паміраў Васіль ІІІ, ён паклікаў да сябе Глінскага і ў прысутнасьці баяраў зрабіў яго апекуном свайго сына Івана IV, які потым стане Жахлівым. І тут была пэрспэктыва — шапка Манамаха ляжала побач”.

(Ракіцкі: ) “Прабачце, але няўжо Глінскі не разумеў, што маскоўскія баяры, нават хай і чалавека не далёкага па крыві, будуць успрымаць там, у Маскве, не сваім, а чужым?”

(Петрашкевіч: ) “Цяжка сказаць, што ён думаў і на што ён разьлічваў... Можа, нават гістарычная выпадковасьць усё паламала. Але жонка Васіля ІІІ ужо праз тыдзень была выкрадзеная Глінскім, у сувязі з баярынам Аўчынам. Ён сказаў ёй літаральна наступнае: “Не астыла царскае ложа, а ты яго ўжо апаганіла...” Гэтай фразы хапіла на тое, каб Алена пажалілася баярыну Аўчыну.

І была такая прыдумка: нібыта Міхаіл Глінскі хоча вывесьці двух царэвічаў, Івана IV і яго брата, у Польшчу, а сам хоча сесьці на Маскву. Можа гэта было і так, а можа гэта была прыдумка... Але гэтага хапіла, каб кінуць Глінскага ў тую ж турму, дзе ён быў, і за два тыдні замарыць голадам”.

(Ракіцкі: ) “Можна казаць, што гэта выпадковасьць, а можна казаць, што гэта заканамернасьць... Ці былі яшчэ падобныя памкненьні ў нашых палітыкаў?”

(Петрашкевіч: ) “Былі, і ня раз. Найбольш цікавая спроба Льва Сапегі, якога можна лічыць антыподам Глінскага. Тут гульні былі нават больш значныя, чым у Глінскага. Ёсьць такая вэрсія, што ніякага Грышкі Атрэп’ева не было. А быў выхаванец Льва Сапегі Дзьмітры, якога потым называлі Лжэдзьмітры, якога Сапега хацеў пасадзіць на маскоўскі прастол.

Гэта не атрымалася. Але надзея не была згубленая, Льву Сапегу ўдалося зрабіць так, што маскоўскія баяры прагаласавалі за каралевіча польскага Ўладзіслава на маскоўскі прастол. І зноў выпадковасьць і зайздрасьць не далі давесьці справу да канца. Кароль Польскі, бацька Ўладзіслава, нібы прыраўнаваў сына да маскоўскага пасаду, і ён яго не адпусьціў з Польшчы, хаця маскоўскія баяры патрабавалі й прасілі прыслаць новага цара польскага паходжаньня.

Вось гэта тая няўдача, якая спасьцігла Льва Сапегу. На справе ж гэта ўсё было марна, відаць, як і сёньня — няма каму сесьці на маскоўскі пасад”.

(Ракіцкі: ) “Выпадковасьці, якія складваюцца ў заканамернасьць...”

(Петрашкевіч: ) “Так, нічога добрага гэтыя маскоўскія авантуры ня несьлі, толькі захопы, кроў, вынішчэньне. Такі быў час — сярэднявечча — і тым ня менш, гісторыя павінна людзей нечаму вучыць. Нішто так не праходзіць, і за ўсякую справу даводзіцца некаму адказваць”.

(Ракіцкі: ) “Але нашая зямля адказала вельмі моцна за тыя здрады”.

(Петрашкевіч: ) “Канчалася гэта войнамі. Памкненьні, закладзеныя яшчэ Глінскім, яны праявяцца ў гісторыі пасьля Глінскага на працягу 400 гадоў. Да гэтага будуць вяртацца, гэты гандаль нашай дзяржавай, нашай зямлёй будзе працягвацца амаль да ХХ стагодзьдзя”.

(Ракіцкі: ) “І ў тым ліку рукамі саміх беларусаў”.

(Петрашкевіч: ) “Так, такая трагедыя гісторыі”.
XS
SM
MD
LG