Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужываньне цьвікоў у беларускай традыцыі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: археоляг і гісторык Алег Трусаў.

(Ракіцкі: ) "Сёньня мы будзем гаварыць пра цьвікі. Але кожны з нас ужывае ня толькі слова "цьвік", але часам і слова "гвозд", хаця нам падаецца, што мы ўжываем уласна расейскае слова. Між іншым, у слоўніку Насовіча, гэта яшчэ ХІХ стагодзьдзе, слова "цьвік" расшыфроўваецца як "картачная гульня" і, другое значэньне, — "пакараньне розгамі". Адкуль жа пайшло слова "цьвік" у тым значэньні, якое мы яму сёньня надаем, а менавіта: "будаўнічая прылада?"

(Трусаў: ) "Гэта вельмі цікава, тым больш што цьвіку беларускаму болей за тысячу гадоў, і ўзьнік ён як будаўнічая прылада дзесьці ў Х-ХІ стагодзьдзі. А вось слова "цьвік" паходзіць з польскай і нямецкай моваў і прыйшло да нас толькі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя разам з сучаснымі цьвікамі, зробленымі ўжо машынным спосабам — з круглага дроту, з прыкляпанай плешкай".

(Ракіцкі: ) "Можна казаць, што з аднаго боку беларусы захоўваюць, нават выкарыстоўваючы назоў "цьвік", і нейкую сваю традыцыю, і адначасова падкрэсьліваецца далучанасьць да эўрапейскага кантэксту".

(Трусаў: ) "Так. Бо ў расейскай мове слова "гвоздь", а ў нашай мове "гвозд", "гваздок". У гэтым і душа беларуса, дзе адна і тая рэч шматфункцыянальная паводле назоваў. У нас ёсць і "гваздочак", і "цьвічок", і "гвазьдзёўня", і "цьвікарня", і "гваздар", і "цьвікар".

(Ракіцкі: ) "Маім госьцем — археоляг і гісторык Алег Трусаў. Якой даўнасьці вядомыя нам сёньня цьвікі?"

(Трусаў: ) "Самыя старажытныя цьвікі вырабляліся яшчэ з часоў жалезнага веку, і кожны каваль умеў вырабляць два тыпы цьвікоў: адзін для будаўніцтва, а другі, гэта зьявілася пазьней, для таго, каб падкаваць каня".

(Ракіцкі: ) "Але жалеза было даволі дарагім і ведама, што першыя драўляныя хаты будаваліся практычна безь цьвікоў — дзеля чаго тады жалезныя цьвікі выраблялі?"

(Трусаў: ) "Жалезныя цьвікі пашырыліся тады, калі ў нас узьнікла каменная архітэктура, і першыя цьвікі былі ўжытыя пры будаўніцтве славутай полацкай Сафіі. Менавіта гэтымі цьвікамі зь вельмі вялікімі плешкамі прыбіваліся сьвінцовыя лісты даху да цагляных закамараў полацкай Сафіі. Гэта элемэнт высокай будаўнічай тэхнікі".

(Ракіцкі: ) "Як выглядаў той цьвік?"

(Трусаў: ) "Ён быў квадратнай альбо прастакутнай формы, і да яго была прыкляпаная вялікая плешка. А таксама пазьней узьнікаюць самыя розныя тыпы будаўнічых цьвікоў, некаторыя мелі даўжыню да 30 сантымэтраў. Гэтымі цьвікамі звычайна ўпрыгожвалі дзьверы касьцёлаў, цэркваў, і яны мелі плешку ў выглядзе кветкі, ромбу, квадрату. Шалёўку прабівалі наскрозь, загіналі, і такім чынам атрымліваліся моцныя дзьверы, якія не зламаеш нават жалезным ломам, і прыгожы малюнак на саміх дзьвярах".

(Ракіцкі: ) "Вы хочаце сказаць, што ад самага пачатку цьвік меў ня толькі функцыянальнае значэньне, але яшчэ і дэкаратыўнае?"

(Трусаў: ) "Так. І дэкаратыўныя цьвікі было вырабіць даволі цяжка, і для каваля было справай гонару вырабіць дэкаратыўны цьвік. Каваль, які вырабляў дэкаратыўныя цьвікі, лічыўся самым славутым у ваколіцы".

(Ракіцкі: ) "Цьвік станавіўся як бы рухавіком прагрэсу?"

(Трусаў: ) "Так. Больш за тое, для таго, каб вырабляць цьвікі, была адмысловая прылада, яна называлася "гвазьдзёўня" альбо "цьвікоўня", і была прафэсія "цьвікар". І першая гвазьдзёўня была знойдзеная пры раскопках старажытнага Менску аж у ХІІ стагодзьдзі".

(Ракіцкі: ) "Мы з вамі цьвердзім, што цьвік — дарагая рэч, але, наколькі ведама, археолягі знаходзяць вельмі вялікую колькасьць жалезных цьвікоў?"

(Трусаў: ) "Так, напрыклад, у слаях Ваўкавыску археолягі сабралі болей за 1200 розных тыпаў жалезных цьвікоў, а ў слоях Наваградку болей за 600. Гэта гаворыць аб тым, што ў ХІІ-ХІІІ стагодзьдзях узровень жыцьця ў нашых гарадох быў на узроўні жыцьця ў Англіі, Францыі, іншых цывылізаваных краінах, бо па колькасьці цьвікоў адразу бачны маёмасны стан насельніцтва".

(Ракіцкі: ) "Гэта будаўнічыя цьвікі. А якія віды цьвікоў яшчэ існавалі?"

(Трусаў: ) "Крыху пазьней зьяўляюцца адмысловыя цьвікі, каб падкоўваць каня, бо падкова, як элемэнт конскай вупражы, у Эўропе пашырылася з ХІ стагодзьдзя і на Беларусь трапляе таксама ў ХІ стагодзьдзі. Кожны каваль павінен быў ня толькі вырабіць падкову і спэцыяльны цьвік. А цьвік без падковы ня мае плешкі і называецца па-беларуску "ухналь" або "вухналь", а маленькі цьвічок называецца "вухналік". Дарэчы, у слоўніку Насовіча "вухналікі" ёсьць. І вось гэты вухналік прыбіваецца так, каб не сапсаваць капыта каня. Калі конь падкаваны няправільна, то нашы продкі казалі, што каваль "закаваў" каня, конь кульгае. І да такога каваля ніхто ўжо больш ня пойдзе, ён збанкрутуе. Калі ён ня ўмее падкоўваць цьвіком, або "кухналікам", каня — ён не каваль. Справай прафэсійнага гонару было так зрабіць падкову, каб конь не адчуў нават болю. А падкова звычайна мела шэсьць дзірачак і два канцы-шыпы на краях, каб абхапіць капыт па пэрымэтру".

(Ракіцкі: ) "У Янкі Купалы ёсьць вельмі цікавы верш "Шавец", у якім Янка Купала паэтызуе сам працэс стварэньня абутку. Давайце паслухаем зараз фрагмэнт гэтага верша:

Пры варстаце маім
Дружна праца ідзе:
Жонка дратву прадзе,
Вучань суча яе.

Я сам "крой" намачыў,
На капыл нацягнуў.
Стукі-стук! малатком,
Шылам, дратвай махнуў,

Падашву прылажыў,
Нагнаў штыфтаў кругом,
Абцас гладка прыбіў
Ды падкоўку на ём.

Капыл выдзер, і вот
Бот на траме вісіць,
Эй, дзівуйся, панок! —
Добра будзе насіць.

Спадар Трусаў, наколькі Купала гістарычна дакладны ў гэтым вершы?"

(Трусаў: ) "Гэты верш трапіў у этнаграфічную энцыкляпэдыю як дакладная ілюстрацыя. Шаўцы на Беларусі зьявіліся таксама ў Х-ХІ стагодзьдзі, а ў Менску ў ХІІ стагодзьдзі існавала цэлая шавецкая майстэрня, якую раскапалі археолягі. І шаўцы выраблялі спачатку цьвікі толькі драўляныя".

(Ракіцкі: ) "Чакайце. Адкуль вы гэта можаце ведаць — драўляныя цьвікі не захаваліся, яны гніюць, зрэшты, зь цягам часу..."

(Трусаў: ) "Так, але ў слаях Ноўгараду археолягі знайшлі драўляныя шавецкія цьвікі, таму што там дрэва захоўваецца вельмі якасна. А потым мы ўжо глядзім этнаграфічныя крыніцы, дзе дакладна апісаная тэхналёгія вырабу абутку з дапамогай драўляных гваздоў".

(Ракіцкі: ) "А зь якога дрэва выраблялі?"

(Трусаў: ) "Вельмі цікава, што яго выраблялі ня з дубу, як думаюць іншыя, а з сухой бярозы, таму што, каб не прамакалі боты, вельмі часта у падэшву клалі слой бярэсты, скуру, зноў скуру, потым рабілі дзірачкі шылам і двума радкамі вось гэтых гваздкоў прыбівалі скуру да падэшвы чаравіка альбо ботаў. Нават існаваў такі выраз: боты на цьвіках у дробнай шляхты і боты на рантах. Боты на рантах, прашытыя дратвай, былі даражэйшыя. Самая цікавая гісторыя ў шавецкай справе — гэта зьяўленьне мэталічных цьвікоў. Яны ўжо зьвязаныя з абцасам і падкоўкай на абцас. А самі абцасы на Беларусі зьявіліся ў канцы XV-XVI стагодзьдзі. Спачатку ў вайскоўцаў, у кавалерыстаў, бо на абцас добра чапляць шпору. Толькі ў XVIII стагодзьдзі абцас вырабляюць з калодкі драўлянай, абцягваюць скурай і зьнізу падкоўку ўжо прыбіваюць цьвікамі жалезнымі".

(Ракіцкі: ) "Жалезныя цьвікі? І толькі гэты матэрыял выкарыстоўваўся?"

(Трусаў: ) "Ня толькі. Існавалі яшчэ парадныя жаночыя боты, альбо чобаты, у якіх шляхцянка ішла да фэсту — да касьцёлу, напрыклад, ці на вясельле. І там ужо выкарыстоўваліся медныя цьвічкі, бо на гэтыя боты прыбіваліся адмысловыя медныя накладкі, кавалачкі каляровай скуры, і медны цьвічок быў вельмі цікавым парадным элемэнтам жаночага параднага абутку. І гэта тэндэнцыя выкарыстоўваць медныя цьвічкі дажыла да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя ў шавецкай справе".

(Ракіцкі: ) "А чаму зараз цьвікі не выкарыстоўваюць у шавецкай справе?"

(Трусаў: ) "Таму што гэта індывідуальная праца — прымусіць машыну прыбіваць цьвікі ня так проста".

(Ракіцкі: ) "Мы гаварылі з вамі пра цьвікі, якія выкарыстоўваюцца ў будаўнічай справе, у падковах для коней, у шавецкай справе... А вось у кнігах магілёўскага магістрату ўзгадваецца болей за трыццаць варыянтаў "кхвасткоў", як яны там пішуць. Якія яшчэ ёсьць варыянты?"

(Трусаў: ) "Падчас архелягічных раскопак, асабліва Мірскага замку, Крэўскага, іншых, мы сабралі велізарную колькасьць цьвікоў розных памераў і розных формаў. І яны ўжываліся для самых розных рэчаў, асабліва прыгожыя цьвічкі былі, каб аббіваць жалезам куфэркі, ці, напрыклад, асаблівымі цьвічкамі маглі нават прыбіць вокладку да кнігі — кніга абцягвалася скурай, якая адмысловымі цьвічкамі па краю прыбівалася да вокладкі з досак. Мэбля аббіваецца дэкаратыўнымі цьвічкамі і зараз, дарэчы, гэтая традыцыя ў мэблярстве паўтарылася. Больш за тое, ювеліры часам выкарыстоўвалі срэбныя цьвічкі".

(Ракіцкі: ) "Калі я будаваў сваё лецішча, адзін з маіх суседзяў, стары чалавек, рэгулярна сядзеў і раўнаваў ужо ўжываныя цьвікі. І калі я крыху пачаў насьміхацца над ім, ён сказаў, што справа ня толькі ў грашох, але гэты цьвік... Скажыце, ці значылі цьвікі для беларусаў нешта большае, чым проста нейкі прыкладны матэрыял? Можа, яны мелі нейкае сымбалічнае, ці сакральнае значэньне?"

(Трусаў: ) "Вы маеце рацыю, таму што пасьля кожнага пажару селянін ці месьціч прыходзіў на месца спаленага дома, зьбіраў цьвікі, чысьціў і зноў выкарыстоўваў. Гэта як сымбал аднаўленьня. Ёсьць такія запісы, што калі хата згарэла, то гэтыя кавальскія цьвікі ўсе збіраліся і зноў выкарыстоўваліся. Фактычна, яны ад агню не псаваліся, іх можна было забіць другі і трэці, і чацьверты раз. Традыцыя выкарыстоўваць старыя цьвікі сведчыць пра ашчаднасьць беларуса, пра павагу да кавальскай працы, таму што вырабіць цьвік ня так проста. Наагул, беларус ніколі нічога не выкідвае, як ён кажа: "спатрэбіцца ў гаспадарцы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG