Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віно ў беларускай традыцыі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: гісторык Алесь Белы.

(Ракіцкі: ) “Сёньня на стале шараговага беларуса традыцыйны напой — гарэлка. П'юць яе бутэлькамі, пад закусачку і без. Яна танная, а эфэкт — вялікі. Гэта ж колькі пляшак піва ці шклянак вінаграднага віна трэба асушыць, каб дасягнуць такога стану, як ад адной гранёнай шклянкі "Крышталю" ці "Сталічнай".

А яшчэ п'юць беларусы каляровы напітак дзевятнаццаціградуснай моцы, які з савецкіх часоў чамусьці называецца віном. Сапраўднае ж вінаграднае віно, п'юць, як іх з гэтай прычыны называюць, эстэты. І то пераважна некалькіх гатункаў малдаўскай ці баўгарскай вытворчасьці. Піць райнскае, бургундзкае, каліфарнійскае ці чылійскае — гэта ўжо шчасьлівы лёс адзінак у сучаснай Беларусі. Зрэшты, а ці піў віно старасьвецкі беларус, і калі так, дык якое? Але найперш — калі беларусы адчулі смак напою жыцьця? Калі ў нас пачалі піць віно?”

(Белы: ) “У старажытнасьці паўночныя народы Эўропы, у тым ліку і нашыя продкі, пілі толькі піва ды мёд. Віно пачало распаўсюджвацца ў нас як элемэнт хрысьціянскага культу з канца 10 стагодзьдзя, тым больш што ў праваслаўных прычашчаюцца віном ня толькі сьвятары, але і простыя вернікі. Але па-за царкоўнай практыкай ужытак віна быў выключна рэдкай, выпадковай зьявай. У адрозьненьне ад піва, даступнага ўсім, віно першыя паўтысячы гадоў ягонага побыту на Беларусі амаль ніхто ня піў проста так, за сталом”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — гісторык Алесь Белы. А калі на Беларусі віно становіцца сталовым напоем?”

(Белы: ) “Прыкладна ў 16 стагодзьдзі, але яно яшчэ было вельмі рэдкай зьявай. Яго пілі амаль выключна магнаты, у лепшым выпадку сярэдняй заможнасьці шляхта, часьцей у замежных падарожжах, чым дома. Напрыклад, дзёньнік падарожжа Мікалая Радзівіла Сіроткі ў Сьвятую Зямлю ў канцы 16 стагодзьдзя можна чытаць як своеасаблівы гід па вінах тых краінаў, празь якія ён праяжджаў:

“Іудзейская зямля хоць ня гэтак хлебная, бо камяністая, і скалаў вялікіх багата мае, аднак жа алеем, садавінаю і асабліва віна надзвычайным дастаткам недахоп той дапоўніць можа. Бо ад межаў яе пачынаючы і да самага Ерусаліму, муры, якімі віньніцы агароджаныя, да нейкіх прыступак падобныя, ад падэшвы гары аж да самага верху ідуць, таму ж гэтымі гадамі тут і густыя віньніцы, і віна ў дастатку”.

(Ракіцкі: ) “Мне, як чалавеку, які пабываў у Міжземнамор'і — і на Сьвятой Зямлі, і на Кіпры, і ў Грэцыі — некаторыя з нататкаў Радзівіла Сіроткі падаюцца актуальнымі і сёньня”.

(Белы: ) “Так. Калі б выдаваліся адмысловыя праваднікі па Міжземнамор'і для беларускіх турыстаў, апісаньне вінаў у іх можна было б браць зь дзёньніку 16 стагодзьдзя. Хто з гасьцей Кіпру не каштаваў густую, чырвоную, падобную да лікёру кумандарыю? Ня згадваючы гэтай назвы, Мікалай Радзівіл дужа хваліў гэтае віно. Ці грэцкая “рыцына”, віно з прысмакам смалы, якое і сёньня застаецца адной з экзатычных забавак Грэцыі:

“Перш чым наліваць, гумаю або жывіцаю нейкай, якая смалісты пах мае, бочкі абкурваюць, дзеля чаго тыя віны заўсёды смалою тхнуць. Як сьцьвярджаюць тутэйшыя жыхары, пах гэты вельмі здаровы, бо і моцнасьць віна паслабляе, і псавацца яму не дае. Мне ж і тым, хто там са мною быў, здаліся тыя віны надта сьмярдзючымі…”

(Ракіцкі: ) “А якое віно ў тыя старадаўнія часы было ў нас самым папулярным?”

(Белы: ) “Адказ на гэтае пытаньне зьмяшчае, напрыклад, “Прамова Мялешкі”:

“Вина венгерского не заживали перед тым. Малмазию скромно пивали, медок и горилочку дюбали, але гроши под достатком мевали. Муры сильные и войну славную крепко и лучшей держали как тепер”.

Можна сказаць, што першыя 600 гадоў гісторыі віна былі ў нас эрай мальвазіі. Гэтае чырвонае салодкае дэсертнае віно на працягу сама меней 6 стагодзьдзяў заставалася ў нас самым шыкоўным, самым культавым гатункам віна. Яно выраблялася зь вінаграду, які рос на Кіпры, Крыце, Самасе і іншых грэцкіх выспах Эгейскага мора і на паўвыспе Пелапанэс. Тая самая мальвазія, у бочцы зь якой у канцы 15 стагодзьдзя быў, паводле легенды, утоплены ангельскі герцаг Клярэнс, калі яму далі магчымасьць выбраць спосаб уласнай сьмерці — настолькі ён любіў гэтае віно.

Уласна кажучы, сапраўдная мальвазія таксама не была занадта танным віном, як сьцьвярджае “Прамова Мялешкі”. Але, магчыма, пад гэтай жа назвай у нашых продкаў, ня надта абазнаных у смаку, выступала і віно з больш блізкіх краёў — Баўгарыі, поўдня Ўкраіны і асабліва з Малдовы.

Малдова традыцыйна была галоўным пастаўшчыком царкоўных вінаў для ўсіх усходнеславянскіх краінаў, як яно застаецца і да сёньняшняга дня”.

(Ракіцкі: ) “А ў чым прычына буркатаньня памфлетыста? Яму не падабалася вугорскае віно?”

(Белы: ) “Тут прычына рачэй у іншым: пачынаючы з 17 стагодзьдзя, усё больш грошай пачало сплываць з краіны ўзамен на прадметы раскошы, у першую чаргу віно. А самым распаўсюджаным і самым любімым віном гэтага пэрыяду ў Рэчы Паспалітай, канешне, было вугорскае.

Да таго ж мода на вугорскае распаўсюдзілася з Польшчы ў сувязі зь Люблінскай уніяй, і таму чульліваму аўтару памфлету вугорскае здавалася адным з сымбаляў страты незалежнасьці. Існуе легенда, што папулярнасьць вугорскага бярэ пачатак у 1683 г., калі польска-літоўскія войскі на чале зь Янам Сабескім выратавалі Вену ад асады туркаў. Магчыма, гэтая слаўная перамога сапраўды спрычынілася да росту прэстыжу вугорскага, але яно было досыць папулярным і раней.

Самыя багатыя, не давяраючы мясцовым гандлярам, мелі сваіх давераных асобаў, якім штогод даручалася закупка віна новага ўраджаю непасрэдна ў Вугоршчыне. Асабліва папулярным быў славуты такай, які часам цаніўся ўдвая даражэй, чым самыя лепшыя французскія віны. Існавала меркаваньне, што такай — самае лепшае віно ў свеце, і піць яго мусяць толькі «гаспадары зямлі». Менавіта вугорскае некалькі разоў згадваецца ў "Пане Тадэвушы" як сымбаль залатых часоў шляхецкай вольнасьці:

Пасьля падалі ракаў, куранят, шпарагі,
Наставілі венгерскіх вінаў і малагі.
Ядуць і п'юць усе, але маўчаць…”

(Ракіцкі: ) “Малага… Значыцца, былі і іншыя віны, апроч вугорскага?”

(Белы: ) “Ну, вядома, трапляліся і партугальская мадэра, і партвэйн. Але бадай, другім па папулярнасьці было райнскае віно, якое ў Рэчы Паспалітай звычайна пілі з цукрам. Эўрапейцам гэты звычай падаваўся абсалютна барбарскім, але ў Рэчы Паспалітай любілі салодкае і не маглі піць занадта востры, як здавалася, «райнвайн», бяз цукру. Адзін францускі падарожнік 18 стагодзьдзя занатаваў, як падчас сьняданьня пэўная княжна Радзівілаўна:

“…падышоўшы да вялікага залатога кубку, поўнага віна, укінула ў яго дужы кавалак цукру, і, зьвярнуўшыся да мяне, выпіла яго за здароўе князя Нойбургскага… палічыўшы добра, ў канцы вечара я мусіў мець у жываце прынамсі тры бутэлькі віна і фунт цукру…”

(Ракіцкі: ) “У нас цяпер, зноў жа, з савецкіх часоў, шыкам лічыцца шампанскае. Праўда, не з францускай правінцыі Шампань, а зь менскага мікрараёну Дражня. Калі беларусы паспрабавалі шампанскія віны, і ўвогуле шыпучыя?”

(Белы: ) “Шампанскае пачало шырока распаўсюджвацца ў Саксонскія часы, ў сярэдзіне 18 стагодзьдзя. Яго папярэднікам, магчыма, быў нямецкі “зэкт”, шыпучае райнскае віно, досыць шырока вядомае на Беларусі.

У канцы 18 — пачатку 19 стагодзьдзя досыць сур’ёзныя навуковыя трактаты без усялякага сораму зьмяшчалі зьвесткі, як у хатніх умовах вырабіць шампанскае — для гэтага ўжываўся бярозавы сок, зьмяшаны зь лімонным, з цукрам, дражджамі і невялікай колькасьцю сапраўднага віна. Таму рэпутацыя шампанскага вельмі хутка падупала. Як пра гэта чытаем у “Пане Тадэвушы”:

Ня раз крычыць паніч, што ён ня церпіць збыткаў,
А скупіцца гасьцей карміць, падаць напіткаў,
Венгерскага шкадуе, цешыцца шатанскім
Маскоўскім сфальшаваным нейкім там шампанскім…

Згадзіцеся, і сёньня шампанскае ў нас — настолькі танны і звыклы напой, што наўрад ці можа лічыцца прадметам раскошы”.

(Ракіцкі: ) “І што, віно піла толькі шляхта?”

(Белы: ) “Пераважна, але ня толькі. Багатыя мяшчане, якія імкнуліся ўсяляк насьледаваць шляхце, таксама пілі віно. У Магілёве 1697 г. гарнец (2,8 літра) добрага віна, напрыклад, вельмі папулярнага тады райнскага “Пэтэр Сэмін”, ці як яго называлі ў нас, “патрыцымэнту”, каштаваў 264 асмакі.

У пераводзе на паўлітра — 95 асмакоў, ці прыкладна 19 даляраў ў цэнах сёньняшняга дня. Такое віно каштавала ў 50 разоў больш, чым тая самая колькасьць піва, і ў 4 — 5 разоў даражэй за гарэлку. У два разы таньней каштавала г.зв. “лякгонскае” віно — відаць, танны гатунак бургундзкага, магчыма, фальшаваны. Яшчэ таньней каштавала віно “ў пол” — разбаўленае вадой напалову — калі верыць шынкару.

Пад час урачыстага абеду ў сапегаўскай рэзыдэнцыі Дзярэчыне ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя віно было адмыслова-мудрагеліста расстаўленае па краінах і ўзростах:

“Што ж да напояў, дык былі 4 кубкі, па ліку пор году, зь віном часоў караля Стэфана Баторыя. Парамі стаялі 12 срэбных збаноў зь віном часоў Жыгімонта Вазы — гэтыя збаны сымбалізавалі 12 месяцаў. Таксама парамі стаялі 52 барылкі, таксама срэбныя, якія адпавядалі колькасьці тыдняў у годзе, і напоўненыя яны былі кіпрскім, гішпанскім і італьянскім віном. А далей — 365 бутэлек з вугорскім віном, столькі, колькі дзён у годзе”.

(Ракіцкі: ) “Віно было вельмі дарагім, але за магнацкім сталом яно ж лілося ракой!”

(Белы: ) “Так, віно было відавочным сынонімам марнатраўства. Гаспадарчая структура Рэчы Паспалітай забясьпечвала магнатам эканамічную дамінацыю і разам з тым пазбаўляла іх стымулаў назапашваць і інвэставаць. Збыт збожжа за мяжу даваў вялікі і ўстойлівы даход. Каб захаваць і памножыць зямельныя ўладаньні, трэба было мець шмат прыхільнікаў на сеймах і сойміках, а значыцца, шмат баляваць ды піць.

Шляхціц, які б вырашыў вырвацца з гэтага заганнага кола, паспрабаваў бы ашчаджаць ды ўкладаць грошы ў нешта прыбытковае, сутыкнуўся б з абструкцыяй з усіх бакоў. Заставалася адно — піць і ня думаць пра заўтрашні дзень. Карумпаваныя эліты з манаполіяй на ўладу прыкладна аднолькавыя, ва ўсе часы”.
XS
SM
MD
LG