Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях да гарадзкой цывілізацыі.


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: гісторык Захар Шыбека

(Ракіцкі: ) “Мы – гараджане. Хто карэнны, хто – зь вялікім стажам; прывыклыя да гарадзкога пэйзажу, да гарадзкога побыту. Мы – з гарадзкой цывілізацыі. Але ці задумваемся, калі ж прыйшла да нас гэтая цывілізацыя? Якім чынам прыжылася на беларускай зямлі? Ці можа прыжылася яшчэ і не зусім добра? Наколькі выгодна нам у горадзе? Давайце над гэтым паразважаем”.

(Шыбека: ) “На маю думку, гарадзкая цывілізацыя ў Беларусі канчаткова не ўсталявалася…”

(Ракіцкі: ) “Прабачце, але ў беларускіх гарадох, паводле выникащ перапісу 1999 году, пражывае каля 69% насельніцтва. Большасьць грамадзянаў Беларусі штодзённа карыстаецца здабыткамі гарадзкой цывілізацыі…”

(Шыбека: ) “Тым ня менш, мы застаемся вясковай нацыяй, калі мець на ўвазе ня толькі матар’яльны, але й духоўны бок гарадзкой цывілізацыі. У нашыя гарады панаехалі вяскоўцы, якія яшчэ не пасьпелі стаць гараджанамі. І ў гарадзкіх кватэрах яны жывуць вясковымі клопатамі, думаюць па-вясковаму”.

(Ракіцкі: ) “Але ці ёсць падставы для такога меркаваньня? І ці можна вызначыць, як думаюць беларускія гараджане?”

(Шыбека: ) “Адмысловых дасьледаваньняў, як мне вядома, няма. Мае меркаваньні грунтуюцца на разуменьні інэртнасьці сьвядомасьці, якая, звычайна, не пасьпявае за зьменамі ў грамадзтве, а галоўнае – на дасьледаваньні гістарычнага досьведу ўрбанізацыі Беларусі і на вывучэньні асобных фактаў выяўленьня сялянскай мэнтальнасьці беларускіх гараджанаў.”

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што ўрбанізацыя Беларусі была недасканалай ці незавершанай?”

(Шыбека:) “З канца 18 стагодзьдзя пачалася імклівая ўрбанізацыя краінаў Заходняй Эўропы, то бок, павелічэньне колькасьці гараджанаў коштам вяскоўцаў. Узрастала роля гарадоў. Урбанізаваўся побыт людзей, урбанізоўвалася і іхнае мысленьне. І якраз тады ВКЛ вельмі не пашчасьціла. Яно выпала з гэтага працэсу. Разбурэньне гарадзкой інфраструктуры ў выніку няспынных войнаў з суседзямі істотна аслабіла Вялікае Княства Літоўскае і сталася адной з прычынаў ягонага гвалтоўнага далучэньня да Расейскай імпэрыі.

Ва ўмовах Расеі ўрбанізацыя запаволілася, а галоўнае – абмінала карэнную нацыю – беларусаў. Царскі ўрад фактычна закрыў для мяшчанаў-хрысьціянаў шлях да камэрцыйнай дзейнасьці, калі пазбавіў іх падаткавых прывілеяў і перапісаў у лік падатнага насельніцтва. А калі царызм забараніў прадпрымальным гэбраям пакідаць межы былога ВКЛ і сяліцца па-за гарадамі і мястэчкамі, ён абцяжарыў доступ у горад вяскоўцам. І што цікава, у той час, як небясьпечныя для самаўладзьдзя жыхары гарадоў усяляк абмяжоўваліся ў правох, жыхары вёсак падвяргаліся меншай дыскрэдытацыі і нават мелі падаткавыя ільготы, бо разглядаліся як этнаграфічны матэрыял для будаўніцтва расейскай нацыі.”

(Ракіцкі: ) “І ўсё адно дабрадзейнасьць царызму ў дачыненьні да беларускіх сялянаў выглядае неяк ненатуральна…”

(Шыбека: ) “Беларускія сяляне прывязваліся да зямлі, як сучасныя грамадзяне да сотак сваіх вясковых бацькоў ці лецішчаў. У гарадох колькасна дамінавалі гэбраі і расейцы. Сяляне адхіляліся ад небясьпечных гарадзкіх справаў. Іх сьвядомасьць не ўрбанізавалася. Яны заставаліся шэрай, індэфэрэнтнай, паслухмянай масай. У канцы 19 стагодзьдзя ў гарадох Беларусі пражывала каля 10% насельніцтва, тады як у гарадох Нямеччыны і Францыі – каля 40%. Адсотак гараджанаў-беларусаў у той час не перавышаў 17%. Апрача таго, мы пазбавіліся сталіцы. Вільня ператварылася ў звычайны губэрнскі цэнтар, хоць і самы буйны (154 тысячы гараджанаў у канцы 19 стагодзьдзя)”.

(Ракіцкі:) “Але Менск? Ён хіба стаў сталіцай…”

(Шыбека: ) “Менск ніколі не заменіць Вільню. Ужо з той прычыны, што Менск ня ёсьць знакамітым гістарычным цэнтрам. Ён ніколі ня меў уласнага каралеўскага двара, як Вільня, Кіеў, Варшава ці Масква. Менск страціў нават Замчышча, дзе жылі менскія ўдзельныя князі. Нават калі ўдасца аднавіць гістарычны цэнтар горада (Замчышча) зь яго земляным валам і драўлянымі сьценамі, ён усё роўна ня будзе выглядаць, як Крэмаль у Маскве, як Каралеўскі палац у Варшаве, як Праскія Градчаны ў Празе. Таму гістарычны патэнцыял гораду не дазваляе Менску стаць у адзін шэраг з эўрапейскімі сталіцамі. Можа, таму беларусы і туляцца да Масквы ці да Варшавы, што ня маюць выбітнай сталіцы, якая пераканала б іх у раўназначнасьці зь іншымі народамі. Вакол годных сталіцаў нараджаюцца годныя нацыі. Таму страта Вільні была для беларусаў трагічнай падзеяй”.

(Ракіцкі: ) “Савецкая індустрыялізацыя 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя ператварыла гарадзкіх жыхароў у бальшыню беларускага грамадзтва, зьмяніла склад гараджанаў на карысьць беларускай нацыі. Аднак, савецкія гарады, атрымліваецца, таксама ня далучылі жыхароў Беларусі да гарадзкой цывілізацыі?”

(Шыбека: ) “Так. Савецкая ўрбанізацыя мела зусім іншыя мэты. Горад служыў палігонам дзеля масавай камунізацыі сьвядомасьці мясцовага насельніцтва. Традыцыі буржуазнага гораду вынішчаліся, а замест яго насаджаліся ідэалы жыцьця, фактычна сялянска-калгаснага кшталту. Пасьляваенны горад БССР створаны вёскай для зімовага адходніцтва.

Пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе структура гарадоў па-ранейшаму выкарыстоўваецца для навязваньня каштоўнасьцяў савецка-беларускай культуры, вясковай па свайму паходжаньню. Гэтаму спрыяе і масавы выезд з краіны гэбраяў, нашых спрадвечных гараджанаў. Таксама да гэтага спрычынілася палітыка ізаляцыі ад заходніх краінаў, якую праводзіць сучаснае кіраўніцтва краіны.

Такім чынам гістарычныя абставіны не дазвалялі жыхарам Беларусі ўрбанізавацца як сьлед. У нашым выпадку ўрбанізацыя вёскі была не дастаткова магутнай. У нашым выпадку “вясковая сьвядомасьць” часьцей перамагала “сьвядомасьць гарадзкую”. Гарады станавіліся вясковымі. А іхныя жыхары не нацэльваліся на засваеньне навыкаў карыстаньня здабыткамі гарадзкой цывілізацыі. Людзьмі зь вясковай сьвядомасьцю ці з недаўрбанізаванай ментальнасьцю, лягчэй кіраваць”.

(Ракіцкі: ) “У чым жа на самой справе выяўляецца, як вы кажаце, недаўрбанізаваная сьвядомасьць жыхароў Беларусі?”

(Шыбека: ) “Асноўная рыса недаўрбанізаванай мэнтальнасьці – міталягізацыя, схільнасьць да ўтопіяў, у першую чаргу да ўтопіяў сацыялістычных. Гэта абумоўліваецца перакананьнем вяскоўцаў у існаваньні, здавалася бы, элемэнтарнага выйсьця дзеля дасягненьня роўнасьці і справядлівасьці ў адносінах людзей. Зямлі многа – ўсім хопіць. Яе трэба толькі перадзяліць. Адабраць лішак у багацеяў і перадаць бяднейшым. Гэта – ідэалёгія паўпэраў, учорашніх вяскоўцаў, якія трапілі ў горад, дзе і спрабуюць ажыцьцявіць свае ідэалы.

Недаўрбанізаванасьць выяўляецца ў адсутнасьці ў нашых суайчыньнікаў дастаткова заўважнай гістарычнай сьвядомасьці. Вясковец рэдка цікавіцца мінулым усёй Беларусі, яго цікавіць пераважна родны кут.

Для вясковага мэнталітэту характэрная адсутнасьць дастаткова моцнага пачуцьця нацыянальнай сьвядомасці. На варце нацыянальнай сьвядомасьці кожнай нацыі стаіць уласная нацыянальная дзяржава, уласны нацыянальны горад. А паколькі беларусы былі нацыяй ня толькі безьдзяржаўнай, але і негарадзкой, то гэта непазьбежна запавольвала іх нацыянальнае самавызначэньне.

Для вясковай мэнтальнасьці беларусаў характэрная апалітычнасьць і прыстасаванасьць. Ім, у прынцыпе, усё адно, якая ўлада, абы не перашкаджала працаваць на зямлі. Досьвед падказваў, што любая ўлада ня можа быць добрай, што пад яе трэба ўсё роўна падладжвацца”.

(Ракіцкі: ) “Сэрвілізм ці, як зараз кажуць, халуйства, мае, на вашу думку, таксама вясковае паходжаньне? А ці ня ёсьць гэта вынікам нашага былога паднявольнага жыцьця і бальшавіцкага ўціску?”

(Шыбека: ) “Ня ўсё можна сьпісваць на наш гаротны лёс і бальшавікоў. Для беларусаў характэрнае ня толькі халуйства, але і празьмерная ганарлівасьць. І гэта – рысы дзікуноў з каменнага веку. Што сяляне натуральныя, што скамунізаваныя – па сваёй сутнасьці адно і тое ж. Сырая вада па свайму малекулярнаму складу таксама ня розьніцца ад кіпеню.

Халуйства, ганарлівасьць, ды яшчэ зайздрасьць – гэта якраз тыя рысы сялянскай мэнтальнасьці, якія шкодзяць нашай згуртаванасьці і кансалідацыі. Кажуць, найлепшая радасьць для беларуса, калі ў суседа карова здохла. Можа, нашы недабрадзеі і перабольшваюць, але імкненьня да ўзаемадапамогі нам, сапраўды, бракуе”.

(Ракіцкі: ) “Але ня толькі ж беларусы пераадольвалі парог недаверу і нават варожасьці да гарадзкой цывілізацыі?”

(Шыбека: ) “Праз гэта прайшлі ці праходзяць усе народы. Але ў беларусаў гэты працэс – асабліва хваравіты. Ад 19 стагодзьдзя беларуская душа была адарваная ад гораду, пачувалася там асабліва безабаронна. Цесната і нязвыкласьць гарадзкога пэйзажу, часам далёкага ад нацыянальных традыцыяў, прыводзілі да таго, што беларускі селянін, трапіўшы ў горад, перажываў сапраўдны стрэс. Якуб Колас пісаў пра горад:

“Колькі шуму, колькі груку!
Я дзіўлюся, як тут жыць,
Па каменьням, гэтым бруку
За грахі адны хадзіць.”

Францішак Багушэвіч бачыў горад яшчэ больш варожым для сябе:

“Не люблю я места (па расейску горад)
Надта там цяснота і вялікі сморад,
А паноў – як маку, ды сярод гароду
Апрач таго пропасць рознага народу!
Наш брат як увойдзе, -- сам сябе баіцца.
Ці ісці без шапкі, ці гдзе пакланіцца?”

Сярэднявечная традыцыя гарадзкога жыцьця беларускага народу была перарваная ў канцы 18 стагодзьдзя. І з тае пары ён ніколі не адчуваў сябе ў горадзе ўтульна, ніколі не пачуваўся гаспадаром. Горад і зараз застаецца “чужым” для значнай часткі жыхароў Беларусі. Варожасьць да гарадзкой цывілізацыі трансфармуецца ў варожасьць да Захаду, да эўрапейскасьці. Вось чаму, каб стаць эўрапейцамі, сучаснай нацыяй, нам трэба стаць гараджанамі паводле мэнтальнасьці”.

(Ракіцкі: ) “Сялянская сьвядомасць ва ўмовах гарадзкой цывілізацыі, мяркуючы па вашых разважаньнях, рэч небясьпечная? Ці не таму людзі зь сялянскай мэнтальнасьцю так лёгка ўспрымаюць выгодны для цяперашняй улады міт пра варожасьць нам заходніх каштоўнасьцяў?”

(Шыбека:) "Сялянскай (недаўрбанізаванай) сьвядомасцю лёгка маніпуляваць. Сьвет сёньня вельмі разнастайны. Адны разнастайнасьці мы ўлічваем. Чалавецтва ўлічвае каштоўнасьці Захаду і Ўсходу, праваслаўя і мусульманства. Але недацньваецца рознасьці сьвядомасьцяў людзей, якія далучаныя да гарадзкой культуры, і людзей зь сялянскай сьвядомасьсьцю. Сьцьвярджэньне пра мірнае суіснаваньне гэтых сьвядомасьцяў значна перабольшаная. Пірамідзе ўлады. якая базуецца на грамадзтве гарадзкой сьвядомасьці, супрацьстаіць піраміда ўлады аграрнай цывілізацыі. Аднак зусім відавочна, што дэкансалідацыя як беларускага грамадзтва, так і ўсясьветнай супольнасьці будзе пераадоленая толькі ў рамках урбанізаванага мэнталітэту, толькі ў межах гарадзкой цывілізацыі. Дзеля гэтага людзі мусяць вучыцца карыстацца здабыткамі гарадзкой цывілізацыі.
XS
SM
MD
LG