Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабрабыт магілёўца канца XVII стагодзьдзя.


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: гісторык Алесь Белы.

(Ракіцкі: ) “Калі мы гаворым пра мінулае, усё роўна маем на ўвазе сёньня. Параўноўваем. Як жылі 300 гадоў таму нашыя продкі — беларускія гараджане, наёмныя працаўнікі? Колькі яны зараблялі й што маглі сабе дазволіць?

Як прыклад абярэм Магілёў канца XVII стагодзьдзя. Сёньня за адзінку вымярэньня мы выкарыстоўваем амэрыканскі даляр. У якім эквіваленце мы можам разглядаць грашовыя прыбыткі й выдаткі, гаворачы пра такую аддаленую мінуўшчыну?”

(Белы: ) “Талер. Натуральна, вельмі цяжка дакладна параўнаць любыя цэны й грошы на так вялікай адлегласьці, бо абсалютна інакш выглядае структура спажываньня — столькі зьявілася новых рэчаў і паслугаў…

Але, канечне, тагачасны талер — значна большы за сёньняшні даляр. 300 гадоў таму талер складаў заробак самага некваліфікаванага падзёншчыка прыкладна за 2–3 тыдні.

І ўсё ж аналёгія паміж талерам і далярам цалкам абгрунтаваная. Справа ня толькі ў назьве, але, галоўнае, у тым, што талер тады выконваў ролю цьвёрдай валюты, у якой можна было ашчаджаць і рабіць вялікія пакупкі. Курс малааўтарытэтных грошаў — асмакоў і яшчэ драбнейшых шэлегаў, якіх зашмат наэмітавала некалькі некампэтэнтных урадаў Рэчы Паспалітай запар, увесь час падаў.

Я прапаную зазірнуць у бугальтарскія кнігі Магілёва — “рэестры шафарскія”, якія добра захаваліся й дазваляюць узнавіць матэрыяльную культуру нашых продкаў да драбніцаў. Зазірнем канкрэтна ў 1697 год. Дык вось, у сакавіку таго году курс талера складае 198 асмакаў, а ў ліпені — ужо 200”.

(Ракіцкі: ) “Значыць, і 300 гадоў таму нацыянальныя грошы, асмакі, стала абясцэньваліся?”

(Белы: ) “Так, але падзеньне курсу на 1% за 4 месяцы — гэта ня вельмі шмат, параўноўваючы зь сёньняшнім днём. Канечне, нашыя продкі 300 гадоў таму мусілі ўвесь час сачыць за курсам, але прыкладна ў той ступені, як гэта сёньня робяць нашыя суседзі — расейцы, літоўцы ці палякі”.

(Ракіцкі: ) “А колькі тых асмакоў зарабляў за дзень, тыдзень, месяц тагачасны сярэдні магілёвец ? І што ён мог сабе за іх дазволіць?”

(Белы: ) “Па-першае, заробкі былі вельмі розныя залежна ад кваліфікацыі працаўніка, і ад яго прафэсіі, ад таго, наколькі яна ў дадзены момант была запатрабаваная рынкам. Давайце пройдземся па ўсёй шкале заробкаў, пачынаючы ад самага нізу”.

(Ракіцкі: ) “Мы будзем гаварыць толькі пра тых, хто жыў “на заробак”?”

(Белы: ) “Ну так, пакінем за дужкамі гарадзкі патрыцыят, купцоў, рамесьнікаў-майстроў — інакш кажучы, прадпрымальнікаў рознага маштабу, і, канечне ж, фэадалаў, якія атрымлівалі свае даходы перадусім ад статусу, а не ад уласных высілкаў.

Пачнем з самых бедных гараджанаў, чыя праца не вымагала вялікай кваліфікацыі, але, папраўдзе, і вялікіх высілкаў, як правіла, таксама. Вартаўнікі на галоўным рыначным пляцы Магілёва…”

(Ракіцкі: ) “Сёньня мы іх назвалі б сяржантамі міліцыі?”

(Белы: ) “Больш ці менш карэктная аналёгія.

“Варте пляцовой, семи человеком, дали наперед на две недели, кождому по золотых чотыри, чынит золотых двадцать осем”.

Залаты ці злоты на самой справе ня меў з золатам нічога агульнага. Увогуле не было нават такой манэты, а толькі чыста разьліковая адзінка, роўная 30 асмакам. Такім чынам, тыднёвы заробак “варты пляцовай” быў роўны двум залатым. Ці 60 асмакам. Гэта была іхная асноўная зарплата, але часам трапляліся розныя даплаты “на пірагі” ці “на піва”, на службовыя адзеньне ды абутак, так што рэальна выходзіла каля 12–15 асмакоў на дзень.

Гэта, бадай, і быў мінімальны штодзённы заробак наёмнага працаўніка ў тагачасным Магілёве. Ці вось яшчэ прыклад:

“За розказанем пана войта и ведомостю пана райцы скарбового, пред Божым Цялом наняли петнадцати человеков гребти улицы обедве и на рынку, заплатили кождому по осмаков петнадцаць; тым же на кварту горелки осмаков петнадцаць”.

(Ракіцкі: ) “А што можна было купіць на тыя штодзённыя 15 асмакоў?”

(Белы: ) “Тры дзясяткі яек, або 15 пірагоў, або 5–6 селядцоў (будзем лічыць, 1,5–2 кіляграмы), або 1 кварту гарэлкі (0,7 літра) або 7,5 літраў піва або 1 курыцу, або 20 сьвечак ці столькі ж драўляных лыжак”.

(Ракіцкі: ) “А што гэта значыць у пераліку на нашу сёньняшнюю гэтак званую валюту?”

(Белы: ) “Гледзячы празь якія прадукты весьці пералік. Вельмі цяжка адэкватна параўнаць спажывецкія кошыкі чалавека сёньняшняга і тагачаснага. Гэта тэма, бадай, для капітальнай манаграфіі. Але давайце паспрабуем. Тры дзясяткі яек на нашы сёньняшнія грошы — каля 2,5 тысяч. Кварта гарэлкі — 3,000. Але ня будзем забывацца, што і яйкі, і гарэлка тады былі вельмі дарагія. Не было ані бройлерных фабрык з індустрыяльнымі тэхналёгіямі, ані лікёра-гарэлачных заводаў.

Але калі лічыць празь іншыя прадукты, атрымаем значна большыя лічбы штодзённага заробку: 6 селядцоў — каля 5,5 тысяч, адна добрая курыца (ізноў жа, ня бройлернае кураня) — недзе 6–6,5 тысяч, 15 паўлітровых бутэлек піва беларускай вытворчасьці — ізноў жа, каля 6 тысяч”.

(Ракіцкі: ) “У сярэднім, можна сказаць, штодзённы заробак некваліфікаванага наёмнага працаўніка ў Магілёве 1697 году, ці 304 гады таму, складаў 4–5 тысяч беларускіх рублёў, або каля 3 даляраў?”

(Белы: ) “Бадай, так. Пры 25 працоўных днях штомесячна каля 75 сёньняшніх даляраў. Пры ўмоўным курсе: 5 тагачасных асмакоў раўнялася 1 сёньняшняму даляру”.

(Ракіцкі: ) “Колькі ж зараблялі больш кваліфікаваныя працаўнікі?”

(Белы: ) “Калі чалавек умеў нешта большае, чым вартаваць пляц ці месьці вуліцу, ён меў значна вышэйшы ўзровень дабрабыту. Напрыклад, касьба — праца, можа, і ня вельмі кваліфікаваная, але досыць цяжкая фізычна, — аплачвалася на ўзроўні 25 асмакоў на дзень, або 125 даляраў на месяц паводле нашага ўмоўнага курсу. Або, напрыклад, цесьляры, ці, як тады казалі, “дойліды”.

“Наняли двух дойлидов робить мост у стайни для коней, дали им на день по осмаков двадцать пять, до того на кварту горелки и на пироги, всё чынить золотых два и осмаков осем”.

Крыху меней за 30 асмакоў на дзень, ці амаль 6 даляраў. Што паробіш — будаўніцтва заўжды каштавала дорага. Муляры, самая кваліфікаваная з будаўнічых спэцыяльнасьцяў, атрымлівалі яшчэ больш — з улікам даплатаў “на гарэлку і пірагі” пад 7–8 даляраў штодня”.

(Ракіцкі: ) “Але ж у чалавека з адносна высокімі даходамі й выдаткі большыя, яму патрэбныя грошы ўжо ня толькі на самыя неабходныя харчы. Колькі каштавалі тады (кажучы сёньняшняй будзённай тэрміналёгіяй) “прамтавары”, асабліва калі параўноўваць зь сёньняшнім днём?”

(Белы: ) “Раз мы ўжо завялі гутарку пра будаўніцтва, дык, напрыклад, 1000 штук цэглы каштавалі 330 асмакоў. Лічба 66 даляраў за тысячу прыкладна адпавядае і сёньняшняму ўзроўню цэн. Можа, таму ў тагачасным Магілёве і было так шмат камяніцаў. Калі б не бясконцыя войны, было б і значна болей.

Самыя танныя боты мясцовых шаўцоў — 70 асмакоў, ці 14 даляраў — хаця, канечне, лепшыя каштавалі разы ў 2,5 даражэй — лічыце, даляраў 35. Шапка — 6–12 даляраў. Воз сена — 30 асмакоў ці 6 даляраў. Жупан, параднае шляхецкае верхняе адзеньне — 240 асмакоў, ці менш за 50 даляраў. Лічыце самі, наколькі ўсё гэта было даступна пры тагачасных заробках”.

(Ракіцкі: ) “Падаецца, што ня надта й дорага…”

(Белы: ) “Ну, я б схлусіў, калі б сказаў адназначна “так”. Пра яйкі й гарэлку я ўжо казаў. Але даражнеча гарэлкі — зьява тыпова буржуазная. Гарэлка суадносілася зь півам па кошце як адзінаццаць да аднаго — гэта досыць блізка да таго, што мы маем сёньня ў буржуазных краінах. Таму й наша тагачасная буржуазія піла найбольш піва.

Даволі дорага, як на сёньня, каштавала пошта. Адправіць ліст — 18 асмакоў, ці 3,5 даляры. Зрэшты, ня так ужо шмат было пісьменных.

Вельмі дорага каштавалі імпартныя, гэтак званыя каляніяльныя тавары. Фунт лімонаў — 120 асмакоў. Як Вам спадабаецца 70 даляраў за кіляграм?! Цукар (з далёкіх гішпанскіх і партугальскіх калёніяў) — 40–45 асмакоў за фунт, або каля 25 даляраў за кіляграм. Значна таньней каштаваў мясцовы мёд — усяго 20 асмакоў за фунт, але таксама не тандэт — 12 даляраў за кілё.

А вось фунт асятрыны — усяго 6–9 асмакоў, ці недзе ад 3,5 даляраў за кілё. Асятры тады былі досыць распаўсюджанай і таму цалкам даступнай сярэдняй клясе рыбай.

Гарнец (2,8 літра) добрага віна, напрыклад, вельмі папулярнага тады рэйнскага “Пэтэр Сэмін” каштаваў 264 асмакі. Калі пералічыць, то за паўлітра плацілі 95 асмакоў ці 19 даляраў. Па такіх коштах віно было даступным толькі гарадзкому патрыцыяту ды шляхце:

“Купили вина патрысыменту у Семена Кузевки гарцов пятнадцать, гарнец по тынфов осем, на шелеги чынить золотых сто трыдцать два…”

(Ракіцкі: ) “А якой была дынаміка дабрабыту гарадзкіх жыхароў? Да і пасьля 1697 году ён быў вышэйшым ці ніжэйшым?”

(Белы: ) “Парадокс беларускай гісторыі ў тым, што адрозна ад Заходняй Эўропы, дзе дабрабыт месьціча ў сярэднім павольна, але няўхільна ўзрастаў, у нас ён увесь час гойдаўся, як на арэлях. Зьвязана гэта было ня столькі з эканамічнымі прычынамі (напрыклад, палітыкай ураду), колькі зь бясконцымі войнамі, перадусім, з нашай усходняй суседкай. Я ўжо казаў, што 1697 год — адносна заможны. Але гледзячы з чым параўноўваць.

Калі вярнуцца на адну вялікую вайну і на паўстагодзьдзя назад, у 1647 год, то тады Магілёў быў яшчэ багацейшы ў разьліках на душу насельніцтва, і насельніцтва гэтага было ў некалькі разоў болей.

Жахлівыя войны 1648–1667 гадоў з прамаскоўскімі казакамі, а потым і з самой Масквой, зруйнавалі горад дашчэнту. Да канца XVII стагодзьдзя ён толькі часткова аднавіў свой дабрабыт.

Але наперадзе яго чакала чарговая катастрофа: 1708 год. Спачатку швэдзкая кантрыбуцыя (фактычна рабунак), потым маскоўская помста за яе, калі горад быў цалкам спалены.

Калі мы прааналізуем цэны пасьля пагромнага 1710 году, усяго праз 13 гадоў пасьля году 1697-га, то заўважым, што цэны амаль на ўсё — хлеб, цукар, піва, боты — вырасьлі ўдвая, а заробак меней як на 20%. Чамусьці засталіся амаль на ранейшым узроўні цэны на прадукты пчалярства — мёд, воск, сьвечкі, а таксама на селядцы, якія рэальна патаньнелі ў 2 разы.

Дрэнна, што суадносіны цаны гарэлкі й піва зьмяніліся ад 11:1 да 7:1 — амаль як у сёньняшняй Беларусі. Гэта значыць, што магілёвец стаў больш піць, стаў менш падобны да нямецкага бюргера, а болей на “порядочного русского мастерового”, апісанага Гогалем. У цэлым рэальныя даходы магілёўцаў упалі на 40% і на ўзровень 1697 году вярнуліся, хіба, праз гадоў 60, перад самым далучэньнем да Расеі”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж, магчыма, шмат хто з нашых слухачоў не адмовіўся б вярнуцца на 300 гадоў таму чыста з мэркантыльных меркаваньняў — каб уцячы ад нашага сёньняшняга жабрацтва. Але ж перашкодзяць стэрэатыпы нашага ўспрыняцьця гісторыі, якія сьцьвярджаюць, што жыцьцё працоўных тады ўяўляла сабой суцэльную галечу. А вы распавядаеце…”

(Белы: ) “Пагаджуся з гэтым, калі гутарка ідзе пра прыгонных сялянаў, зь якімі землеўласьнікам ня трэба было дамаўляцца. Хаця мяркую, што і сёньняшнім калгасьнікам жывецца рэальна не нашмат лепш, чым іх далёкім продкам.

А гараджане — зусім іншая справа. Адрозна ад прыгонных, яны маглі адносна свабодна прадаваць сваю працу на рынку. Вядома, былі й шматлікія цэхавыя абмежаваньні, і зайздрасьць шляхты да мяшчанаў, і розныя злоўжываньні, — але, відаць, маштаб уціску быў значна меншы за сёньняшні.

Тым ня менш, умовы, на якіх асабіста вольны беларускі гараджанін мог прадаваць сваю працу, былі лепшыя, чым калі-небудзь у мінулым стагодзьдзі й пакуль што ў цяперашнім. Гэтым найперш і тлумачыцца адносна высокі дабрабыт у канцы кожнага з больш-менш працяглых пэрыядаў мірнага жыцьця”.

(Ракіцкі: ) “Дык што, у чарговы раз мы будзем дасягаць дабрабыту Магілёва канца XVII-га стагодзьдзя?”

(Белы: ) “Хлеб у нас ёсьць, а вайны няма, вось яна — падстава праз ударную пяцігодку толькі што абвешчаных лібэральных рэформаў у чарговы раз дасягнуць узроўню жыцьця ў Магілёве 1697 году. Тым больш, што менавіта з Магілёва і яго ваколіцаў паходзіць большасьць нашых найвышэйшых урадавых чыноўнікаў, уключаючы Самога…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG