Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі чорт


Аўтар і вядучы Вячаслаў Ракіцкі, Прага

(Ракіцкі: ) “У штодзённым жыцьці й побытавых размовах мы іншым разам ужываем словы і выразы, якія маюць для нас ня болей як вобразнае значэньне.

Да прыкладу, гэта словы, якімі нашыя продкі называлі шматлікіх прадстаўнікоў нячыстых сілаў, сярод якіх цмокі, вупыры, халера, старая жанчына, якая паўсюль ходзіць і атручвае ваду, ды іншыя пачвары.

Пантэон жахлівых і шкодных для чалавека істотаў у старажытнай міталёгіі беларусаў даволі вялікі. А цэнтральнае месца сярод іх займае, бясспрэчна, чорт.

“Паводле народных уяўленьняў, (чорт) з выгляду чорны, калматы, на галаве ў яго двое невялікіх рагоў, ззаду хвост, на нагах і руках шмат вострых кіпцюроў. У чарцей мужчынскага полу ёсьць нават барада, але барада гэтая рэдзенькая, казьліная. Чорт можа прымаць на сябе розныя абліччы: ён можа зьяўляцца ў вобразе жывёл і нават чалавека. Пераўвасабляючыся ў чалавека, ён зьяўляецца пераважна ў выглядзе пана”.
(Демидович П. Из области верований и сказаний белорусов. — Этнографическое обозрение. М., 1896. Кн. 28, №№ 1–3, с.98.)

“Бог ня мае нацыянальнасьці, затое чорт яе заўсёды мае”, — так лічыць філёзаф Алесь Анціпенка, які сёньня маім госьцем. І першае маё да яго пытаньне: дык хто такі чорт?”

(Анціпенка: ) “Чорт у нашай культурнай традыцыі мае шэраг і іншых найменьняў. Беларусы называлі яго яшчэ “д’яблам”, “злым”, “нячысьцікам”,“нячыстым духам”, “нялёгкай сілай” і Люцыпэрам. Апошняе найменьне чорта якраз і гаворыць пра тое, што гэта скінуты зь неба анёл.

Аднак можна ўбачыць і некаторае падабенства беларускага чорта са старажытнагрэцкім богам Панам. Абодва пакрытыя поўсьцю, маюць казьліныя рогі, бараду і капыты. Ёсьць агульныя рысы і ў паводзінах: беларускі чорт ніколі не праміне, каб спакусіць якую маладую ды добрую дзеўку, а старажытнагрэцкі Пан сваім падступным каханьнем літаральна перасьледаваў прыгожых німфаў. Дарэчы будзе адзначыць, што раньняе хрысьціянства залічыла старажытнагрэцкага бога Пана ў “д’ябальскі сьвет” і назвала яго “спакусьнікам”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж, відавочна, што беларускі чорт ня толькі спакусьнік. Мае ён і свае адметныя рысы, бо чорт ва ўяўленьнях беларусаў пражыў не адно стагодзьдзе. Што гэта за рысы?”

(Анціпенка: ) “Калі меркаваць па шматлікіх этнаграфічных запісах, казках і паданьнях, беларускі чорт — гэта ня толькі калярытная фігура, дынамічная і гарэзьлівая асоба. Ён — адна з галоўных дзейных асобаў гэтага сьвету.

У нашым народзе было шырока распаўсюджанае адно надзвычай характэрнае паданьне, паводле якога чорт браў удзел у стварэньні гэтага сьвету і зьяўляецца творцам усяго злога”.

“Напачатку вада пакрывала зямлю. Бог загадаў чорту нырнуць на дно і дастаць адтуль жменю зямлі. Чорт... аднак ня ўсю (зямлю) аддаў Богу, а схаваў частку ў роце. Бог узяў у рукі жменю зямлі, дабраславіў яе і кінуў на воды, — і зямля пачала расьці, пашырацца, пакрываць ваду... гладкім і роўным слоем. Але пачала расьці і тая зямля, што была ў чорта ў роце, стала разьдзіраць яму рот. Чорт, курчыўся ад болі, пачаў качацца па зямлі і выплёўваць зямлю з рота... Ад гэтага зямля зрабілася гарыстай і месцамі атруцілася чортавай сьліной. Бог падрыхтаваў зямлю для чалавека, пасадзіў жыта, пшаніцу, але... месцамі вырасьлі... шкодныя расьліны. Потым Бог стварыў карысных жывёлаў... Але некаторыя зь іх... наеліся атрутных расьлінаў і ператварыліся ў... шкодныя істоты”.
(А. Багданович Пережитки древнего миросозерцания у белорусов, Гродна 1985, с. 131–132.)

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, спадар Алесь, беларусы маюць і сваю інтэрпрэтацыю біблейскага аповеду пра стварэньне сьвету?”

(Анціпенка: ) “Так. Тое ж тычыцца і стварэньня чалавека. Чорт падгледзеў, як Бог дыхаў на чалавека, каб ажывіць яго. І калі чалавек спаў, нячысьцік хукнуў на яго, каб у таго ўсяліўся злы дух”.

(Ракіцкі: ) “Чорт у гэтым паданьні сапраўды выглядае злавесным супраціўнікам чалавекалюбнага Бога. Ці не гаворка тут пра Люцыпэра?”

(Анціпенка: ) “Менавіта так. Люцыпэр — найгалоўнейшы і старэйшы за ўсіх чарцей. Ён імкнецца дзеяць ва ўсясьветным маштабе, нароўні з Богам. Мае вялікую ўладу, вызначаецца незвычайнай сілай і ў адрозьненьне ад іншых чарцей канцэнтруе ў сабе ўсё зямное і касьмічнае зло. Праўда, паводле народных уяўленьняў, ягоная ўлада ў гэтым сьвеце моцна абмежаваная. Люцыпэр загнаны Богам у пекла і сядзіць там на ланцугах:

“Па зьнешнім выглядзе Люцыпэр — сатанінскі гігант з буйнымі формамі і выразнасьцю, якой баяцца нават падуладныя яму Чэрці; важыць столькі, колькі ўсе нячысьцікі, узятыя разам... Люцыпэр мае бачныя адзнакі сваёй годнасьці — жалезную карону, прыбітую да чэрапа цьвікамі, што праходзяць яго наскрозь, і штосьці накшталт жалезных вілаў у правай, з магутнымі кіпцюрамі, лапе… Пры кожным выдыху Люцыпэр выпускае з ноздраў і пашчы доўгія пукі вогненных промняў, якія на далёкай адлегласьці паляць сустрэчныя прадметы”.

(Никифоровский Н. Нечистики. Свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907, с.33–34.)

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж ці няма супярэчнасьці ў тым, што, з аднаго боку, чорт — падступная, разбуральная і злая істота, а, з другога, паводле іншых народных уяўленьняў, ён, хоць і хітры, але ж крыху дурнаваты?”

(Анціпенка: ) “Сапраўды, сюжэт пра крыху дурнаватага чорта можна знайсьці ў беларускіх казках. Тут нашыя спрытныя продкі ледзьве не ваду вазілі на чорце. Але гэта ня тычыцца галоўнага і старэйшага за ўсіх чарцей — Люцыпэра. Чалавек аніяк ня можа справіцца зь ім.

Больш за тое, калі пры канцы сьвету Люцыпэр вырвецца зь пекла на волю, то наробіць шмат зла людзям. Пакуль жа Люцыпэр кіруе ў гэтым сьвеце праз сваю сьвіту і сваіх дзяцей, якіх у яго шмат.

Праўда, ягоныя памагатыя дзейнічаюць не заўсёды спраўна. І хоць, як піша беларускі этнограф Адам Багдановіч, існуе пэўная герархія, аднак парадку і “сумленнасьці сярод чарцей няма...; наадварот, падначаленыя ўсяляк імкнуцца падмануць начальнікаў, ухіляюцца ад зададзенай работы...” Напэўна якраз такіх шараговых і нягеглых чарцей беларусам і ўдавалася падмануць”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы сказаць, паводле некаторых этнаграфічных матэрыялаў, беларускі чорт выглядае ледзь не як свойская істота, альбо проста як гарэзьлівы жартаўнік.

Ясна, што чэрці імкнуцца нашкодзіць чалавеку, але часам іхнае шкодніцтва не зусім сур’ёзнае: то яны п’янага завядуць у балота, а калі той — музыка, дык пасадзяць на купіну, прымусяць граць, а самі танчаць. То, калі пакінуць ненакрытым малако ці гарэлку, дык апаганяць іх”.

(Анціпенка: ) “Нашыя продкі прыпісвалі чорту вельмі шмат розных справаў: ад не зусім сур’ёзных да вельмі сур’ёзных. Увогуле ж, у беларускіх паданьнях ёсьць два розныя вобразы чорта. Пра адзін, вобраз Люцыпэра, суперніка Бога, мы ўжо гаварылі”.

(Ракіцкі: ) “А які другі вобраз?”

(Анціпенка: ) “Другі вобраз складаецца з чарцей драбнейшага калібру, зь якімі беларускі мужык найперш і меў справу. Гэтыя чэрці, хоць і прыдумляюць шмат чаго шкоднага для чалавека, хоць і зьяляюцца майстрамі на ўсялякія штукі, але занадта вялікага розуму ня маюць.

Тут беларускі мужык якраз і аказваецца спрытнейшым і хітрэйшым за чорта. Чорт нават і пабойваецца мужыка. А таму ў беларускіх казках ён часам выглядае затурканым, а то нават і крыху ўбогім. Мужык жа, хоць і любіць задаць жару такому чорту, але ўрэшце ставіцца да яго велікадушна”.

(Ракіцкі: ) “А якія найбольш тыповыя злыя і шкодныя справы ці штукі чарцей?”

(Анціпенка: ) “Беларускія чэрці прысутныя паўсюдна і шкодзяць дзе толькі могуць. Асабліва любяць яны бываць на вясельлях. Тут, паводле народных уяўленьняў, яны імкнуцца перашкодзіць выезду маладых у царкву, паводле іхнага жаданьня конь артачыцца да таго часу, пакуль не перажагнаюць дарогу. Пасьля вяртаньня з царквы, найпершая справа чарцей — зладзіць бойку паміж мужыкамі.

Яшчэ больш сур’ёзная справа — гэта пасяліцца ў чалавека. Як сьведчыць беларускі этнограф Федароўскі: “Чалавек, у каторым чорт перажывае, ...карысьці ад Чорта жаднае ня мае. Наадварот, ён яшчэ яго мучыць, вядзе ў крыніцы, у балота, адбірае яму розум, пад’юрувае яго зь людзьмі біцца, або сварыцца...”

Увесьці чалавека ў зман, у спакусу, нарабіць яму ліха, падгаварыць яго на крадзёж, на п’янку, зладзіць інтрыгу, каб пасварыць, асабліва, блізкіх людзей, — галоўныя справы беларускага чорта. У тых жа выпадках, калі чорту гэта не ўдаецца, ён можа сядзець дзе небудзь у хаце, хутчэй у запеччы, і чакаць, пакуль хто ня зробіць якую памылку”.

(Ракіцкі: ) “А якімі сродкамі нашыя продкі бараніліся й ратаваліся ад чорта?”

(Анціпенка: ) “Галоўнымі сродкамі былі сьвяты крыж і хрост. На ростанях, дзе паводле народных ўяўленьняў, любяць зьбірацца чэрці, нашыя продкі ставілі крыжы.

Адпужвалі чорта таксама ільном, каноплямі й пшаніцай, таму што зь іх вырабляюцца алей і прасфоры, што ўжываюцца ў царкве. Дзе чорт пасяліўся, выганялі яго адтуль сьвятой вадой. Каб чорт не пасяліўся побач з чалавекам, забаранялася вымаўляць ягонае імя ў хаце.

Але пазбавіцца чорта было ня так проста. Той, каб спакусіць чалавека, час ад часу прымае новыя абліччы. Напрыклад, папа. Тады беларусы, прызвычаіўшыся да свайго знаёмага чорта, былі нават радыя яму, бо ведалі, як зь ім абыходзіцца. Ёсьць такая беларуская прыказка: “Хто ідзе? Чорт. А то добра, што ня поп”. Паводле народных уяўленьняў, чорт абавязкова прысутнічаў і ў касьцёле:

“У кожным касьцёлі пры імшы, канешне, мусіць быць Чорт, каторы сядзіць у бабіньцы з валоваю скураю. ...І як хто аглянецца ці засьмяецца, ня моліцца альбо так зграшыць, так (чорт) зараз запісвуе на валовай скуры. Уночы Чорт лятае наўкол касьцёла і бароніць уваход у яго. Нават ксёндз як адзін, то ўвайсьці ўвойдзе, а выйсьці ня дасьць рады”.
(Fedorowski M. Lud Bialoruski na Rusi Litewskej, t.1., s.18, Krakow, 1897.)

(Ракіцкі: ) “Алесь, калі падсумаваць нашую гутарку, якую ролю адыгрывалі ўсе гэтыя ўяўленьні ў жыцьці беларуса?”

(Анціпенка: ) “Нягледзячы на архаічнасьць ці нават наіўнасьць некаторых уяўленьняў нашых продкаў, функцыя гэтых уяўленьняў была цалкам прагматычная. Чорт, перадусім, увасабленьне чалавечых грахоў, не заўсёды добрых ці нават злых памкненьняў.

Мы гаварылі пра, так бы мовіць, беларускую вэрсію чорта. Думаю, што гэта слушны падыход, бо кожны народ мае ня толькі своеасаблівыя ці проста больш заакцэнтаваныя станоўчыя рысы характару, але і свае хібы, свае грахі.

Калі мы кажам, што беларускі чорт часам выглядае ня болей за гарэзьлівага жартаўніка і ня мае той сатанінскай сілы і агрэсіі, што характэрныя для ўяўленьняў пра чорта ў нашага народу, дык гэта й адпавядае беларускай мэнтальнасьці. Нашыя продкі заўсёды мужна адстойвалі сваё, але зусім не вызначаліся агрэсіўнасьцю, скіраванай вонкі, на захоп іншых народаў і земляў.

Такі ж і беларускі чорт — ня надта агрэсіўны. Больш за тое, часам ён бывае гратэскны, карнавальны, вясёлы і фэерычны. Зь яго можна пасьмяяцца, гэта значыць, пасьмяяцца з самога сябе. Іншым разам беларускі чорт выяўляецца як дыдактычная асоба. Ён расплюшчвае вочы чалавеку на ягоныя ўласныя памылкі, хібы і грахі.

Увогуле, вобраз чорта заўсёды чымсьці падобны да таго, хто яго стварае. Іншая рэч, што пакліканьне чалавека палягае ў тым, каб прыпадобніцца ня чорту, а Богу. І беларусы гэта заўсёды добра разумелі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG