Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міт пра маскаля: гістарычныя падставы.


Аўтар і вядучы Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "У нашых адносінах да іншых яскрава выяўляецца ўласная наша істота. Гэта мае дачыненьне як да асобных людзей, гэтак і да народаў, і цэлых цывілізацыяў.

Але калі стасункі паміж асобамі вызначаюцца збольшага сучаснымі акалічнасьцямі, дык стаўленьне да іншых нацыяў моцна залежыць ад гісторыі іхных кантактаў, ад традыцыяў і калектыўных стэрэатыпаў. Таму стасункі зь іншымі народамі — гэта адносіны паміж "сваім" і "чужым".

Спрадвечны вопыт суіснаваньня на адной тэрыторыі розных этнасаў, розных моваў, розных канфэсіяў ствараў умовы для знакамітай "талеранцыі". На нашай зямлі ў розны час сяліліся й жылі татары, габрэі, немцы, маскоўцы ды іншыя народы. Нездарма казалі, што той, хто ступіў на зямлю Рэчы Паспалітай, набываў свабоду. Але адрознасьць заставалася і будавалася звычайна на падставе веры, тэрыторыі й дзяржавы.

Найбольш стасункаў, вядома было з бліжэйшымі суседзямі. Для беларусаў можна падзяліць іх на дзьве найбольш выразныя групы — "маскалі" і "палякі".

Вядома ж, былі яшчэ і туркі, і немцы, і іншыя блізкія і далёкія народы, але генэральна Беларусь ляжала паміж Масквой і Варшавай. Паміж молатам і кавадлам, як пазьней казалі.

Палякі знаходзіліся на Захадзе ад Беларусі. На Ўсход ляжалі землі, якія належалі да Вялікага Княства Маскоўскага — "масква", як называлі ў нас і край і жыхароў яго, няважна, як вызначалі яны сябе самі — Вялікая Расея, Трэці Рым ці Расейская Імпэрыя. Гэтаксама мы звычайна для іх былі проста "літва". "Царь... хадзіў у паход на літву", — запісвалі маскоўскія храністы.

"У месяцы чэрвцы масква, знянацку у рускія землі ўторгнуўшыся, огнем, мечем і забраньнем вялікія шкоды почыніла", — натаваў у XVI ст. у свае мэмуары беларускі шляхціц зь Ляхавічаў Фёдар Еўлашоўскі.

І вось ужо "Мужыцкая праўда" Каліноўскага:

"У нас, дзяцюкі, адно учаць у школах, каб ты знаў чытаці па маскоўску, а то для таго, каб цябе заўсім перарабіці на маскаля. Суды маскоўскія — гэта яма, гдзе не разьбіраюць, ці за табою праўда, ці не, а скубуць адно як могуць. Бясьпечнасьці пад маскалём ніякай няма, што дужшы той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кажнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго каб непазволіць народу й застагнаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца што дзяруць зь яго над сілы".

Вось некалькі цытатаў, зь якіх і паўстала тэма сёньняшняй перадачы — як гістарычна складваліся адносіны паміж беларусамі і маскоўцамі, ці маскалямі? Як гісторыя паўплывала на нашае ўспрыняцьце суседняга народу? Дзе тут міты, а дзе рэаліі?
Маім госьцем — гісторык культуры Вацлаў Арэшка.

Мы пачалі адразу з адмоўнай ноты, з варажэчы. Ці менавіта гэта было галоўным у адносінах паміж Масквою і Беларусьсю, ВКЛ?
І ці можна казаць, што войнамі вызначаецца канстанта ў адносінах беларусаў да гэтае самае "масквы"?

(Арэшка: ) "Адкажу вам і я дзьвюма кароткімі цытатамі. Шмат каму вядомае беларускае народнае прыслоўе: "Тату, тату, чорт лезе ў хату. — Абы не маскаль". Гэта — сялянскае.

А буйнейшы ў Беларусі магнат, віленскі ваявода князь Міхал Казімер Радзівіл піша ў сваім дзёньніку ў 1739 годзе нешта да гэтага ж падобнае:

"Атрымаў варшаўскую пошту, у якой даводзiцца, што ў сьнежні адбудзецца марш маскоўскага войска ў 35 000 праз айчыну нашую ў дапамогу іхным марскiм сiлам. Госьцi тыя зусiм ня мiлыя, Пане! Адвярнi iх ад нас!"

(Ракіцкі: ) "Ці ня можна адразу абвінаваціць нас у неаб'ектыўнасьці? Можна ж падабраць цытаты як хочаш. Напэўна, ёсьць і іншыя пазыцыі".

(Арэшка: ) "Прапаную тады паслухаць, што кажа іншы бок. Вось урывак зь ліста вядомага авантурніка эпохі вайны з Расеяй ў 1654–67 гг., палкоўніка Канстанціна Паклонскага, які, быццам бы пакрыўджаны зьнявагамі, чыненымі праваслаўнай царкве, здрадзіўшы ВКЛ, пайшоў служыць да цара, а потым, разам з атрадам ізноў перакінуўся да сваіх. Тут ён тлумачыць сваё вяртаньне на службу радзіме:

"...золотыя слова на листах шляхте и местам подавано, но их в опасение потым обрашчено, а самой шляхте и мешчаном железные волости на ногах надавали, жен и девіц их, мучителски тиранско с ними поступя, на вечную неволю отдали, што не чинитца от поган. Вместо полученьня, такое же лупленьне домов Божых, што и от татар бывало".

А прыкладна ў той жа час Сімяон Полацкі сачыняе таму ж цару Аляксею Міхайлавічу вершы, дзе ёсьць такія радкі:

"Витаем тя, православны царю, праведное солнце,
Здавна бовем прагнули тебе души наши и сердце.
Витаем тя, царю, от востока к нам пришедшаго,
Белорусский же от нужды народ весь свобождашаго".

Здаецца, няма патрэбы камэнтаваць гэтыя ўрыўкі — яны гавораць самі за сябе".

(Ракіцкі: ) "Вы падкрэсьліваеце сталую непрыязнасьць беларусаў да маскоўцаў. Але частыя войны і ваенныя зьверствы — гэта, мне здаецца, не прычына, а ўжо вынік нейкіх сталых ўзаемаадносінаў. Але на чым жа будавалася гэтая непрыязнасьць?"

(Арэшка: ) "Калі дасьледчыкі мэнтальнасьці гавораць увогуле пра Рэч Паспалітую, звычайна маюць на ўвазе польскую мадэль сусьвету.

Каталіцкая Польшча безумоўна цалкам уваходзіла ў заходняе, лацінскае цывілізацыйнае кола. Масковія была для яе няблізкім і абсалютна чужым краем, дзе ўсё было іншае — царква, дзяржаўны лад, адзеньне, звычаі... Іншы сьвет — незразумелы і непрыемны, які і хацелася б не заўважаць, але немагчыма было.

Для ВКЛ сытуацыя была іншая — паміж Масквою і Вільняю не было іншай сталіцы. Але адчувальная гістарычная, этнічная, канфэсійная блізкасьць спараджалі не салідарнасьць, а геапалітычнае, як кажуць суперніцтва.

Суперніцтва, абвостранае тым, што па вялікім рахунку, цывілізацыйныя шляхі той часткі Эўропы, якая пад XV ст. склала тэрыторыю ВКЛ, разышліся з Усходам Эўропы яшчэ ў сярэдзіне ХІІІ ст. Паўсталае тады ВКЛ, як і Галіцка-Валынскае княства, усё больш арыентаваліся на Эўрапейскі Захад, а новае Маскоўскае княства спрабавала аб’яднаць прынцыпы татарскіх ханстваў і бізантыйскага царства.

Суперніцтва стала непрымірымым, калі маскоўскія ўладары абвесьцілі сябе трэцім Рымам і канчаткова ўпэўніліся ў тым, што землі ВКЛ мусяць быць толькі часткаю гэтага новага "Рыму".

(Ракіцкі: ) "Але ж стасункі працягваліся?"

(Арэшка: ) "Вядома. Але збольшага гэта былі досыць спэцыфічныя стасункі — з краю ў край беглі апальныя вяльможы, дысыдэнты, бунтаўнікі і авантурнікі. Францішак Скарына паспрабаваў быў прывезьці ў Маскву надрукаваныя ў Вільні кнігі — іх зьнішчылі. Іван Фёдараў паспрабаваў ў Маскве кнігі друкаваць — змушаны быў уцякаць у ВКЛ.

У Беларусі былі сымпатыі праваслаўных да "адзінавернай краіны", былі спадзяваньні сялянаў на "асвабажденьне" праз Маскву ад нядобрага "пана". Але чым гэтыя спадзяваньні звычайна канчаліся — пра гэта піша той жа Паклонскі.

У выніку стаўленьне да Масквы сялянаў ня мелі істотнай розьніцы ад шляхецкіх.

Вось што сьпявалі беларускія касінеры ў 1795 годзе:

"...Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Дакуль будзем так маўчаці,
Годзі нам сядзець у хаці.

Каней нам пазаяжджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касьцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі.

Нашто зямлю нам забралі,
Нашто ў путы закавалі?
Дачкі, жонкі нам гвалцілі!
Трэ, каб мы ім заплацілі.

...Ну жа хлопцы, ну жа жыва.
Пагуляем, маем жніва!
Пагуляйма! Пагуляйма!
Ды маскаля ўраз прагнайма!"

(Ракіцкі: ) "Ці не падаецца вам, што тое, пра што вы гаворыце, — даўняя гісторыя, якая бальшынёй нашых сучасьнікаў успрымаецца як пацешны міт пра маскаля. Шмат хто з сучасных беларусаў ужо і не ўяўляе сабе жыцьця без Расеі — без расейскага паліва, без расейскай папсы, без расейскай тэлевізіі, без расейскага піва...

Антырасейскіх выказваньняў не пачуеш нават у самых "непрымірымых" апазыцыянэраў. І палітыкі, і эканамісты сур’ёзна разважаюць пра "расейскі фактар". І ня толькі ў Беларусі — у Польшчы, у Злучаных Штатах... Дык што ж тады мы маем адчытаць у пасланьні продкаў пад назовам "міт пра маскаля"?

(Арэшка: ) "Ведаеце, каб прыглушыць "міт пра маскаля", патрэбна было 200 гадоў гвалту, хлусьні, шалёнай прапаганды. І, пэўна не патрэбна ўжо, каб ён сёньня адраджаўся ў сваім архаічным выглядзе. Але, прынамсі, ведаючы зьмест міту, можна ўрэшце пачуць і папярэджаньне мінулых пакаленьняў.

А ці дрэнна гэта — вучыцца на памылках сваіх папярэднікаў, каб не наступаць кожны раз на адныя і тыя ж граблі? Ці не павучальна гучыць гісторыя пра Тадэвуша Рэйтана, якую распавёў Генрык Жавускі? А падзеі тыя адбываліся акурат напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай:

"Масква, якая болей яшчэ прагнула нашае пашаны, чым нашых маёнткаў, нядоўга чакала. Ужо зганьбіла была гонар народу, трэба ёй было яшчэ зганьбіць і тое, што было ў нас найшляхетнейшага, трэба было пасмаю няпраўнасьці спавіць найцнатліўшых людзей.

Змуціўшы гэтак іх зводнымі абяцанкамі, падбіла яна, каб паднялі канфэдэрацыю дзеля зрынаньня з трону Станіслава, якога на пагарду ўсяму народу гвалтам была й пасадзіла, а калі такім чынам завязалася радамская канфэдэрацыя, хацела нават, каб маршалкам яе быў той самы непрытульны князь Радзівіл, які за нязломную сваю адданасьць айчынным свабодам і за няўтольную нянавісьць да маскалёў усё яшчэ быў ганімы.

Зьнялі зь яго баніцыю, вярнулі няпраўна адабраныя ўрады, зрабілі яго, так бы мовячы, правадыром народу, нават над маскоўскім войскам даручылі яму каманду. Канфэдэрацыя ператварылася ў сойм, усё прыбіралася гэтак, быццам бы голас сумленьня адазваўся ў ворагах нашых, якія быццам бы справядлівымі для нас хацелі быць.

Каму цяпер невядома, чым скончыліся тые надзеі? Тое, як схапілі й на Сыбір вывезьлі трох сэнатараў і аднаго пасла, усяму сьвету паказала, якія ёсьць прынцыпы ўраду маскоўскага, як там разумеюць права народаў і чым у істоце ёсьць уяўнае рэфармаваньне таго гаспадарства. Але абраза тая абудзіла, нарэшце, народ, як бы зь якой летаргіі. У шмат якіх ваяводзтвах пабраліся за зброю. Паўстала Барская канфэдэрацыя".

(Ракіцкі: ) "Тады ўжо дадамо і яшчэ адно пасланьне, якое пакінуў нашчадкам вялікі паэт Адам Міцкевіч:

"Французы, немцы, колькі вам чакаць,
Калі вам давядуць указ царовы,
Калі ваш родны дом абложыць раць,
Бічы ня вецер будуць расьсякаць.
І хоць ад горычы вам зойме мову,
Цар загадае выхваляць і славіць
Сыбір, бізун і кованыя боты,
Ці будзеце цара вы песьняй бавіць,
Сьпяваючы цяперашнія ноты?"

На маю думку, варта часам прыслухоўвацца да мітаў і да прарокаў. Але мушу падкрэсьліць, што й Міцкевіч, і Жавускі, і Радзівіл, і іншыя нашыя "рэспандэнты" гавораць звычайна пра нейкі зьбіральны вобраз масквы і маскаля, як сымбаляў традыцыйна няправеднага і агрэсіўнага ладу гэтага края, сымбаляў, што паўстаюць на палітычных скрыжалях.

Калі ж гаворка заходзіць пра побытавыя, штодзённыя кантакты рэальных людзей, ацэнкі могуць быць і зусім іншыя. Як успрымалі нашыя продкі "чалавека з Маскоўшчыны" ў жыцьці будзённым — таксама, здаецца досыць цікавая тэма. І абмяркуем мы яе са спадаром Арэшкам наступным разам".
XS
SM
MD
LG