Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Соймікавая дэмакратыя.


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Прага

(Ракіцкі: ) "Беларусы маюць багаты вопыт выбараў. Калі зьвярнуцца да гісторыі беларускага народу, да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, яна ўся як бы прасякнутая выбарамі й выбарам.

Ад XVI-га стагодзьдзя, бадай, ніводная важная дзяржаўная справа не пачыналася без нарады з народам — вядома ж, у тыя часы народам шляхецкім. Пра тое, што кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь Літоўскі абіраліся шляхтаю ўсёй краіны, цяпер мусіць ужо ведаць кожны школьнік.

Можа быць, мы схільныя часам і перабольшваць дэмакратычнасьць нашых продкаў, але існаваньне шляхецкай рэспублікі з разьвітай прававой сыстэмаю і, прынамсі, фармальнай выбарнасьцю вышэйшай дзяржаўнай улады — гэта неаспрэчны факт, які ня мог не паўплываць на нашу мэнтальнасьць, а значыць, і на наша сёньняшняе грамадзтва.

Калі казаць пра гэты ўплыў, дык здаецца, тое бязладзьдзе і няздольнасьць дамаўляцца паміж сабою, якія часам уласьцівыя нашым дэмакратычным колам, — непасрэдная спадчына нашых свавольных папярэднікаў".

(Арэшка: ) "Насамрэч шляхта заўсёды дзялілася на розныя партыі, на чале якіх трымаліся магнацкія фаміліі, і ў адстойваньні прыватных інтарэсаў вельмі часта забывалася пра сапраўдныя дзяржаўныя праблемы. Але нашы сучасныя дэмакраты, здаецца, здолелі абаперціся на найлепшае ў гістарычнай традыцыі і зьяднацца дзеля агульных інтарэсаў грамадзтва".

(Ракіцкі: ) "Мой госьць — гісторык культуры Вацлаў Арэшка. Выбары караля й вялікага князя можна параўнаць з выбарамі прэзыдэнта ў сучаснасьці. Гэта, так бы мовіць, найвышэйшы ўзровень. Але цікава, у якой форме ажыцьцяўлялася дэмакратыя на іншых узроўнях улады, спадар Арэшка?"

(Арэшка: ) "Кароль абіраўся на элекцыйным сойме, дзе магла ўдзельнічаць уся шляхта. Але такія соймы, зразумела, адбываліся досыць рэдка. У звычайнай сытуацыі найвышэйшым органам прадстаўнічай улады быў вальны сойм у ВКЛ ці агульны сойм Рэчы Паспалітай, які зьбіраўся раз на два гады.

На яго абіраліся дэпутаты, ці, як іх тады называлі, "паслы" — па два ад усіх паветаў краю. Гэтыя паслы абіраліся павятовымі соймікамі. Менавіта павятовыя ды ваяводзкія соймікі, на маю думку, былі сапраўдным падмуркам шляхецкай дэмакратыі. На іх абіраліся ня толькі паслы на вальны сойм, але й дэпутаты ў трыбунал, вырашаліся многія праблемы, як зараз кажуць, рэгіёну.

Паслам давалі "інструкцыі" — наказы, як адстойваць інтарэсы павету ў сталіцы. Соймікі былі чынным інструмэнтам, празь які шляхта непасрэдна ўдзельнічала ва ўладзе, а магнатэрыя й вярхоўная ўлада імкнуліся празь іх уплываць на "народ шляхецкі". Спрэчкі на сойміках часам даходзілі да сапраўдных баталіяў. Вось як апісвае звычайны, можна сказаць, соймік у берасьцейскім ваяводзтве вядомы нам мэмуарыст XVIII ст. Марцін Матушэвіч:

"Настаў дзень сойміка, на якім быў і Сапега, берасьцейскі ваявода. Па ранішняй імшы сышліся ваявода, падскарбі і ўсе ўраднікі да кляштара езуіцкага, нібы на камбінацыю канкурэнтаў аб пасольстве, але коратка там прабылі, бо разумелі, што добра будзе, каб Крапінскі, гродзкі судзьдзя, і Быстры сталіся б пасламі. На маршалка сойміка ваявода берасьцейскі прапанаваў Флемінга, падскарбяга.

Потым пайшлі ўсе на соймік да касьцёлу аўгустыніянаў. А там ваявода, распачаўшы соймік, падаў да ляскі Флемінга і зараз жа яму крэсла саступіў. Спрытны Флемінг, усеўся быў ужо на крэсьле, але Пётра Пашкоўскі, палкоўнік, на гэта не дазволіў. Флемінг ужо хацеў падзякаваць грамадзе за абраньне, але Пашкоўскі на тое вельмі заспрачаўся, а за ім шляхта ледзь ня ўся закрычала: "не дазваляць на маршалкоўства Флемінгу!"

Зьмяшаўся пры тым Флемінг. Пачаў кідацца, гневацца, а шляхта тым жвавей на яго лаялася. Раз вырвалі з-пад яго крэсла і з імпэтам ды моцна тым крэслам да стала прыперлі. Хацеў ён схапіцца за шпаду, але яго Быстры за руку прытрымаў. Як шляхціц яму які, чаго прыкрага казаў, дык ён пытаўся яго: "Як цябе завуць?" Спрытна яму за тое слова "ты" адказвалі.

Потым Францішак Касьцюшка, берасьцейскі пісарэвіч, чалавек сьмелы, таксама яму нешта прыкрае мовіў. Флемінг, зьмяшаны, кажа да яго: "Як ты завесься?", а пісарэвіч яму ў адказ: "А ты як завесься?" Потым пачаў пісарэвіч распавядаць гісторыю, як падчас апошняга міжкаралеўя прыехаў адзін сас да ягонай вёскі ды казаў сабе сыру, масла даваць. Ды ён сам сеў на каня, паехаў да вёскі і, убачыўшы саса, як сьцебануў яго нагайкаю на тры пальцы таўшчынёю праз лоб, дык сас на зямлю і ўпаў. Тады ж, сьсеўшы з каня, пачаў яго па нагавіцах хвастаць, такія мовячы словы: "А да Саксоніі, скурвысыне сасе, ня ў нашым ваяводзтве загадваць".

Меў і болей чаго Флемінг паслухаць, а тым часам шляхта ўсё болей хвалявалася. Нарэшце Флемінг, падняўшы ляску, ударыў у стол, толькі тыя сказаўшы словы: "Разьвітваюся", а шляхта яму адказала: "Не разьвітвайся, бо не вітаўся". Тут Флемінг, ня вытрымаўшы, пачаў з фурыяй наступаць на палкоўніка Пашкоўскага, а тады Пётра Талочка, крыкнуўшы "А дакуль жа так будзеш шляхту трактаваць!..", схапіўся за шаблю.

Зараз жа ўся шляхта пахапалася за шаблі. Быстры і Крапінскі наперад уцяклі, а за імі сунуўся да ўцёкаў Флемінг. Як шляхта на лавах пры століку стаяла ды за шаблі схапіліся, дык лава зь імі і вывернулася. Флемінг, уцякаючы да закрыстыі, хацеў празь ляжаўшую на зямлі шляхту пераскочыць — упаў. Ляжачага тады яго малы хлапец, гадоў чатырнаццаці, Тыматэй Ляскоўскі, сын нябожчыка рэгента гродзкага, колькі разоў тупой шаблінай па плячох і пакрапіў. А тымчасам Франц, гайдук ягоны, падхапіў Флемінга падпахі, падняў, і гэтак Флемінг ўцёк".

(Ракіцкі: ) "З гэтага зразумела, чаму на сойміках ня раз даходзіла й да сьмерці апанэнтаў. Але ж уплыў на грамаду адбываўся, напэўна, ня толькі праз узаемны гвалт".

(Арэшка: ) "Так. Найважнейшае месца займалі "закулісныя" перамовы паміж кіраўнікамі шляхецкіх партыяў. Моцна ўплывалі на публіку палымяныя й дасьціпныя прамовы. Але на нашых сучаснікаў яны хіба падзейнічалі б наадварот — стыль за стагодзьдзі радыкальна перамяніўся. Асноўным жа сродкам, з дапамогаю якога вырашаліся пытаньні, каго абіраць, звычайна былі грошы й абільны пачастунак. Анджэй Кітовіч дае ў сваім "Вопісу звычаяў за панаваньне Аўгуста ІІІ" амаль вычарпальнае апісаньне соймікавага частаваньня:

"Панства і заможная шляхта частаваліся на сойміках стравамі адборнымі і напоямі добрымі, найбольш вэнгерскім віном, якога ім чым болей, ды лепшага давана было, тым большая была там сходка.

Дробная шляхта з панамі не мяшалася, мела свае асобныя сталы па розных сядзібах, а ўлетку па садах і падворках пад намётамі. Там іх праз увесь час сойміку кармілі і паілі. Пры кожным такім стале знаходзіўся адзін ды другі з панскага атачэньня слуга альбо прыяцель, дзеля заахвочваньня. Стравы для дробнай шляхты не былі вытанчаныя, звычайна мясныя: валавіна, сьвініна, бараніна, часам курэй, гусей ды індыкаў смажана было. Гатавалася ўсё салёна ды кісла — каб выклікала прагу да напояў.

З ранку давана было гарэлкі раз, другі й трэці, пастаўлена на стале колькі боханаў хлебу, брыляў масла ды кавалкаў смажаніны, што звычайна стоячы разарвана паміж сабою было. Хто адчуваў яшчэ па тым падсілку смагу — давалі піва. Зрэшты ад абжорства ўстрымлівалі іх, каб утрымацца маглі ў прытомнасьці для соймікавай працы, да якой іх адпаведна часу адводзілі ў касьцёл ці на могілкі — дзе соймік адпраўляўся, навучаных ужо, што маюць падтрымліваць, альбо чаму працівіцца...

Па скончанай сэсіі прыводзілі тыя роты да сваіх сталоў, дзе пачаты абед сутыкаўся зь вячэраю, а тая цягнулася да поўначы, а то й да белага дня".

(Ракіцкі: ) "Зрэшты, гэтая старая традыцыя падтрымлівалася нават і ў часы савецкай "дэмакратыі" — усе ведалі пра дэпутацкія сталоўкі й крамы. Цяперашнія "палатачнікі" хіба таксама ня супраць "дэпутацкіх падсілкаў"...

Але калі казаць пра сапраўдную традыцыю "саймаваньня" — наколькі старадаўняя яна была ў ВКЛ?"

(Арэшка: ) "Пачатак яе губляецца ў дагістарычнай эпосе. А гістарычным папярэднікам соймаў і соймікаў было веча — сход на раду паўнапраўных вольных мужчынаў. Гарадзкое веча ў сярэднявеччы магло абраць альбо пазбавіць улады князя, які быў вайсковым правадыром, а не адзінаасобным уладаром. Абіраліся і іншыя службовыя асобы.

Як бачым, традыцыя вольнага абіраньня сягае вельмі далёка, а праіснавала яно ў нас да XV ст., калі было замененае соймам. У вайсковай дружыне ваяры зьбіраліся на сваю нараду — "кола", якое пазьней назвалі рыцарскім. Па старажытным звычаі на нараду заўсёды зьбіраліся ў "кола", таму часам ня толькі вайсковыя сходкі, але й любую раду называлі "колам".

Кожная гусарская харугва ў РП да канца XVIII ст. мела сваю раду — "харуговае кола", якое зьбіралася раз на год, абіраючы дэпутатаў на вайсковы трыбунал і дзеля збору сродкаў на ўтрыманьне харугвы. Той жа Кітовіч апісвае гэткае "кола":

"Калі прыходзіў дзень, прызначаны колу, схадзіліся ўсе прысутныя да паручніка альбо да харужага, хто зь іх быў прысутны, альбо да намесьніка, калі ніводнага афіцэра не было. Там, як заселі вакол стала парадкам старшынства, прэзыдуючы меў да рыцарства павітальную прамову, у якой найперш прыгаданая была ахвяра жыцьця й фартуны дзеля цэласьці айчыны, потым падзяка Найясьнейшаму Пану Каралю за яго бацькоўскае пра справы публічныя дбаньне, далей цягнуліся з вуснаў вайсковага красамоўцы пахвалы гетману, правадыру і дабрадзею жаўнерскаму, адважнаму і непераможнаму ваяру, потым мужным багатырам Жаўкеўскім, Карэцкім, Хадкевічам, Чарнецкім, Сабескім. Напрыканцы даставалася па троху пахвалаў панам ротмістру, паручніку, харужаму, намесьніку і ўсяе годных калегаў грамадзе — прысутным і непрысутным...

Па ўсіх рахунках прыступалі да абраньня новага дэпутата, пленіпатэнта да Трыбуналу ў Радамі і двох рэзыдэнтаў для асыставаньня ротмістру. На гэтыя справы прызначана было тры дні..."

(Ракіцкі: ) "Цікава, як адбывалася сама працэдура выбараў на шляхецкіх сойміках — ці існавалі урны, бюлетэні?.."

(Арэшка: ) "Самае галасаваньне называлі "крэскаваньнем", бо на дошцы насупраць прозьвішча кандыдата ставілі крэйдаю крэскі — чым больш крэсак, тым болей галасоў. Гэта было тым больш зручна, што ня ўсе выбарцы ўмелі добра чытаць і пісаць. Голас выбарца так і называўся — "крэска", а калі хтосьці перамагаў суперніка на выбарах, казалі, што ён яго "перакрэскаваў".

(Ракіцкі: ) "Шчыра кажучы, агульнае ўражаньне ад нашае "павятовае дэмакратыі" нейкае дваістае — чаго ж у ёй насамрэч было болей — боек, п’янства, подкупу, пустаслоўя ці адказнасьці, руплівасьці пра айчыну і... самой дэмакратыі?"

(Арэшка: ) "Самым важным у нашай дэмакратычнай традыцыі мне сёньня здаецца менавіта тая звычка да прысутнасьці права, да магчымасьці выбіраць, да значнасьці асобы, якая выпрацавалася ў нашым рэгіёне, нягледзячы на ўсе недахопы шляхецкай рэспублікі.

Самы факт, што ва ўспамінах, дзёньніках эпохі барока, у мастацкіх творах таго часу ці прысьвечаных яму, шмат старонак аддаецца апісаньням соймікаў, трыбуналаў, выбараў, гаворыць пра тое, якой важнай была гэтая тэма для грамадзтва. Гэта менавіта тое ўменьне выбіраць, пра якое мы казалі напачатку нашае размовы.

Гэта — досьвед свабоды, які ніколі не зьнікае ў грамадзтве зусім".

(Ракіцкі: ) "Будзем спадзявацца, што нашыя суайчыньнікі адчуюць у сваіх генах гэты досьвед і здолеюць вырашыць лёс сваіх нашчадкаў больш адказна, чым рабілі гэта часам нашыя продкі".
XS
SM
MD
LG