Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары вялікіх князёў у старажытнай беларускай дзяржаве.


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Прага

(Ракіцкі: ) "Наша дзяржава яшчэ ў далёкай гістарычнай пэрспэктыве мела досьвед улады, які моцна нагадвае тое, што мы сёньня называем прэзыдэнцкай рэспублікай. Толькі тады кіраўніком дзяржавы зьяўляўся вялікі князь, якога яшчэ называлі Гаспадаром. І, між іншым, існавала добра адладжаная сыстэма выбараў галавы дзяржавы".

(Грыцкевіч: ) "Практыка выбараў пачынаецца фактычна з Полацкага княства, з Тураўскага княства. Хаця трымаліся прынцыпу спадчыннасьці князя — ад бацькі да сына, да брата, але, прыкладам, у Полацкім княстве народнае веча магло й скінуць князя, запрасіць або выбраць. І таму такая практыка была яшчэ ў Полацкай дзяржаве, яна пашыралася ў Вялікім Княстве Літоўскім. І нават першае панаваньне Міндоўга пачыналася практычна таксама з выбараў. Дружына, мясцовае баярства запрасіла яго на Наваградзкі пасад".

(Ракіцкі: ) "Як суадносілася сыстэма выбараў вялікіх князёў Літоўскае дзяржавы з агульнаэўрапейскім кантэкстам? Хто выбіраў галаву дзяржавы, спадар Грыцкевіч?"

(Грыцкевіч: ) "Беларусь у гэтым сэнсе адрозьнівалася ад усходніх раёнаў, напрыклад, Масквы ці іншых княстваў на Русі. Яна фактычна ўпісвалася ў агульнаэўрапейскі кантэкст. Выбары вялікіх князёў у Беларусі, асабліва ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве, былі такія, як у Германскай імпэрыі ці ў некаторых ранейшых фэадальных манархіях Англіі ці нават Францыі, пакуль там не ўсталявалася спадчынная сыстэма.

У ВКЛ таксама спалучалася спадчыннасьць з выбарам. Прыкладам, выбіралі заўсёды з адной дынастыі. Гэта былі нашчадкі Гедыміна, потым нашчадкі Альгерда. Але яны выбіраліся на зьездах — паколькі дзяржава была фэадальнай, то выбіралі фэадалы, па-нашаму тады "баяры".

(Ракіцкі: ) "Пазьней нашыя продкі ўжо выбіралі караля Польскага й вялікага князя Літоўскага за часы Рэчы Паспалітае. Ці было гэта працягам тае ранейшае традыцыі? Традыцыі і нашай, і польскай?"

(Грыцкевіч: ) "Гэта агульная традыцыя ў славянскіх дзяржавах на ўсходзе Эўропы. Калі ўтварылася Рэч Паспалітая, спадчыннасьці ўжо не было. Фактычна выбіралі караля, ён жа вялікі князь Літоўскі, Рускі, як тады называлі Беларусь. Яго выбіралі пажыцьцёва. А нашыя гісторыкі, напрыклад, Ластоўскі называюць яго "пажыцьцёвым прэзыдэнтам".

Але выбіралі з адной і той жа дынастыі — кагосьці звонку выбіралі ўжо толькі ў Рэчы Паспалітай, і гэта практычна мог быць кожны выбаршчык. Выбаршчыкамі была шляхта. Таму кожны зь іх мог быць абраны на пасаду".

(Ракіцкі: ) "Як адбываліся выбары ў апошні пэрыяд беларускае дзяржаўнасьці да акупаваньня Беларусі Расейскай імпэрыяй?"

(Грыцкевіч: ) "Быў распрацаваны парадак выбараў, які быў запісаны ў Статуце ВКЛ 1588 году. А таксама ў іншых законах і нават у практыцы юрыдычнай. Спачатку выбіралі (на сойміках, на паветах) дэпутатаў на сойм, які павінен быў абраць новага караля, вялікага князя.

Але практыка была пашыраная ў бок дэмакратыі, і кожны выбаршчык мог прыехаць на сойм за некалькі соцень кілямэтраў і ўдзельнічаць у выбарах. Самыя буйныя соймы — аж да 30 000 чалавек у чыстым полі, прычым выбіралі тыя, хто мог прыехаць. Магнаты прывозілі сваіх, шляхту, якая служыла. Такім чынам, выбары, з гледзішча таго часу, былі ад усяго народу, народ лічыўся шляхтай. Мяшчане й сяляне ў выбарах ня ўдзельнічалі — дзяржава была фэадальная. Але старажытныя традыцыі выбарнасьці галавы дзяржавы працягваліся".

(Ракіцкі: ) "Што ўваходзіла ў кампэтэнцыю галавы дзяржавы ў Беларуска-Літоўскім гаспадарстве і ў Рэчы Паспалітай? Якія ўмовы ставілі кандыдатам на галаву дзяржавы?"

(Грыцкевіч: ) "Галава дзяржавы меў пэўныя функцыі, але даволі абмежаваныя, ягоную дзейнасьць абмяжоўваў сойм. Калі сойм увесь час ня мог дзейнічаць, то вылучалі частку дэлегатаў, якія кантралявалі дзейнасьць. Сэнатары найвышэйшай палаты таксама кантралявалі дзейнасьць галавы дзяржавы.

Функцыі галавы дзяржавы: правядзеньне зьнешняе палітыкі, дачыненьні зь іншымі дзяржавамі, нагляд за выкананьнем законаў у сваёй дзяржаве без асабістага ўмяшальніцтва ў розныя справы. Ён зацьвярджаў асноўных дзяржаўных асобаў сваімі так званымі прывілеямі, загадамі. А таксама камандаваў войскам. Вось яго асноўныя, даволі абмежаваныя функцыі. Напрыклад, кагосьці арыштаваць або адправіць на сьмерць ён ня мог.

Перад тым, як выбіралі кандыдатаў, ставілі ўмовы. Адмыслова зьбіралі сойм, які б кантраляваў выкананьне ўмоваў. Дзяржава кантралявала свайго абранага караля. Напрыклад, маглі забараніць шлюб з пэўнай асобай, прынцэсай, які б мог зашкодзіць дзяржаве. Карацей, кантралявалі добра".

(Ракіцкі: ) "А ці маглі выбаршчыкі супрацьстаяць галаве дзяржавы, калі галава парушаў законы, перавышаў паўнамоцтвы?"

(Грыцкевіч: ) "Гэта было дазволена і Статутам, і законамі. Шляхта выбірала караля, вялікага князя — і калі бачыла парушэньні зь ягонага боку, ці калі ён хацеў сабе прысвоіць большыя паўнамоцтвы, захапіць болей улады, шляхта магла выступіць супраць яго са зброяй у руках — і гэта не лічылася бунтам. Гэта лічылася законнай справай шляхты.

Таму і зьяўляюцца "рокашы" — калі ўзброеная шляхта ідзе супраць караля або канфэдэрацыі; яны прымалі пэўныя законы, зь якімі кароль ці вялікі князь мусіў згаджацца. Калі не, то супроць яго могуць выступіць са зброяй, прымусіць выконваць законы, калі не, то могуць і скінуць".

(Ракіцкі: ) "У дэмакратычных працэсах, у працэсах выбару галавы дзяржавы і кантролю за ягонай дзейнасьцю якую ролю адыгрывалі "рокашы" й "канфэдэрацыі?"

(Грыцкевіч: ) "Можна сказаць, што яны карэктавалі палітыку галавы дзяржавы. Ён лічыўся з тым, што заўсёды можа быць процістаяньне. Ён мусіў выконваць законы, якія былі ў гэты час".

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, мы можам сказаць, што ўлада манарха была абмежаваная?"

(Грыцкевіч: ) "Калі параўноўваць зь цяперашнім станам Беларусі, значна абмежаваная. І таму ён быў вымушаны праводзіць разумную палітыку, каб яго ня скінулі зь ягонага пасаду".

(Ракіцкі: ) "Значыць, Беларусь мае даволі даўнюю дэмакратычную традыцыю. Як вядома, адным з паказчыкаў дэмакратыі ёсьць выбары, выбары галавы дзяржавы. Давайце паспрабуем, спадар Грыцкевіч, суаднесьці нашую даўнюю традыцыю вольных выбараў з сучасным станам выбарчай сыстэмы ў Беларусі і з практыкай правядзеньня выбараў".

(Грыцкевіч: ) "Трэба сказаць, што цяперашняя сыстэма бальш нагадвае азіяцкую сыстэму спадчыннасьці ханаў і захопу вялікай улады ў свае рукі. Законы — фактычна гульня для такіх азіяцкіх кіраўнікоў, даўнейшых і цяперашніх.

Традыцыі дэмакратычнасьці ў Беларусі цягнуцца з далёкіх часоў, калі, напрыклад, былі плямёны, дзе ўсе мужчыны, воіны, узброены народ выбіралі сабе князя. Ад таго й пайшла гэткая сыстэма ў Полацкае княства, у Вялікае Княства Літоўскае, у Рэч Паспалітую.

Гэтая традыцыя перарвалася пры канцы ХVІІІ стагодзьдзя, з моманту далучэньня да Расейскай імпэрыі, дзе такой традыцыі ніколі не было. Была традыцыя моцнае ўлады, спадчыннасьць, зь неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Так, гледзячы з пэрспэктывы стагодзьдзяў, можна сказаць, што яна захавалася ў Расеі, я ўжо не кажу пра азіяцкія рэспублікі былога СССР. І такім чынам гэтая традыцыя трапіла і ў нашую краіну — як спадчына азіяцкае дзяржавы.

Што да традыцыяў, то традыцыя ў нас ніколі не памірала, таму й цяпер у беларускім народзе шмат сілаў, якія ўплываюць і могуць уплываць на тое, каб выбары галавы дзяржавы былі вольныя, свабодныя і сумленныя".
XS
SM
MD
LG