Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камора тартураў, альбо Катаваньні як сродак судовага дазнаньня ў сярэднявечнай Беларусі


Вячаслаў Ракіцкі

(Ракіцкі: ) "Зазіраючы ў мінуўшчыну, мы адшукваем перадусім тое, чым можна ганарыцца, а значыць, набываем дадатковыя апірышчы, каб больш трывала стаяць на нагох у нашым хісткім сёньня. Таму ў нашай праграме пра эпоху Сярэднявечча гаворым са знакам "плюс", бо ўсё ж тады быў росквіт нашае старажытнае дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.

Але Вялікае Княства Літоўскае як дзяржава эўрапейская, разьвітая, мела й досьвед адмоўны. Зноў жа ўласьцівы Сярэднявечнай Эўропе ўвогуле. У адмоўным досьведзе, мне падаецца, таксама ёсьць сэнс, бо ягоныя рудымэнты нацыя і ў апошнім стагодзьдзі пабачыла, адчула. Адчувае й сёньня.

Пра дзікунства Сярэднявечча, дый яшчэ ўхваленае законам, сёньня й будзем гаварыць — пра катаваньне як сродак судовага дазнаньня.

Дык чаму ў Сярэднявеччы так шырока ў юрыдычнай практыцы ўжывалiся катаваньнi, цi, як яшчэ казалi, тартуры ?"

(Белы: ) "Таму што тагачасная крымiналiстыка проста ня ведала iншых сродкаў доказу цi абвяржэньня вiны. Афiцыйна катавалi ня дзеля таго, каб задаволiць чыюсьцi жорсткасьць, а каб праверыць паказаньнi сьведак цi iншыя знакi, якiя, на думку судзьдзi, давалi магчымасьць падазраваць пэўную асобу. Карпатлiвы збор i аналiз доказаў i ўсялякая iншая дэдукцыя — ўсё гэта зьявiлася толькi ў Эўропе й толькi ў ХІХ стагодзьдзі. А да гэтага ва ўсiх народаў унiвэрсальным iнструмэнтам сьледзтва — пэўным аналягам дэтэктара хлусьнi — былi толькi тартуры. Прызнаўся — вiнаваты, вытрымаў — апраўданы".

(Ракіцкі: ) "А як гэта адбывалася ў нашай старажытнай дзяржаве?"

(Белы: ) "Нашая юстыцыя тут, як i ў выкананьнi вырокаў, iшла за агульнаэўрапейскiмi нормамi. Тыя самыя каты й гiцлi, найманыя служкі майдэборскiх гарадоў, абслугоўвалi ня толькi гарадзкiя суды, але й суды любых юрысдыкцыяў, калi ўзьнiкала патрэба ў iхных паслугах. Даволi прыбытковых, дарэчы, бо магiстраты пазычалi катаў iншым судам не за дзякуй".

(Ракіцкі: ) "Цi былi тартуры неяк рэглямэнтаваныя? Цi каты маглi iмправiзаваць як заўгодна, абы дамагчыся прызнаньня?"

(Белы: ) "У Лiтоўскiм статуце сама працэдура катаваньняў не была канкрэтна расьпiсаная. Суды i Лiтвы, i Польшчы карысталiся падручнiкам XVI стагодзьдзя Барталямэя Граiцкага “Парадак судоў i справаў гарадзкiх права майдэборскага”, якi быў складзены на падставе нямецкiх крынiцаў. Вось гэта й быў наш “Крымiнальна-працэсуальны кодэкс”.

(Ракіцкі: ) "Давайце паслухаем фрагмэнт з гэтага падручніка..."

"Калi шмат злачынцаў, у адным падазроныя, на муку маюць быць зданыя, Судзьдзя мае той парадак хаваць, абы таго найперш казаў мучыць, якого бы разумеў да паведамленьня праўды схiльнейшага. Калi бацька з сынам мае быць мучаны, перш сын перад аблiччам бацькоўскiм або ў адсутнасьцi, але за вядомасьцю яго, дзеля таго што бацька зь лiтасьцi над сынам хутчэй схiлiцца да прызнаньня нiж за ўласнымi мукамi. А калi жонка з мужам, найперш жонка, дзеля таго, што жаночая плоць, слабейшай натуры будучы i ня так цярплiвай, бардзей можа быць прыведзеная напамiнкам i мукамi да прызнаньня, нiж муж".

(Ракіцкі: ) "Граiцкi быў для свайго часу сумленным чалавекам, якi напiсаў свой падручнiк менавiта дзеля таго, каб неяк абмежаваць “мiстраў справядлiвасьцi” ў iхнае ўсяўладнасьцi над падазронымi".

(Белы: ) "Так, бо калi яшчэ судзьдзя быў сумленным i асабiста прысутнiчаў на катаваньнях, з падсудным абыходзiлiся паводле хаця й жорсткага, але ўсё ж права. Калi ж яго пакiдалi аднаго з катам i гiцлямi, не было гарантыяў, што перад кожнай тартурай яны палезуць зьвярацца з падручнiкам. Калi ж усё было “паводле правiлаў”, дык пачыналiся тартуры прыкладна так..."

"Iнстыгатар прамовiў да ката: “Мiстру, чынi паводле права”. Кат, перш чым прыступiць да экзэкуцыi, выгукнуў тры разы: “Мосьцi панове застольныя i прадстольныя” — выражаючы тымi тэрмiнамi суд, якi сядзеў за сталом, i iнстыгатара, якi стаяў перад сталом — “Чы з воляй, чы ня з воляй?”. Iнстыгатар адказваў яму за кожным разам: “З воляй!"

(Белы: ) "Гэта ўжо саксонская эпоха, XVIII стагодзьдзе, са славутага дзёньнiку Кiтовiча. Так фармальна і ўрачыста кат атрымлiваў ад абвiнавачваньня пацьверджаньне сваiх паўнамоцтваў. У прынцыпе, кат быў ня столькi музыкантам-салiстам, колькi дырыжорам пякельнага аркестру. Улады спрабавалi захаваць рэпутацыю катаў i звычайна самi яны падчас катаваньняў i пакараньняў выконвалi толькi самыя важныя “працэдуры”: падпальвалi стос, сьцiналi галаву, зачытвалi судовую пастанову цi вырак. Таму, дарэчы, абавязкова мусiлi быць пiсьменнымi. А вось тартуры непасрэдна выконвалi iхныя памочнiкi — “гiцлi” цi “апраўцы”. Хаця часта каты не маглі адмовіць сабе ў садысцкай асалодзе".

(Ракіцкі: ) "А якая прылада тартураў была ў нас самай распаўсюджанай?"

(Белы: ) "Дыба. Пра што сьведчыць і ейная iншая назва на старабеларускай мове: “катоўня”. У розных эўрапейскiх краiнах канструкцыя дыбы мела мясцовыя асаблiвасьцi, але ўсюды яна заставалася самым галоўным iнструмэнтам, вакол якога будаваўся ўвесь працэс дазнаньня. Сутнасьць катаваньня на дыбе палягала ў расьцяжэньнi цела, прывязанага за рукi й ногi, пры дапамозе лябёдкі ці вората, так што рукi й ногi выломлівалiся са ставаў. Вось як гэта апісваў Кітовіч..."

"Як толькі кат пацягнуў за вяроўку, канец якой трымаў у рукох, рукі вязьня адразу пачалі выламвацца са ставаў плеч, выцягваючыся за галаву і ўгару, за імі падаваўся і торс, ногі ж, выцягнутыя і прывязаныя да крука, падвісалі ў паветры. Калі па той муцэ вязень упарта трымаўся, кат клікаў свайго памочніка і абодва пачыналі цягнуць за вяроўку што ёсьць моцы. Зараз вязень быў выцягнуты як струна. Выкручаныя за галаву рукі складалі адну лінію з павісшым у паветры целам, на грудзёх утварылася глыбокая яма, у якую звалілася галава. Можна было пералічыць усе скабы, косьці, ставы й жылы. Калі здаралася, што вязень на тартурах канаў, яго ціхенька хавалі, а справа зачынялася".

(Белы: ) "Другiм нязьменным iнструмэнтам з катаўскага арсэналу былi жалезныя абцугi, якiя звычайна напальвалi на агнi й лiтаральна рвалi цела ахвяры, расьцягнутай на дыбе. Абавязкова “катаўская аптэчка” ўключала ў сябе й серу, якую палiлi проста на целе. Звычайная формула са старабеларускага апiсаньня тартураў: “на катовнi долго был драпаны пазноктi железнымi i был палены свечамi, он однак трвал на вызнаню”. У гэтае апiсаньне ня ўкладзена нiякага асуджэньня, нiякiх эмоцыяў увогуле, бо назiраньне тартураў было рэччу такой жа звыклай, нармальнай, як для нас назiраньне чалавека ў стаматалягiчным фатэлі.

Можна доўга пералiчаць размаiтыя прылады катаваньняў. “Гусь”, “куны”, кайданы — ўсяго не пералiчыш. У кожным горадзе ў ратушы былi лёхi, дзе трымалi ўвесь гэты рыштунак".

(Ракіцкі: ) "Сера, абцугi… Адразу згадваеш сярэднявечныя ксяндзоўскія казаньнi пра пекла..."

(Белы: ) "I невыпадкова, бо вобраз пекла ў сярэднявечнай сьвядомасьцi фармаваўся менавiта пад узьдзеяньнем рэалiяў каморы тартураў. Ня ведаю, якiм будуць бачыць пекла ў эпоху разьвiтага постмадэрнiсцкага гуманiзму... Але для людзей сярэднявечча пекла мела цалкам рэальныя абрысы, на якiя i спасылалiся тэолягi".

(Ракіцкі: ) "I колькi гэтак маглi мучыць няшчаснага?"

(Белы: ) "Афiцыйна дазвалялася паўтараць кожнае катаваньне 3 разы — праўда, пры гэтым нiяк не агаворвалася працягласьць мукi. Часам кат адмыслова рабiў перапынак у тартуры, маючы на ўвазе, што новы “сэанс” — гэта не наступная спроба, а толькi працяг першай. Так што рэальна катаваньнi маглi працягвацца шмат дзён".

(Ракіцкі: ) "Ці ўсе людзі былі роўнымі перад законам? Маю на ўвазе прадмет нашае гаворкі — катаваньні..."

(Белы: ) "Заканадаўства вызваляла ад мукi дзяцей да 14 год, i старых пасьля 60, цяжарных... канешне ж, шляхцiцаў... Адным з галоўных шляхецкiх прывiлеяў было вызваленьне ад тартураў. Праўда, у выпадку гэтакiх палiтычных злачынстваў як дзяржаўная здрада або абразы маестату гэты прывiлей скасоўваўся. Лiчылася, што чалавек, якi трапiў “у рукi катаўскiя”, губляў годнасьць. Пры словах “Рукi катаўскiя”, дарэчы, уяўлялiся адначасова й рукавiчкi, бо лiчылася, што кат мусiць быць у рукавiчках. Нават калi шляхцiц трапляў на катаваньне памылкова, ён губляў шляхецтва, вярнуць якое можна было, толькi адмыслова зьвярнуўшыся да караля. Таксама вольныя ад катаваньня былi дактары розных навукаў, узнагароджаныя за вялiкiя заслугi, выбарныя кiроўныя асобы майдэборскiх гарадоў — але толькi на час свайго знаходжаньня на пасадзе".

(Ракіцкі: ) "Боль... Ня кожны яе вытрывае. Зь гісторыі ведаем, што людзі цягам катаваньняў нагаворвалі на сябе. Узгадаем хоць бы не такія аддаленыя ад нас сталінскія часіны. Дый у сучаснай судовай практыцы прыкладаў такіх нямала можна знайсьці. Калі чалавек на сьледзтве не прызнаецца, гэта мінус самому сьледзтву".

(Белы: ) "Задача аддадзенага ў рукi катаўскiя падазраванага, калi ён хацеў адстаяць сваю невiнаватасьць, была вельмi складанай. Бо каты й гiцлi сваё чорнае рамяство ведалi, прызнаньне ўжо як бы прадбачылася, i калi няшчасны вязень не хацеў даваць паказаньняў супраць сябе, найбольш натуральным тлумачэньнем такое ўпартасьцi для сярэднявечнай юстыцыi было чарадзейства. Сярэднявечнаму судзьдзi было лягчэй паверыць у д'ябальскiя чары, чым у невiнаватасьць абскарджанага. Тады ўсе верылi ў iснаваньне розных сродкаў, накшталт амулетаў, здабытых з дапамогаю д'ябла, якiя, схаваныя на целе — пад пахамi, у валасах, у роце, у iнтымных месцах — нiбыта маглi дзейнiчаць як свайго кшталту анэстэзiя. Катуючы, пiльна сачылi, цi ня сьпiць быццам бы ахвяра. Аналягiчным чынам пазбаўляць болю маглi нiбыта й галоўныя хрысьцiянскiя малiтвы, калi iх чытаць ззаду наперад — таксама, вядома, дапамога шатана. Калi ва Ўпiцкiм гродзкiм судзе ў 1595 г. катавалi двух абвiнавачваных у крадзяжы, у аднаго зь iх, калi кат здымаў кашулю, з-пад пахi выпала хлебная скарынка. Нiякага сьледзтва наконт крадзяжу ўжо не вялося, затое абодва былi спаленыя жыўцом як чараўнiкi. А ўявiце, калi катавалi менавiта меркаваных чараўнiкоў! Што трываньне, што прызнаньне — ўсё сьведчыла пра вiну".

(Ракіцкі: ) "Цi не таму тартураваных вязьняў распраналі нагола?"

(Белы: ) "Так, прадпiсвалася пакiдаць прыкрытым толькi “сорам прыроджаны”. I каб не было дзе схаваць меркаваныя амулеты, i, бадай, дзеля таго, што аголены чалавек адчувае сябе бездапажным. Увогуле прадугледжвалася некалькi стадыяў тартураў. Па-першае, пагроза тартурамi. Па-другое, наведваньне каморы тартураў i дэманстрацыя катаўскага рыштунку. Па-трэцяе, агаленьне й зьвязваньне. I толькi па-чацвертае, уласна тартуры. Часам i першых трох стадыяў было дастаткова, каб прызнацца ў чым заўгодна".

(Ракіцкі: ) "А што, калi абвінавачванаму ўдавалася вытрымаць усе тартуры, нi ў чым не прызнаўшыся i ня даўшы нагоды абвiнавацiць сябе ў чараунiцтве?"

(Белы: ) "Тады права абвяшчала яго невiнаватым. Суд мусiў апраўдаць такога чалавека i адпусьцiць. Iншая справа, што гэта i ў тыя часы ўспрымалася як бы паразаю сьледзтва, i былi ўсе падставы баяцца, што несправядлiва аддадзены ў рукi ката будзе потым помсьцiць за крыўду. Таму зь яго звычайна бралi прысягу, што ён ня будзе ў будучынi мець анiякiх прэтэнзiяў да судзьдзяў, катаў i гiцляў".

(Ракіцкі: ) "Як ставілася грамадзтва да ўхваленых заканадаўча тартураў? Чаму ўсё ж і ў Эўропе, і ў нас у пэўны час яны адмяняюцца?"

(Белы: ) "У 1776 г., у лiбэральны станiславаўскi час. Ужо падчас падзелаў Рэчы Паспалiтай. Пасьля далучэньня да Расеi, у 1801-м пры ўступленьнi на трон Аляксандра I, тартуры таксама былi скасаваныя. Але на самой справе гэта было чыста дэкляратыўнай акцыяй. Бiзуны, батагi, прагнаньне скрозь шыхты не лiчылiся катаваньнямi — а колькі людзей загiнула пад час гэтых, так бы мовiць, “адмiнiстратыўных працэдураў”?.."

(Ракіцкі: ) "Але ж і пазьней рудымэнты катаваньняў, праўда, ужо па-за законам, застаюцца..."

(Белы: ) "Так, і ў сёньняшняй Беларусi катаваньнi, тартуры, дарма што нiяк не рэглямэнтаваныя, па-ранейшаму застаюцца распаўсюджанай практыкаю i як сродак вядзеньня сьледзтва, i пазьней падчас выкананьня выроку. Рэспубліка Беларусь рэгулярна ўваходзіць у топ-лісты міжнародных арганізацыяў як адзін з сусьветных лідэраў па ўжытку катаваньняў праваабарончымі ворганамі дзяржавы. Таму мы наўрад ці маем права сьцьвярджаць, што тартуры засталіся ў мінулым".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG