Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мэнтальнасьць: архаіка і сучаснасьць.


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Мэнтальнасьць — слова, якое апошнія гады трывала ўвайшло ва ўжытак, стала папулярным і нават модным. Азначае яно сьветабачаньне, склад і настрой думак, тыповыя рысы ў характары вялікай групы людзей.

Найчасьцей слова гэтае дапасуецца да паняцьцяў "нацыя", "народ". Да мэнтальнасьці народу апэлююць палітыкі, калі тлумачаць свае перамогі йі памылкі. Формуламі мэнтальнасьці ідэалягічна забясьпечваюць сваю дзейнасьць.

На мэнталітэт народу сьпісваюць палітолягі тое, што беларусы 7 гадоў таму абралі саўгаснага дырэктара сваім першым прэзыдэнтам, што ўсе гэтыя гады церпяць несвабоду і жабрацтва, што нібыта пагалоў усе жадаюць саюзу з Расеяй.

І зноў напярэдадні новых выбараў кандыдаты ў прэзыдэнты свае праграмы будуюць у адпаведнасьці са сваім разуменьнем беларускае мэнтальнасьці.

Мэнтальнасьць — катэгорыя аб'ектыўна-гістарычная, бо фармуецца як досьвед народу цягам стагодзьдзяў. Але кожны дзяржаўны лад выкарыстоўвае на сваю карысьць зручныя яму формулы мэнталітэту, насаджаючы іх у сьвядомасьць грамады.

Беларуская мэнтальнасьць… Якая яна? Як, на якіх падставах фармавалася? Што зь вядомых вызначэньняў ёсьць праўдай, а што мітам? Якія зьмены зь ёю адбываюцца ў наш час?

Пра гэта мы будзем сёньня разважаць зь філёзафам Алесем Анціпенкам. І пачнем з назіраньня, зробленага выдатным дзеячом беларускага Адраджэньня пачатку мінулага стагодзьдзя Аркадзем Смолічам у ягонай кнізе "Геаграфія Беларусі":

"Розныя аўтары па-рознаму апісвалі характар беларуса. Каб давесьці, што беларусы ёсьць нейкаю ніжэйшаю расаю, а гэта было патрэбна нашым імпэрыялістычным суседзям, шмат хто з этнографаў пануючых народаў прадстаўляў беларуса напоўдзікуном".

Спадар Алесь, хацеў бы, каб Вы пракамэнтавалі гэты пасаж, бо, як выглядае, падобныя схемы мысьленьня часам яшчэ ўжывальныя і сёньня, хаця яны і набываюць зусім іншую форму".

(Анціпенка: ) "Менавіта так. Гаворка сёньня, безумоўна, ня йдзе ўжо пра напоўдзікунства беларусаў ці ніжэйшасьць расы, але фактам ёсьць тое, што ў другой палове 1990-х гадоў у нашым грамадзтве былі рэанімаваныя шмат якія каляніяльныя формулы, зьмест якіх даволі просты: беларусы — гэта непаўнавартасны народ, а іхная культура і мова недаразьвітыя.

Пры гэтым трэба зазначыць, што гэтыя формулы маюць характар менавіта палітычных цьверджаньняў, бо зыходзяць ад цяперашняга кіраўніка дзяржавы".

(Ракіцкі: ) "Цікавым у прыведзеным пасажы Аркадзя Смоліча, на маю думку, зьяўляецца і тое, што, як напачатку ХХ-га стагодзьдзя, гэтак і сёньня мы маем справу з калізіяй нашага каляніяльнага мінулага і памкненьнем да самастойнага нацыянальнага існаваньня".

(Анціпенка: ) "Безумоўна. І гэтая калізія ёсьць перадусім унутранай праблемай беларускай мэнтальнасьці. На вялікі жаль, трэба прызнаць, што беларусы доўгі час былі ў стане каляніяльнай залежнасьці й падпарадкаванасьці.

Гэта траўматычны досьвед нашай гісторыі. А любы траўматычны досьвед, як вядома, адкідаецца ці заганяецца ў падсьвядомасьць. Таму зусім нядзіўна, што даволі значная частка беларускага насельніцтва ў другой палове 1990-х гадоў цалкам сьвядома рушыла ў тое недалёкае і сьветлае мінулае, дзе праблема беларускай незалежнасьці й індывідуальнай свабоды проста не стаяла на парадку дня.

Індывідуальная свабода і нацыянальная самастойнасьць, як вядома, вымагаюць індывідуальнага выбару і адказнасьці. Для сьвядомасьці падпарадкаванага ні першае, ні другое не зьяўляюцца самакаштоўнымі рэчамі. Адсюль і вынікае той канфармізм як характарыстыка паводзінаў і рыса характару, пра якія пісаў Аркадзь Смоліч і зь якімі яшчэ маем справу сёньня:

"...Беларус рад каму хаця саступіць, абы была згода. Зразумела, што пры гэтай лішняй, можа, міралюбівасьці гісторыя беларускага народу і не магла ўлажыцца іншым спосабам, як яна ўлажылася. Беларус быў увесь час вельмі прыдатным да ролі грамадзяніна будучыны, тае будучыны, калі справядлівасьць запануе між народамі, але быў мала падгатаваным да змаганьня за быт, за жыцьцё, якое йшло вакол яго і яго коштам, але на яго шкоду".

(Ракіцкі: ) "Падаецца, што Смоліч і іншыя інтэлектуалы-адраджэнцы пачатку ХХ-га стагодзьдьзя лічылі, што беларус з прычыны сваёй падрыхтаванасьці да ролі грамадзяніна будучыні ёсьць у нейкім сэнсе ідэальнай асобай? Да таго ж тут лёгка ўзгадваюцца словы з Эвангельля: "Дабрашчасныя лагодныя... Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць..."

(Анціпенка: ) "Гэта праўда, што падпарадкаваныя і гнаныя маюць абвостранае пацуцьцё справядлівасьці. І менавіта абвостранае пачуцьцё справядлівасьці вельмі ўласьцівае беларусам. Там, дзе беларускае жыцьцё будавалася самастойна, без калянізацыйнага ўціску, гэтае пачуцьцё і зрэалізоўвалася. Я маю на ўвазе беларускую сям'ю. Вось што піша пра гэты фрагмэнт беларускага жыцьця Аркадзь Смоліч:

"На чале сям'і стаіць гаспадар: ён кіруе работаю, яе парадкам, судзіць малодшых, загадуе грашыма. Улада ягоная, аднак, моцна абмежаваная. Свае загады ён робіць, парадзіўшыся зь іншымі сябрамі сям'і; калі ж выявіцца, што гаспадар няздольны весьці гаспадарку, бывае, што сям'я замяняе яго іншым сваім сябрам... У беларускай сям'і саўсім няма таго дэспатызму, які пануе ў маскоўскай сялянскай сям'і ды наагул на ўсходзе. Жанкі лічацца раўнапраўнымі сябрамі сям'і, а гаспадыня па свайму значэньню саўсім ня меншая ад гаспадара".

(Ракіцкі: ) "Але давайце, спадар Алесь, усё-такі вернемся да пазначанай калізіі беларускае мэнтальнасьці, а менавіта, калізіі нашага каляніяльнага мінулага і памкненьня да самастойнага нацыянальнага існаваньня.

Ці ня ёсьць парадоксам беларускага характару тое, што, як піша Смоліч, "беларус у мінуўшчыне асабліва ваяўнічым настроем ніколі не вызначаўся", але, з другога боку, "у расейскай арміі лічыўся найлепшым салдатам: адважным, цьвёрдым, вытрывалым"?"

(Анціпенка: ) "Па-першае, трэба зазначыць, што Смоліч разважае ў межах менавіта той гістарычнай рэтраспэктывы, у якой беларусы ёсьць проста этнаграфічнай супольнасьцю ў яе сялянскім стане. З гэтага стану, як мы ведаем, і пачыналася адраджэньне беларускай нацыі напрыканцы ХІХ-га стагодзьдьзя.

З другога боку, добра вядома, што беларусы мелі й значна ранейшую гісторыю. Гэта гісторыя да XVII стагодзьдзя. У XVII стагодзьдзі адбыўся катастрафічны разрыў у беларускай культурнай традыцыі, традыцыі дзяржаўнасьці і мэнтальнасьці.

Як і палякі, мы ў XVII стагодзьдзі мелі свой нацыянальны патоп. Гэты патоп быў вынікам брутальных войнаў з Маскоўскай дзяржавай. Дастаткова сказаць, што пасьля вайны 1654–1667 гадоў Беларусь страціла амаль палову свайго насельніцтва".

(Ракіцкі: ) "А як тады можна вызначыць адносна ўплыву на нашую мэнтальнасьць беларускую гісторыю да XVII стагодзьдзя?"

(Анціпенка: ) "Да XVII стагодзьдьзя мы мелі зусім іншую гісторыю. Калі сказаць вельмі коратка, гэта быў пэрыяд нашай гераічнай гісторыі. І калі Смоліч піша пра тое, што беларусы ў расейскім войску былі найлепшыя салдаты, мужныя і храбрыя, дык гэта толькі сьведчыць пра тое, што ў нашым нацыянальным характары ёсьць глыбока прыхаваныя якасьці мужнасьці й рашучасьці нашых далёкіх продкаў-ваяроў.

Адсюль і трываласьць беларусаў, адсюль і той нацыянальны супраціў, які ў самыя розныя часы выяўлялі беларусы. Рызыкну выказаць меркаваньне, што наш знакаміты пісьменьнік Васіль Быкаў піша зусім не пра "Вялікую Айчынную вайну". Ён піша пра генэтычны і экзыстэнцыйны супраціў беларуса. І вобраз Сотнікава найлепшы гэтаму прыклад".

(Ракіцкі: ) "І ўсё ж гісторыя склалася так, як склалася. Напэўна, гісторыя ёсьць чымсьці накшталт біяграфіі народу, а ў біяграфіі, як вядома, факты не падлягаюць зьменам.

Іншая рэч, што значная частка нашай гісторыі адпаведным чынам не рэпрэзантаваная ў масавай сьвядомасьці сёньняшніх беларусаў. А які ўсё ж вобраз беларуса складваецца, калі мець на ўвазе беларускую традыцыю і гісторыю цалкам?"

(Анціпенка: ) "Гэта вобраз эўрапейскага народу, а наш культурны код цалкам эўрапейскі. Гэта яскрава пацьвярджае гісторыя і культура беларускіх гарадоў да другой паловы XVII стагодзьдзя. Я маю на ўвазе перадусім сыстэму гарадзкога самакіраваньня ці магдэбургскае права, якое было зьявай выключна эўрапейскай. На ўсход ад старажытна-беларускага гораду Смаленску зьявы самакіраваньня проста не існавала.

Практычна ва ўсе часы Беларусь была поліканфэсійнай краінай, а беларускае праваслаўе відавочна розьнілася ад расейскага. Адну з такіх адметнасьцяў складалі праваслаўныя брацтвы, якія былі органамі супольнага кіраваньня і ў якіх кантроль за царкоўнымі справамі належаў прыхаджанам".

(Ракіцкі: ) "Спадар Алесь, мэнтальнасьць кожнага народу відавочна ўгрунтаваная ў ягоную гісторыю, а таму ёсьць рэччу даволі кансэрватыўнай. Тым ня менш, ці адбываюцца нейкія зьмены ў сучаснай беларускай мэнтальнасьці і ў якім кірунку?"

(Анціпенка: ) "Так, адбываюцца, і найбольш яны заўважныя пры зьмене генэрацыяў. Гаворка перадусім ідзе пра разбурэньне каляніяльных комплексаў прыніжанасьці й падпарадкаванасьці. Сьведчаньнем зьяўляецца паўставаньне новай генэрацыі беларусаў з выразным памкненьнем да дэмакратычных пераменаў і да незалежнай Беларусі.

І хаця сёньня мы яшчэ маем справу з часткова блякаванай энэргетыкай беларускай мэнтальнасьці, але, я думаю, што беларусам яшчэ наканавана перажыць нацыянальны катарсыс".

(Ракіцкі: ) "Катарсыс, як вядома, гэта стан ачышчэньня і вызваленай творчай энэргіі".
XS
SM
MD
LG