Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легенды залатой шляхоцкай вольнасьці: Вера ў Бога.


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Ваявода віленскі, уладальнік Нясьвіжу князь Міхал Казімер Радзівіл па мянушцы Рыбанька ў сваім "Дыярыюшы" пісаў:

"Хварэючы страшна на камяні, дзяцей сваіх пасылаў я ўчора да касьцёлу Сьвятога Мiхала, пехатою, каб за мяне афяравалi, ды прыехаў сам ягамосьць пан ксёндз Валадковіч. Ранкам паслаў дзецi да Сьвержня, да цудоўнай Маткi Боскай у царкве й па сьвятара рускага.

Хутка да карэтаў паўсядалi, у дарогу тую едучы. Вялiкiм цудам тае Маткi i Сьвятога Мiхала выйшаў зь мяне камень, з костку дактылёвую, вагою ў чвэрць чырвонага злотага, калі мяне ўжо з болю канвульсii бралi".

Знакаміты магнат, католік, запрашае да сябе, каб памаліліся за ягонае выздараўленьне, сьвятароў — праваслаўнага і каталіцкага адначасова. Што гэта? Шчырая, наіўная вера, ці наадварот, няпэўнасьць яе, нават блюзьнерства?

Нам сёньня цяжка нават уявіць сабе, напрыклад, праваслаўнага расейскага вяльможу, які захварэўшы, зьвяртаецца ў каталіцкі касьцёл, а потым дзякуе касьцёлу за шчасьлівае вылячэньне. А вось беларус, ці ліцьвін, так рабіў. Як гэта зразумець? Пытаньне да майго госьця — гісторыка культуры Вацлава Арэшкі".

(Арэшка: ) "На маю думку, гэта якраз тыповая беларуская зьява — тая самая знакамітая беларуская талеранцыя мэнтальнасьці і дзеяньня. У хвіліну небясьпекі ў шчырага католіка, якім быў Радзівіл, не паўстае сумненьняў — можна ці не зьвяртацца ня толькі да касьцёлу, але й да царквы!"

(Ракіцкі: ) "Тут ёсьць, здаецца, адрозьненьне і ад нашых суседзяў палякаў, пра якіх сапраўды можна ўжо не адно стагодзьдзе казаць: "праўдзівы паляк — гэта католік". Але формула "адна краіна — адна царква" ніяк і, напэўна, ніколі ня будзе пасаваць нашай Беларусі".

(Арэшка: ) "Напраўду. І суіснаваньне розных хрысьцянскіх канфэсіяў ды й розных рэлігіяў (хрысьціянства, іслам, юдэйства) у Вялікім Княстве Літоўскім спараджала стан пэўнай размытасьці межаў паміж імі. Той жа Міхал Казімер Радзівіл прыгадвае:

"Зранку езьдзіў я за мiлю да манастыра Машнагорскага, што на маiм грунце стаіць і невядома якой веры, бо адны ўнiяты, а другiя схізматыкi, а манастырык той досыць пекны, чарняцоў там з чатыры дзясяткi".

Пераход, прынамсі, з канфэсіі ў канфэсію не адчуваўся злачынствам, і многія вядомыя людзі пачыналі сваё жыцьцё ў адной канфэсіі, а заканчвалі ў іншай. Прыгадайма гарлівага католіка, пілігрыма і фундатара касьцёлаў Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку, які спачатку быў кальвіністам. Некаторыя магнаты пераходзілі "зь веры ў веру" па некалькі разоў, захоўваючы пры тым і свой стан, і грамадзкі давер, больш таго, рабілі гэта з карысьцю для сябе".

(Ракіцкі: ) "Падобна, першы прыклад гэтаму падаў наш першы вялікі князь Літоўскі Міндоўг, які пабыў і паганцам, і хрысьціянінам, і зноў паганцам..."

(Арэшка: ) "Так, і ў веры беларусаў нават па сёньняшні дзень захавалася шмат ад ягонага паганскага сьветаўспрыманьня".

(Ракіцкі: ) "У чым жа гэта найбольш праяўляецца? Напэўна, y папулярнасьці розных забабонаў ды прыкметаў?"

(Арэшка: ) "На маю думку, забабоны — гэта якраз ня самае істотнае ў паганскай спадчыне беларусаў, уся эўрапейская культура прасякнутая забабонамі, сьлядамі сваёй антычнай да барбарскай паганскасьці, і беларускія забабоны амаль суцэльна адпавядаюць ім.

Але своеасаблівасьць і архаічнасьць веры ў нашым рэгіёне праяўляецца хутчэй ва ўтылітарным ды вельмі пабытовым, я нават сказаў бы, свойскім стаўленьні да рэлігіі, да Бога й да сьвятых. У царкву ці ў касьцёл прыходзілі як да бацькі ці да пана — парадзіцца, пажаліцца, папрасіць.

Бог быў сваім Богам — селянінам, рамесьнікам, жаўнерам, магнатам, апранаўся па мясцоваму, размаўляў па-свойску. Барокавыя беларускія абразы прадстаўляюць сьвятых, апранутых у кунтушы альбо сялянскія сьвіткі, зь цяжкімі працавітымі рукамі, з чырвонымі, пабітымі ветрам і сонцам тварамі. І сьвятых, і Дзеву Марыю, і Езуса песьцілі, як сваіх блізкіх, апраналі ў прыгожыя сукні, даравалі ім ланцужкі й пярсьцёнкі, пры гэтым часта нават і ня ведалі напамяць "Ойча наш".

Бог быў дасягальным, камунікатыўным — ён даваў знакі, ён шкадаваў, літаваўся, а калі трэба, сувора караў, ён ня грэбаваў ні працаю, ні крывёю.

Ян Хрызастом Пасак, які ваяваў у XVII-м стагодзьдзі з маскалямі на Беларусі, прыгадвае такі эпізод: пасьля бітвы дапамагаў ён ксяндзу Пякарскаму рыхтавацца да палявой імшы, а "ваявода Чарнецкі кажа: Пане браце, прынамсі рукі ўмый ад крыві. Адказаў ксёндз: "Нічога, ня шкодзіць гэта, ня брыдзіцца Бог крывёю разьлітаю дзеля імені ягонага"...

(Ракіцкі: ) "Зьвяртаючыся да старасьвецкіх мэмуараў, мы знаёмімся пераважна з культураю шляхоцкай. Шляхта мела свае традыцыі, свой вобраз сьвету. Цікава, як верыла гэтае саслоўе, які быў "Бог шляхты?"

(Арэшка: ) "Амаль усе аўтары дзёньнікаў закранаюць пытаньне веры й Бога. Але найбольш выразна й яскрава накрэсьліў мадэль шляхоцкай веры эпохі залатой вольнасьці Генрык Жавускі ў сваёй знакамітай імітацыі шляхоцкага дзёньніка — "Успамінах Сапліцы". Ён укладае ў вусны Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку такі маналёг:

"Калі пачаў я маліцца Пану Езусу ў Барэмлі, ён да мяне азваўся: "Радзівіле, вяртайся на Літву і кланяйся шляхце наваградзкай ад мяне". А я яму на тое, упаўшы на зямлю крыжам: "Пане! А як маю я на Літву вяртацца, калі мяне твой біскуп ганіць!" А Ён мне: "Гэта ня мой біскуп, гультай гэта, але супраць цябе анічога не дакажа. Вяртайся, Радзівіле, на Літву, а хай мяне д’яблы забяруць, калі ты ня будзеш Радзівілам па-даўняму, а ён, як быў кеп, так кеп і застанецца". Вось жа я, пане каханку, асьмялеўшы з такога прыёму Пана і Бога маяго, да вас вярнуўся, і Пан мой узнагародзіў маю веру..."

(Ракіцкі: ) "А Берасьцейскі кашталян Марцін Матушэвіч распавядае ў сваім "Дыярыюшы" пра Караля Радзівіла Пане Каханку і таго больш:

"Князь Радзівіл, ваявода Віленскі, упіўшыся, ішоў да капліцы, ды там тады гадзіны зь дзьве альбо болей сьпяваў псальмы, ружанец дый іншыя пабожныя песьні, пакуль аж не закрычыць і не працьверазее…"

Спадар Арэшка, што азначаюць такія стасункі з Богам?"

(Арэшка: ) "Чалавек, не знаёмы з культураю Рэчы Паспалітай тых часоў, можа палічыць такія стасункі зь Езусам зьняважлівымі, блюзьнерскімі. Але Караль Станіслаў, як і згаданы напачатку Міхал Казімер, верылі шчыра і аддана. Толькі, зьвяртаючыся да Сына Божага "Пане", Радзівіл як бы дадае часам: "браце".

Езус — свой "пан-брат" і прабабка ягоная, як лічыць Пане Каханку, была ліцьвінкаю і апякуецца Бог найперш Літвою — гэта значыць, па-сёньняшняму Беларусьсю, і размаўляе з Радзівілам прыватна, па-свойску, а выявы сьвятых у касьцёле мала чым розьняцца ад партрэтаў шляхоцкіх продкаў. Такая пэрсаналізацыя боства характэрная больш для прымітыўных культураў, чым для разьвітога монатэізму".

(Ракіцкі: ) "Вы хочаце сказаць, што беларуская рэлігійная культура была адсталаю, прымітыўнаю?"

(Арэшка: ) "Гэта якраз ня сьведчыць аб адсталасьці. Магчыма, ва ўмовах, калі на адзінай тэрыторыі сустракаліся розныя канфэсіі, розныя этнасы, такі падыход адмыслова замацаваўся як мэханізм, з дапамогаю якога не правакуюцца альбо хутка гасяцца канфлікты.

Недзе ў нацыянальнай падсьвядомасьці, ня ў розуме, захоўвалася адчуваньне, што багоў шмат — у кожнага свой, і кожны можа быць добры па-свойму".

(Ракіцкі: ) "Хацелася б паверыць, што гэткі мэханізм існуе. Хіба яго можна акрэсьліць не як рацыянальную, а як свайго роду "інстынктыўную талеранцыю". Можа, у гэтым і ёсьць "пасланьне беларусаў сьвету", якое зробіць сэнсоўным і карысным існаваньне нашай нацыі сярод больш багатых і шчасьлівых народаў?"

(Арэшка: ) "Мне таксама хацелася б у гэта верыць. Але я бачу ў ім і небясьпеку. Пакуль свая вера моцная, а, дарэчы, той жа Міхал Казімер Радзівіл не аднойчы паўтарае:

"Шчасьлiва пачынаю гэты рок, бо ведаю, што, як прызваны я да веры Сьвятой Каталiцкай Рымскай, пры Хрысьце Сьвятым ёсьць, так у ёй жыву, жыць i ўмерцi прагну..."

Дык вось: пакуль вера моцная, цярпімасьць, павага да "чужых багоў" ня страшная. Але калі на месцы веры зьяўляецца пустка, яе лёгка могуць заняць чужыя ідалы. Так, на месцы жывой Уніі цэркваў зьяўляюцца мёртвыя хімэры, накшталт "праваслаўнага атэізму". Гэтае паняцьце, хіба, магло нарадзіцца толькі ў Беларусі".

(Ракіцкі: ) "Дык што застаецца тады беларусам — адмаўляцца ад талеранцыі й пераходзіць да фундамэнталізму? Такая тэндэнцыя ўжо ёсьць..."

(Арэшка: ) "Баюся, што фундамэнталізм, гэта як і вяртаньне СССР — спроба крочыць назад. Гісторыя гэтага ня любіць. Але для беларусаў, як гэта ні гучыць сёньня парадаксальна, заўсёды ўласьцівым быў такі спосаб вырашэньня праблемаў, як выбар. Выбіралі сабе канфэсію, выбіралі паслоў на сойм, абіралі вялікага князя. Не заўсёды ўдала — але, прынамсі, выбар яшчэ заставаўся.

І зараз яшчэ ня позна выбраць — альбо "праваслаўны атэізм", зь пеклам у дадатак, альбо вольнае жыцьцё — і надзею на жыцьцё вечнае..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG