Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замкавая Беларусь.


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Летась у кастрычніку ў сьпіс шэдэўраў усясьветнага дойлідзтва ЮНЭСКО ўключыла Мірскі замак. Ён, замак, стаў першым беларускім помнікам архітэктуры, які прызнаны ўсім чалавецтвам.

Раней, яшчэ за савецкім часам, толькі Белавеская пушча як помнік прыроды набыла такое ж прызнаньне. Цікава, што не палац, ня храм, не грамадзкі будынак, а менавіта замак стаў візытоўкай Беларусі ў Эўропе. Дык ці ня ёсьць Беларусь замкавай краінай?"

(Трусаў: ) "Так. Здаўна Беларусь называлі "краінаў замкаў". І калі мы паглядзім на мапу Вялікага Княства Літоўскага, дык убачым дзясяткі, сотні замкаў намаляваных на гэтай мапе. І гэта сьведчыць пра нашую эўрапейскасьць. Толькі эўрапейская краіна мела й мае велізарную колькасьць замкаў".

(Ракіцкі: ) "Спадар Трусаў, дык чаму Беларусь збудавала столькі замкаў?"

(Трусаў: ) "Беларусь не была б Беларусьсю бяз замкаў, яна проста б загінула, зьнікла з мапы Эўропы, як зьніклі яцьвягі ці прусы. Мы мусілі бараніцца з усіх бакоў. З Захаду — крыжакі, з Усходу — Масква, з Поўдня — крымскія татары. І толькі замкі далі магчымасьць нам захавацца".

(Ракіцкі: ) "Значыць, замак — гэта вайскова-абарончая адзінка, якая дае магчымасьць выйграць вайну малымі сіламі?"

(Трусаў: ) "Так. І ня раз мы выйгравалі гэтыя войны, асабліва ў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях. Здавалася, краіна захопленая, але заставаліся асобныя незахопленыя кропкі, прыкладам, замак у Слуцку, ці замак у Быхаве, і зноў ворага выганялі, бо білі ім у сьпіну".

(Ракіцкі: ) "Але ж замак можна абкласьці, можна яго аб'ехаць. Навошта трэба было абавязкова браць замак? Чаму ня ўзяўшы замак, нельга было лічыць зваяванай краіну ці княства?"

(Трусаў: ) "Перад ваеннымі дзеяньнямі ўсе сяляне кідалі свае хаты й беглі ратавацца ў замак з усім дабром. Вораг, які доўга стаяў вакол замка, альбо паміраў з голаду, альбо паміраў ад розных эпідэміяў. А людзі ўсё самае дарагое трымалі ў замках. Там былі золата, скарбы, людзкая сіла. І вораг, які трапляў у сьцены замка, вельмі хутка яго нішчыў".

(Ракіцкі: ) "А калі на нашых землях пачалі будаваць замкі? Які замак можна лічыць самым старажытным?"

(Трусаў: ) "Масава замкі пачалі будаваць на пачатку ХІV стагодзьдзя. Але самы старажытны замак — гэта замак у Крэве, які збудаваны на мяжы ХІІІ і ХІV стагодзьдзяў. Не выпадкова ён стаў сымбалем Вялікага Княства Літоўскага".

(Ракіцкі: ) "Цікава, што ў Крэўскім замку, а ня ў Крэве, у палацы, была падпісаная знакамітая Крэўская унія. Чаму ў замку, а не ў палацы?"

(Трусаў: ) "Справа ў тым, што замкі былі ня толькі ваеннымі асяродкамі. Яны былі яшчэ культурніцкімі асяродкамі. Прыкладам, у Крэве была збудаваная вялікая княская вежа, дзе разьмяшчаліся апартамэнты вялікіх князёў літоўскіх.

Яна была расьпісаная ўнікальнымі фрэскамі і менавіта там, у самым лепшым месцы Беларусі, была падпісаная гэтая унія. Па-першае, заўжды можна было б спыніць, адбіць варожы напад, а па-другое, вельмі прэзэнтабэльная была вежа".

(Ракіцкі: ) "З вашых словаў вынікае, што замак адыгрываў ня толькі абарончую функцыю, а яшчэ, так бы мовіць, адміністрацыйна-прадстаўнічую?"

(Трусаў: ) "Так. Дзяржава толькі тады выходзіла на сталіцу дзяржавы, калі мела ўмацаваны замак. Напрыклад, замак у Троках 20 ці 25 гадоў быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Сталіца з Наваградзкага замку была перанесеная спачатку ў Трокі, і толькі тады, калі ў Вільні быў збудаваны каменны замак, Вільня стала сталіцай".

(Ракіцкі: ) "Замак — сталіца? Вы не памыліліся?"

(Трусаў: ) "Не. Справа ў тым, што Трокі — гэта ня горад. І зараз гэта малое мястэчка. І каб не ўнікальны замак на возеры, ніколі б Трокі не былі сталіцай. У іншых краінах тое самае. Напрыклад, пакуль маскоўцы не збудавалі італьянскімі рукамі славуты Крэмль, яны не прэтэндавалі на веліч. І толькі збудаваўшы цагляны замак пад назовам Крэмль, Расея стала эўрапейскай дзяржавай у пэўным сэнсе гэтага слова".

(Ракіцкі: ) "Дык замак зьяўляецца ўвогуле прыкметай сталіцы?"

(Трусаў: ) "Так. Замак — гэта візытоўка моцнай эўрапейскай і ня толькі эўрапейскай дзяржавы".

(Ракіцкі: ) "Якія замкі адыгралі вельмі важную ролю ў гісторыі нашае краіны? Можа, нават вызначальную?"

(Трусаў: ) "Трэба ўзгадаць той замак, пра які ўсе забыліся, — замак у Воршы. Гэта адзін зь нешматлікіх каменных замкаў на ўсходзе Беларусі. І менавіта ён намаляваны на славутай карціне "Бітва пад Воршай". Проста шмат хто з дасьледчыкаў ня вельмі ўважліва глядзіць на гэтую карціну.

І каб ня гэты замак, які ўзяў на сябе ўдар першых маскоўскіх атрадаў, Астроскі ніколі б ня меў часу перабудаваць сваё войска, паставіць гарматы і разьбіць велізарную арду з Усходу. Так сама ў нашую гісторыю ўвайшлі славутыя замкі ў Слуцку. Пад час вайны з Расеяй у ХVІІ стагодзьдзі, за 20 гадоў расейскае войска так і ня здолела іх узяць. 20 гадоў там трымаўся вялікакняскі гарнізон. Гэта была ўнікальная зьява ў Эўропе. Вільня захопленая, усё захоплена, а Слуцак — вольны".

(Ракіцкі: ) "Будуючы першыя замкі, якія стылі пераймалі нашы продкі?"

(Трусаў: ) "Самы першы стыль — гэта быў стыль нямецкай цаглянай ганзейскай готыкі. Потым — новая італьянская сыстэма, галяндзкая сыстэма. Такім чынам, да ХVІІ стагодзьдзя нашыя замкі былі найлепшыя ў Эўропе".

(Ракіцкі: ) "А як так сталася, што ў культавых збудаваньнях нашыя продкі пераймалі бізантыйскі стыль, а ў замках — нямецкі?"

(Трусаў:) "Крыжакі былі найлепшыя спэцыялісты ў замкавым будаўніцтве. І мы, каб абараніцца ад іх, узялі гэтую сыстэму ад іх, але праз Рыгу, якая заўжды была ворагам Ордэну, нашым хаўрусьнікам.

Ёсьць вольныя ганзейскія гарады, якія далі беларусам ня толькі тэхналёгію, але і лексыку. Нашыя словы: цэгла, дахоўка, вапна паходзяць ад нямецкіх словаў".

(Ракіцкі: ) "Першыя замкі былі цагляныя ці мураваныя? Наколькі я ведаю, у Эўропе замкі былі цагляныя".

(Трусаў: ) "Гледзячы ў якой краіне. На поўначы Эўропы, дзе мала каменя, яны былі цагляныя. Калі паглядзім на Францыю й паўднёвыя эўрапейскія краіны, то там замкі былі каменныя. Мы, як любая эўрапейская краіна, выкарыстоўвалі і камень, і цэглу. Проста напачатку цэгла была дарагая, і яе было мала — пераважаў камень. А пачынаючы з ХVІІ стагодзьдзя — наадварот".

(Ракіцкі: ) "Увогуле, ці сфармаваўся ўласна беларускі стыль будаўніцтва замкаў і, калі так, то ў які час?"

(Трусаў: ) "Гэта адбылося ў пэрыяд позьняй готыкі й рэнэсансу, канец ХV– пачатак ХVІ стагодзьдзя. Нашае замкавае будаўніцтва дало шэдэўры эўрапейскага маштабу. Напрыклад, зьявіліся ўмацаваныя храмы. Храмы-замкі. Ня толькі праваслаўныя, як царква ў Мураванцы ці Сынковічах, ня толькі й каталіцкія, як касьцёл у Гнезьне ці Камаях, а нават Быхаўская сынагога — адзіная мураваная ва ўсім сьвеце, як апошні аплот абароны. Гэта гаворыць пра тое, што габрэі мелі выключнае значэньне ў Вялікім Княстве Літоўскім".

(Ракіцкі: ) "Ці былі ў нас свае дойліды, дзе яны вучыліся і ці будавалі ў нас замкі дойліды з-за мяжы?"

(Трусаў: ) "Імёны нашых дойлідаў не захаваліся. А вось замежных дойлідаў — ёсьць. І пачнем мы з ХІІІ стагодзьдзя. Вядомую Камянецкую вежу, першы міні-замак, збудаваў валынскі майстра Алекса. Потым у нас працавалі італьянцы, асабліва ў ХVІ стагодзьдзі.

Славуты Ян Марыя Бэрнардоні прыняў удзел у будаўніцтве замку ў Нясьвіжы — аднаго з найлепшых у Эўропе. У ХVІІ стагодзьдзі шмат было галяндцаў. Адзін зь іх, Пётра Нонхрэд — кіраўнік усёй абарончай справы Княства Літоўскага — збудаваў свой палац-замак у вёсцы Гайцюняшкі. Ён і зараз захаваўся. Гэта ўнікальны палац зь вежамі, які меў функцыі абарончага замку".

(Ракіцкі: ) "Хто былі заказчыкі ці фундатары?"

(Трусаў: ) "У нас было тры тыпы заказчыкаў. Найперш, сама дзяржава — каралі й вялікія князі, потым гараджане. У ХVІІ стагодзьдзі кожны беларускі горад на Ўсходзе, Захадзе і Поўдні меў свае замкі.

Напрыклад, магілёўскі магістрат збудаваў тры сыстэмы ўмацаваньняў. За свае грошы. І самы масавы заказчык ХVІІ-ХVІІІ стагодзьдзяў — шляхта й магнаты. Адны Радзівілы мелі два дзясяткі замкаў. Столькі ж мелі й Сапегі. Іхныя ўмацаваньні былі лепшыя за дзяржаўныя, бо Радзівілы разумелі, што калі Нясьвіж будзе ўзяты, то ўсё дабро прападзе".

(Ракіцкі: ) "А калі спыняецца будаўніцтва замкаў?"

(Трусаў: ) "Будаўніцтва замкаў ішло да самага канца падзелаў Рэчы Паспалітай. І расейцы першае, што зрабілі — 50 гадоў нішчылі, разбуралі нашыя замкі. Напрыклад, зьнесьлі ўсе ўмацаваньні ў Магілёве. Цалкам ў Берасьці і там, дзе была падпісаная Берасьцейская унія. Цалкам зьнесьлі замак у Бабруйску й паставілі сваю крэпасць. 50 гадоў расейцы сьвядома зьнішчалі нашыя замкі".

(Ракіцкі: ) "У такія часы замкі нішчыліся, руйнаваліся. Колькі засталося на сёньня замкаў на нашае зямлі, хай сабе напаўразбураных?"

(Трусаў: ) "Як ня дзіўна, даволі шмат. Калі мы возьмем знакамітую кнігу дасьледчыка Міхася Ткачова, то ўбачым сьпіс каля сотні замкаў. Зь іх 10-15 цалкам падлягаюць рэстаўрацыі".

(Ракіцкі: ) "Якую пэрспэктыву ў кантэксьце сучаснай і будучай Беларусі вы бачыце ў адрэстаўраваных замкаў?"

(Трусаў: ) "Найперш — ідэалягічнае значэньне. Замак павінен стаць сымбалем Беларусі ў ХХІ стагодзьдзі. Кожны эўрапеец павінен ведаць, што Беларусь — гэта не Лукашэнка, а замак у Міры ці замак у Нясьвіжы.

Па-другое, гэта вялікая крыніца валюты. Калі замкі будуць адноўленыя, яны ўвойдуць у турыстычныя мапы Эўропы.

І яшчэ. Нашыя замкі, у адрозьненьне ад эўрапейскіх, у ХІХ стагодзьдзі не перабудаваныя, не пашкоджаныя рамантычным стылем. Іх можна зрабіць аўтэнтычнымі, такімі, якімі яны былі ў той час. Вельмі важна, каб кожны эўрапеец ведаў, што Крэмль — гэта Расея, Нотр-Дам — гэта Парыж, а Беларусь — гэта Мір, Нясьвіж, Горадня, Наваградак…"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG