Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авантуры і авантурнікі.


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Авантурнік — не прафэсія, гэта, бадай, прызваньне. Навукоўцы нават кажуць, што людзі, схільныя да авантураў, маюць пэўныя біяхімічныя адметнасьці мозгу. З гэтага гледзішча авантурнасьць ня мае нічога агульнага з нацыянальным характарам, з гісторыяй. Гэта проста тып асобы.

Зь іншага боку — ёсьць традыцыя, культурная парадыгма нацыі, якая спрыяе (альбо не) разьвіцьцю ў асобаў рысаў дынамічнасьці, мабільнасьці, нават пачуцьцёвасьці. Казанова быў італьянцам, і ўявіць яго нарвэжцам ці, скажам, ірляндцам — немагчыма.

Некаторыя народы ўважаюць за авантурнікаў і ашуканцаў, і яны ці ня самі з гэтым пагаджаюцца. Найбольш яскравы прыклад — пэўна, цыганы.

Ці маюць беларусы такія авантурныя традыцыі? Але пачнем зь іншага: увогуле, хто такія авантурнікі?"

(Арэшка: ) "Авантурнікі сярод беларусаў былі, ды й зараз ёсьць. Але перш чым зьвярнуцца да іх, я засяродзіўся б на паняцьці "авантурніцтва". Часам мы ўкладаем у гэтае слова зусім розныя сэнсы.

У XVII ст. авантурнікамі называлі найперш флібусьцьераў, піратаў, якія "працавалі" на сваю рызыку, не зьвязаныя дамовамі з пэўнымі дзяржавамі. Паступова гэтае азначэньне пашырылася на розных шукальнікаў прыгодаў — "авантураў", тых, хто не зьвязваў сябе залішнімі прынцыпамі ды абавязкамі, хто з прыгодаў і рызыкі здабываў сабе "авантаж" — прыбытак".

(Ракіцкі: ) "Пра авантурнікаў мінулага мы даведваемся зь літаратуры.

Беларусь, хоць і не стварыла махлярскага ці авантурнага раману, напэўна ж, нараджала, як іншыя эўрапейскія краіны, саміх авантурнікаў. Ці так гэта? Хто яны?"

(Арэшка: ) "Найчасьцей згадваюць Караля Радзівіла па мянушцы Пане Каханку. Але, на маю думку, гэта трохі іншы тып — ён хутчэй гэткі беларускі Фальстаф, які прыцягваў да сябе цэлыя раі авантурнікаў ды прайдзісьветаў: у Нясьвіжы гасьцявалі і знакамітая князёўна Тараканава, і Елізавета Чудлей, якая таксама марыла пра расейскі трон. Зь Нясьвіжам быў зьвязаны Здановіч — адзін з ілжывых Пятроў ІІІ".

(Ракіцкі: ) "Ведаем мы й пра прыгоды Саламеі Пільштыновай. Ці можам яе назваць клясычнай авантурніцай?"

(Арэшка: ) "Безумоўна. Саламея Пільштынова, якая жыла ў першай палове XVIII стагодзьдзя, мае выразныя рысы авантурніцы. Нам пашанцавала, бо яна пакінула свае ўспаміны, якія выдадзеныя па-беларуску.

Зь лёгкасьцю Саламея рухаецца з канца ў канец Эўропы, прыстасоўваецца да любых абставінаў. Як лекарка, напэўна ж, трохі махлярыць, як падарожніца й проста як жанчына выказвае немалую мужнасьць. Вось як яна прыгадвае адну з сваіх тыповых прыгодаў у Турцыі:

"Выйшлі мы з дому судзьдзі, а Хусэйн-ага ў шаленстве кідаецца на мяне і клянецца, што заб’е. А я са сьмехам кажу яму: "Пане Хусэйн, ты думаеш, што нашыя полькі заечыя сэрцы маюць, як вашыя баўгаркі альбо валашкі?" І дастала пару набітых пісталетаў з кішэні ды працягваю: "У мяне пораху хопіць на лёкаяў васпана. Аддай, васпан, што мне належыць, а пасьля няхай тое будзе, што Бог дасьць". Прысутныя пацяшаліся са сьмеласьці маёй. Карацей, за чатыры дні атрымала я ад гэтых двух туркаў васямнаццаць тысяч, і мы пагадзіліся..."

Дарэчы, у ейных успамінах нават дзесяць разьдзелаў называюцца "авантура", што сьведчыць пра тое, што яна й сама ўсьведамляла сябе як авантурніцу".

(Ракіцкі: ) "Пільштынова, нягледзячы на ейныя кантакты з Радзівіламі, з князем Ракацы, з расейскім дваром ці з турэцкімі пашамі засталася гераіняю "рэгіянальнага" маштабу.

Ці прыгадаем беларускіх авантурнікаў больш высокага кшталту, якія б зраўналіся з Казановам ці графам Каліёстрам?"

(Арэшка: ) "Безумоўна! Прыкладам, Міхал Валіцкі, авантурнік XVIII стагодзьдзя. Сын небагатага шляхціца зь Меншчыны, ён стаў геніяльным гульцом на більярдзе ды ў карты. Праз гульню набыў высакародных ды ўплывовых прыяцеляў, трапіў у Эўропу. У Парыжы сышоўся з гульцамі з найвышэйшага сьвету, быў прыняты пры двары Людвіка ХІV. Гульня прынесла Валіцкаму багацьце, павагу, графскі тытул.

Я ўжо адзначаў істотнасьць Гульні для сапраўдных авантурнікаў — ейная стыхія была для іх прыродным асяродзьдзем. Выйгравалі спакойна, прайгравалі бяз роспачы.

Валіцкі прайграваў рэдка. Вярнуўшыся на радзіму, пасябраваў з каралём Станіславам Аўгустам. Маючы ўжо й капітал, і месца ў грамадзтве, зусім не цікавіўся палітыкай. Калі кароль спытаўся ў яго: чаму, маючы столькі прыяцеляў, ня ймкнесься стаць дэпутатам Сойму? Валіцкі адказаў проста: "Уласна таму, што не хачу іх страціць".

Але пазьней Валіцкі ўсё ж падтрымаў паўстаньне Касьцюшкі. Жыцьцё скончыў нетыпова для людзей свайго кшталту — дабрадзейным абывацелем і мэцэнатам, які шчодра дапамагаў Віленскаму ўнівэрсытэту".

(Ракіцкі: ) "А ці былі ў нас авантурнікі, якія рабіліся героямі вусна-паэтычнай творчасьці, анэкдотаў? Гэткімі тыпажамі…"

(Арэшка: ) "Ігнат Хацкевіч ці, па-іншаму, — Гацкевіч або Хадзькевіч. Блытаніну ў прозьвішчах ён сам і стварыў. Нарадзіўся ён каля 1760 году. Пачатак жыцьця даволі банальны — прагуляў бацькоўскую спадчыну, ажаніўся дзеля грошай.

Урэшце навучыўся іграць "бяз пройгрышу". Але кар’ера за зялёным столікам не заспакойвала ягонай прагі авантураў. Паступае спачатку ў каронную гвардыю, потым — у расейскае войска на турэцкую кампанію. Тут паказаў сябе адчайным зухам і ня менш адчайным гульцом. Хутка даслужыўся да капітана.

Затым накіроўваецца ў Эўропу, трапляе ў Парыж падчас рэвалюцыі і, зразумела, кідаецца ў вір падзеяў. Калі ў Парыжы запахла крывёю, вяртаецца на радзіму.

У Вільні адкрывае ігорны дом і сыходзіцца з тутэйшымі рэвалюцыянэрамі. Сябрам ягоным становіцца хіба не такі самы авантурнік, толькі апантаны ідэяй свабоды — Якуб Ясінскі, які робіць яго сваім ад’ютантам.

Роля Хацкевіча ў паўстаньні 1794 году цьмяная, калі не злавесная. Абыякавы да мэтаў паўстанцаў, ён шукае ў мутнай вадзе паўстаньня небясьпечных прыгодаў, ды, вядома, выгады. І сучасьнікі, і гісторыкі казалі, што Хацкевіч быў шпегам Масквы.

Наступны пасьля паразы паўстаньня этап — Канстанцінопаль, дзе ён уводзіць жонку партугальскага амбасадара і ўцякае зь ёю ў Парыж.

Тут Хацкевіч ізноў падаецца да войска. Спачатку граміць раялістаў у Вандэі, потым уступае ў польскія легіёны Дамброўскага. Пад імем "генэрал Лядаіска" робіцца шэфам францускай паліцыі ў Нэпалі. Пасьля заканчэньня кампаніі французы даручаюць Хацкевічу правядзеньне фінансавай дывэрсіі супраць Аўстрыі. Ён мусіў распаўсюдзіць мільёны фальшывых банкнотаў.

Наступны кадар — француская турма Тампль, куды ён трапляе за ўдзел у антыдзяржаўнай змове. Выкруціўшыся, Хацкевіч накіроўваецца ў другі канец Эўропы — у Пецярбург.

Апошнія 20 гадоў жыцьця герой вайсковых кампаніяў, любоўных гісторыяў і сумнеўных авантураў праводзіць збольшага на родных абшарах. Дакладней — паміж Вільняй і Тульчыным на Валыні.

Тут, у Патоцкіх, трымаў ігорны дом і аблягчаў кішэні як саміх гаспадароў, гэтак і прыежджай шляхты ды магнатэрыі. А ў Патоцкіх зьбіраўся тады "цьвет" Эўропы. Калі фартуна Патоцкіх не безь ягонай дапамогі заняпала, цэнтрам дзейнасьці Хацкевіча стала Вільня. Жыцьцё Хацкевіча канчаецца сумна — на высылцы, у расейскай глушы, у Вятцы".

(Ракіцкі: ) "Хацкевіч стаў на абшарах былога ВКЛ фігураю легендарнаю, пра яго распавядалі анэкдоты, ягоныя жарты рабіліся прымаўкамі. Вось як згадвае Хацкевіча віленская шляхцянка Габрыэля Пузыніна ў сваіх успамінах:

"Таксама адна з характарыстычных постацяў Вільні, але належаўшая хутчэй да эпохі, чым да места — быў Хацкевіч, вядомы пад мянушкаю "гульца", а нават "шулера", у чым сам першы прызнаваўся, як бы шукаючы гонару з таго, што было яму ганьбаю.

Дасьціпнасьць яго патыхала цынізмам, і можна было б скласьці цэлую кніжачку з анэкдотаў пра яго ды ягоных адказаў, запраўленых атычнаю сольлю, хаця й бессаромных. Як, напрыклад, пра магнатаў, што мелі вялікія маёнткі, казаў ён, што "былі яны паны над халопамі, а ён пан над панамі, бо абыгрываючы іх, багацее". Як на віншаваньні яму, што патаўсьцеў, "чаму не", адказваў з усьмешкаю, "двух Патоцкіх зьеў". Калі хацеў прадставіць камусьці свайго сына, казаў: "Гэта маладзён прыстойны, толькі два недахопы мае — ёсьць маім сынам і называецца Хацкевіч".

Раз на пакоях Шчаснага Патоцкага дзіваваліся ўсе на прыгожы шнур пэрлаў, які належаў самой графіні. Пэрлы тыя былі вялічынёю зь вішні і каштавалі сотню тысячаў. Кожны жадаў іх зблізку паглядзець, калье йшло з рук да рук, аж нарэшце, калі графіня хацела атрымаць яго назад, не знайшлося ні ў чыіх руках!.. Хацкевіч быў сярод аглядаўшых...

"Слухай, но, — сказаў граф Шчасны, адводзячы яго ў бок, — з табою цырымоніяў не раблю, твая гэта штучка, аддай пэрлы!" — "Гэтым разам ня я, — адказаў зусім не абражаны шчырасьцю графа "кароль цынікаў" — Але будзь спакойны, пане граф, знойдзецца страта, перад маім вокам нічога ня ўкрыецца". Ды павадзіўшы пільным зрокам па ўсіх тварах, спыніўся на адным маладзёне, якога, шапнуўшы яму штосьці на вуха, вывеў за сабою, ды, замкнуўшыся зь ім наасобку: "Аддай пэрлы, — сказаў яму наўпрост. — Бачыў я, як клаў у кішэню". На што той малады чалавек, кідаючыся яму ў ногі, закрычаў: "Ратуй мяне, пане, пазыч мне сваёй галавы!" — "Гультай! — гаркнуў Хацкевіч, — каб твае рукі да маёй галавы, дык уся Эўропа спакою б ня ведала!" А пэрлы праз гадзіну былі на шыі прыгожай графіні Зоф’і".

(Ракіцкі: ) "Так, можна пагадзіцца, што авантурнікі зь Беларусі сапраўды заслугоўваюць таго, каб іх ведалі нашчадкі. Але як усё ж быць зь меркаваньнем, што беларусы — народ памяркоўны, сьціплы і ня схільны да авантураў?"

(Арэшка: ) "Як жа ня схільны?! А паходы на Маскву з Ілжэдзімітрыямі? Ня з Польшчы, а пераважна зь Беларусі і Ўкраіны выпраўляліся на ўсход цэлыя арміі авантурнікаў у пошуках фартуны. Самі ілжэкандыдаты на маскоўскі трон заводзіліся менавіта тут — на "крэсах", на гарачай памежнай тэрыторыі. Памежжа — запаведнік і рай для авантурнікаў. На памежжы магчыма ўсё".

(Ракіцкі: ) "Але Ілжэдзімітрыі — гэта ўжо іншае авантурніцтва, гульня на палітычным полі. Як бачым, наш рэгіён нараджаў ці прыцягваў нямала авантурнікаў палітычных, якія ставілі ўжо не на некалькі тысячаў залатых, а на вялікую ўладу — а пройгрыш звычайна каштаваў жыцьця".

(Ракіцкі: ) "Да палітычных авантурнікаў можна адносіць і ўсіх рэвалюцыянэраў, таму ў гэты сьпіс трапляюць і такія асобы як Касьцюшка, Каліноўскі ці Грынявіцкі. Цікава, што авантурнікі "звычайныя", апалітычныя цягнуліся больш на Захад: Парыж, Вена прыцягвалі іх агнямі сваіх двароў ды ігорных дамоў.

Многіх адчайных шукальнікаў палітычнага шчасьця манілі й неабсяжныя абшары ўсходняй імпэрыі. Мы ўжо згадалі Ілжэдзімітрыяў, Здановіча.

Але й зараз можна назіраць тыповы ўзор авантурніка-самазванца. Чалавек зь няпэўным паходжаньнем, бязь веры, маралі, перакананьняў, апантаны шалёнаю прагаю да ўлады, паставіў на кон усё — жыцьцё, краіну, народ. Такой стаўкі, хіба, не рабіў яшчэ ніхто зь беларускіх авантурнікаў".

(Ракіцкі: ) "Чаму народ прымае абяцанкі авантурніка за чыстую манэту? А як ставіцца да таго роду авантурніцтва, празь якое пралягае шлях да свабоды, да дабрабыту?"

(Арэшка: ) "Мы ўбачылі з гісторыі, што па авантурнасьці "біялягічнай" беларусы хіба ня горшыя за італьянцаў. Але ж у сваіх культурных стэрэатыпах яны збольшага прынялі навязаную ім звонку, зручную для калянізатараў "памяркоўнасьць". Тым больш, што ўсіх "непамяркоўных" гісторыя, асабліва ў апошняе стагодзьдзе, "вычэсвала" вельмі старанна.

Але ж, адмаўляючы ў сабе авантурны элемэнт, нацыя шмат у чым адмаўляе сабе і ў здольнасьці на пошук, на рызыку, на змаганьне. Свабода — гэта таксама здабытак авантуры. Адмаўляючыся ад свайго шампанскага, мы пераходзім на ўзровень звычайнага пабытовага п’янства ды ашуканства. А тут схема простая — ёсьць ашуканец, вядома, больш авантурны й хітры, і ёсьць ашуканы. Ёсьць цыган, які прадае хвост ад кабылы, і ёсьць вясковы дурань, які яго купляе".
XS
SM
MD
LG