Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Творца і ягоная музыка як закладнікі гістарычнага лёсу нацыі, альбо Вяртаньне Яна Тарасевіча.


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "У мінулым месяцы ў Варшаве ўручаліся ўзнагароды за найлепшыя кампакт-дыскі, запісаныя ў Польшчы летась. На конкурсе "Фрэдэрык", своеасаблівым польскім "Грэмі", адбылася сэнсацыя. Адной з найпрэстыжных прэміяў уганаравалі дыск з запісам камэрных і вакальных твораў беларускага кампазытара Яна Тарасевіча. Імя гэтага музыкі да апошняга часу ўвогуле не было вядомае на радзіме, у Беларусі.

Да таго ж гэткае прызнаньне ў краіне Шапэна разбурае сьцьверджаньне, што ў нас у першай палове ХХ стагодзьдзя (а менавіта ў гэты час і пісаў музыку Тарасевіч) не было ўласнае фартэпіяннае школы, фартэпіяннае літаратуры.

Значыць, музычны кантэкст быў непаўнавартасным? Значыць, існуюць падставы дзеля перагляду гісторыі музычнае культуры Беларусі?"

(Скорабагатаў: ) "Гісторыя беларускай фартэпіяннай, кампазытарскай і выканальніцкай школ майстэрства вядзе пачатак ад Міхала Клеафаса Агінскага. І ягоныя творчыя спадкаемцы кожны па-свойму ўзбагацілі скарбонку беларускага мастацтва ў ХІХ стагодзьдзі. Гэта Ян Голанд і Антон Абрамовіч, Напалеон Орда й Станіслаў Манюшка.

Вядома, што Ян Тарасевіч пачаў сваю дзейнасьць — і кампазытарскую, і выканальніцкую — у пачатку ХХ стагодзьдзя. Ягонае імя павінна стаяць першым".

(Ракіцкі: ) "Які Тарасевічаў унёсак у фартэпіянную музыку ХХ стагодзьдзя?"

(Скорабагатаў: ) "Гэта найперш проста выдатная музыка. Ён першы стаў пісаць фартэпіянныя канцэрты, цыклі этудаў, прэлюдыяў. Ён быў першым зь беларускіх кампазытараў, хто пісаў санаты. Гэта музыка толькі для найвышэйшага кшталту піяністаў. Ён першы (і адзіны на сёньня), хто пісаў музычныя табакеркі".

(Ракіцкі: ) "Ян Тарасевіч як кампазытар і пэдагог — асоба выключнага мастакоўскага маштабу. А ягоны лёс як чалавека, што нарадзіўся ў Беларусі й быў беларусам, склаўся так, што ён — геній паводле ацэнак выбітных эўрапейскіх музыкаў, быў абсалютна незапатрабаваны ані ў Беларусі, ані ў Расеі, ані ў Польшчы, дзе ён працаваў у розныя гады.

Чаму? Пра гэта мы й будзем гаварыць зь Віктарам Скорабагатавым. І пачнем з самага пачатку. Пасьля заканчэньня Полацкага кадэцкага корпусу хлопец са шляхетнае сям'і паступае ў Пецярбурскую кансэрваторыю. Спачатку скончыў фартэпіянны факультэт, а пасьля й кампазытарскі.

Ягоны талент як піяніста й кампазытара быў ацэнены буйнымі асобамі расейскага музычнага сьвету. А Сяргей Рахманінаў і Ян Сібеліюс увогуле сталі блізкімі сябрамі Тарасевіча. Але ці меў шырокае прызнаньне беларускі кампазытар у Пецярбургу? Чаму шмат хто з выпускнікоў Пецярбурскае кансэрваторыі розных нацыянальнасьцяў пасьля ўліліся ў музычны расейскі кантэкст, а Тарасевіч — не?"

(Скорабагатаў: ) "Ён ня спраўдзіўся як творца расейскі. Але на тое былі прычыны. Яго пасьля падзеяў 1917 году проста адтуль пагналі".

(Ракіцкі: ) "Што значыць — пагналі?"

(Скорабагатаў: ) "Калі ён закончыў другі раз кансэрваторыю, ён быў прыдворным кампазытарам і піяністам двара Раманавых. І нават жыў у Зімнім палацы. Дык вось 25 кастрычніка ён ішоў дамоў…"

(Ракіцкі: ) "…1917 году?"

(Скорабагатаў: ) "Вядома. Ён ішоў дамоў з працы й бачыць, што стаіць натоўп, які пачаў рухацца. Ён апынуўся ўсярэдзіне і таму вымушаны быў рухацца разам зь ім. А раніцай даведаўся, што браў удзел у штурме Зімняга палацу.

Прыйшоў да яго ў пакой чалавек з ружжом і сказаў: "Барын, матай адсюль, пакуль цэлы!" Ён і паехаў разам зь Сяргеям Рахманінавым. Даехаўшы да Шындзеля, маёнтка Тарасевіча ў Сакольскім павеце, Рахманінаў паехаў далей, а Тарасевіч застаўся на радзіме".

(Ракіцкі: ) "І як склаўся лёс Тарасевіча на радзіме?"

(Скорабагатаў: ) "Нікуды не зьяжджаючы са сваёй сядзібы, Тарасевіч жыў у межах сямі дзяржаваў. Спачатку гэта была Расейская Імпэрыя, потым была нямецкая акупацыя, потым — БНР, потым — другая Рэч Паспалітая, у 1939 годзе — БССР, потым зноў была нямецкая акупацыя й нарэшце апошняя дзяржава — Польская Рэспубліка".

(Ракіцкі: ) "Ці не таму, што ён быў загнаны ў сьцены гэтага маёнтка, ня сталі ягоныя творы вядомыя й не выконваліся шырока?"

(Скорабагатаў: ) "Як быццам так, але сярод ягоных сяброў былі такія вядомыя ў сьвеце асобы як Ян Сібеліюс ці Язэп Віталь — можна было б чакаць, што ягоная творчасьць магла б пашырацца. Але ж ён ня быў запатрабаваны ў міжваенны час у Польшчы таму, што лічыў сябе беларусам. А як ставіліся ў Польшчы ў міжваенны час да ўсяго беларускага, нам вядома.

А ў Савецкай Беларусі ён быў незапатрабаваны таму, што быў клясавы вораг. Ён, землеўласьнік, меў 2 сядзібы (300 гектараў зямлі). Што тычыцца паваеннага часу, то ў Польшчы кампазытары тады выкарыстоўвалі авангардныя формы, якія ён проста не лічыў за формы. Ён быў спадкаемцам творчасьці Шапэна й Рахманінава".

(Ракіцкі: ) "Вы сказалі, што творы Яна Тарасевіча былі незапатрабаваныя ў міжваеннае Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы з-за беларушчыны самога Тарасевіча. Як выяўлялася гэтая беларушчына ў творчасьці кампазытара?"

(Скорабагатаў: ) "Напрыклад, у 1919 годзе ён быў першым увогуле з кампазытараў, хто паклаў на музыку вершы Максіма Багдановіча й Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча. Дарэчы, па сёньняшні дзень на вершы Багушэвіча амаль ніхто ня піша.

Што да інструмэнтальнае творчасьці, то амаль пад кожным творам можна паглядзець аўтографы й убачыць — "На дзьве беларускія тэмы", "На беларускую тэму"... Сустракаецца, што ён піша: "Зь песень Гарадзеншчыны":

Ой, люлі-люлі,
Прыляцелі гулі.
Селі на варотах,
У чырвоных ботах.

Альбо:

Наша бабка падпіла,
Пад прыпечкам прылягла.

Цэлыя сюіты, санаты, вальсы і ўсё гэта падпісана — "На беларускія тэмы".

(Ракіцкі: ) "Якія стасункі складваліся з Савецкае Беларусьсю ў Яна Тарасевіча? І чаму Савецкая Беларусь не прымала яго шырока?"

(Скорабагатаў: ) "Газэта "Савецкая Беларусь" паведамляла ў сьнежні 1925 году, што на разглядзе музычнае камісіі Інбелкульту знаходзяцца харавыя й вакальныя творы Яна Тарасевіча на вершы беларускіх паэтаў. І паколькі з таго часу ніякіх зьвестак аж да 1994 году не было, зразумела, чаму адмовілі яму як беларускаму кампазытару ў Савецкай Беларусі.

Думаю, што чальцы Інбелкультаўскае камісіі, якія альбо закончылі Санкт-Пецярбурскую кансэрваторыю, альбо былі пецярбужцамі па народжаньні, а такія й былі там — Селях, Аладаў, Цікоцкі — яны не маглі ня ведаць, хто такі Тарасевіч. Цар ведаў, пецярбурская прафэсура ведала, Рахманінаў ведаў, а яны ня ведалі? Такога ня можа быць. Значыць, альбо яны адмаўлялі па клясавых прыкметах — вораг і ўсё, альбо яны, ведаючы творчую клясу гэтага творцы, адмаўлялі з зайздрасьці. Бо хто б яны былі побач зь ім?"

(Ракіцкі: ) "Якім чынам адбылося вяртаньне Яна Тарасевіча зь небыцьця?"

(Скорабагатаў: ) "Ягоны вучань, які жыве ў Любліне, Анатоль Чарапіньскі, праз сваю сястру перадаў мне ўвесь архіў. Усе 110 твораў кампазытара. Гэты архіў незапатрабаваным быў у Польшчы амаль 40 гадоў. І Чарапіньскі перадаў яго туды, дзе нарэшце стаў запатрабаваным.

Кампакт-дыск быў запісаны падчас ІХ фэсту адраджэньня Беларускае капэлы ў нас, у камэрнай залі Філярмоніі. А выдадзены ў Польшчы. Гэта наша прадукцыя. Першыя друкаваныя творы Яна Тарасевіча выйдуць з друку ўжо ў гэтым годзе. Але зноў жа ў Польшчы, а ня ў нас".

(Ракіцкі: ) "Гэты чалавек жыў, працаваў, пісаў у Расеі й Польшчы, у Беларусі й дзеля Беларусі. Спадар Скорабагатаў, чаму гэты чалавек — геній, як яго называюць, — ня стаў клясыкам ані расейскае, ані польскае, ані беларускае музычнае культуры?"

(Скорабагатаў: ) "Гэта праблема ўсяго беларускага народу ў ХХ стагодзьдзі. Беларусь зьнікла й існуе толькі як геаграфічная прастора. Ёй было адмоўлена ў мысьленьні. Усё ХХ стагодзьдзе нас лічылі калгасьнікамі, ваярамі, а тое, што гэты народ таксама можа яшчэ й мысьліць, — пра гэта ўвесь сьвет ня ведае й ня хоча, на жаль, ведаць. Самі сябе ўсьвядомім — усьвядоміць нас сьвет".

(Ракіцкі: ) "Выходзіць, мастацтва, музыка — закладнікі палітыкі, закладнікі драматычнага гістарычнага лёсу нацыі?"

(Скорабагатаў: ) "Безумоўна. Тарасевіч стаў ахвяраю менавіта палітычных падзеяў мінулага стагодзьдзя. І ня ён адзін. Ягоны лёс — знак эпохі для беларусаў."

(Ракіцкі: ) "А чаму Рахманінаў стаў клясыкам, а Тарасевіч — не?"

(Скорабагатаў: ) "За культурай Расеі стаяла Расейская дзяржава. Пакуль наша дзяржава ня будзе стаяць на пазыцыях сваёй філязофіі, свайго мастацтва, свайго гледзішча на быцьцё, да таго часу ў нас ня будзе міжнароднага прызнаньня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG