Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здрадніцтва ў беларускай гісторыі.


Аўтар і вядучы Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Здрада… Кароткае й жахлівае слова. І недаравальным выглядае злачынства, што хаваецца за ім. За здраду Хрысту Дантэ Аліг'еры ў "Боскай камедыі" кінуў Юду на самае дно пекла, у ледзяное возера. Паміж тым, беларуская гісторыя, калі ўчытацца ў яе, можа выглядаць анталёгіяй здрадніцтва.

Стасункі Рагвалода й Рагнеды, Уладзімера ды Ізяслава — даўжэзны ланцуг забойстваў, здрадаў, дзе жаніх забівае бацьку й братоў сваёй нявесты, жонка ідзе зь мячом на мужа, сын падымае руку на бацьку.

А барацьба за вялікакняскі пасад паміж Ягайлам, каралём беларускае здрады, і Вітаўтам? А шматлікія уніі ды саюзы, падчас якіх нашыя ўладары адшчыквалі крохі нашае незалежнасьці дзеля сваёй выгады?

Апанас Філіповіч, які "здае" свайго вучня Яна Лубу, чарговага Ілжэдзьмітрыя, маскоўскаму пасольству. Сімяон Полацкі, што пайшоў служыць варожаму манарху, цару Аляксею Міхайлавічу. Падчас кампаніі Напалеона Банапарта мяшчане сустракаюць імпэратара хлебам-сольлю. Шляхта запісваецца ў харугвы, каб разам ваяваць Маскву. А сялянства памалу цісьне францускіх жаўнераў з тылу.

Кастусь Каліноўскі. Ён спрабаваў вызваліць "дзецюкоў, братоў сваіх, мужыкоў родных" ад царскага прыгнёту. А браты адлоўлівалі ды здавалі каліноўцаў царскім жандарам.

Няўжо мы напраўду паўстаём перад сьветам нацыяй здраднікаў ды калябарацыяністаў?"

(Васючэнка: ) "Задумацца над аналягічным пытаньнем мяне прымусіла калісьці размова з маёй нетутэйшай знаёмай, якая спыталася: "Пятро, а чаму сярод беларусаў гэтулькі здраднікаў, калябарантых? Прыкладам, за часамі апошняе вайны".

І я пачаў глядзець ня толькі на нашую гісторыю, але і на літаратурныя творы пад кутом здрады. І прыгадаў Мікіту Зносака, які з задавальненьнем "здаў" калісьці польскае паліцыі чырвонаармейца, а ў фінале твору той самы таварыш, чырвонаармеец, "здаў" яго.

У гэтым творы і Сьпічыні, як калісьці Апанас Філіповіч Яна Лубу, здаў свайго вучня. Згадаў я і апавяданьне Максіма Гарэцкага "Рускі", дзе беларус цэліць у сьпіну свайму нядаўняму сябру, зь якім братаўся, які цяпер жаўнер суседняга войска".

(Ракіцкі: ) "Спадар Васючэнка, магчыма, варта пачынаць нашую размову з пошуку адказу на пытаньне: "Чым жа ёсьць здрада?" Высьветліць, так бы мовіць, анатомію здрады".

(Васючэнка: ) "Услухаемся ў слова "здрада", "здрадзіць". У народзе кажуць: "здрадзіць камусь" і "здрадзіць кагось". Чалавек можа памяняць радзіму, можа пакахаць іншую, здрадзіць жонцы, можа спаліць свой партыйны білет на плошчы Леніна. Зьмена перакананьняў — рэч збольшага даравальная.

"Здрадзіць кагось" — азначае падмануць давер. І тут мы сустракаемся з больш сур'ёзным грахом".

(Ракіцкі: ) "Менавіта за гэта й быў асуджаны Юда?"

(Васючэнка: ) "Над пытаньнем здрады Юды я задумаўся досыць сур'ёзна, калі пабываў у Люблінскім замку, дзе наступіў нагой на пліту з надпісам "1569, год Люблінскай зрады, калі мы таксама згубілі частку незалежнасьці".

У капліцы Сьв. Троіцы зьмяшчаецца фрэска, на якой паказаны Юда ў двух абліччах. Ён сядзіць на тайнае вячэры, сьпінаю да гледача. Ён жа ўцякае з тайнае вячэры разам зь нячысьцікам на плячох. Нячысьцік як бы ахоўвае яго ад уцёкаў. Атрымліваецца, што здрадзіць Юдзе загадаў сам Хрыстос, падаўшы яму кавалачак хлеба, мачанага ў віно. І Юда страшыцца гэтага ўчынку, спрабуе ад яго ўцячы, але нікуды не падзенесься.

Потым, калі здрада адбудзеццца, ён зноў стане самім сабою, заплача, кіне назад грошы, атрыманыя за здраду й засіліцца. І ў гэтым выпадку ў нас не атрымліваецца поўнай празрыстасьці. Што ж такое ўчынак Юды? Што ж гэта за здрада?

У жыцьці, як дарэчы і ў літаратуры, усё значна складаней. Прыкладам, твор Васіля Быкава "Сотнікаў", дзе мы таксама сустракаемся з ускладнёным прыкладам здрады".

(Ракіцкі: ) "Рэжысэрка Ларыса Шэпіцька, як вы памятаеце, у сваёй вядомай стужцы "Ўзыходжаньне" расчытала твор Васіля Быкава як прыпавесьць пра новых Хрыста ды Юду".

(Васючэнка: ) "Фармальна яна мае рацыю. Надта ня ў роўных яны становішчах. Сотнікаў вісіць на шыбеніцы, ён прынёс ахвяру. Рыбак спрабуе засіліцца ў прыбіральні, але гэта яму не ўдаецца — матузка не знайшлося. Ён уцякае, як некалі і Юда, ад самагубства. Ён робіцца калябарантым:

"…Каб не зваліцца, Сотнікаў зірнуў уніз — на яго са скрыўленага, зарослага шчаціньнем твару глядзелі разгубленыя вочы яго нядаўняга сябра. Яны ні то ўпрошвалі аб чымсь, ці то проста ён ня мог саўладаць са сваім страхам, і Сотнікаў ледзь пачуў:

— Даруй, брат.

— Пайшоў к д'яблу!

…Падстаўка яго кіўнулася ў раптам аслабленых руках Рыбака, які нязграбна курчыўся ўнізе, баючыся і, мабыць, ня могучы наважыцца на апошнюю і самую страшную цяпер справу. Недзе ззаду мацюкнуўся Будзіла, і Сотнікаў, каб апярэдзіць непазьбежнае, здаровай нагой штурхануў ад сябе цурбан".

(Васючэнка: ) "Мне думаецца, і тут выпадак з ахвярнасьцю й здрадай ускладнёны. Сотнікаў выкупляў свой грэх. Ён вінаваты ў сьмерці Дзёмчыхі, ейных дзяцей. Прычынаю іхнай сьмерці стаў ён, Рыбак, які ўсю дарогу цягнуў Сотнікава на сабе, усё зрабіў дзеля ягонага выратаваньня. Зрэшты, з прачытанага фрагмэнту бачна, што ён усё ж такі ня выбіў цурбан з-пад ног Сотнікава. Ён мае яшчэ надзею вярнуцца да ранейшага жыцьця, ня стаць калябарантым".

(Ракіцкі: ) "Спадар Васючэнка, мне падаецца, што слухачы нашыя зараз могуць папракнуць нас у казуістыцы, нават у апраўданьні здрадніцтва…"

(Васючэнка: ) "Мы спрабуем разам з вамі ўвайсьці ў матывы, прычыны здрады, ейныя тайныя спрунжыны. Здрада — гэта зброя слабых.

Прыгадваю казку, створаную яшчэ ў старажытным Эгіпце. Казка пра большага й меншага братоў. Першага зь іх звалі Праўда, другога — Крыўда. Меншы брат, пакрыўджаны большым, выкалаў яму вочы і выгнаў яго з дому. Так ажыцьцяўляецца акт крыўды, альбо помсты.

Магчыма, бяда нашае нацыі ў тым, што мы занадта рана адчулі сябе меншымі братамі. А век маем значна больш старэйшы за нашых гістарычных суседзяў. І ў гэтым сэнсе мы часткова здрадзілі сабе, сваёй мове, гісторыі".

(Ракіцкі: ) "А як быць з тым, што мы з аднаго боку імкнемся да саюзу, у тым ліку, і са старэйшым братам, а з другога боку мы аказваемся ненадзейнымі саюзьнікамі? Прыкладам, тое ж адбываецца і зараз у нашым братэрстве й паяднаньні з Расеяй".

(Васючэнка: ) "Гісторыя паказвае, што беларусы ня вельмі надзейныя саюзьнікі. І далёкая гісторыя, і блізкая. Але тая ж гісторыя паказвае, што нас зацягвалі ў гістарычныя сытуацыі. Зацягвалі Берасьцейскім або Рыскім замірэньнем.

А падзея, якая ў 1898 годзе здарылася ў вядомым дамку на беразе Сьвіслачы? Што потым атрымалася? Праз 100 гадоў тое, што плянавалася, у той жа Беларусі потым было і раскіданае. Нас зацягвалі ў саюзы, у якія мы самі не хацелі ісьці. Нам давяралі, але ж мы не прасілі нам давяраць".

(Ракіцкі: ) "А як жа быць з маральнымі прынцыпамі — перадусім, з агульначалавечым разуменьнем здрадніцтва?"

(Васючэнка: ) "Сярод дзесяці эвангельскіх маральных запаветаў, забаронаў я не знайшоў слова "здрада". Пэўна таму, што здрада — гэта ўчынак аднаго Юды. У рэальным жа жыцьці яна распадаецца на шэраг іншых комплексаў, пачуцьцяў.

Гэтаксама, дарэчы, як і антонім здрады, самаахвярнасьць, — прывілей аднаго Хрыста. У рэальным жыцьці самаахвярнасьць таксама абарочваецца часам свайго роду здрадаю, бо прынясеньне сябе ў ахвяру, самагубства дзеля высокай мэты — гэта адмаўленьне Боскага дару жыцьця. Трэба добра падумаць, перш чым, прыносіць сваё жыцьцё на аўтар якой-небудзь ідэі.

І ў гэтай сувязі ўчынак Кастуся Каліноўскага, які мы ацэньваем высока, таксама мог мець альтэрнатыву. Мне было б нашмат спакайней, калі б Каліноўскі знайшоў кампраміс з уладамі й выжыў альбо эміграваў, як тое зрабілі Касьцюшка і Ўрублеўскі.

Такім чынам, у клясычным выглядзе няма чыстае здрады. Ёсьць найскладанейшы комплекс, які рухаецца матывацыямі страху, часам крыўды, а часам інстынкту самазахаваньня. Згадваючы нашую гісторыю, мы заўважаем тыя выпадкі, калі тое, што называецца здрадаю, дапамагала беларусам выжыць.

Прыгадаем учынак таго ж Ягайлы — ягонае дзіўнае стаяньне падчас Кулікоўскае бітвы, неўмяшаньне ў падзеі. Альбо ягоныя таксама даволі дзіўныя паводзіны падчас Грунвальдзкае бітвы. Ягайла зьберагаў сілы. Зьберагаў моц нацыі.

Беларусы ў сваёй гістарычнае практыцы даволі часта карысталіся індыйскай мудрасьцю: "Лепш жывы сабака, чым здохлы леў". Гэтая мудрасьць дапамагала ім выжыць".

(Ракіцкі: ) "А як вы лічыце, спадар Васючэнка, ці можа існаваць нейкі разрыў у суцэльным ланцугу здрадніцтва? Няўжо гісторыя заўжды будзе правакаваць беларусаў да супраціву, падазронасьці?"

(Васючэнка: ) "Такія разрывы ўжо здараліся ў нашае гісторыі. Прыгадаем, чым скончыўся здрадніцкі ланцуг, зьвязаны з постацямі Рагнеды, Уладзімера, Ізяслава. Урэшце — аддзяленьне Ізяслава, што прывяло да стварэньня Полацкае епархіі. Вынікам — мы атрымалі сваю дзяржаву, сваю незалежнасьць і новую рэлігію — хрысьціянства.

Такія разрывы ў ланцугу гэтак званае здрады здараюцца тады, калі адносіны паміж народамі перастаюць нагадваць дачыненьні большых або меншых братоў. Беларусы былі нацыяй міралюбнай. Яны імкнуліся да таго, каб нянавісьць зьмянялася каханьнем, братазабойства — братаньнем, а войны — замірэньнямі".

(Ракіцкі: ) "Спадар Васючэнка, а прымірэньне й братаньне беларусаў — гэта ўсяго толькі мара?"

(Васючэнка: ) "Прыгадаем яшчэ адзін выпадак з гістарычнае практыкі. Замірэньне Ягайлы й Вітаўта. Яно-такі адбылося. Можа, адбылося і дзякуючы кампрамісу Ягайлы, які саступіў Вітаўту вялікакняскую карону. Але прыгадаем, што за час Грунвальдзкай бітвы яны ўжо называюць адзін аднаго братамі. Яна забываюцца на асабістую крыўду, дбаючы пра лёс дзяржавы.

Шмат такіх прыкладаў і ў літаратуры, аўтары якой таксама марылі пра забыцьцё крыўдаў, пра агульнае замірэньне. Гэтак Дунін-Марцінкевіч стварае сваю "Ідылію", дзе шляхта мірылася зь сялянствам.

Ян Чачот у сваіх сэнтымэнтальных вершах заклікае мужычкоў слухацца паноў, а шляхту — глядзець сваіх сялянаў, як дзяцей. "Кахаймася" — так завяршаецца паэма Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш", заклікам да агульнага замірэньня.

Каханьне як любоў да бліжняга — вось тое, што нарэшце можа парваць ланцуг здрады. Што для таго трэба? Перадусім, трэба, каб людзей, народы перасталі дзяліць на большых і меншых, на здрайцаў і праведнікаў. Памятаць, што Хрыстос — адзін, і Юда — адзін".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG