Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свары й бойкі беларускай шляхты.


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі

(Ракіцкі: ) "Калі гавораць пра характар беларусаў, дык штораз згадваюць іхную рахманасьць, лагоднасьць і цярплівасьць. Але калі прыгадаць нашую гісторыю — дык убачым, што яна поўная войнаў і авантураў — ды ня толькі тых, калі нас імкнуліся захапіць, але й ваяўнічых паходаў на чужыя землі, а таксама крывавых унутраных боек ды паўстаньняў.

У прыватным жыцьці шляхты свары да сутычкі таксама займалі вельмі важнае месца — пра гэта сьведчаць мэмуары й дакумэнты. З старонак мастацкіх твораў шляхта часам паўстае гэткім натоўпам нястрыманых забіякаў ды самахвалаў. Згадзіцеся, атрымліваецца досыць шызафрэнічная карціна — няўжо сапраўды народ шляхецкі ня меў нічога агульнага з рахманымі беларускімі сялянамі й гараджанамі?"

(Арэшка: ) "Але шляхта (і ў гэтым адметнасьць нашага рэгіёну) складала каля 10% насельніцтва ВКЛ — і ў жылах нават самых тыповых нашчадкаў сёньняшніх беларусаў маецца хоць кропля шляхецкай крыві.

Значыць, гісторыя шляхецкіх сварак ды боек можа шмат распавесьці пра тое, як складаўся беларускі характар, што ў мэнтальнасьці і ў традыцыях беларусаў сапраўды гістарычнае, старажытнае, а што накінутае апошнім часам".

(Ракіцкі: ) "Эўрапейская традыцыя шляхетнага двубою зьвязаная з традыцыяй рыцарства. Рыцарскі бой — гэта шэраг асобных паядынкаў. Адтуль захаваліся правілы дуэлі — як спаборніцтва за гонар і годнасьць. Ці наша шляхецкая бойка разьвівалася ў тым самым рыцарскім кантэксьце?"

(Арэшка: ) "Рыцарства зь ягонымі гербамі й законамі разьвілася ў ВКЛ значна пазьней чым у Заходняй Эўропе — з XV стагодзьдзя, і наша рыцарства ня мела такога досьведу, як скажам, крыжовыя паходы, калі складаліся традыцыі й суровыя правілы рыцарскіх паводзінаў.

Нашая традыцыя абароны ўласнага гонару бліжэй да тых старажытных часоў, калі кожны вольны чалавек хадзіў зь мячом, сякерай ці кіем і бараніў свой гонар ці сваё жыцьцё гэтак, як лічыў неабходным. Таксама важна, што ў славянаў і балтаў не было разьвітай традыцыі “божага суду”, як у германцаў ці франкаў. “Божы суд” — гэта іспыт вадой, агнём ці зброяй. Двубой — гэта не прыватная бойка, а менавіта “божы суд”, калі прайграўшы лічыўся вінаватым і перад сьвецкім правам".

(Ракіцкі: ) "Ці значыць гэта, што нашы шляхецкія продкі проста біліся між сабой, як п’яныя мужыкі ў карчме?"

(Арэшка: ) "Часам бывала й так. Але галоўнае, што паядынак ніколі не ўважаўся ў нашым рэгіёне за праўнае й справядлівае разьвязваньне канфлікту. Таму ён не прымаўся ўладамі й доўгі час не прымаўся грамадзтвам. Лічылася злачынствам марна праліваць шляхецкую кроў, прызначаную для больш важнай справы — абароны айчыны.У Статуце ВКЛ 1588 году было выразна сфармулявана:

“Іж той шкадлівы звычай учаўся быў межы падданымі нашымі, звлашча стану рыцарскага, каторыя за леда прычынаю, цярплівасьці прыстойнае ў асобе не захоўваючы і правам паспалітым не абыходзячыся, і ўвогуле ім яко бы пагарджаючы, свавольна й быстра адзін на другога торгнуўшыся, а затым на руку павабіўшы і абавязаўшыся словамі, якія пачцівасьці й добрае славы датычуць. Потым супольна б’ючыся й раны сабе задаючы, да ранаў шкадлівых і нянавісьці паміж сабою прыходзяць, а некаторые зброі шкадлівай, яко бы супраціў пастароньнему непрыяцелю, ды да таго дзіўных паступкаў ужываючы, насьмерць адзін другога забіяюць і супольна сябе мардуюць ня йначай, яко бы ўлады й справядлівасьці над сабою ня мелі.

Аднак жа то ў рэчы паспалітай жадного памнажэньня й пажытку ня чыніць і ўвогуле, калі кроў людзкая часам і невінная праліваецца, пан Бог тым бывае абрушаны; также і пакой паспаліты абражаны. А патаму мы гэтаму, яко шкадлівому звычаю ў панстве нашам Вялікам Княстве Літоўскім не хацелі дапусьціці большэй шырыціся...”

Паядынкі дазваляліся ў выключных выпадках і толькі вярхоўнаю ўладаю — самім вялікім князем. Толькі ў XVIII стагодзьдзі пад уплывам заходняй моды даволі шырока ўсталяваўся звычай двубояў “па правілах”. Але й тады ў выпадках сьмерці ці калецтва яны сурова караліся законам".

(Ракіцкі: ) "Але паўстае пытаньне: славутая ваяўнічасьць шляхты — ці не перабольшаньне гэта мэмуарыстаў ці мо ўвогуле літаратурны міт?"

(Арэшка: ) "Ваяўнічасьць была — і немалая, але я прапанаваў бы падысьці да гэтага пытаньня зь іншага боку. Нездарма я спыніўся на “божым судзе” й на праве — менавіта паняцьце права, на маю думку, ёсьць ключавым у гісторыі, так скажам, “ вырашэньняў канфліктаў” у краінах былой Рэчы Паспалітай".

(Ракіцкі: ) "У такім разе варта, напэўна, пачаць з такой зьявы як канфэдэрацыя — аб’яднаньне шляхты ці іншых саслоўяў дзеля абароны сваіх правоў".

(Арэшка: ) "Сапраўды, канфэдэрацыя была законным спосабам аб’яднацца тым, хто лічыў, што правы ягоныя парушаюцца, скажам, каралеўскай уладай. У абароне сваіх правоў канфэдэрацыя магла зьвярнуцца й да зброі.

Самай вядомай збройнай канфэдэрацыяй была, напэўна, Барская, якая завязаная была шляхтай Кароны і ВКЛ ў 1768 годзе ў горадзе Бар на Ўкраіне дзеля абароны незалежнасьці й традыцыяў ды супраць расейскага ўмяшальніцтва ў справы краіны.

На тэрыторыі Беларусі канфэдэраты сустрэлі зброяй армію, скіраваную царыцай Кацярынай на дапамогу свайму стаўленіку каралю Станіславу Аўгусту. Расейскім войскам камандаваў малады яшчэ генэрал Сувораў".

(Ракіцкі: ) "Ці ж усе канфэдэрацыі былі збройнымі?"

(Арэшка: ) "Сход збройнай шляхты супраць каралеўскай і вялікакняскай улады ў XVI стагодзьдзі пачалі называць “рокаш”. Шляхта зацята адстойвала сваё права на рокаш — на збройную абарону сваіх правоў і прывілеяў. Менавіта у гэтым, як і ў праве на “liberum veto” бачыла шляхта прынцыпы “залатой вольнасьці”.

Рокаш ня быў бунтам — гэта быў спосаб абароны сваіх правоў, так бы мовіць, “экстрэмальным чынам”. У гэткім, хаця й своеасаблівым, але менавіта праўным падыходзе да сытуацыі сутнасьць большасьці калатнечаў у ВКЛ і Польшчы".

(Ракіцкі: ) "Ці толькі шляхта змагалася за свае правы? А ніжэйшыя саслоўі — ці ўсьведамлялі яны магчымасьці такога змаганьня?"

(Арэшка: ) "Большасьць выступаў сялянаў ці гараджанаў былі спробамі абараніць свае неад’емныя правы — а ў нашай дзяржаве мелі свае правы нават прыгонныя (прынамсі на паперы).

Словы Аляксандра Пушкіна пра “русский бунт, бессмысленный и беспощадный” не падыходзяць да Беларусі — тут віцебскія ці полацкія мяшчане, і крычаўскія сяляне змагаліся супраць, як яны лічылі, парушэньня прадстаўнікамі ўлады іхных статутных правоў.

Змагаліся часам бязьлітасна, але звычайна ўсьведамляючы мэту й сэнс змаганьня. Таму звычайна, хаця завадатараў і каралі сурова, але патрабаваньні паўстанцаў задавальняліся".

(Ракіцкі: ) "Але ці не складаецца занадта ідылічная карціна — і шляхта, і сяляне адстойваюць свае правы, улады пільнуюцца іхнага захаваньня. А наезды, а дамовыя войны? Можа паспрабуем скласьці пэўны каталёг боек — здаецца, ён будзе немалы".

(Арэшка: ) "Так, пачынаючы ад канфэдэрацыяў, у якіх удзельнічалі тысячы прадстаўнікоў пэўных саслоўяў ды рокашу як варыянту грамадзянскай вайны, можна перайсьці да так званых наездаў — калі адна група шляхты, звычайна аб’яднаная вакол сям'і, спрабавала з дапамогаю зброі высьвятліць адносіны зь іншай сям'ёй.

Распаўсюджаньне збройных спосабаў адстойваньня правоў гаворыць ня толькі пра любоў да свабоды, але — на жаль — і пра слабасьць улады ды недахоп сацыяльных “тармазоў” у грамадзтве.

Як і рокашы, наезды сталіся своеасаблівай традыцыяй “залатой вольнасьці”. Калі адказчык па справе аб спрэчнай маёмасьці не сьпяшаўся выконваць рашэньне суду, ягоны праціўнік спрабаваў змусіць яго сілаю ці проста захапіць спрэчны маёнтак ці вёску. Такі “праўны” наезд звычайна называлі “заездам”. Выдатнае апісаньне такого заезду даў у сваім “Дыярыюшы” беларускі шляхціч Марцін Матушэвіч:

"...даведаўся я, што Арэшка, пінскі судзьдзя земскі і маёр Пінскага рэгімэнту Агінскага, польнага пісара Літоўскага, паехаў на заезд Булкава, таго самага, за які айцец мой даў 70 000 злотых Салагубавай, берасьцейскай ваяводавай, ды, узяўшы ад яе застаўнае права на той жа Булкаў, пусьціў яго ёй жа самой у арэнду.

...Ехаў тады я ўсю ноч, і як толькі золак — убачыў колькісот чалавек ушыхтаваных і гатовых да заезду. Мінуў я іх ды ўляцеў да Булкаўскага двору, які застаў пусты, бо жыд Ёсель, які трымаў Булкаў у арэнду ад Салагубавай, уцёк. Людзі, якім абрыдла жыдоўская арэнда, бараніцца не хацелі. Сам тады я з адным слугою быў у двары і, зрэшты, знайшоўшы некалькі чалавек, загадаў вароты замкнуць і загарадзіць. Гэтак і чакаў прыезду судзьдзі Арэшкі.

Хутка, як сонца ўзышло, прыехалі. Я бараніўся, і судзьдзя прыняў абарону маю, а калі даў пароль кавалерскі афіцэрскі, што ўжо па прыняцьці абароны маёй гвалту чыніць ня будзе, тады загадаў я ў карчме абед гатаваць, а тым часам шляхты зь дзьвесьце наехала і так пачаставаных і судзьдзю і шляхту выправадзіў я, а сам аж да вяртаньня Ёселя, арандатара булкаўскага, затрымаўся. Потым з Булкава пабег проста да Воўчына, апераджаючы сваёй рэляцыяй князя падканцлера, а тым часам наступілі сьвяты, на якія быў я ў Воўчыне”.

(Ракіцкі: ) "Зь якіх прычынаў, апроч маёмасных, адбываліся наезды?"

(Арэшка: ) "Часам прычынаю наезду была асабістая сварка ці зьнявага. Бывала, што нязначная прычына павадавала працяглую й жорсткую “вэндэту”, у якой ворагі нават пісьмова раілі адзін аднаму “сьцерагчыся свайго праціўніка ў дому, у касьцёле, у лазьні, на полі, едучы, ува сьне, на дарозе й на кожным месцы, бо на нім помсьціцца будзе і на горле ягоным сядзе”.

Нездарма шляхецкія маёнткі звычайна добра ўмацоўваліся — бараніцца прыходзілася ня гэтак ад татараў, як часам ад уласных суседзяў. Гісторыя поўніцца аповядамі пра забойствы суперніка нават у касьцёле, пра гвалты і грабяжы.

Улада рэдка мела магчымасьць абараніць ахвяру ці прыпыніць баявыя дзеяньні, бо на баку кожнага з праціўнікаў ваявалі часам сотні прыхільнікаў з сваякоў, дробнай залежнай шляхты ці аддзелы прыватнага войска. Калі варагуючыя мелі шмат багацьця і ўлады, у дамовых войнах удзельнічалі тысячы жаўнераў, гэта былі ўжо войны “палітычныя”, часам з удзелам замежных войскаў.

Так на пачатку XVIII стагодзьдзя ВКЛ была ахопленая вайной з родам Сапегаў, якія выступілі на баку швэдзкага караля Карла XII. Іхныя праціўнікі Радзівілы ды іншыя буйныя роды ўступілі ў хаўрус зь Пятром I. Гэткім чынам, крывавыя падзеі Паўночнай вайны шчыльна перапляліся з сваркамі паміж магнацкімі фаміліямі".

(Ракіцкі: ) "Але варта вярнуцца да нашага сьпісу боек. Як усё ж з індывідуальнымі сутычкамі — як яны завязваліся й праходзілі, ці існавалі пэўныя правілы, падобныя да заходнеэўрапейскіх? Выбар зброі, сэкунданты, стрэлы з шасьці крокаў..."

(Арэшка: ) "Большасьць прыватных боек пачыналіся за сталом — прыхільнасьць шляхты да хмяльных напояў, ды няўтаймоўная пыха была прычынай шматлікіх свараў. Як пачыналіся гэткія звады, можна прачытаць у Адама Міцкевіча ў “Пане Тадэвушы”.

За стол сядалі звычайна са зброяй, нават і з пальнаю. Слугі за плячыма ці ў двары таксама былі пры палашах ці стрэльбах. Гэтак жа і на сойміках, куды шляхта зьяжджалася мала не як на вайну. У падагрэтай віном размове хапала пары вострых слоўцаў. Звычайна, калі шляхта хапалася за шаблі, справа вырашалася хутка на двары, калі ня проста пры стале. Пачатак быў хуткі — хутка ўсё й сканчвалася. Як прыгадваў у сваіх успамінах Ян Ахоцкі:

“Калі Казімер Жавускі, зарызыкаваў нейкі канцэпт, які не прыйшоўся да смаку Эўстахію Сангушцы, той, наблізіўшыся ляканічна запытаў:

— Альбо біцца, альбо прабачыцца.

Жавускі гэтак жа коратка адпавёў:

— Біцца.

Было гэта ўжо пры добрым змроку, але не адкладалі да заўтра. Зараз жа абодва прыбралі сабе па сэкунданце. Людзям загадалі ўзяць паходні й рушылі за рагаткі....”

Такія сваркі рэдка мелі сур’ёзныя наступствы — найчасьцей пасьля некалькіх драпінаў байцы гадзіліся, і папойка мела яшчэ адну нагоду — мір, а бывала, што й новае сяброўства. На такія сутычкі грамадзтва й закон глядзелі скрозь пальцы — нават калі даходзіла да забойства, стараліся неяк залагодзіць справу.

Выдатны знаўца шляхецкай культуры Ігнацы Ходзька так апісаў у сваіх “Успамінах квэстара” тыповы паядынак:

“За колькі крокаў саскочылі ўсе з каней, а толькі сам шамбэляніч дабыў шаблю й ляцеў на пана Станіслава. Той вырваў зь зямлі Гарасіма, пад’ехаў з прысядкам. А як падняўся магутна... фуркнула ў паветры, ды прэч адляцела шабля шамбэляніча, а сам ён з разгону ўпаў на зямлю.

— А што, пане браце? — сказаў пан Станіслаў. — Уставай! Ня буду крыжа на плячох рабіць.

— Пагодзімся, пане падчашы! — кажа, падымаючыся, шамбэляніч.

— Згода! Згода! — крыкнулі ягоныя сэкунданты. — Маеш сатысфакцыю, пане падчашы!

— Згода, пане Станіславе! — сказаў і я.

— Ну дык няхай сабе й згода! — паўтарыў пан Станіслаў, хаваючы Гарасіма да похваў. — А іншым разам, пане браце, не зачапляй стрэльчыка, бо вашэці настраляе.

Ізноў крыкнулі мы:

— Згода!

Праціўнікі абняліся, і ўсе ў найлепшым настрою, дзякуючы Богу, што бяз шванку абышлося, вярнуліся да мястэчка".

Канец вольнай шляхецкай дзяржавы стаў і канцом традыцыі шляхецкіх боек і дамовых войнаў. Расейская ўлада хутчэй гатовая была дазволіць забіваць сваіх геніяў, як Пушкіна ці Лермантава, на дуэлі — гэта значыць на “божым судзе”, але ня даць людзям бараніць свае правы перад іншымі грамадзянамі ды самой уладай".

(Ракіцкі: ) "Зрэшты, Адам Міцкевіч назваў свайго “Пана Тадэвуша” “апошнім заездам на Літве”. Але звычка бараніць свае правы й перакананьні з шабляю ці пісталетам у руцэ ня зьнікла так хутка.

І, пачынаючы ад Касьцюшкавага паўстаньня, шляхта зноў і зноў бярэцца за зброю. Беларускія змагары Случчыны ці партызаны генэрала Вітушкі — бадай, носьбіты таго ж вольналюбівага шляхецкага этасу — часткі беларускага характару".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG