Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цялесная існасьць жанчыны ў мітапаэтычным успрыманьні беларусаў


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі

(Ракіцкі: ) "Паэты, мастакі, філёзафы імкнуцца асэнсаваць вобраз жанчыны, спасьцігнуць вытокі й падставы захапленьня ёю. Аб'ектам зьдзіўленьня, мастацкага й нават навуковага дасьледаваньня робіцца найперш жаночае цела.

Але ці не найвялікшым паэтам і філёзафам ёсьць сам народ, які ў сваёй мітапаэтычнай, вуснай творчасьці не абмінуў вобразу жанчыны. Прычым жанчыны ў ейнай фізычнай, цялеснай існасьці".

(Валодзіна: ) "Жанчына — частка мітапаэтычнай мадэлі сьвету. Сфэру жаночага прэзэнтуе ўсё зьвязанае з нараджэньнем і сьмерцю, здароўем і хваробай, з аховай жыцьця й дабрабытам.

Жанчыне прыпісваюць магічныя ўласьцівасьці, якія абапіраюцца на ўсьведамленьне цеснай сакральнай сувязі жаночага пачатку са спараджальнымі функцыямі зямлі.

Жаночае ўлоньне — крыніца агульнага жыцьця й багацьця, унівэрсальны нараджальны пачатак. Разам з тым, гэта месца кантакту з тагасьветам і выхад па-за межы цела".

(Ракіцкі: ) "Шматлікія выданьні (легальныя й не зусім), якія апавядаюць "пра гэта", звычайна абазначаюць органы "нізу" альбо нецэнзурным словам, альбо мэдычнымі, звычайна лацінскімі тэрмінамі. Як апісвалі інтымныя падрабязнасьці цела народныя тэксты?"

(Валодзіна: ) "Прынцыпы найменьня патаемнага й глыбока інтымнага адбілі адну з адметнасьцяў беларускай звычаёвасьці — яе ўнікальна ўсеабдымную, архаічную, глыбокую ў сваіх вытоках, але поўную паэтычнай вышыні мэтафарычнасьць.

У народных песьнях, прыказках ці казках не сустрэнеш прамога найменьня тыпу расейскага мату, тут скрозь сымбалі ды іншасказы. Можна нават сказаць, што "ніз", у прыватнасьці жаночы, апісваецца праз рэаліі побыту й штодзённасьці, праз сымболіку рэчаў, птушак, зьвяроў ці тапаграфічных рэаліяў:

"Паненачка, маё сэрца,
Падыдзі пад акенца.
Падымі кашульку,
Пакажы зязюльку".

(Ракіцкі: ) "Як выбіраецца той ці іншы прадмет альбо пэўная жывая істота для сымбалізацыі жанчыны, ейнага "нізу"?"

(Валодзіна: ) "Сярод элемэнтаў прадметнага коду жаночы "ніз" абазначаюць рэчы, якiя маюць дачыненьне да кола або маюць адтулiну цi паглыбленьне. Гэта перадусiм збанок, ступа, дзяжа, гаршчок, хамут, пярсьцёнак.

Гэта — фартух, у які кідалі чарапкі ад пабітага на хрэсьбінах гаршка, каб жанчыны нараджалі дзяцей; гэта й абутак — прыкладам, галёша, якая "зьверху чорна, а ўсярэдзіне красна". Гэта замок з мужчынскай параю — ключом. Гэта таксама вянок і блін.

Усе гэтыя прадметы сымбалічна замяшчалі сабой жанчыну, нявесту, іх уключалі ў магічныя рытуалы, накіраваныя на забесьпячэньне плоднасьці ці ўраджайнасьцi глебы".

(Ракіцкі: ) "Спадніца, дзяжа й вянок датычаць самой жанчыны ды сфэры ейнае жыцьцядзейнасьці. А як жа ў гэтым шэрагу аказаўся хамут?"

(Валодзіна: ) "Жаночую сэмантыку хамута відаць ужо з прымаўкі "бабская хамуцiна ўвесь сьвет памуцiла".

Згодна зь вясельнай звычаёвасьцю, калі маладая выяжджала да жанiха, на хвiлiну разьвязвалi хамут, бо гэта быццам палягчае першыя роды. Праз хамут ганьбавалі й гэтак званую "нячэсную" нявесту, бо няцэласьць хамута адпавядала тут "няцэласьці" дзяўчыны. Тады на вёсках разгортвалася дзея, якую й запісаў беларускі фальклярыст пачатку ХХ-га стагодзьдзя Сержпутоўскі:

"Як толькі бабы даведаюцца, што маладая зьберагла сябе да вясельля, та падаюць салодкую гарэлку і зноў пачынаюць банкетаваць. А калі ж маладая была ня цэлка, дак вясельле саўсім раскідаецца. Часам бацьку, а больш усяго матцы маладое на шыю клалі хамут і вадзілі па вёсцы за тое, што не дагледзела сваёй дачкі, як Бог вялеў. А то і самой хамут на шыю ўшчэпюць".

Часам гэтыя ж звычаі зьвярталіся да дзiравага посуду цi пiрага зь дзiркай".

(Ракіцкі: ) "Калі пераходзіць ад сыстэмы рэчаў да хаты — якія элемэнты тут увасобілі ідэю жаночага ўлоньня і "нізу"? Што вы скажаце пра выпадковыя паэтычныя выразы тыпу "свая хатка, як родная матка"?

(Валодзіна: ) "У хаце жаночым органам адпавядаюць дзьверы й вароты, як у прыказцы: "I мы з тых варот, адкуль увесь народ".

Асаблiва выяўляецца гэткае атаесамленьне ў радзiннай звычаёвасьцi — каб палегчыць роды, адчынялi дзьверы й вокны. Тое ж і ў замовах: "Адамкніцеся, ключы залатыя, расчынiцеся, дзьверы царскiя, пусьцiце гэтыя дзiцяцi".

Наагул, жаночае ўлоньне сымбалізуюць дом, памяшканьне, сені, а ў загадках хата кадуецца як матка й дзеці. У народных песьнях матыў авалоданьня дзяўчынай апісваецца праз тыя ж тапаграфічныя паказаньні:

"У нашага суседа завадзілася бяседа;
Сабіраліся рабяты маладыя, нежанаты.
Новы сеня паламілі, красну дзеўку падманілі".

(Ракіцкі: ) "Яшчэ адзін выраз: "Зямля-матухна, маці сырая зямля". Ці не азначае гэта, што й зямля — жанчына, а жаночае ўлоньне —ляндшафт?"

(Валодзіна: ) "Ляндшафтавыя аналёгіі жаночага "нізу" — найперш поле, ніва, лажок.

Беларуская прыказка з запісаў Сержпутоўскага "ніз" жанчыны апісвае праз звыклыя вобразы краявіду: "Усе прайшлi праз той лажок, дзе на горачцы гаёк". Тут жа й шматзначны выраз — "Рушаная зямля вады патрабуе".

Тоеснасьць зямлі й жанчыны грунтуецца на ўласьцівых ім патэнцыях урадлівасьці, плоднасьці й наагул выступае як усясьветная этналягічная ўнівэрсалія.

Шлюбная сымболіка ці, больш дакладна, апладняльная патэнцыя мужчынскага й здольнасьць да нараджэньня жаночага цела рабіліся сымбалічным эквівалентам тэхналягічнага цыклю апрацоўкі глебы й вырошчваньня ўраджаю.

Выкарыстаньне эратычнага коду ў сфэры ўяўленьняў аграрнай магіі натуральнае яшчэ й таму, што прыродныя зьявы (неба, дождж) асэнсоўваюцца праз шлюб і эротыку. З другога боку, праз паняцьці апрацоўкі глебы пачынаюць апісвацца полавыя дачыненьні".

(Ракіцкі: ) "Усе пазначаныя сымбалі жаночага "нізу" цяпер успрымаюцца як прадметы неадушаўлёныя. Якія жывыя істоты зьмясьціліся ў гэтым шэрагу?"

(Валодзіна: ) "Птушыную" тэму ў сымбалізацыі геніталіяў прадстаўляе перадусім курыца. Падобная сымбалізацыя вельмі характэрная вясельнай абрадавасьці: калі слалі маладым пасьцель, свацьця частавала іх курынай ножкаю й сьпявала: "Пятух курку маніць, на курасаднік садзіць, даець мёду есьці".

А дазвол пасьля шлюбнай ночы лавіць і рэзаць курэй якраз і быў адным са спосабаў паказаць цнатлівасьць нявесты. І ўжо зусім празрыстыя радзінныя песьні:

Пасадзіў кум кумку на краваць,
Стаў кум кумку разуваць…
А кумачка, што за зьвер,
Да я баюся, штоб ня зьеў.
А мой жа ты куманёк,
Твой дурненькі разумок.
Гэта ж мая курыца,
Што па ночы туліцца.

Калі праз вобразы жывёлаў апісваюць эратычныя сытуацыі, то жаночы бок прэзэнтуюць невялікія пушныя зьвяркі — выдра, "бобра". У традыцыйнай культуры яны наагул адрозьніваюцца выразнымі хтанічна-прадукавальнымі рысамі. А ў тэкстах хрэсьбінных песень: "Гэта ж тое бобра, што і па ночы добра".

(Ракіцкі: ) "Беларускай культуры ўласьцівы ідэал жанчыны, якая да шлюбу абавязкова цнатлівая, ці, як заўсёды ў нас казалі, — "чэсная". Што сталася асновай гэткага амаль што культу дзявоцтва? Ці толькі ў маральна-этычных нормах тут рэч?"

(Валодзіна: ) "Вага маральных каштоўнасьцяў безумоўная. Але на глыбокім узроўні патрабаваньне дзявоцтва абапіралася на пэўныя міталягічныя перадумовы.

Як сьцьвярджаюць вучоныя, жаночы "ніз" успрымалі як праход на той сьвет, i таму першую шлюбную ноч разумелі як адкрыцьцё шляху да сваiх продкаў. Адсюль строгае патрабаваньне дзявоцтва маладой, iнакш можа адбыцца кантакт зь iншымi, незнаёмымi й нават небясьпечнымi сiламi.

Таму "нячэсная" нявеста ўяўлялася небясьпечнай ня толькі для сваёй сям'і, свайго роду, але й для ўсёй вёскі ды нават для ўсяго сьветапарадку.

У беларускай традыцыі "нячэсная нявеста" часам называлася й "нячыстай". Гэтая характарыстыка — "нячыстая" — выклікае асацыяцыі з самой нячыстай сілай і зь іншасьветнай прасторай. Зь іншага боку, "чыстымі" ў народнай сьвядомасьці былі жанчыны, што ня маюць полавых дачыненьняў, — удовы, старыя панны, бабулі".

(Ракіцкі: ) "Дык што, кожная жанчына носіць у сабе іншасьвет ці сама выступае ледзь не нячыстай сілай?"

(Валодзіна: ) "Як гэта ні крыўдна для нас гучыць, але пэўная карэляцыя між жанчынай і магілай усё ж існуе.

Зыходзячы з моўных фактаў розных індаэўрапейскіх моваў, лінгвісты паказваюць супадзеньне лексэмаў, што абазначаюць і магілу, і жаночае ўлоньне.

На гэтай падставе лінгвісты робяць выснову, што жанчына ў мітапаэтычнай сьвядомасьці прыпадабняецца да магілы, якая прымае ў свае абдымкі мерцьвяка.

Дарэчы, і ў беларускіх тураўскіх дыялектах адной лексэмай "пелька" абазначаюць і ‘палонку’, ‘пагост’, і ‘жаночыя геніталіі’.

Асацыяваньне жаночых полавых органаў з лункай, палонкай тлумачыць таксама й выпрабаваньне ільду "на цнатлівасьць". І тады беларускай фразэмай "дзеўка на ляду грэіцца", хаця й даволі зашыфравана, выяўляецца годнасьць і вартасьць "чэснай" дзяўчыны".

(Ракіцкі: ) "Ад уцехаў з жанчынаю мы з вамі дайшлі ажно да іншасьвету. Ці не адсюль пачуцьці небясьпекі й нават страху, што падсьвядома адчувае мужчына? Ёсьць такая загадка: "Расло і расло, кругом абрасло, пасярод ясна — эта справа апасна".

(Валодзіна: ) "А адгадка — калодзеж. Калодзеж у беларускае традыцыі поўніцца рознымі сэнсамі. Ён дае ваду, а значыць, і жыцьцё. Гэтак, як і жанчына. Гэта месца, дзе злучаюцца зямля й падзямельле, быцьцё й сьмерць. Дзе аб'ядноўваюцца неабходнасьць і пагроза.

Узгадайце свае адчуваньні, як зазіраеце ў калодзеж. Ён зацягвае ў сваю прорву. Думаю, невыпадкова нашыя продкі гэтую прыцягальнасьць параўноўвалі з прыцягальнасьцю жанчыны. Такой, якой яе бачылі ў Сусьвеце".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG