Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычная мадэль галоўнай вуліцы Менску.


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі

(Ракіцкі: ) "У кожным вялікім ці малым горадзе ёсьць архітэктурная дамінанта, якую называюць сэрцам гораду. У Эўропе звычайна гэта — плошча старога гораду, ад якой адыходзяць вуліцы, утвараючы разам цэнтар, кірмашова-гандлёвы й культурны.

У Менску, а мы свой горад таксама называем эўрапейскім, інакш. Тут дамінантай зьяўляецца доўгая й шырокая магістраль, да якой дапасаваныя плошчы. А таму ніяк і ня можам выбраць цэнтар.

Праспэкт, які цяпер мае назву імя Францішка Скарыны, па-свойму прыгожы. Падабаецца ён і шмат каму зь менчукоў й зьдзіўяле турыстаў сваёй забудовай. Ён, безумоўна, належыць гісторыі.

Якая ж гістарычная мадэль галоўнае вуліцы беларускае сталіцы?"

(Шыбека: ) "Яна — гістарычны помнік нашае залежнасьці ад Расеі.

Залежнасьці ваеннай у царскі пэрыяд — галоўная вуліца была пракладзеная 200 гадоў таму на ўскрайку гораду адмыслова дзеля маршу расейскіх войскаў з Усходу на Захад.

Залежнасьці духоўна-ідэалягічнае за савецкім часам, калі праспэкт стаў своеасаблівым камуністычным храмам. Будынкі й помнікі — гэта абразы, лёзунгі й плякаты на сьценах будынкаў — гэта малітвы, а маршы й дэманстрацыі — рэлігійныя абрады.

І нарэшце залежнасьці паталягічнае — цяпер, калі праспэкту няма куды расьці. На ўсходзе — Маскоўскія могілкі, на захадзе яго пераразае чыгунка".

(Ракіцкі: ) "Спадар Шыбека, назвы, якія даюць вуліцам, — не выпадковыя. Зь цягам часу яны набываюць характар гістарычны.

Як у назвах галоўнае вуліцы Менску адлюстроўвалася ягоная складаная гісторыя?"

(Шыбека: ) "За назву гэтае галоўнае вуліцы на працягу ўсёй 200-гадовае гісторыі йшла няспынная барацьба паміж рознымі акупантамі, палітычнымі сіламі за ўшанаваньне сваіх герояў і сваіх ідэалаў.

Вуліцу праклалі на ўскрайку гораду ў прадмесьці Новы горад, а расейскі чыноўнік-губэрнатар назваў яе Захар’еўскай у свой гонар. У час францускае акупацыі 1812 году назву гэтым мясьцінам вярнулі — Новы горад.

Пасьля вайны — зноў Захар’еўская. За нямецкай акупацыяй 1918 году — Гаўпштрасса. У час польскае акупацыі з 1919 па 1920 гады — Міцкевіча. З усталяваньнем савецкае ўлады — Савецкая.

У час другой нямецкае акупацыі з 1941 па 1944 гады — зноў Гаўпштрасса. Пасьля вайны ізноў Савецкая. А пазьней, у 1952 годзе, — праспэкт Сталіна. Яшчэ пазьней, з 1961 году — Ленінскі праспэкт. І ўрэшце з 1991 году — праспэкт Францішка Скарыны".

(Ракіцкі: ) "Зь якой мэтай задумвалася й будавалася гэтая вуліца Менску?"

(Шыбека: ) "Гэтай вясной якраз будзе 200 гадоў, як менскі губэрнатар Захары Карнееў разам з сваімі ваеннымі інжынэрамі выйшаў на ўскрай гораду, што называўся Новы горад і трасыраваў там гэтую вуліцу з адной мэтай — каб па ёй маглі безь перашкоды маршаваць расейскія войскі ды каб гэты марш не перашкаджаў менчукам".

(Ракіцкі: ) "Якім чынам яна апынулася сярод гарадзкой забудовы? І чаму яна зьняла дамінацыю старой плошчы Высокага рынку, якая тады была цэнтрам гораду?"

(Шыбека: ) "Шырокая й прасторная вуліца прываблівала гандляроў-прадпрымальнікаў. Тут адкрываліся крамы, майстэрні. Але ўсё роўна дамінацыя старога гораду, Высокага рынку, яшчэ захоўвалася да 1870-х гадоў.

І толькі калі ў Менску перакрыжаваліся дзьве чыгункі й гэтая вуліца пачала зьвязваць два вакзалы, дамінацыя старога гораду зьнікла. Новая прасторная вуліца адхіліла ўбок традыцыйны гістарычны цэнтар і вызначыла для гораду й для нашага краю новы накірунак.

Уся наша культура апынулася нібы на ўзбочыне ад гэтае галоўнае вуліцы".

(Ракіцкі: ) "З пачатку савецкага часу, відавочна, гэтая вуліца становіцца пляцдармам дзеля ўвасабленьня праз архітэктуру іншае ідэі — ідэі непераможнасьці й магутнасьці камуністычнага ладу.

Як гарадзкая магістраль рабілася магістральнай ідэяй партыі?"

(Шыбека: ) "Новы накірунак у забудове галоўнае вуліцы вызначыўся ў 1930-х гадох, калі да ўлады прыйшлі сталіністы. На тагачаснай Савецкай вуліцы былі пабудаваныя камяніцы-сымбалі, па якіх Менск пазнаецца й сёньня. Гэта Дом ураду, Акадэмія навук БССР, Дом афіцэраў, унівэрсытэцкі гарадок, Інстытут фізкультуры.

Фармаваўся фасад савецкае сталіцы. Вуліца ўпрыгожвалася бальшавіцкімі плякатамі й лёзунгамі.

Напярэдадні вайны рух па Савецкай вуліцы ажывіўся, у эксплюатацыю ўвялі найлепшую ў краіне аўтастраду Менск–Масква. Але канчаткова саветызаваць гэтую вуліцу яшчэ не ўдавалася".

(Ракіцкі: ) "Але, здавалася б, пасьля Другой усясьветнай вайны мы мелі шанец адбудаваць і горад у цэлым, і праспэкт крыху інакш.

Але зноў — манумэнтальнасьць, зноў ня думалі, як жа тут будуць жыць людзі".

(Шыбека: ) "Быў варыянт яе аднавіць, але пайшлі шляхам адбудовы фактычна новай вуліцы — шырынёй 48 мэтраў. Будаўніцтва ішло вельмі інтэнсыўна, пасьпешліва.

Савецкія ўлады сьпяшаліся аднавіць Менск і ягоную галоўную вуліцу да 70-годзьдзя Сталіна, да 1949 году. Не было нават часу прыбіраць косьці з тых развалінаў, пад якімі хаваліся менчукі, некаторыя былі пахаваныя там падчас бамбаваньняў.

І сымбалічна, што гэты праспэкт пачынаўся ад адных брацкіх могілак да другіх. Першыя брацкія могілкі знаходзіліся паміж цяперашнім БДУ і пэдагагічным унівэрсытэтам, другія — на цяперашнім сквэры Талбухіна".

(Ракіцкі: ) "Звычайна да галоўных плошчаў ці вуліцаў дапасоўваюць пры забудовах гораду цэрквы, касьцёлы — культавыя будынкі, і гэтак надаюць плошчам, вуліцам сакральны сэнс.

У нас жа дадавалі да праспэкту плошчы-гіганты ці дзяржаўныя ўстановы".

(Шыбека: ) "Безумоўна, гэта былі сьвядомыя крокі камуністычных кіраўнікоў, разьлічаныя на масавую сацыяльную псыхалёгію, на стварэньне вобразу велічы й магутнасьці савецкае дзяржавы.

Савецкая ўлада ўвасаблялася ў гэтым праспэкце. Гэтыя плошчы не запаўнялі гандляры, тут стаялі сакральныя для камуністычных уладаў будынкі. На плошчы Незалежнасьці — Дом ураду, на Цэнтральнай плошчы — Палац прафсаюзаў, помнік Сталіну стаяў з 1952 па 1961 год. На плошчы Перамогі — помнік Перамогі".

(Ракіцкі: ) "Якую ролю праспэкт Скарыны адыграў у нашае найноўшае гісторыі?"

(Шыбека: ) "З 1991 году назва галоўнае вуліцы зьмянілася. Яна носіць імя знакамітага нашага асьветніка, першадрукара Францішка Скарыны.

Зьніклі камуністычныя лёзунгі, праспэкт застракацеў рэклямай, прыватнымі шапікамі.

З устанаўленьнем прэзыдэнцкага кіраваньня на праспэкце стала больш міліцыі і ўзброеных людзей. Галоўная вуліца сталіцы зрабілася арэнай сутыкненьня прыхільнікаў незалежнасьці, дэмакратыі з прыхільнікамі рэстаўрацыі савецкіх парадкаў.

Але пакуль Менск — адзіная эўрапейская сталіца, якая так і ня вызвалілася ад комплексу прывінцыялізму. А менчукі — ад асьцярогі, што галоўная вуліца можа зноў прыняць іншую назву, а іхнае жыцьцё павярнецца зусім інакш.

200-гадовы пэрыяд нашае гісторыі спарадзіў у грамадзтве паталягічную, хваравітую залежнасьць ад Расеі, няўпэўненасьць у сваіх сілах. Таму, можа, галоўная вуліца так і ня ўбачыла сапраўды масавага нацыянальнага шэсьця, якое б канчаткова змыла хваляй усё старое, наноснае".

(Ракіцкі: ) "Што да будучыні гэтага праспэкту — што нам рабіць з гэтай унікальнай спадчынай?"

(Шыбека: ) "Найперш, думаю, пазбавіць гэтую вуліцу статусу галоўнай. Па-другое, узяць яе пад ахову дзяржавы. І трэцяе, музэяваць яе.

Ні ў якім разе ня варта аддаваць яе гандлярам, бо сапсуюць. Яна ёсьць помнікам савецкаму мінуламу, гэта ўзор сталінскага клясыцызму.

Ня выключана, што людзі будуць зь цягам часу адмыслова сюды прыяжджаць, каб паглядзець на гэтую савецкую вуліцу, своеасаблівы савецкі запаведнік. Ён маніфэстуе ня нашую нацыянальную традыцыю, а нашае ненайлепшае мінулае.

Галоўнай кропкай сталіцы адпаведна з нацыянальнай традыцыяй мусіць быць плошча, ад якой ва ўсе бакі разыходзяцца вуліцы. Ва ўсе бакі, а ня толькі на ўсход".

XS
SM
MD
LG