Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ХХ стагодзьдзя з гледзішча архэолягаў


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі

(Ракіцкі: ) "Археалёгія асацыюецца ў нас з аддаленымі эпохамі. Археолягі шукаюць тое, што доўгімі стагодзьдзямі паглынала зямля, ды іхныя знаходкі робяцца падставай ведаў чалавецтва пра сваю гісторыю.

Я ж хачу паставіць пытаньне ці не парадаксальнага кшталту. У якой ступені магчыма сёньня разважаць пра ХХ стагодзьдзе з археалягічнага пункту гледжаньня?"

(Здановіч: ) "Па-першае, шукаючы мінулае стагодзьдзе, археолягі ўжо сёньня сутыкаюцца з многімі фактамі матэрыяльнае культуры ХХ стагодзьдзя, схаванымі ў зямлі. Па-другое, нават вырашаючы сучасныя спрэчныя пытаньні ХХ стагодзьдзя, часам прыбягаюць да археалягічных мэтадаў. Прыкладам — Курапаты.

Гэта дае магчымасьць паразважаць пра тое, якім жа ўбачаць ХХ стагодзьдзе археолягі будучыні, зь якімі супярэчнасьцямі яны сутыкнуцца".

(Ракіцкі: ) "Мы пагаворым пра ХХ стагодзьдзе ў рэальных археалягічных знаходках і пра ХХ стагодзьдзе ў фантазіях — якім яго пабачаць археолягі будучыні.

Як у працы сучасных археолягаў сутыкаюцца стагодзьдзі мінулыя з стагодзьдзем ХХ?"

(Здановіч: ) "ХХ стагодзьдзе ўрываецца ў дасьледаваньні сучасных археолягаў часам нечакана. Прыкладам, у Лідзкім замку мы дасьледавалі матэрыковую яму, як здавалася, ХVІІ стагодзьдзя, а ў ёй аказаліся снарады Другой усясьветнае вайны.

У Слоніме дасьледавалі касьцёл сьвятога Андрэя, і, дасьледуючы прапласткі ХVІІ стагодзьдзя, мы натрапілі на брацкую магілу нямецкіх салдатаў часоў Другой усясьветнай вайны".

(Ракіцкі: ) "Як выглядае ХХ стагодзьдзе на тле стагодзьдзяў мінулых? Больш лягічным ці больш алягічным?"

(Здановіч: ) "На мой погляд, лягічнасьць стагодзьдзя вызначае тое, ці скіраванае яно да чалавека ці супраць чалавека.

Здавалася б, ХХ стагодзьдзе павінна быць лягічным, бо чалавек клапоціцца пра сябе, пра свой дабрабыт — разьвівае цывілізацыю й будуе цывілізаванае жыцьцё. Аб'ектыўна ж ХХ стагодзьдзе — стагодзьдзе страшэнных войнаў, скіраваных супраць чалавека".

(Ракіцкі: ) "Як археолягі разумеюць знаходкі, зьвязаныя зь мірным часам? Прыкладам, з 1920-30 гадоў? Што вашыя знаходкі дадаюць да ведаў пра час, які нам вядомы?"

(Здановіч: ) "У музэі яны пазначаныя дакладнай шыльдай — "час сацрэалізму". У зямлі да іх іншае стаўленьне. Побач з вытанчанымі знаходкамі ранейшых часоў кантрастава выглядаюць экспанаты 1920-30 гадоў. Яны паказваюць, у якую яму абрынулася чалавецтва ў 1920-30 гады.

Робіцца відавочнай парадаксальнасьць і алягічнасьць чалавечай культуры. Замест кветак і палацаў часоў клясыцызму — агітацыйная парцаляна зь сярпом і молатам, шчасьлівым рабочым і калгасьніцай. І фабрыка з комінам, зь якога валіць густы дым, і надпіс — "Пралетары ўсіх краін, яднайцеся".

Яшчэ больш незразумелай можа быць гэтая талерка археолягу праз два тысячагодзьдзі. "Яднайцеся" — за што? Ці супраць чаго? За экалёгію?"

(Ракіцкі: ) "Ці могуць археалягічныя знаходкі ХХ стагодзьдзя засьведчыць месца Беларусі на зямной кулі?"

(Здановіч: ) "Яны засьведчаць, што Беларусь у ХХ стагодзьдзі была замкнёная ў СССР, ізаляваная фактычна ад усяго сьвету.

Доказам гэтага — адсутнасьць прадметаў імпарту ў ХХ стагодзьдзі. Так званы імпарт у Беларусі абмяжоўваецца толькі рэчамі, прывезенымі зь межаў СССР. У ранейшых прапластках (ХІV, ХV стагодзьдзяў) мы бачылі рэчы з Італіі, зь Нямеччыны, з Сырыі, з Кітая. У Лідзкім замку, у пластах пачатку ХХ стагодзьдзя мы бачым сувязі Ліды зь віннымі заводамі Каўказу, Крыму".

(Ракіцкі: ) "Якія культурныя напластаваньні ХХ стагодзьдзя ўжо склаліся і якія зь іх ужо могуць вывучаць археолягі будучыні?"

(Здановіч: ) "Мы абсалютна дакладна можам сьцьвярджаць, што ёсьць тры прапласткі, якія будуць вывучаць археолягі будучыні. Другая ўсясьветная вайна, жыцьцё да вайны й жыцьцё пасьля гэтае вайны".

(Ракіцкі: ) "Паспрабуем зазірнуць у будучыню. Спадарыня Ніна, няўжо і ў будучым людзі будуць зьвяртацца з пытаньнямі да зямлі?"

(Здановіч: ) "Ілюзорнасьць, нематэрыяльнасьць цывілізацыі нарастае — зірнеце нават на канец ХХ стагодзьдзя. Магчыма, надалей будзе ўзрастаць і каштоўнасьць матэрыяльных сьведчаньняў, якія захоўваюцца менавіта ў зямлі".

(Ракіцкі: ) "Мне здаецца, што злавеснымі сымбалямі ХХ стагодзьдзя ёсьць асфальт, бэтон. Ці праб'юцца праз асфальт і бэтон археолягі зь нейкімі прыладамі (кшталту адбойнага малатка ці дасканалейшымі) да матэрыяльнай культуры ХХ стагодзьдзя?"

(Здановіч: ) "Адсутнасьць бэтону й асфальту будуць сьведчыць пра адсутнасьць цывілізацыі — гэтак ужо ўспрымае рэчы чалавек ХХ стагодзьдзя. Роля асфальту й бэтону для захаваньня прапласткаў ХХ стагодзьдзя і ранейшых напластаваньняў вельмі вялікая — гэта своеасаблівы кансэрватар, празь які трэба будзе прарвацца, каб разбурыць ранейшыя напластаваньні ў гісторыі чалавецтва".

(Ракіцкі: ) "Археолягі раскапаюць звыклыя для нас рэчы штодзённага жыцьця. Але тыя археолягі будуць людзямі іншае мэнтальнасьці, іншае культуры, іншае адукаванасьці. Якія пытаньні перад імі паўстануць?"

(Здановіч: ) "Заблытацца ў ХХ стагодзьдзі будзе проста.

Возьмем пахавальны абрад. Археолягі будучыні зафіксуюць, што раптам з пахаваньняў зьнікаюць рэчы, што былі традыцыйныя для хрысьціянскага пахавальнага абраду. Традыцыю трупапалажэньня, якой было дзесяць стагодзьдзяў, раптам зьмяняе ў ХХ стагодзьдзі ранейшы, дахрысьціянскі звычай спаленьня нябожчыка. Што гэта? Зьмена рэлігіі? Ці глябальная катастрофа?

Перад археолягамі будучыні можа паўстаць і такая таямніца. У Беларусі ў канцы ХХ стагодзьдзя раптам зьнікаюць грошы ў звыклым для археолягаў выглядзе — матэрыялізаваным у манэтах. Магчыма, археолягі будучыні расцэняць гэта як найпершыя сьведчаньні ўзьнікненьня віртуальных грошай. І ніхто ня будзе ведаць, што зьнікненьне манэтак — сьведчаньне правалу эканамічнае палітыкі, інфляцыі, якую адчула Беларусь пры канцы ХХ стагодзьдзя".

(Ракіцкі: ) "Але ж ХХ стагодзьдзе — гэта ня толькі стагодзьдзе матэрыяльнае й духоўнае культуры. Гэта стагодзьдзе інфармацыі. Носьбіты інфармацыі мяняюцца вельмі імкліва, нават сёньня мы ўжо незваротна шмат чаго страцілі. Натуральна, што веды пра ХХ стагодзьдзе будуць вельмі няпоўныя".

(Здановіч: ) "Але й пра папярэднія стагодзьдзі археалягічная інфармацыя не дае поўнай карціны жыцьця, не зьберагаюцца арганічныя рэчывы. Зьнікае папера, гараць кнігі. Таму ХХ стагодзьдзе не выключэньне.

Але кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, то й мы патрымаем у руках старую кружэлку, касэту, дыск. Хоць на іх ўжо не захаваецца інфармацыя, але самі гэтыя прадметы раскажуць нам пра час, калі пачалася новая інфармацыйная эра: з радыё, з магнітафонаў, з кампутараў. Праз гэта археалёгія дадасьць інфармацыю пра ХХ стагодзьдзе".

(Ракіцкі: ) "Археоляг Ніна Здановіч пэўная, што археолягі ў будучыні застануцца. То Беларусь ХХ стагодзьдзя не напаткае лёс Атлянтыды?"

(Здановіч: ) "Пакуль будзе існаваць прафэсія археоляга — рэальная інфармацыя пра Беларусь будзе існаваць у археалягічных знаходках, хай сабе няпоўная, недасканалая, але будзе. І нашчадкі будуць прадзірацца да той Беларусі, якая сёньня ёсьць рэальнасьцю".


XS
SM
MD
LG