Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карціна сьвету ў сьвядомасьці старажытнага беларуса: цела і рэчы


Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі

(Ракіцкі: ) "І зноў мы вяртаемся ў глыбокую старажытнасьць, у архаічнае грамадзтва. Мы спрабуем зразумець, якой бачыў карціну сьвету наш продак.

Чалавек спасьцігаў навакольле, увесь Сусьвет, зыходзячы зь ведаў пра сябе й перадусім пра сваё цела. Менавіта цела рабілася арыенцірам у працэсе вобразнага асэнсаваньня касьмічных структураў. Таму нашыя продкі надавалі чалавечыя рысы як зьявам, гэтак і прадметам.

Сёньня ніхто не заўважае, што фразы "сонца ўсьміхнулася", "задрыжэлі асіны" ці "вугаль засіпеў" адбіваюць рэальную колісь веру ў скразную адухоўленасьць сьвету.

Рэчы, што акалялі чалавека штодня ў жыцьці, чалавек бачыў жывымі й нават падобнымі да сябе. Гэтыя рэчы пераўтвараліся ці не ў актораў, што ігралі на сцэне вясковае хаты п'есу, якая завецца жыцьцём".

(Валодзіна: ) "Чалавек часам рабіўся творцам. Браў у рукі нешта ад прыроды, ейную сыравіну — і нараджаўся прадмет. Нараджаўся яшчэ адзін як бы сымбалічны двайнік чалавека ці нават ягоны спадарожнік".

(Ракіцкі: ) "Тацяна, зыходзячы зь якіх прыкметаў нашыя продкі паставілі знак роўнасьці між чалавекам і рэччу?"

(Валодзіна: ) "Возьмем, прыкладам, посуд. Гэта начыньне, куды можна нешта пакласьці. Прыраўнаем яго да частак цела. У чалавека толькі бог укладае бесьсьмяротную душу. Посуд, пераймаючы бога, робіць д'ябал альбо ганчар. Яны, аднак, душы яму даць не змаглі. Але посуд стала сымбалізуе цела — як ёмістасьць, як начыньне".

(Ракіцкі: ) "Якія рэчы нам нагадваюць пра тое, што наша цела —ёмістасьць?"

(Валодзіна: ) "Перадусім гэта посуд. А ў старажытнасьці, як вядома, посуд у асноўным зводзіўся да глінянага гаршка".

(Ракіцкі: ) "Вось вы сказалі "гаршчок", і я адразу згадаў, што часам, каб ахарактарызаваць чалавека ня надта разумнага, мы кажам: "У яго клёпкі не хапае" ці "Кацялок ня варыць". Ці азначае гэта, што гаршчок — сымбалічны аналяг галавы чалавека?"

(Валодзіна: ) "Безумоўна. Нават у загадках галава шыфруецца як "гаршчок разумны, але сем дзірак мае". Ды этамалягічна "чэрап" і "чарапок" — словы-сваякі, бо маюць адзіны корань.

На рытуальным узроўні прыпадабненьне гаршка й галавы выразна выступае, калі трэба было палегчыць сьмерць чараўніцы. Як вядома, вясковыя варажбіты паміралі цяжка й доўга, бо ніяк не пакідала іх рагатая душа".

(Ракіцкі: ) "Вы зрабілі цікавы запіс падчас сваёй экспэдыцыі па Шумілінскім раёне:

"У нас баба адна жыла, дужа худая была, такая чараўніца, што ні давядзі бог. А давялося паміраць — ніяк. Дзень сіпіць, і вецер усхадзіўся, і другі сіпіць, і трэці, ніяк не адкінецца. Дык ей тады хамут у хату прынясьлі, і пасудзіну ўзялі, прабілі дзірку і дзіржалі над ей. Тады скоранька адышла".

(Валодзіна: ) "У іншых месцах дзеля гэтага прабівалі столь, здымалі дошку ці дзьве. Гэтак стваралася дарога, своеасаблівы тунэль для больш лёгкага пераходу душы ў іншыя сьветы.

Як бачым, дзеяньні ў адной з частак трыяды — космас, дом ці посуд, чалавек — выклікалі адпаведныя падзеі ў другой частцы. Таму й дзірка ў хаце ці гаршку якраз адкрывала цела, галаву й гэтым спрыяла адыходу душы".

(Ракіцкі: ) "Усе мы людзі, але ж паміж мной і вамі ёсьць пэўная розьніца. Я — мужчына, вы — жанчына. Калі людзі адухоўлівалі пэўныя прадметы й рэчы — ці разьмяжоўвалі яны іх па прыкмеце полу? І ці можна тут гаварыць пра нейкае супрацьпастаўленьне ці падабенства?"

(Валодзіна: ) "Можна. Беларусы й посуд таксама надзялялі родаполавымі прыкметамі, падзялі гаршчок і горшчыцу, гладышуна й гладышку. У гладышцы сьмятана ўдаецца, а ў гладышуне — не такая.

Хлеб лепш падымаецца ў дзяжы, а ёсьць яшчэ і дзіжун. Гэта таксама дзяжа, толькі зь няпарнай колькасьцю клёпак. Таму калі дзяжу куплялі, клёпкі лічылі й дзіжуна не бралі, бо не мужчынская гэта справа — выношваць хлеб, як і дзіця. Такое судачыненьне посуду з пэўным полам вобразна адбілася ў казках:

"Адзін чалавек пазычыў аднойчы гаршчок, а аддаў яго з маленькім гаршчэчкам у дадатак. А патлумачыў тым, што гаршчок, бачце, нарадзіў гаршчэчак. У другі раз хітрун, пазычыўшы гаршчок, пакінуў яго сабе, а паведаміць паслаў, што, на вялікі жаль, гаршчок-радзіха памёр".

(Ракіцкі: ) "А я прыгадаў загадкі:

Радзіўся — не хрысьціўся, памёр — не правадзіўся.

Жыве — калоціцца і аб сьмерці клапоціцца. А як давядзецца паміраць, дык некаму пахаваць.

Сабакі не ядуць, і людзі не бяруць.

Адгадка на ўсе — гаршчок. Дык калі посуд, перадусім гаршчок, сымбалічна прыпадабняецца да чалавека, то напэўна й існаваньне ягонае пэўнымі знакамі адбіваецца?"

(Валодзіна: ) "Так. Шматлікія загадкі, прыкметы, рытуальныя дзеі выявілі паралелізм паміж лёсам чалавека і лёсам посуду.

Найперш падобнае судачыненьне выяўляецца ў рытуальным разьбіваньні гаршка, якое прымяркоўвалася да пераломных, вызначальных момантаў жыцьця чалавека.

Пачнем з нараджэньня, калі такое біцьцё суадносіцца ўласна з родамі. Вось на Палесьсі бацьку на хрэсьбінах клалі на лаўку, ставілі яму на жывот гаршчок з кашай і разьбівалі гэты гаршчок палкамі, што сымбалізавала нараджэньне бацькам дзіцяці.

А ў Веткаўскім раёне на другі дзень вясельля маладзіцы разьбівалі такі гаршчок на жываце ў сьвякрухі. Гэта азначала, што ў яе зараз двое дзяцей: сын і нявестка. А вось гаршчкі з так званай бабінай кашай б'юць на хрэсьбінах і сёньня".

(Ракіцкі: ) "На сучасных вясельлях б'юць часьцей за ўсё не гаршчкі, а чаркі. І б'юць не задумваючыся. Дзеля чаго?"

(Валодзіна: ) "Беларусы білі посуд, а таксама ламалі лыжкі й нават лаўкі на вясельле. Праўда, на другі дзень вясельля, пасьля шлюбнай ночы. Гэтак выражалі апазыцыю "цэлая — бітая", "дзяўчына — жанчына", калі абазначалі перадусім фізыялягічныя перамены.

Пры гэтым прыгаворвалі (каб выявіць ідэю пераходу й пажаданьня шчасьця): "Колькі чарапкоў, каб столькі нарадзілася й сынкоў". Ці яшчэ ў беларускай, даволі вольнай прымаўцы: "Не паспытаеш смачненькай кашкі, не разьбіўшы горшчычка".

(Ракіцкі: ) "Якія яшчэ прадметы зь сялянскае хаты рабіліся своеасаблівымі двайнікамі сваіх гаспадынь?"

(Валодзіна: ) "Жаночую тэму хатняга начыньня працягвае дзяжа, адмысловы посуд для замешваньня хлеба.

Беларусы атаясамлялі дзяжу з жаночым улоньнем. Адпаведна, рост плоду, дзіцяці атаясамлялі з падыходам, падыманьнем цеста. Так, паўсюль на дзяжы запляталі валасы нявесьце, тым самым магічна замаўляючы ейную будучую плоднасьць. Мэтафарай жанчыны бачылі й ступу".

(Ракіцкі: ) "Здаецца, мы ўжо пайшлі з вамі па абрадах. А пахаваньне? Якія тут рэчы набывалі сымбалічнае значэньне?"

(Валодзіна: ) "І зноў той жа гаршчок. Гэта сымбалічны аналяг чалавека. Вось чалавек жыў-жыў, і тут падышоў час ягонае сьмерці. Беларусы ведалі, што душа пасьля гэтае сьмерці знаходзіць сабе новае начыньне, новае цела — і гэта гаршчок. І таму пасьля сьмерці чалавека, да вынасу яго з хаты, на вакне стаяў кубак з вадой, каб душа магла там абмыцца й знайсьці часовы прытулак.

Але ў час пахаваньня кубак пераварочвалі, каб душа і, барані божа, сьмерць не засталіся ў хаце. Такі перавернуты гаршчок часта можна пабачыць і на магілах.

Найтрывалым аказалася ўспрыманьне посуду на магілах — дзеля практычнае функцыі, сілкаваньня нябожчыкаў. Нашыя продкі верылі, што памерлым таксама патрэбная ежа.

Але ўсё ж найпершая мэта пераварочваньня посуду — перакрываньне сьмерці. Перакулены гаршчок сымбалізаваў межы сьвету. Гэткім чынам нэўтралізавалася ягоная небясьпечная пустата. Пустата можа быць напоўненая й сьмерцю, таму перакулены гаршчок і не даваў вырвацца іншасьвету ў нашае жыцьцё. Зь іншага боку, калі такі перакулены гаршчок адкрыць, то робяцца яўнымі патаемныя сфэры. Зрэшты, гэта пацьвярджаюць і легенды:

"На другую ноч пайшоў я зь сябрам пільнаваць коней. Запалілі мы грамнічную сьвечку, накрылі яе горшчычкам ды сядзім, чакаем, пакуль зьявіцца ён сам. Толькі вось каля поўначы і пачалі коні біцца ды тупаць. Перавярнуў гэта сябра горшчык, адкрыў сьвечку, зірнулі мы, аж на конях сядзіць сівы дзед з доўгаю барадою ды толькі іх паганяе. Вось я як хватануў яго, дык ён і зьнік назаўсёды. З тых часоў болей і не зьяўляецца".

(Ракіцкі: ) "Мая госьця сёньняшняя — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

З нашае размовы вынікае, што чалавек тысячагодзьдзямі кадаваў у рэчах, ва ўсім тым, што яго акаляла, свае ўсьведамленьні, свой страх, свае радасьці й трывогі, спадзеўкі, праграмаваў сваю рэальнасьць і пэрспэктыву.

Фізычнае жыцьцё чалавека — хуткаплыннае, а запраграмаванае ў рэчах зрабілася вечным. І кожны новы чалавек нараджаецца з ужо закладзенымі ў ягонай падсьвядомасьці кодамі прачытаньня й разуменьня сьвету, у які ён прыходзіць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG