Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карціна сьвету ва ўяўленьнях старажытнага беларуса: касмалёгія і касмагонія


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

У перадачы гучаць фрагмэнты музыкі з новага этна-мультыкультуральнага праекту Юрыя "Франца" Выдронка "Urja".

(Ракіцкі: ) "Мы ўвесь час глядзім толькі вакол сябе. Часам асьцярожна зазіраем у будучыню. Але зазірнуць у самыя глыбіні, у далёкі-далёкі дахрысьціянскі сьвет, не наважваемся. Стаім, нібыта перад зачыненымі дзьвярыма. Ведаем, што там глыбіня, што там таксама нашыя продкі, а расчыніць гэтыя дзьверы не стае сілы.

А мо баімся? Баімся, што ў містыцы, міталёгіі архаічнага грамадзтва ўбачым пачаткі сваіх усьведамленьняў? Паспрабуйма ж расчыніць гэтыя дзьверы. Зробім жа крок у архаічны сьвет. Сьвет містычных уяўленьняў, магічных дзеяньняў й рытуалаў".

(Валодзіна: ) "Старажытны чалавек, залежны ад прыроды й грамадзтва, несьвядома праецыраваў на сусьвет сябе й свае абшчынна-родавыя дачыненьні. Кожным сваім дзеяньнем ён засьцерагаўся ад выпадковасьцяў, няўдачаў.

Архаічны чалавек канструяваў сьвет сымбалічных формаў, з дапамогай якіх ён пазначаў і асэнсоўваў рэчаіснасьць. Натуральнае станавілася звышнатуральным, прафаннае — сакральным. Так паўставала карціна сьвету — веды і ўяўленьні пра стварэньне, упарадкаваньне й функцыянаваньне сусьвету. Гэтая карціна сьвету і ёсьць падмуркам традыцыйнай духоўнай культуры народу".

(Ракіцкі: ) "Кім і дзе ўсьведамляў сябе старажытны чалавек?"

(Валодзіна: ) "Мастацкая й нават гістарычная літаратура сфармавалі вобраз старажытнага чалавека як нейкага дзікуна, які дбае адно толькі пра ежу ці абарону ад ворагаў.

Аднак шматлікія міты данесьлі й яскрава сьцьвердзілі, што нашыя продкі здольныя былі стварыць вельмі багаты, надзвычай глыбокі й цэласны духоўны сьвет.

А ў сьвеце гэтым чалавек ставіўся да навакольля як да нечага жывога, эмацыянальна афарбаванага, здольнага адгукацца на ўсе ягоныя запатрабаваньні й надзеі. Няма пакуль гіерархіі. Чалавек — гэткая ж частка сусьвету, як і расьліна, камень, жывёла, гара ці нават сонца".

(Ракіцкі: ) "А якая карціна сьвету ў беларусаў? З чаго яна паўстае? На што арыентуецца? Што ў ейным цэнтры?"

(Валодзіна: ) "Архетыпічная карціна сьвету беларусаў грунтуецца на сьветаглядзе старажытных індаэўрапейцаў. Арганічна ўлучае ў сябе рысы часоў балцка-славянскае супольнасьці.

Аднак спэцыфіка нацыянальнае карціны сьвету беларусаў вынікае з самога характару беларуса. У ім гарманічна спалучыліся містыцызм, эстэтызм і надзвычайная вера ў адухоўленасьць сьвету.

Беларус нідзе й ніколі не адмаўляецца ад ідэальнага, але зямное яму бліжэй. Таму ён найчасьцей ідэальнае, нябеснае пераносіць на зямлю, у сьвет сваіх рэчаў, у сваю хату".

(Ракіцкі: ) "Дык што, нашыя продкі фэтышавалі рэчы, абагаўлялі іх?"

(Валодзіна: ) "Прадметны сымбаль — гэта й функцыянальная рэч у культурнае прасторы і, адначасова, абсалютна рэальны прадмет. Сымбаль узьнікаў з рэальных якасьцяў прадмету.

Так, сэмантыка дзяжы абапіраецца на тое, што ў ёй замешвалася рашчына. Рытуальныя функцыі хамута вынікаюць з наяўнасьці ў ім адтуліны. У архаічным грамадзтве знакавае і ўтылітарнае — як бакі аднаго мэдалю".

(Ракіцкі: ) "А як гэтыя рэчы рытуальна функцыявалі?"

(Валодзіна: ) "Прыкладам, качарга. "Качаргой працавалі ў печы, і таму яе гэтак жа паважаюць, як і агонь. На качаргу нельга наступіць, бо ўдарыш па носе. Качарга — сымбаль хлопца, мужчыны. І таму дзяўчына, якую сваталі, зьвязвала матузком качаргу й чапялу, каб сватаньне адбылося.

А яшчэ качарга, стаяўшы ля печы, замяшчала сабою хатняга духа, дамавіка. Таму гаспадыні глядзелі, каб у качарэжніку было суханька, каб сьмецьце не валялася. Разам з тым у качарэжніку, як прытулку хатніх духаў, і наогул нечысьці, мог пасяліцца чорт.

Вось фрагмэнт з запісу, які зрабіў этнограф Шпілеўскі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя:

"Кажуць, быццам бы баба-чараўніца вызвала нячысьціка на барацьбу. Іх падзяляў невялічкі плот зь вербаў. Дазволена было выбраць любую зброю. Баба выбрала ожаг, а нячысьцік — вілы. Чорт першы кінуўся на чараўніцу, але ягоныя вілы зашчаміліся ў плоце. Баба прапіхнула ожаг і так уходала праціўніка, што той мусіў з сорамам зьбегчы".

(Ракіцкі: ) "Якім чынам нашыя продкі маніфэставалі адпаведнасьць касьмічных структураў і чалавечых дачыненьняў?"

(Валодзіна: ) "Вось сьвет прыроды. Такой магутнай, непрадказальнай, такой невычэрпна багатай й таямнічай. А побач — хата. Вось стол, дзяжа, акно, а між імі — чалавек. Аказваецца, й ня толькі падобныя гэтыя сыстэмы, але й сымбалічна тоесныя.

Касьмічная будова сусьвету судачыняецца са структурай дрэва, з будовай хаты: верху, небу будзе адпавядаць дах і абразы, птушкі, ствалу — жыцьцё зямное, а ніз атаясамляецца зь ягонымі насельнікамі".

(Ракіцкі: ) "Хата нашых продкаў — цэласная мадэль сусьвету. Цікава было б зараз паглядзець на традыцыйны інтэр’ер сялянскае хаты.

Заўсёды гэты інтэр’ер пачынаўся зь печы. І, напэўна ж, печ была й пачаткам, і цэнтрам гэтае хаты. Калі ісьці ўсьлед за вашай лёгікай, печ усьведамлялася цэнтрам сусьвету?"

(Валодзіна: ) "Менавіта печ сымбалічна пазначае сабою цэнтар сусьвету. Печ — сакральнае сховішча агню. Таго жыватворнага агменю, які сілкаваў сям’ю энэргіяй сонца й самога космасу.

Акрамя таго, печ — унівэрсальная касмалягічная мадэль. Яе аснова, падпечча, будзе раўнавацца да нізу, падзем’я. Чалесьнікам стане адпавядаць жыцьцё зямное, а комін будзе прыпадабняцца да верху, да каналаў сувязі з самім небам".

(Ракіцкі: ) "Што сымбалізавалі пячныя прылады?"

(Валодзіна: ) "Пячное начыньне мэтафарычна рэпрэзэнтуе саму печ. Патэльня на сымбалічным роўні выступае як сусьветны камень. Больш вузка — "пуп зямлі".

Замова:
"На моры, на кіяні стаіць куст. У тым кусьце ляжыць скаварода, пад скавародай ляжыць чорная руна. Пад той чорнай рунай ляжыць зьмяя Шкурапея".

Наўпроставае судачыненьне зь печчу вызначае ўспрыманьне пячных прыладаў як сымбалю агню, прычым, агню амбівалентнага, бо сумяшчае ён ідэі сьмерці й нараджэньня, нябеснага й зямнога, сьветлага й цёмнага. Сваім рытуальным скарыстаньнем пячное начыньне здымае антытэзу між зямлёю й небам, верхам і нізам".

(Ракіцкі: ) "Як уяўлялі старажытныя людзі тварэньне сьветабудовы? Пераход ад Хаосу да Космасу?"

(Валодзіна: ) "Лёгіка тут у тым, што дэманструючы крэацыю, чалавек здольны й сам вяртацца туды, да цэнтру й першапачатку, каб ачысьціцца і зноўку пачаць справу.

Касмагонія прачытваецца праз сымболіку грэбня, таго, якім мы карыстаемся штодня. І ягонага варыянту — ткацкага часальнага грэбня. Менавіта грэбень й выступае сакральнай прыладай, пры дапамозе якой з хаатычнага, неапрацаванага ільну ствараецца ўжо ўпарадкаваны пачатак — валакно. Так грэбень робіцца прадметам–мэдыятарам паміж прыродным і культурным".

(Ракіцкі: ) "Вы сказалі, што рэчы мэдыятыўна напаўняліся. Але ж гэта шлях, як я разумею, да магічных дзеяньняў, да чарадзейства?"

(Валодзіна: ) "І праўда. З дапамогаю такіх рэчаў ня толькі чалавек мог зьвяртацца да іншага сьвету, але й дэманы, розная нячыстая сіла атрымлівалі канал сувязі зь людзьмі".

Фальклёрны запіс:
"Паклала грабянёк пад галаву і сказала: “Суджаны-раджаны, прыходзь маю галаву часаць”. Не хрысьцілася й не малілася богу. І толькі заснула — як чую — палез нехта ка мне пад галоў, вымае грэбень і падыходзіць да мяне. Зьняў зь мяне дзяругу, падняў, пасадзіў на ложку, сарваў з маёй галавы хустку і давай мяне грэбнем прычэсваць. Часаў, часаў, ды як ірване, аж у мяне галава затрашчала”.

(Ракіцкі: ) "Чым, спадарыня Тацяна, можна растлумачыць некаторыя рытуалы, зьвязаныя з засьцярогамі, лекаваньнем?"

(Валодзіна: ) "Тут расшыфроўваецца пласт уяўленьняў пра стварэньне чалавека. І зноў мы вяртаемся да печы, бо менавіта печ станавілася тым "пупам зямлі", дзе магчымае перанараджэньне. А такое перанараджэньне патрабавалася ў экстрэмальных выпадках, пры цяжкіх хваробах.

Нашыя продкі верылі, што жыцьцё нельга паправіць, яго трэба "паправіць ізноў". І тады маленькае цяжка хворае дзіця "перапякалі".

Рытуал:
"Пад час выпяканьня хлеба маці садзіць дзіця на хлебную лапату, абмывае, загладжвае яго хлебнай вадою і нясе да печы з намерам пасадзіць яго туды разам з хлебам, але пакідае лапату на загнетцы. Гэты момант пільнуе другая жанчына. Яна імгненна адчыняе дзьверы і гнеўна кажа:
— Што ты робіш?
— Ня то ня відзіш, сушчы пяку, во што я раблю.
— А, сушчы. Дык пячы іх, пячы, каб не было, — кажа тая й здымае дзіця з лапаты.
Маці ўносіць у печ лапату з пакінутымі на ёй сушчамі й звычайным рухам скідвае іх на "парознае" месца. На гэтае месца яна ўжо не садзіць хлеба".

(Ракіцкі: ) "Гэтакім чынам, мы можам сьцьвярджаць, што рэчы суправаджалі чалавека праз усё ягонае жыцьцё?"

(Валодзіна: ) "Рэчы недзе нават рабіліся двайніком чалавека. І таму праз сымболіку рэчы можна было прасачыць пераход яго з аднаго стану ў іншы — зь дзяцінства да юнацтва, зь юнацтва да сталеньня, і нават да сьмерці".

(Ракіцкі: ) "І на завяршэньне, спадарыня Тацяна, такое вам пытаньне. Вынікае з нашае размовы, што рэчы ў традыцыйным побыце паўстаюць як адухоўленыя аб’екты, альбо як раўнапраўныя ўдзельнікі абрадаў.

А сёньня? У сьвядомасьці сучаснага чалавека ці існуюць рэшткі былой усеабдымнай сакралізацыі рэчаў?"

(Валодзіна: ) "Гэтак, як і мноства гадоў ды вякоў таму, нам служыць посуд і адзеньне, венік і люстра. Іхны першапачатковы сымбалічны сэнс амаль забыўся.

Аднак па-ранейшаму мы нэрвуемся, разьбіўшы талерку, здымаем шапку, уваходзячы ў храм, закрываем люстра, калі ў хаце нябожчык, не падмятаем падлогі, праводзячы гасьцей.

Відавочна, сэмантыка рэчы аказалася тым удзячным полем, што зьберагла для нас надзвычай архаічныя погляды і ўяўленьні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG