Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роля падробак у гісторыі і культуры Беларусі


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 21 Верасьня 2000 г.)

Удзельніца: гісторык культуры Ніна Здановіч.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Сёньняшняя побытавая культура — гэта культура, якая пераважна складаецца з падробкаў у шырокім сэнсе слова. Большасьць рэчаў, якія нас атачаюць, зь якімі мы маем справу, ўзьніклі ў выніку капіяваньня, імітацыі, стылізацыі. Мы марым пра арыгіналы высокай якасьці й мастацкае вартасьці. А задавальняемся звычайна падробкамі, хоць і ставімся да іх скептычна. Але гісторыя даказала і адваротнае. Шлях да высокіх узораў вельмі часта пралягаў праз падробку, а часам падробка станавілася больш каштоўнай за арыгінал. Гаворыць гісторык культуры Ніна Здановіч…"

(Здановіч: ) "Калі браць падробку як імітацыю, як паўтарэньне ідэалу — гэта зьява станоўчая. Але калі падробку спрабуюць выдаць за арыгінал — гэта ўжо адмоўная справа. Прыкладам, "Бахус" Мікелянджэла, зроблены ў юнацтве, абсалютна дакладна паўтараў прынцыпы антычнае скульптуры. Твор быў нагэтулькі прыгожым і нагэтулькі падобным, што людзі лічылі яго антычнай статуяй. Калі б Мікелянджэла выдаў яе за антычную скульптуру — гэта была б падробка са знакам "мінус", але паколькі гэта была імітацыя, і пра гэта ўсе ведалі, дык гэта была аўтарская праца, навеяная арыгіналам. Гэта была падробка са знакам "плюс"".

(Ракіцкі: ) "Падробка ў Беларусі — гэта перайманьне эўрапейскіх узораў?"

(Здановіч: ) "У Беларусі таксама, як ва ўсіх краінах Эўропы, высокае, прыгожае, недасягальнае было штуршком да разьвіцьця розных сфэраў вытворчасьці. Прыкладам, была паліваная кераміка, якая прыходзіць зь Нямеччыны ў канцы XV стагодзьдзя, але спачатку яна была недаступная 2/3 насельнікаў краіны. Узьнікае дымленая кераміка, якая паўтарае форму паліванае, а вонкавы воблік — мэталёвага посуду. Тут як бы два арыгіналы зьліваюцца ў вобразе зусім новым, зусім іншым, але прататып улоўліваецца. Праходзіць літаральна стагодзьдзе, і вось гэтая задымленая кераміка ператвараецца ў традыцыйную, шыкоўную, глянцаваную кераміку. Прататыпу ў ёй мы ўжо ня знойдзем, калі ня ведаем вось гэтага ланцужку. Але вось зьява застаецца, і натхненьне чэрпаецца менавіта там, у канцы XV стагодзьдзя".

(Ракіцкі: ) "Перадусім, спадарыня Ніна, зь якімі пэрыядамі — стваральнымі, высокімі ці крызыснымі, мы можам зьвязваць актывізацыю вырабу падробкаў?"

(Здановіч: ) "Хутчэй за ўсё з высокімі, а ня крызыснымі. Прыкладам, 30-я гады XVIII стагодзьдзя. Радзівіл засноўвае сваю фарфорню ў Сьвержані. Узьнікае самабытны арыгінал, таму што майстар і абсталяваньне былі эўрапейскімі. І ў гэты час паралельна йдзе росквіт уласнае маёлікі й расьпісное керамікі, якая імітуе маёліку, а маёліка мае за арыгінал фаянс".

(Ракіцкі: ) "Ці былі падробкі, якія ва ўяўленьні грамадзтва, ва ўяўленьні дзяржавы станавіліся небясьпечнымі, зь якімі змагаліся?"

(Здановіч: ) "Дзяржава баялася больш за ўсё падробак, зьвязаных з грашовай сыстэмаю. У самым галоўным дакумэнце ВКЛ, у Статуце 1588 году, зьяўляецца артыкул, які перасьцярагае г.зв. клепачоў, якія хацелі або імкнуліся зарабіць грошы на такіх падробках: Тыя ж, хто б манету нашу падрабляў, пераплаўляў і абразаў, а таксама майстры манетнай справы нашай, што золата, срэбра ды іншыя матэрыялы, якія належаць і прызначаюцца грашовай справе, падраблялі б, зьлівалі, зьмешвалі для сваёй карысьці й дзеля шкоды дзяржавы, і тое было б на іх даказана, тыя павінны быць пакараны сьмерцю без шкадаваньня. Таксама і ювеліры, якія золата й срэбра падрабляюць і зьмешваюць медзь, цыну ці олава і гэта было б даказана, тады яны павінны быць пакараны сьмерцю агнём, а зь іх маёмасьці таму, каму прычынілі шкоду, павінна быць выплачана. (Ракіцкі: ) "А ювіліры, залатары? Як ставілася грамадзтва да іхных падробкаў?"

(Здановіч: ) "Залатары, ювеліры стаялі на другім мейсцы па шкоднасьці для дзяржавы пасьля тых, хто фальшаваў манету. І таму ў дакумэнтах хутчэй за ўсё пасьля клепачоў узгадваюцца менавіта залатары, якія імкнуліся выдаць пазалочаную рэч за залатую, і ёсьць узгадка пра тое, як два залатары-магілеўцы адзін на аднаго даносяць за тое, што адзін зь іх выдаў увогуле латунную пазалочаную рэч за залатую".

(Ракіцкі: ) "Значыць, самі залатары былі зацікаўленымі, каб не было падробкаў?"

(Здановіч: ) "Цэхавыя ўставы сачылі вельмі добра за якасьцю сваёй прадукцыі і сачылі за тым, каб яна не падраблялася. Для гэтага вучыліся падмайстры ў майстроў, для гэта майстру можна было мець вучня. У канцы навучаньня адбываліся г.зв. штукі, іспыты, на якіх будучы майстар даказваў, што цалкам авалодаў усімі сакрэтамі сваёй прафэсіі".

(Ракіцкі: ) "Ці займалася дзяржава падробкамі, ці была дзяржава падробніцаю?"

(Здановіч: ) "Дзяржава была самай безсаромнай падробніцаю, у пешую чаргу, грошай. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя пачалі выпускаць шэлягі. Яшчэ ў літаратуры іх часам называлі "барацінкі", якія паводле рэальнага кошту мелі 15 адсоткаў ад намінальнага. І людзі мусілі былі прымаць гэтыя грошы за сапраўдныя, і нагэтулькі гэтыя шэлягі былі абясцэненымі, што нават падробныя былі паводле гатунку лепшыя за тыя, якія афіцыйна выпускала дзяржава. У выніку рынак або браў і тое, і другое, або ня браў ані дзяржаўныя, ані падробленыя клепачамі.

Яшчэ адзін выпадак, зьвязаны з Расейскай імпэрыяй. З 1839 па 1848 гады дзяржава выпускала медную манету, на якой было напісана: "1/4 капейкі срэбрам", "3 капейкі срэбрам". Але нават дзіця бачыла, што гэта звычайная медзь".

(Ракіцкі: ) "Чаму так дзяржава ілгала?"

(Здановіч: ) "Гэта спроба дзяржавы выйсьці зь фінансавага крызысу. Мэта бачная, напрыклад, у надпісу, які быў яшчэ на адных манетах сярэдзіны XVII стагодзьдзя. Шэлягі зьмянілі г.зв. тымфы. На гэтай манеце было напісана: "Жаданьне дапамагчы дзяржаве перавышае сапраўдны кошт грошай".

(Ракіцкі: ) "Гэта, па-сутнасьці, нагадвае тое самае, што адбываеца сёньня, калі друкуюцца грошы, якія нічым не падмацаваныя".

(Здановіч: ) "Магчыма, гэта дапамагала на кароткі тэрмін, але гэта вяло або адразу да катастрофы, або катастрофа адцягвалася ў часе".

(Ракіцкі: ) "Для таго, каб нешта падрабіць, трэба гэта бачыць. Тым больш, вельмі істотная тэхналёгія вырабу. Ці можна казаць, што і ў вельмі аддалены ад нас час існаваў шпіянаж у галіне тэхналёгіяў?"

(Здановіч: ) "Хутчэй за ўсё — можна. Мы мяркуем пра гэта хаця б з уставаў цэхаў. Першае, чаго патрабавалі ўставы цэхаў, гэта каб чалавек трымаў язык за зубамі. У Сярэднявеччы можна было набыць на рынку парашок, які даваў паліву для керамікі, але нельга было даведацца пра ягоны склад. Сакрэт быў уладаньнем майстра: Вельмі важна, каб тое, пра што кажуць у цэху, не выходзіла за парог і не разносілася. Гэтага аднадушна патрабуе цэх. Калі ж хто-небудзь адважыцца гэтае патрабаваньне парушыць і ў яго будзе часацца язык, дык, калі гэта будзе даведзена, ён мусіць будзе заплаціць у цэх паўкаменя воску столькі разоў, колькі разоў ім зроблена парушэньне, без усялякае ласкі. (Ракіцкі: ) "Калі параўнаць зь іншымі народамі, беларусы былі большымі ці меншымі падробнікамі?"

(Здановіч: ) "Дзяржава імкнулася яшчэ з XIV стагодзьдзя атрымаць менавіта майстроў, якія б рабілі рэчы арыгінальныя. Калі гэтага не было, імкнуліся быць ня горшымі за людзей. Можна сказаць, што беларусы былі даволі хітрымі, прыкладам, у паліванай кераміцы. Літва запазычыла форму, тую, якая была распаўсюджаная менавіта ў Нямеччыне, — гаршкі на трох ножках. Беларусы запазычылі прынцып посуду на ножках, але дапасавалі яго да сваёй распаўсюджанай у нас рынкі, патэльні, якая адпавядала гэтае форме. Узяўшы ідэю, яны зрабілі свой арыгінальны посуд".

(Ракіцкі: ) "Падробка, імітацыя даволі моцны аказалі ўплыў на разьвіцьцё арыгінальнае, нацыянальнае культуры. А ці можна казаць пра падробку больш шырока? Ці ўплывала падробка на хаду гісторыі?"

(Здановіч: ) "Тут ёсьць вельмі цікавы аспэкт, г.зв. падробка людзей. Рэч Паспалітая ў XVII стагодзьдзі ад падробкі рэчаў, калі можна так сказаць, перайшла нават на падробку людзей. Усе ведаюць, хто такі Ілжэдзьмітры I, Ілжэдзьмітры II. Хаця энцыкляпэдыі даюць нам фразу: "Паходжаньне ня высьветленае", але, калі пакапацца ў біяграфіі аднаго й другога, дык мы знаходзім іхнае сьляды на Магілеўшчыне: Шклоў, Магілеў. Пры двары Льва Сапегі асобы або аднаго, або другога ўзьнікаюць. Была яшчэ адная спроба, праўда, няўдалая, зрабіць яшчэ аднаго царэвіча, Ілжэдзьмітрыя III, які не састаяўся. Гэта Ян Луба, які жыў пры двары Льва Сапегі, якога выхоўваў Апанас Філіповіч. Але тут атрымалася так, як у "Тарасе Бульбе": "Я цябе парадзіў, я цябе й заб'ю." Калі ўжо Ян Луба "внедрился в Российский двор", Апанас элемэнтарна зрабіў данос на гэтага Яна Лубу, расказаў, што гэта была за асоба і зь якою мэтаю ён туды трапіў".

(Ракіцкі: ) "Адна падробка нараджае іншую, ці ня так?"

(Здановіч: ) "Падробкі нельга множыць да бясконцасьці. Прыкладам, Ілжэдзьмітры I быў падробкаю пад царэвіча Дзьмітрыя. Ілжэдзьмітры II быў падробкаю Ілжэдзьмітрыя II. Трэцяя спроба пацярпела крах, таму, што ў час далёкі ад арыгіналу, немагчыма было падрабляць па аднаму й таму ж сцэнару".

(Ракіцкі: ) "Беларусы свае падробкі і стваралі, і рабілі ня толькі для сябе, а яшчэ як бы перакідвалі на іншыя народы…"

(Здановіч: ) "Беларусь у складзе Рэчы Паспалітае была як бы рэтрансьлятарам заходніх традыцыяў. Кожная краіна ня толькі спажывае, але й перадае. Беларусь вельмі пасьпяхова выконвала гэтую ролю і на побытавым узроўні: керамікі, кафлі, пазалочанае разьбы".

(Ракіцкі: ) "І на завершаньне. Ці можам мы казаць пра пераймальнасьць традыцыі падробак?"

(Здановіч: ) "Пераймальнасьць традыцыі падробак — гэта прынцып такога працэсу, як засваеньне новага. Адкрытасьць культуры ва ўсіх сфэрах. Гатоўнасьць спажыць тое, што вартае перайманьня. Беларусы былі адкрытым народам, спажывалі тое, што ім было трэба, скрайне неабходна ў гэты час. Умелі выбраць і выбраць своечасова. У гэтым я лічу карысьць традыцыі ўжываньня падробак як зьявы"

XS
SM
MD
LG