Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конегадоўля і мастацтва верхавой язды ў XVI–XVII стагодзьдзях


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 24 Жніўня 2000 г.)

Удзельніца: Сьвятлана Ішчанка.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Конь аж да пачатку XX стагодзьдзя, калі зьявіліся транспартныя сродкі, быў ці не найбольш істотнай для чалавека жывёлінаю. Ён араў, перавозіў грузы й людзей, на ім змагаліся ваяры, бавіла час у выездах шляхта. Мець добрага каня і ўмець добра езьдзіць вярхом было прэстыжным у асяродзьдзі прывеліяванага саслоўя.

Натуральна, што цягам часу назапашваліся веды й досьвед у расплоджваньні й гадоўлі коней, іх аб'ежджваньні й падрыхтоцы для войску. І ўжо ў XVI–XVII стагодзьдзях у Эўропе набываюць славу італьянскія, францускія, гішпанскія школы верхавой язды, выдаюцца ілюстраваныя трактаты майстроў гэтае справы.

У нас першым і адзіным дапаможнікам для коньнікаў, які знаёміў чытачоў з замежнымі дасягненьнямі ў гэтай галіне і ўключаў уласны досьвед аўтара, стаў твор Крыштапа Мікалая Дарагастайскага "Нірріса, to jest o koniach ksiengi" (Гіпіка, або кнігі пра коней), выдадзены ў 1603 годзе ў Кракаве.

Вялікі маршалак літоўскі Дарагастайскі перадусім і застаўся ў гісторыі як славуты знаўца і аматар коней. У падручніку конегадоўлі ён распавядае міты й гіпотэзы пра паходжаньне коней, піша пра конскія натуры, дае парады, як даглядаць коней, як лекаваць іх, рыхтаваць да службы ў коньніцы, якую ўжываць збрую. А таксама апісаў тэхнічныя прыёмы верхавой язды.

Зьяўленьне й наступны посьпех "Гіпікі" сьведчаць пра высокую культуру конегадоўлі ў Беларусі ў XVI–XVII стагодзьдзях. Пра гэта мы й павядзем сёньня гаворку з нашай госьцяй – Сьвятланай Ішчанка. Сьвятлана – сябра менскага клюбу аматараў коней "Prodyus". Зараз яна завяршае пераклад кнігі Дарагастайскага на беларускую мову.

Дарагастайскі зьвяртае ўвагу перадусім на падрыхтоуку коней да войску, рыцарскіх коней… Сьвятлана, якія тыпы коней выкарыстоўваліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVII стагодзьдзях?"

(Ішчанка: ) "Са зьяўленьнем агняпальнае зброі зьмяніліся патрабаваньні і да вершнікаў, і да іх рыштунку. Гэтыя зьмены акурат і выпалі на пэрыяд, пра які Вы пытаецеся, калі кавалерыя стала больш лёгкай і манэўранай. Тады воіны пачалі адмаўляцца ад марудных, цяжкіх рыцарскіх коней і сталі выкарыстоўваць жывёл больш лёгкае канстытуцыі".

(Ракіцкі: ) "А адкуль гэтыя жывёліны браліся, іх аднекуль завозілі ці выводзілі тут, у нас?"

(Ішчанка: ) "Вытворнікаў дзеля спароўваньня завозілі з Турцыі, таксама ўхвалялі й шырока выкарыстоўвалі арабскіх, пэрсідзкіх і вугорскіх коней".

(Ракіцкі: ) "Якія крытэрыі добрага каня паводле Дарагастайскага?"

(Ішчанка: ) "Конь мусіць быць высокім, рослым у целе, а ў нагах невысокім, мець моцны капытны рог, галаву невялікую, карак моцны, хрыбет быццам раздвоены, густыя грыву й хвост, вочы выразныя, выпуклыя, цёмныя. Конь мусіў быў быць здаровым. Дарагастайскі найбольш ухваляў гнедых коней".

(Ракіцкі: ) "Як увогуле ставіліся да масьці, і ці істотнай была прыгажосьць каня?"

(Ішчанка: ) "Для шляхты было гонарам сядзець ны прыгожым, выхаваным кані. Аўтарытэтныя вучоныя параўновалі каня нават з жанчынаю, з хараством нявесты, з такімі магутнымі жывёламі, як воўк, алень… Гамэр надае добраму каню вартасьці ад трох істотаў: ад ваўка – вочы, пражэрлівасьць і моц у перадзе. Ад ліскі – малыя і вострыя вушы, густы й доўгі хвост, прыўзьнятую, лёгкую і прывабную хаду. Ад жанчыны – грудзі, хараство й касу, гэта значыць, прыгожую грыву, гэтаксама ласкавасьць і цярплівасьць пры пасадцы. Ад ільва конь павінен узяць падобныя вочы, грудзі, хараство, сьмеласьць, дужасьць, як сьпераду, так і ззаду, і ў карку, гнуткасьць і пражэрлівасьць. А ад аленя – галаву, сківіцы, шырокае горла, шыю – ад галавы тонкую, а ля грудзей тоўстую. А таксама ногі, бег і масьць з кароткімі бліскучымі валасамі. Калі ж казаць пра масьць, дык Дарагастайскі зыходзіў з тэорыі альхімічных элемэнтаў: да кожнага колеру дапасоўваліся нейкая стыхія або вільгаць".

(Ракіцкі: ) "Вы хочаце сказаць, што быў падзел коней паводле іхнага тэмпэрамэнту?"

(Ішчанка: ) "Быў такі падзел. Дарагастайскі вельмі добра ведаў тэорыю тэмпэрамэнтаў. Ён падзяляў коней на чатыры групы паводле іхнага тэмпэрамэнту… Гнедая масьць мае кампанэнт паветра і падпарадкоўваецца крывяной вільгаці, што ясна паказвае ў конях сама весялосьць. Рудая ж мае вогненную натуру, таму й зьмяшчае ў сабе найбольш жоўці. Вось яны гняўлівыя і задзірлівыя. Сівая або белая масьць адпавядае воднаму элемэнту, белізна ад флегмы. Вараная – усё ад зямлі бярэ, і ад падабенства з чорным колерам ёй уласьцівая мэлянхолія. (Ракіцкі: ) "А як рыхтавалі коней да выезду? Напэўна ж, была цэлая навука, Дарагастайскі, напэўна ж, выкладаў яе ў сваёй кнізе?"

(Ішчанка: ) "У Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ў ВКЛ, існавала мастацтва верхавой язды. Хаця ў нас мастацтва гэтае пачало разьвівацца пазьней, чым у іншых эўрапейскіх краінах, дзе ўжо ў XVI стагодзьдзі сфармаваліся школы верхавой язды. Дарагастайскі пераймаў досьвед перадусім італьянскіх школаў. Ён падарожнічаў па Італіі і браў урокі ў найлепшых майстроў гэтае справы. У нас тым часам гэтыі навыкі перадаваліся па спадчыне, ад старэйшага чалавека роду да ягонага нашчадка або ад ваеначальніка да жаўнера. Але ў вуснай ці практычнай традыцыі. Дарагастайскі стаўся першым, хто паспрабаваў выкласьці гэтую навуку на паперы. І зрабіў гэта сыстэматызавана".

(Ракіцкі: ) "Ці маглі б Вы сфармуляваць нейкія асобныя пазыцыі адносна догляду каня?"

(Ішчанка: ) "У Вялікім Княстве Літоўскім таго часу пачыналі аб'яжджаць коней значна раней, чым сучасных спартовых коней.

Аптымальным векам дзеля гэтае справы Дарагастайскі лічыў чатыры гады, калі конь станавіўся дастаткова моцным і быў здольным сьцярпець цяжкасьці вайсковых паходаў, вялікія фізычныя нагрузкі. Каня давяралі спрактыкаванаму конюху, які мусіў доўга, цярпліва й ласкава прыручаць яго, бо жарабцоў (а шляхта пераважна езьдзіла на жарабцах) адлоўлівалі на стэпавых раўнінах, дзе яны пасьвіліся як дзікія. Прывучыць такую жывёліну было няпроста й небясьпечна.

Потым, як і ў сучаснай выездцы, працавалі над разьвіцьцём трывалае рысі. Гэта займала некалькі месяцаў. А найбольшае значэньне надавалася практыкаваньням у фігурнай верхавой язьдзе ў разнастайных колах – зьмейкаю, сьпіральлю. Але самым важным было выпрацаваць гнуткасьць каня, яго паслухмянасьць вершніку, жвавасьць рухаў у розных колах. Ад гэтага ўрэшце ж залежала жыцьцё й гаспадара, і самога каня".

(Ракіцкі: ) "А што патрабавалася ад людзей, якія займаліся доглядам коней?"

(Ішчанка: ) "Дарагастайскі вылучыў шэраг адмыслова прафэсійных і маральных патрабаваньняў да іх. Яны мусілі былі быць людзьмі цьвярозымі, працалюбнымі, стараннымі, уважлівымі. Самае галоўнае – каб яны любілі каня не з прымусу, ня дзеля панскае ласкі, а па сваім характары… Умелы й добры конюх мусіць зьмяшчаць у сабе наступныя якасьці: цьвярозасьць, цярплівасьць, веру, любасьць да коней прыроджаную, а не прымусовую, ахайнасьць, паслухмянасьць, стараннасьць, здароўе і моц. Мусіць быць нежанаты, каб ягоная жонка зь дзецьмі не выбаўляла са стайні, не гулец у косьці, не зваднік ані распусьнік. П'яніцы, вар'яту, нецярпліваму лбу ня толькі выхоўваць, але ледзьве глядзець на фартуннае і маладое жарабя можна дазволіць. Праўда, здаецца цяжкім, што прыйдзецца доўга й цярпліва зносіць конскае шаленства й маладую бурлівасьць, але, памятаючы, што ён жа будзе верна й доўга насіць тваю асобу, лепш даць яго прывесьці да гэтага разумнаму чалавеку. Sat cito, si sat bene (Дастаткова хутка, калі дастаткова добра) – даўняя прыказка. (Ракіцкі: ) "Разважаючы над творам Дарагастайскага, мы абавязкова прыходзім да высновы, што ён – узор гуманістычнае літаратуры. А як жа можна было ставіцца з такой ступеньню гуманізму да каня, калі эпоха была далёкай ад гуманнасьці?"

(Ішчанка: ) "Эпоха, скажам шчыра, была жорсткаю. Амаль несупынна йшлі войны. Эпідэміі розныя. Нават чалавечае жыцьцё ня шмат каштавала. А тут конь… Чаму? Напэўна, таму, што конь быў баявым сябрам, ён апяваўся ў рыцарскіх эпасах як выратавальнік чалавека. Зрэшты, ад каня вельмі часта залежала, жыць ці ня жыць чалавеку. У эўрапейскім рыцарстве йснавала традыцыя ня есьці каніну".

(Ракіцкі: ) "У такім стаўленьні да каня, натуральна, цяжка вымерыць кошт каня ў грашовым вымярэньні. І ўсё ж, колькі мог каштаваць тады добры конь?"

(Ішчанка: ) "У Дарагастайскага ёсьць згадка, што падрыхтаваны, выяжджаны, баявы конь мог каштаваць столькі, колькі цэлая вёска. І ён прыгадвае, як у Нэапалі ў графа дэ Рокка ён бачыў такога скакуна, за якога канюшы караля францускага даваў яго гаспадару 1800 крон злотых, але той не прадаў яго й за дзьве тысячы".

(Ракіцкі: ) "Ці шмат было канюшань у ВКЛ? Колькі коней магла налічваць вялікая канюшня? І хто перадусім трымаў коней?"

(Ішчанка: ) "Трымалі коней вельмі заможныя людзі. Найперш, магнаты – Сангушкі, Вішнявецкія, Радзівілы. Вельмі захапляўся конегадоўляй Жыгімонт Аўгуст. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькі амаль што конезавод у Кнышыне. У ягонай канюшні стаялі сівыя арабскія коні, вараныя гішпанскія скакуны, мантуанскія, нэапалітанскія коні. Менавіта на арабскай кабыле з кнышынскага статку Жыгімонта Аўгуста ўцёк потым за мяжу Генрык Валуа".

(Ракіцкі: ) "Як паўплывала конегадоўля на культуру народа?"

(Ішчанка: ) "Верхавая язда – гэта таксама мастацтва. Кніга Дарагастайскага стварыла перадумовы для зьяўленьня ў Рэчы Паспалітай пазьней, у XVIII стагодзьдзі, моды на прыдворную, манежную верхавую язду. Навогул уклад Дарагастайскага ў нашую беларускую культуру вельмі значны. Ягоная кніга "Гіпіка" мела і адукацыйнае, і выхаваўчае, і навуковае значэньне".

(Ракіцкі: ) "Мяне вельмі ўразілі ў гэтай кніге грунтоўныя разважаньні пра тое, што менавіта праз ласку можна й трэба выхаваць добрага каня. Ці не зьмянілася за наступны за Дарагастайскім час стаўленьне да коней?"

(Ішчанка: ) "Сучасны наш конны спорт зьмяняецца ў лепшы бок. За савецкім часам і да коней у іхным выхаваньні існавалі аўтарытарныя прынцыпы. Галоўным мэтадычным падыходам быў прымус, прымусіць жывёліну любым коштам выканаць любое практыкаваньне. Зараз нашыя спартоўцы пачалі пераймаць досьвед заходніх калегаў. І тут супадзеньне з прынцыпамі, якія спавядаў Дарагастайскі, – ласка, дабрыня перадусім. І конь з ахвотаю выканае тое, што ад яго патрабуюць. Прынцып гармоніі вершніка з канём нязьменны ў любой добрай школе верхавой язды. Поўнае зьліцьцё каня зь вершнікам, каб нават глядач ня мог заўважыць, што адзін кіруе, а іншы падпарадкоўваецца".

(Ракіцкі: ) "І тады конь разумее чалавека, а чалавек каня…"

XS
SM
MD
LG