Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскае капішча


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 22 Чэрвеня 2000 г.)

Удзельнік: Тодар Кашкурэвіч.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Апошнім у Эўропе гарадзкім культавым паганскім аб'ектам лічыцца Менскае капішча, якое дзейнічала яшчэ ў першыя дзесяцігодзьдзі ХХ стагодзьдзя ледзь ня ў самым цэнтры вялікага места, у раёне цяперашняе Лодачнае вуліцы. Больш за 19 стагодзьдзяў беларусы спавядалі хрысьціянскую рэлігію, і тым ня менш захоўвалі традыцыі паганства. Чаму? Ці ня ёсьць такое дзьвюхвер'е нацыянальнаю культурнаю адметнасьцю? На гэтыя пытаньні мы будзем шукаць адказу з этнолягам і мастаком Тодарам Кашкурэвічам.

…Ці ня ёсьць сутнасным для рэлігійных уяўляньняў нашых людзей злучэньне хрысьціянскага й паганскага пачаткаў?"

(Кашкурэвіч: ) "Для беларускай традыцыі вельмі ўласьцівае дзьвюхвер'е. На самой справе факту хрышчэньня нашае краіны не было. Хрысьціянства ўваходзіла паступова і ўжывалася з культамі дахрысьціянскімі, прыроднымі культамі нашага народу. Сапраўды, да нашага часу яшчэ ў вёсках можна напаткаць вельмі архаічныя рэлікты дахрысьціянскае культуры ўяўленьняў і, нават, магічнае практыкі. Вельмі паказальным у гэтым сэнсе зьяўляецца Менскае капішча. Аб'ект, тоесны капішчам многіх эўрапейскіх народаў, захаваўся ў нашым горадзе да 20-х гадоў нашага стагодзьдзя".

(Ракіцкі: ) "Я думаю, што тут вельмі важна растлумачыць нашым слухачам, што азначае слова "капішча". Капішча – гэта прыняты навуковы тэрмін, які абазначае месца, дзе адбываліся паганскія рытуалы: ахвярапрыношаньне, розныя паганскія сьвяты. Яшчэ ў народзе гэтае месца называлі сьвяцілішчам, малельняй ці проста каменем.

Тодар, раскажы калі ласка, калі ўзьнікла вось гэтае Менскае капішча, як яно выглядала, якая была канструкцыя ягоная?"

(Кашкурэвіч: ) "У народзе яно называлася малельняй ля каменя. Калі браць ХІХ стагодзьдзе, і, нават, 20-я гады нашага стагодзьдзя – гэта ўскраек гораду. Але гэта недзе ня болей за кілямэтар ад сакральнага цэнтру Менску. Мейсца, дзе знаходзіліся кляштары, цэрквы, касьцёлы, ратуша. Яшчэ мой бацька памятае, што да вайны мейсца, дзе знаходзілася малельня, было досыць дзікае, зарослае ельнікам, вольхаю, ляшчынаю. Людзі ў 40-х гадох распавядалі знакамітаму этнографу, прафэсару Міхалу Кацару, наступнае: У даўні час тут быў густы лес, непраходная балотная дрыгва, адным словам суцэльнае глупства. Як пойдзе ў гэты гушчар чалавек, дык яго задурыць, замуціць галаву. Чэрці яго водзяць па балоце, пакуль чалавек не загразьне ў дрыгве. А на прыгорку, на высокім кургане, сярод гэтага лесу стаяў гэты камень. Ходзяць пра яго ў людзей чуткі, што той, хто авалодае гэтым камянём, той стане багатым і шчасьлівым. Вось і захацелася лесавіку й вадзяному займець камень. Заспрачаліся. А каб вырашыць спрэчку, пайшлі да свайго старэйшага. Той сказаў: хто без перадыху ўзьнясе камень на скрыжаваньне дарог, той і будзе гаспадаром яго. Кінулі жэрабя. Першым выпала несьці лесавіку. Але, як ні стараўся лесавік, падняць камень ня змог. Не дапамаглі яму і яго падначаленыя лясныя зьвяры. Тады ўзяўся за камень вадзяны. Узваліў ён камень на плечы і панёс. Напужаўся лесавік, што камень дастанецца вадзяному. Падставіў ён яму падножку. Заваліўся вадзяны на беразе Сьвіслачы. Зваліўся і камень на самы бераг ракі. Вось камень і ляжыць. Ані лесавік, ані вадзяны не завалодалі ім. А было гэта вельмі даўно. Так даўно, што нават старыя людзі не памятаюць. З таго часу й стаіць тут гэты камень. (Кашкурэвіч: ) "Вельмі цікавая легенда, бо адносіць дату ўтварэньня гэтага капішча на вельмі аддалены пэрыяд, можна сказаць, у міталягічную эпоху".

(Ракіцкі: ) "А што ўяўляла сабою апошняе эўрапейскае капішча, Тодар?"

(Кашкурэвіч: ) "Гэта быў насьціл з дубовага бярвеньня над ракою Сьвіслач, у якім была прарэзаная дзірка, зь якой бралі сьвятую ваду. Рос аграмадны, у чатыры абхопы дуб, які называўся "волат", каля якога маліліся, вешалі ахвярныя ручнікі. Гэта камень паўсфэрычнае формы, якога звалі "дзед", якому таксама прыносілі ахвяры. Відавочцы распавядаюць, што ён быў абвязаны ручнікамі, фартухамі, на яго вылівалі віно, мёд і заўсёды над ім вілася хмарка пчолаў. І самы, бадай што, цікавы элемэнт гэтага сьвяцілішча, – гэта агонь або ахвярнік. Гэта недзе ў мэтар пабудова з камянёў, на цэгле, шырынёю з мэтар і вышынёю да двух мэтраў. Такі каменны слуп, на якім разводзіўся агонь. На гэтым агні спальваліся вантробы, ногі, рогі прынесеных у ахвяру жывёлаў. Ну, а мяса забіраў сабе сьвятар".

(Ракіцкі: ) "І напэўна ж, Тодар, вакол гэтага віравала пэўнае жыцьцё?! Знахары, калдуны…"

(Кашкурэвіч: ) "Слушна. Вельмі цікавае месца займае гэтая малельня ў сьвядомасьці менчукоў. Вось сьведчаньне Хрысьціны Андрэяўны Несьцяровіч: – Ці хадзіла, пані, маліцца да камяню?
– Так, хадзіла.
– А калі не хадзіла?
– Я больш хадзіла маліцца ў царкву. Там я была кожную нядзелю. Ну, а калі што забаліць, ці жывот, ці што там, то тады хадзіла да камяню. (Ракіцкі: ) "Мы можам прывесьці яшчэ адзін вельмі цікавы ўспамін: У адной жанчыны не было дзяцей, але яна вельмі хацела нарадзіць дзіцё. І ніякія сродкі ёй не дапамагалі. Дык знахар сказаў, што ён дапаможа яе бядзе. А для гэтага трэба было зрабіць так. У самую цёмную ноч прыйсьці ў капішча. Сесьці голым мейсцам на камень. І каб спадніцай накрыць увесь камень. Так трэба рабіць тры разы.. Пры гэтым трэба сказаць тры разы "дапамажы Божа". Пасьля гэтага ў гэтай бабы нарадзілася некалькі дзяцей. Абодвы, і муж, і жонка, былі задаволеныя. Быў задаволены і знахар, што ўратаваў сям'ю ад бяды. (Ракіцкі: ) "Тодар, а самі знахары, калдуны, сьвятары – што гэта былі за людзі?"

(Кашкурэвіч: ) "Паводле сьведчаньняў зноў такі адной са старых менянак, калдуны бываюць розныя. Адныя прымаюць у сябе на даму. Другія – хаджалыя. І толькі трэція, найбольш моцныя і найбольш важныя, мелі такія капішчы ці малельні. Дынастыя менскіх ведуноў, ці знахараў, ці калдуноў зьяўляецца найбольш важнаю. Людзі апісвалі іх вонкавы выгляд, асабліва старога Севасьцея, як яго звалі, або Савелія ці Саўкі, як мужчыну, які дажыў да 100 гадоў. Поўны, мажны, з чорнымі валасамі, упэўнены ў сабе, удалы і ўмелы, і хітры, і мудры. Вядомая цэлая дынастыя сьвятароў на менскай малельні. І ўсе яны мелі адное імя – Севасьцей або Савелі, або Саўка. Імя не зьяўляецца выпадковым, зыходзячы з знакавых імёнаў традыцыі. Менавіта Саўка, Совій – гэта былі эпітэты Перуна".

(Ракіцкі: ) "А як людзі ставіліся да калдуноў? Цярпліва, не было гвалту супраць іх?"

(Кашкурэвіч: ) "Людзі ставіліся да калдуноў вельмі па-беларуску: калі што забаліць, здохне жывёла ці ўкрадуць жывёлу, ці трэба палячыцца, дык ішлі да знахара. Ну, а калі не атрымоўвалася, чары не спрацоўвалі, дык маглі знахара пакалаціць. Але ўвогуле, стаўленьне да іх было вельмі паважнае. Як, зноў такі, казала адна зь менянак, раней да калдуноў ставіліся вельмі паважна, як да людзей сьвятых: на іх маліліся, прыносілі ахвяры. Яны ў сьвядомасьці беларусаў мелі статус ня меншы чым бацюшка або ксёнз. Але іхныя ролі былі дыфэрэнцыяваныя. Як сьвята – ішлі ў царкву, а як штосьці забаліць, здарыцца якая бяда, дык ішлі да знахара".

(Ракіцкі: ) "Дык, Тодар, гэтая зьява калдуноў, знахараў, паганскіх вераваньняў ужо на пачатку ХХ стагодзьдзя мела характар хутчэй звычаёвы, чым сакральны?"

(Кашкурэвіч: ) "Мяркую, што не, бо тыя цытаты, якія я ўзгадваў, акурат паказваюць, што людзі ставіліся да іх, як да сьвятых людзей. Стаўленьне простага люду да калдуноў, як да людзей сьвятых".

(Ракіцкі: ) "Тодар, чаму менавіта ў Беларусі, чаму менавіта ў Менску найдаўжэй, у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі народамі, захавалася вось гэтая паганская традыцыя веры ў калдуноў, вешчуноў?"

(Кашкурэвіч: ) "Чаму ў Менску, я ня ведаю. Гэтае пытаньне, напэўна, застанецца на вякі. А чаму на Беларусі, дык ёсьць некалькі меркаваньняў. Па-першае, відаць паўплывала рэлігійная талеранцыя ў Вялікім Княстве Літоўскім. А зь іншага боку – відавочна, што гэта зьвязана з прыроднымі ўмовамі Беларусі, бо гэта пераважна лясны й балоцісты край. Шматлікія вёскі выходзілі ў сьвет па два разы ў жыцьцё, бо бліжэйшая царква ці касьцёл знаходзіліся за 50 вёрстаў. Прырода спрыяла захаваньню традыцыйных уяўленьняў".

(Ракіцкі: ) "Натуральна, кожны ведае, што й сяньня захоўваецца шмат яшчэ ў Беларусі паганскіх звычаяў. Ці ня тут мы можам, Тодар, спрабаваць шукаць беларускую культурніцкую традыцыю, адметную мэнтальнасьць, магчыма нават свой беларускі стыль?"

(Кашкурэвіч: ) "Слушна. Гістарычная традыцыя Беларусі вельмі багатая з усімі рэаліямі культуры рэнэсансу, готыкі, барока. Гэта – тэатар і друк, гэта – магдэбурскае права, рыцарскае саслоўе. На сяньняшні дзень, нажаль, традыцыя зьнікла, яна ўжо не фармуе, не ўплывае на кшталтаваньне стылю нашае краіны, стылю нашых грамадзянаў. Наадварот, такое ўражаньне, што любыя стылістычныя набыткі гістарычных эпохаў імкнуліся разбурыцца й ператварыцца зноў у першаэлемэнты. Як Крэўскі замак ператварыўся ў камень. І гэтая для нас адна з найбольшых сьвятыняў, нажаль, цяпер пазбаўленая стылю. Паганства ці, дакладней, традыцыйная культура, традыцыйныя ўяўленьні на наш пагляд зьяўляюцца відаць апошнім шанцам для нашае культуры, для фармаваньня стылю сьвядомасьці для нашага грамадзяніна, бо адзінае дастойнае, што ў нас захавалася, гэта – прырода. Але менавіта традыцыйная культура, традыцыйная мадэль сьвету вырастае з гэтае прыроды, адухоўлівае яе і надае стыль, можна сказаць, пэўны кшталт апісаньня і ўваходжаньня ў гэты краявід, гэты ляндшафт".

XS
SM
MD
LG