Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніцтва Беларусі зь Іракам у ваеннай галіне і магчымая рэакцыя міжнароднай супольнасьці


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Мікола Пачкаеў, Камран Аль-Карадагі, Аляксандар Алесін, Кірыл Коктыш

(Дракахруст: ) “У мінулую нядзелю ўплывовы брытанскі штотыднёвік “Observer” апублікаваў артыкул пра супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Іракам у ваеннай галіне. Гэта ня першая публікацыя такога кшталту: сёлета былі абнародаваныя зьвесткі пра навучаньне ірацкіх ракетчыкаў у беларускіх ваенных вучэльнях, зьвесткі пра тое, што беларускае ваеннае абсталяваньне трапляе ў Ірак, зьяўляліся ў міжнародным друку ўжо шмат разоў. Аднак у “Observer” ці не ўпершыню былі названыя канкрэтныя прадпрыемствы і віды абсталяваньня, якія былі закупленыя рэжымам Садама Хусэйна ў ягонага беларускага сябра.

Важны і кантэкст зьяўленьня гэтай публікацыі. Ваенная апэрацыя ўсясьветнай супольнасьці супраць Іраку выглядае зараз надзвычай верагоднаю, калі не непазьбежнаю. Так што ваеннае супрацоўніцтва з аб’ектам гэтай атакі – гэта ўжо не абстрактная пагроза міжнароднай бясьпецы, а зусім канкрэтная дапамога ворагу Амэрыкі і Велікабрытаніі.

Беларускае МЗС на гэтым жа тыдні ў чарговы раз адхіліла ўсе абвінавачаньні на адрас краіны ў незаконным продажы зброі Іраку.

На гэтым тыдні паведамленьні пра беларускія незаконныя збройныя зьдзелкі з Іракам абвяргаў у інтэрвію BBC і сам Аляксандар Лукашэнка. Паводле яго, Беларусь сапраўды падтрымлівае добрыя стасункі з Іракам, але толькі ў тых галінах, у якіх супрацоўніцтва з Багдадам не забароненае ААН. Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў, што ўсе абвінаваўцы, што гавораць пра беларускі гандаль зброі з сумнеўнымі рэжымамі, не прыводзяць аніякіх фактаў.

Ну, некоторыя факты ўсё ж прыводзяцца. Напрыклад, у публікацыі ў “Observer” паведамляецца пра тое, як інспэктары ААН, калі іх яшчэ ня выдалілі з Іраку, знайшлі на гарматным заводзе 14 станкоў Віцебскага станкабудаўнічага заводу. Наколькі можна давяраць паведамленьням “Observer” ды іншых крыніцаў пра збройныя гешэфты афіцыйнага Менску з Багдадам? Гаворыць выкладчык Маскоўскага інстытуту міжнародных зносінаў Кірыл Коктыш:

(Коктыш: ) “Калі прыгадаць, што адносіны беларускага рэжыму з арабскімі краінамі – лепшыя, чым з кім бы то ні было іншым, то гэтая інфармацыя вельмі падобная на праўду. Гандлёвая ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі – такая ж шчыльная, як і палітычная. І адзіныя партнэры, зь якімі існуюць добрыя адносіны, якія прысутнічаюць у Беларусі – гэта менавіта арабскія краіны, у прыватнасьці, той жа Ірак і Лібія.Адзін з матываў гэтых кантактаў – гэта амбіцыі беларускага прэзыдэнта. Адчуваць сябе міжнародным ізгоем – вельмі некамфортна. Але ж гэтыя амбіцыі могуць мець і эканамічны падмурак”.

(Дракахруст: ) “А ці давераюць інфармацыі газэты “Observer” пра спэцыфічныя адносіны Беларусі і Іраку ў самой Вялікабрытаніі? Слова нашаму лёнданскаму карэспандэнту Міколе Пачкаеву:

(Пачкаеў: ) “Брытанскі ўрад зь вядомых прычынаў вельмі неахвотна раскрывае ступень валоданьня выведнай інфармацыяй і яе крыніцы. Ніякіх афіцыйных захадаў ці заяваў на адрас Беларусі пакуль не было, ды й такія захады звычайна робяцца скаардынавана групай краінаў, а не адной паасобнай. Але зь меркаваньняў назіральнікаў я зрабіў выснову, што “ірацкі аспэкт”, верагодна, будзе таксама прыняты пад увагу пры фармулёўцы стаўленьня да афіцыйнага Менску ў іншых галінах.

Акрамя таго, зьвесткі наконт таго, што фірма “Белбудімпэкс” гандлявала з Іракам абсталяваньнем, прыдатным для вытворчасьці ядзернай зброі, якія ўвайшлі ў артыкул у “Observer”, зусім не зьяўляюцца чымсьці новым. Яны фігуравалі, напрыклад, на слуханьнях у падкамітэце па Блізкім Ўсходзе і Паўднёвай Азіі камітэту па міжнародных дачыненьнях Кангрэсу ЗША, якія адбываліся яшчэ 4 кастрычніка 2001 года. Інфармацыя ж у нядаўнім сюжэце тэлебачаньня BBC аб тым, што Беларусь вырабляе для Іраку элемэнты сродкаў супрацьпаветранай абароны ды мабільныя плятформы для запуску ракетаў і рыхтуе спэцыялістаў для карыстаньня такой зброяй, таксама не зьяўляецца чымсьці новым. Але сам факт новай публікацыі ў мэдыях зьвестак пра ўдзел Беларусі ва ўзбраеньні Садама Хусэйна сьведчыць аб тым, што гэтую тэму сур’ёзна ўспрымае прынамсі друк, а гэта ўжо сур’ёзна. З камэнтароў, якія прагучалі на BBC, можна зрабіць пакуль толькі тую выснову, што запэўніваньням Лукашэнкі аб недатычнасьці да небясьпечных паставак у Ірак у Лёндане і Вашынгтоне вераць прыкладна ў такой жа ступені, як там давяраюць шчырасьці самога Садама Хусэйна”.

(Дракахруст: ) “Чаму ў абвінавачваньнях пра незаконны гандаль з Іракам не фігуруюць дакладныя доказы? Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе супрацоўнік ірацкай службы нашага радыё Камран Аль-Карадагі”.

(Аль-Карадагі) “Як правіла, калі адна краіна абвінавачвае іншую ў збройных зьдзелках з Іракам, цьвёрдых і дакладных доказаў мы ніколі ня бачым. Але гэта не азначае, што іх няма. Прычына гэтага ў тым, што крыніцамі гэтай інфармацыі зьяўляюцца выведныя органы. Нават група ваенных інспэктараў ААН, калі яна яшчэ працавала ў Іраку, ніколі не раскрывала сваіх крыніцаў інфармацыі, ніколі не тлумачыла, чаму яна хоча праверыць тое ці іншае прадпрыемства. Крыніцы звычайна паведамляюць такую інфармацыю канфідэнцыйна. Хутчэй за ўсё, гэта тычыцца і зьвестак наконт ваеннага супрацоўніцтва Беларусі з Іракам”.

(Дракахруст: ) “Сакрэтнасьць крыніцаў інфармацыі, немагчымасьць іх праверкі часам прыводзяць да памылак, якія, на думку аглядальніка газэты “Беларускі рынак” Аляксандра Алесіна, утрымлівае публікацыя ў “Observer”.

(Алесін: ) “Са спасылкамі на Трактарны завод ангельскія калегі зрабілі памылку. Трактарны завод страціў магчымасьці вытвараць ваенную тэхніку. Размова можа ісьці пра Менскі завод колавых цягачоў, на іх цягачах разьмяшчаюцца ракеты СКАД, якія ёсьць у Іраку. Але зараз з прычыны санкцыяў ААН МЗКТ ня можа пастаўляць сваю прадукцыю ў Ірак. Ракетныя цягачы – вельмі аб’ёмная прадукцыя, яе нельга даставіць у Ірак, каб гэтага ніхто не заўважыў. Дадзеныя “Observer” крыху перабольшаныя, шмат зь іх састарэлыя, частка зь іх – проста сьмешныя і ўяўляюць наўпроставыя памылкі. Калі размова можа ісьці, то толькі пра прадукцыю падвойнага прызначэньня”.

(Дракахруст: ) “На думку Аляксандра Алесіна, калі беларускія ўрадоўцы гавораць, што Беларусь не пастаўляе зброі ў Ірак, яны фармальна ня хлусяць. Хаця і ўсёй праўды таксама не гавораць”.

(Алесін: ) “Пра наўпроставыя пастаўкі ўзбраеньняў размовы быць ня можа. Усё цяжкое ўзбраеньне, якое магло б зацікавіць Ірак, сродкі СПА, яны паводле Венскай канвэнцыі знаходзяцца на ўліку. І калі яны пакідаюць Беларусь, гэта няцяжка праверыць. І таму паведамленьні, што танкі, БТРы, авіяцыя, зэнітна-ракетныя комплексы наўпрост патрапляюць зь Беларусі ў Ірак, пазбаўленыя якіх бы то ні было падставаў.

Значна больш складанае пытаньне – з прадукцыяй падвойнага прызначэньня. Унівэрсальныя станкі сапраўды могуць выкарыстоўвацца для вытворчасьці як цывільнай, гэтак і ваеннай прадукцыі. І віцебскія станкі маглі патрапіць у Ірак як наўпрост, гэтак і праз пасярэднікаў, і гэта ёсьць парушэньнем санкцыяў ААН.

Я асабіста на падставе размоваў з экспэртамі раблю выснову, што адзінае, пра што сур’ёзна можа ісьці гаворка – гэта праграмнае забесьпячэньне і электроніка. Гэта таксама не зьяўляецца вузкаспэцыялізаваным, але можа выкарыстоўвацца ў Іраку ў ваенных мэтах”.

(Дракахруст: ) “Аднак паводле зьвестак супрацоўніка ірацкай службы нашага радыё Камрана Аль-Карадагі нават прадукцыю падвойнага прызначэньня “прапхнуць” праз камісію ААН надзвычай цяжка”.

(Аль-Карадагі) “Гэта ня так лёгка, калі казаць пра пастаўкі праз праграму ААН “Нафта ў абмен на лекі і харчаваньне”. Камітэт 66, які займаецца сыстэмаю санкцыяў супраць Іраку, вельмі пільна вывучае ўсе зьдзелкі з Багдадам. У гэтага камітэту ёсьць вельмі жорсткія правілы адносна тавараў падвойнага прызначэньня. Так што гэта ня так ужо і лёгка, аднак гэта і не азначае, што такія тавары ўвогуле ня могуць прайсьці праз камітэт. Тавары падвойнага прызначэньня – гэта вельмі складанае і спрэчнае пытаньне. Ірак увесь час настойвае на тым, што гэтыя тавары выкарыстоўваюцца выключна ў цывільных мэтах, аднак у камітэце 66 асабліва ЗША і Вялікабрытанія ўвесь час блякуюць шмат такіх тавараў. Тым ня менш, я згодны зь меркаваньнем, што, хутчэй за ўсё, размова ідзе пра пастаўкі менавіта тавараў падвойнага прызначэньня”.

(Дракахруст: ) “Дарэчы, беларускія ўрадоўцы неаднаразова скардзіліся на тое, што шмат кантрактаў з Іракам не зьдзяйсьняецца з прычыны таго, што камтітэт ААН па санкцыях запальвае для іх “чырвонае сьвятло”. Аднак існуюць і іншыя шляхі.

У сваім інтэрвію BBC Аляксандар Лукашэнка велікадушна ня выключыў, што нейкае ваеннае абсталяваньне зь Беларусі ў Ірак патрапіць магло, але тут жа патлумачыў, што адбыцца гэта магло праз трэція краіны, зрабіўшы тонкі намёк, што гэтымі пасярэднікамі маглі быць і нейкія брытанскія і амэрыканскія фірмы. Дарэчы, пра такія схемы гаворыцца і ў публікацыі ў “Observer”, прынамсі, пра пастаўкі абсталяваньня праз Ярданію і Сырыю. Вось меркаваньне на гэты конт расейскага адмыслоўца Кірыла Коктыша:

(Коктыш: ) “Гэта – стандартная схема пастаўкі зброі сумнеўным рэжымам, але ж гэтыя трэція краіны ня могуць быць эўрапейскімі. З Эўропаю Лукашэнка мае вельмі дрэнныя адносіны і любыя пастаўкі праз Эўропу, асабліва пастаўкі зброі, адразу б засьвяціліся. Калі гэтай трэцяй краінаю была б, напрыклад, Лібія, я гатовы даць гэтаму веры”.

(Дракахруст: ) “Меркаваньні расейскага адмыслоўца дапаўняе наш ірацкі калега Камран Аль Карадагі”.

(Аль-Карадагі: ) “Сырыя і Ярданія – магчымыя маршруты для транзыту ў Ірак такіх тавараў, якія забароненыя для продажу Багдаду. Год-два таму лічылася, што менавіта Ярданія зьяўляецца галоўным каналам такога транзыту. Але апошнім часам большасьць аглядальнікаў падазраюць Сырыю. Супраць яе няма аніякіх санкцыяў, а праз мора можна пераправіць любы тавар. 7-8 месяцаў таму аднавіла працу чыгунка паміж Сырыяй і Іракам. Да таго ж вядома, што зараз паміж Сырыяй і Іракам ідзе шырокамаштабны незаконны гандаль нафтаю. Ірак нічога ня робіць задарма. І цалкам магчыма, што ў абмен на нафту Ірак патрабаваў ад Сырыі паставак запчастак да сваёй зброі і тавараў падвойнага прызначэньня. І таму зараз часьцей гавораць менавіта пра Сырыю, а не пра Ярданію”.

(Дракахруст: ) “Газэта “Observer” паведамляе пра візыт у Беларусь два месяцы таму віцэ-прэм’ера Іраку Абдула Таўаб Мула Хавэіша. Беларускія дзяржаўныя мэдыі таксама асьвятлялі гэты візыт, даючы тлумачэньне, што высокі багдацкі госьць прыехаў вырашаць праблемы паставак зь Беларусі выключна мірных тавараў, ці не гуманітарнай дапамогі для ірацкіх дзетак. Можна было б нават замілавацца, калі б не маленькая дэталь: сп-р Хавэіш акрамя пасады віцэ-прэм’ера займае таксама пасаду міністра абароннай прамысловасьці Іраку. Дарэчы, напрыканцы гэтага тыдня ірацкі міністар ізноў наведаў Беларусь, на гэты раз плянуецца нават ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. І зноў беларускі афіцыёз распавядае, што тое, што міністар абароннай прамысловасьці краіны, якая стаіць на мяжы вайны, прыехаў у Беларусь дзеля гуманітарных праграмаў.

Гаворыць Аляксандар Алесін”.

(Алесін: ) “Я мяркую, што для атрыманьня гуманітарнай дапамогі такога чалавека наўрад ці прыслалі б. Я мяркую, што размова ішла менавіта аб прадукцыі падвойнага прызначэньня. Тут няма абмежаваньняў. Напрыклад, фірма “Volvo” мае намер паставіць у Ірак амаль 2 тысячы аўтамабіляў, але дастаткова зьняць з такой машыны грузавую плятформу? і яе можна выкарыстоўваць для перавозкі ракетаў. Такая ж сытуацыя і са станкамі. Я лічу, што размова ў Менску ішла пра прадукцыю падвойнага прызначэньня для ірацкай прамысловасьці. Яна зараз уся падпарадкоўваецца ваенным”.

(Дракахруст: ) “На гэтым тыдні нават больш значны скандал разгарэўся вакол збройных паставак у Ірак з Украіны. Украінскаму лідэру Леаніду Кучму, у адрозьненьні ад Аляксандра Лукашэнкі, дужа не пашанцавала. Апроч ускосных доказаў і разьведнай інфармацыі знайшліся сьведчаньні наўпроставыя. Два гады таму на Захад уцёк былы ахоўнік прэзыдэнта Ўкраіны Мікола Мельнічэнка, які прыхапіў з сабою стужкі патаемных запісаў размоваў Кучмы зь ягонымі паплечнікамі. Амэрыканскія адмыслоўцы устанавілі сапраўднасьць гэтых запісаў, у адным зь якіх прэзыдэнт Украіны дае наўпроставы загад паставіць у Ірак праз Ярданію комплексы супрацьракетнай абароны “Кальчуга”.

Валодаючы гэтай інфармацыяй, ЗША вырашылі, так бы мовіць, пакараць Кіеў далярам: Дзярждэпартамэнт абвесьціў пра прыпыненьне фінансавай дапамогі Ўкраіне ў памеры 55 мільёнаў даляраў. Падобных праграмаў дапамогі Беларусі з боку ЗША не існуе, таму і скарачаць няма чаго. Як можа адрэагаваць Захад на беларускае супрацоўніцтва з Іракам у ваеннай галіне?”

(Коктыш: ) “Што тычыцца дзеяньняў ЗША у адказ, мне падаецца вельмі верагодным аднаўленьне стратэгіі, пра якую ішло шмат размоваў падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады ЗША ўзгаднялі з Эўропаю ўвядзеньне эўрасанкцыяў адносна Беларусі, каб Эўропа адмовілася ад беларускага транзыту.

Верагоднасьць такіх санкцыяў – сярэдняя. Гэта магчыма, бо Эўропа вызнае пэўныя каштоўнасьці і вельмі рэзка рэагуе, калі гэтымі каштоўнасьцямі нехта грэбуе, асабліва той, хто і сам знаходзіцца ў эўрапейскай прасторы. Санкцыі невыгодныя Эўропе, але яна іх можа ўвесьці. Санкцыі невыгодныя Расеі, але ў сёньняшніх абставінах яна таксама будзе вымушаная іх выконваць. Такое разьвіцьцё падзеяў ня выключанае, але яно патрабуе ня менш як году дзеля таго, каб ператварыцца ў нейкую сыстэмную палітыку. Але заклік да эўрасанкцыяў з боку ЗША хутчэй за ўсё прагучыць”.

(Дракахруст: ) “Артыкул пра беларускія збройныя гешэфты з Іракам зьявіўся ў брытанскім выданьні. Як зьбіраецца рэагаваць на гэтую інфармацыю Лёндан? Тут варта ўлічыць і блізкасьць пазыцыяў Вялікабрытаніі і ЗША па ірацкай праблеме, і меркаваньне сп-ра Коктыша пра тое, што Вашынгтон можа ўзьдзейнічаць на Менск праз Эўропу, і, нарэшце, той факт, што апошнім часам гандаль паміж Беларусьсю і Вялікабрытаніяй імкліва расьце: гэтая краіна выходзіць на другое месца пасьля Расеі ў гандлі зь Беларусьсю, абыходзячы Нямеччыну. Гаворыць наш лёнданскі карэспандэнт Мікола Пачкаеў”.

(Пачкаеў: ) “Трэба шчыра прызнаць, што эканамічных рычагоў ціску на Беларусь у Захаду засталося ня так і шмат. Што тычыцца санкцыяў кшталту тых, пра якія ідзецца ў амэрыканскім акце аб Дэмакратыі ў Беларусі, напрыклад, абмежаваньняў на продаж беларускіх тавараў, то чакаць аднабаковых захадаў з боку Брытаніі ня варта, бо Брытанія ў рэшце рэшт зьяўляецца часткаю Эўразьвязу. Але калі бы такое пытаньне паўстала з ініцыятывы, напрыклад, ЗША, то было бы дакладна памылкаю чакаць, што Брытанія будзе выступаць супраць, нягледзячы на ўвесь цяперашні рост беларускага экспарту ў Брытанію”.
XS
SM
MD
LG