Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за закрыцьцём газэты “Свободные новости”?


Віталь Тарас, Прага

На мінулым тыдні ня выйшаў у сьвет чарговы нумар тыднёвіка “Свободные новости”. Міністэрства інфармацыі Беларусі падтрымала аднаго з заснавальнікаў выданьня, які вырашыў зачыніць яго ў аднабаковым парадку, насуперак закону. Што сталася прычынай закрыцьця папулярнай газэты? Хто стаіць за новым этапам вайны з прэсай – расейкія мэдыя-магнаты ці дамарослыя алігархі й чыноўнікі? Чаму дзяржаўная прэса раптам пачала абараняць незалежнасьць Беларусі? Як у гэтых умовах выжыць незалежнаму беларускаму друку?

Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газэты” Алесь Манцэвіч і галоўны рэдактар тыднёвіка “Свободные новости” Аляксандар Уліцёнак.

(Тарас: ) “Сп. Уліцёнак, які статус мае газэта на момант запісу перадачы, і ці застаяцеся Вы яе галоўным рэдактарам?”

(Уліцёнак:) “З фармальнага гледзішча сытуацыя выглядае наступным чынам: газэта, у адпаведнасьці з заявай аднаго з заснавальнікаў – сп. Атрошчанкі, прыпыненая на загад міністра інфармацыі Падгайнага. Беларускаму Дому друку загадана ня мець ніякіх адносінаў зь людзьмі, якія выдавалі добра знаёмую нашым друкарам газэту. І далейшая пэрспэктыва – выхад газэты магчымы толькі ў тым выпадку, калі праз суд мы даб’емся скасаваньня дамовы, на якую спасылаюцца і Атрошчанка, і Падгайны.

А што тычыцца асабіста мяне, я не ўспрымаю загады Сяргея Атрошчанкі, бо лічу іх неправамоцнымі і юрыдычна неправадзейнымі.

Напярэдадні, літаральна цягам якойсьці паўгадзіны, было прынятае рашэньне. Нам не далі нават магчымасьці патлумачыць сытуацыю нашым чытачам, нашым падпісчыкам, нашым рэклямадаўцам. Гэта проста вельмі яскравы прыклад таго, як можнам нахабна і бессаромна ігнараваць інтарэсы ня толькі астатніх заснавальнікаў выданьня, ня толькі ўсяго рэдакцыйнага калектыву – а гэта ж каля 25 чалавек, але й шматтысячнай чытацкай аўдыторыі. Гэта, я лічу, дазваляе рабіць выснову, што за сытуацыяй стаіць чыста палітычнае рашэньне, пабудаванае на ігнараваньні нейкіх юрыдычных нюансаў”.

(Тарас: ) “Сп. Манцэвіч, Вашая газэта выходзіць у Маладэчне. Але як можна меркаваць з назвы, яе чытаюць і ў іншых гарадох і раёнах?”

(Манцэвіч: ) “Так, мы выходзім на мяжы Менскай і Гарадзенскай абласьцей, распаўсюджваемся на тэрыторыі Астравецкага, Смаргонскага, Ашмянскага раёнаў Гарадзенскай вобласьці, Валожынскага, Маладэчанскага, Вілейскага і Мядзельскага раёнаў Менскай вобласьці. Асноўны наш чытач – у Маладэчне й Вялейцы”.

(Тарас: ) “Вам даводзіцца канкураваць ня толькі зь дзяржаўнымі выданьнямі – такімі як “Советская Белоруссия”, “Звязда”, але і з папулярнымі незалежнымі газэтамі, якія выходзяць у сталіцы: гэта “БДГ”, “Белорусская газета”, “Народная воля”, тыя ж “Свободные новости”, да самага апошняга часу. Як удаецца выжыць пры такой канкурэнцыі беларускамоўнаму выданьню, якім ёсьць “Рэгіянальная газэта”?

(Манцэвіч: ) “Я б не назваў той факт, што ў нас прадаюцца і распаўсюджваюцца недзяржаўныя газэты зь Менску, канкурэнцыяй. Усё-ткі ў нас свая ніша, мы ёсьць выданьнем мясцовым, рэгіянальным. У нас свой чытач. Той чытач, які цікавіцца падзеямі ў Менску, ён жа адначасова цікавіцца падзеямі ў сябе дома, у блізкіх суседзяў. Таму я не сказаў бы, што тут ёсьць канкурэнцыя.

Іншая справа, што ў нас таксама хапае праблемаў, як іх хапае і ў тых самых недзяржаўных выданьняў зь Менску. Мы прадастаўленыя сам сабе, і дзякаваць Богу! Мы робім тое, што мы хочам. Але, скажам, калісьці дэкляраваная дапамога дзяржавы беларускамоўным выданьням так на ўзроўні дэклярацыяў і засталася. І мы на сёньняншні дзень, на жаль, пасьля зьнікненьня “Пагоні” ці не адзіная беларускамоўная газэта, якая распаўсюджваецца ў нейкім канкрэтным рэгіёне – калі не лічыць “Пагоню” агульнанацыянальным выданьнем, а выданьнем для Гарадзенскай вобласьці.

Мясцовыя ўлады не заўсёды, скажам так, успрымаюць нашыя публікацыі зь вялікай радасьцю. Таму што мы пішам пра тое, што адбываецца, стараемся пісаць праўду. Мы нікому не падпарадкоўваемся – ні ўладзе, таму што мы ня ёсьць органам дзяржаўных уладаў, ні таксама ніякім палітычным партыям, палітычным сілам. Мы цалкам самастойнае выданьне і самадастатковае ў фінансавым пляне, таму што зьбіраем рэкляму, працуем з рэклямадаўцамі, з сыстэмай распаўсюджаньня. Нашая газэта папулярная, карыстаецца попытам, і 9 тысяч 100 асобнікаў – гэта той наклад, які распаўсюджваецца цалкам, поўнасьцю разыходзіцца на тэрыторыі нашага рэгіёну”.

(Тарас: ) “Вы згадалі газэту “Пагоня”. У гісторыі сучаснага беларускага друку “Свободные новости” сталі трэцім, здаецца, грамадзка-палітычным выданьнем, зачыненым уладамі: перад гэтым былі газэты “Навіны” і акурат гарадзенская “Пагоня”. Але ж “СН” першая, наколькі я ведаю, расейскамоўная газэта, якую намагаюцца зачыніць. У той самы час расейскамоўных, а дакладней – маскоўскіх выданьняў у Менску становіцца ўсё больш, хай сабе ў выглядзе дадаткаў. Гэта і “Комсомольская правда” у Беларусі, “Известия” у Беларусі, “Московский комсомолец”.

У чым тут справа, сп. Уліцёнак? Расейскія алігархі гэткім чынам заваёўваюць беларускі мэдыя-рынак? Ці гэта ініцыятыва тутэйшых, так бы мовіць, алігархаў?”

(Уліцёнак: ) “Я думаю, што можна зазірнуць крыху ў гісторыю, каб адказаць на гэтае пытаньне. Бо ўвесь час, апошнія сем гадоў, калі прэзыдэнтам краіны зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка, ідуць актыўныя інтэграцыйныя гульні з Масквой. І ў пляне гэтых гульняў запрашэньне маскоўскіх выданьняў у Беларусь на пэўных умовах вельмі стасавалася з гэтымі ўзаемаадносінамі Масквы і нашага “Чырвонага дому”: Крамля і Чырвонага дому ў Менску.

І “Известия”, і “КП” і “МК” і “Аргументы и факты” – яны ўсе маюць свае ўнутраныя беларускія рэдакцыі, і гэтыя рэдакцыі робяць дастаткова вялікія беларускія ўкладкі. Дарэчы, нельга сказаць, што яны цалкам ігнаруюць пытаньні беларускасьці, беларускай палітыкі, тыя вострыя пытаньні палітычнага жыцьця, якія хвалююць і мяне і майго шаноўнага суразмоўцу Алеся Манцэвіча.

Але пры ўсім пры тым, гэтыя газэты належаць нейкім маскоўскім групоўкам, пэўным маскоўскім алігархічным групам. І зразумела, што ў сёньняшніх умовах яны вымушаныя нейкім чынам трымаць сябе ў руках. Яны вымушаныя выконваць правілы той гульні, якая ім прапанаваная. Бо тое, што адбываецца сёньня ў сфэры пэрыёдыкі, вельмі яскрава пераклікаецца з тым, што адбываецца ў электронных СМІ. Глядзіце, што адбывалася ў свой час з НТВ, з ОРТ, калі там працаваў карэспандэнтам Павал Шарамет – як толькі гэтыя людзі пачыналі гаварыць на поўны голас, на поўную моц сваіх грамадзянскіх і журналісцкіх пачуцьцяў, адразу ж пачынаўся гандаль афіцыйнага Менску з Масквой. І кожнага разу гэты голас сумленьня маскоўскіх журналістаў – і нашых землякоў, і журналістаў-расейцаў, прыглушаўся капіталам. У інтарэсах капіталу – падтрымаць добрыя адносіны. А дзеля гэтага ў якасьці разьменнае манэты выступае свабода слова.

Пранікненьне алігархічнага капіталу ў масмэдыйную прастору Рэспублікі Беларусь ёсьць вельмі спэцыфічнай зьявай, да якой трэба ставіцца вельмі асьцярожна і ўважліва разьбірацца, што стаіць за гэтым капіталам, якія асабістыя інтарэсы ён перасьледуе”.

(Тарас: ) “Сп. Манцэвіч, а як Вам бачыцца сытуацыя? Ці ёсьць нейкія спробы расейкіх мэдыяў пашырыць свой уплыў на беларускага чытача? Альбо галоўная пагроза беларускай прэсе ўсё ж ідзе ад чыноўнікаў – мясцовых і сталічных?”

(Манцэвіч: ) “Мне здаецца, што большая пагроза ідзе ад мясцовых чыноўнікаў, якія могуць загадаць не даваць інфармацыі, не даваць дазволу на разьмяшчэньне рэдакцыі нейкага выданьня. Але зразумела, што з больш актыўным прыходам замежнага капіталу ў нашу краіну, калі такое будзе адбывацца, будзе існаваць пагроза і для мясцовых газэтаў. Тут шмат што залежыць ад таго, хто валодае гэтым капіталам, хто канкрэтна будзе задаваць правілы гульні на полі мясцовых мас-мэдыяў.

Прыкладам, у Польшчы большасьць мясцовых выданьняў вытрымалі націск замежнага капіталу. Хаця многія былі купленыя швэдзкім, нарвэскім капіталам, але не заўсёды чытач бачыў перамену ў палітыцы газэты, таму што капітал часьцей за ўсё ставіць на першае месца свае фінансавыя інтарэсы, а пасьля ўжо палітычныя. Але калі капітал і палітыка перамешваюцца, тут, канечне, магчымы дыктат. Але гэта чыста тэарэтычныя развагі ў дачыненьні мясцовых беларускіх мэдыяў.

На маю думку, калі сюды прыйдзе расейскі капітал, будзе вельмі вялікая пагроза таго, што многія СМІ стануць плясаць пад дудку расейскіх алігархаў. Ёсьць такая пагроза, і незапакоенасьць гэтым існуе ў колах выдаўцоў мясцовай беларускай прэсы”.

(Тарас: ) “А калі казаць практычна? У вас жа ёсьць зваротная сувязь – рэдакцыйная пошта. Як Вы мяркуеце, ці хвалюе чытача тэма пранікненьня расейскага капіталу ў Беларусь? Ці гэтае пытаньне пакууль застаецца на пэрыфэрыі грамадзкай сьвядомасьці?”

(Манцэвіч: ) “Хвалюе, але невялікую частку, на мой погляд. Можа, таму, што ён пакуль марудна пранікае да нас, альбо гэтае пранікненьне не відавочнае. Найбольш відавочнае пранікненьне капіталу на пэрыфэрыі праяўляецца ў выглядзе расейскіх піўных бляшанак, выбачайце.

Тое, што адбываецца ў Менску, і што адбылося зараз са “Свободными новостями” – тут я выказваю салідарнасьць з калектывам газэты, з Аляксандрам Уліцёнкам. Мы за тое, каб газэта існавала й далей. Але што за гэтым стаіць, што хаваецца за заявамі Атрошчанкі, не зусім зразумела. Толькі здагадкі, што тут яму нехта дыктуе – Атрошчанку”.

(Тарас: ) “Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з патрабаваньнем адстаўкі кіраўніка Міністэрства інфармацыі Міхаіла Падгайнага. На Вашую думку, сп. Уліцёнак, ці можа зьмяніцца сытуацыя ў прэсе са зьменай чыноўніка, хай сабе зь вялікімі паўнамоцтвамі?”

(Уліцёнак: ) “Я адкажу на гэтае пытаньне. Але спачатку хацеў бы працягнуць думку Алеся Манцэвіча. Тут пра што размова? Вельмі цікавы нюанс: Атрошчанка, у прыватнасьці, заявіў: “СН” губляюць сваю папулярнасьць, бо гэты амэрыканскі найміт Уліцёнак танчыць пад дудку амэрыканскага капіталу”. Думка вельмі банальная й зацёртая адначасова. Але ж за гэтай банальнасьцю і заежджанасьцю стаіць штамп, які сёньня вельмі актыўна выкарыстоўвае ў сваёй контр-прапагандзе супраць незалежных СМІ сёньняшні беларускі рэжым і яго ідэалягічны апарат.

Раз-пораз і на Беларускім тэлебачаньні, і ў беларускай дзяржаўнай прэсе гучыць такі папрок, які потым тыражуецца на розных узроўнях у выступах рознага калібру чыноўнікаў: вось, паглядзіце, што такое прыватны друк. Паводле гэтай лёгікі, і я прыватны ўладальнік, і Манцэвіч прыватны ўладальнік – я на рэспубліканскім узроўні, Манцэвіч на рэгіянальным. Паколькі яны ўладальнікі, дык яны ж і дыктуюць свае ўмовы калектыву. Паводле гэтай лёгікі, я, нібыта, узяўшы для сябе за ўзор амэрыканскую мадэль, назвязваю сваю волю. Хачу сказаць, што тут усё з дакладнасьцю да наадварот.

Узяць такога добра вядомага ва ўсім сьвеце амэрыканскага мэдыя-караля Рупэрта Мэрдака. Тое, што ён валодае газэтамі і тое, што гэтыя газэты маюць велізарны посьпех, зусім не азначае, што Мэрдак некуды прыходзіць са сваёй краіны ў іншую так, як зараз да нас прыходзіць расейскі мэдыйны капітал. Гэты бізнэс для Мэрдака – чыста газэтны бізнэс. А што адбываецца, калі прыходзіць на нашую глебу расейскі алігархічны капітал у газэтную справу? За расейскім алігархічным капіталам, у адрозьненьне ад Мэрдака, у адрозьненьне ад іншых дэмакратычных дзяржаваў, стаіць, перш за ўсё, тэндэнцыйнае жаданьне праз прэсу прабіць асабістыя карысльвыя інтарэсы ў палітыцы або ў эканоміцы. Яны могуць прабіваць, напрыклад, інтарэсы нейкай кампаніі: ці то “Балтыкі”, ці то МТС, ці той яшчэ нейкай. Яны могуць прабіваць інтарэсы нейкай палітычнай групоўкі. І вось у гэтым адрозьненьне паміж стандартамі, якія сфармаваныя дэмакратычным друкам Захаду, і адсутнасьцю палітычнай і бізнэсовай культуры – я кажу пра тое нешта непрыемнае, што нясе з сабой расейскі алігархічны капітал на Беларусь.

Што тычыцца ініцыятывы БАЖ наконт адстаўкі міністра інфармацыі, дык да яе многія ставяцца скэптычна, згодна зь вядомай прымаўкай: няхай нехта нешта крычыць, а караван ідзе далей… Але ж у свой час такая ініцыятыва была вылучаная ў адносінах да міністра Сівакова. Можа, гэта супадзеньне, а можа й не, але ж міністар перастаў быць міністрам.

Калі гэта адбудзецца ў выпадку зь Міхаілам Падгайным і яго памяняюць на некага іншага, дык я думаю, нешта зьменіцца. Але радыкальна зьмяніцца сытуацыя ня можа. Хоць увогуле, калі ставіцца да гэтай праблемы па-філязофску, дык любыя перамены часьцей за ўсё да лепшага. Бо жыцьцё вымушае разьвівацца, ісьці наперад і пакідаць ззаду нейкія адыёзныя постаці ў спадзяваньні на тое, што, магчыма, прыйдзе чалавек, у якога нешта лепш атрымаецца”.

(Тарас: ) “Хацеў бы тут закрануць яшчэ адну тэму. Гэта тэма грантаў. Яна, гэтая тэма, узьнікла, здаецца, яшчэ за часам, калі ў Беларусі існаваў фонд Сораса. Ён дапамагаў многім культурніцкім беларускім праектам – у тым ліку выданьням. Потым былі створаныя дзяржавай невыносныя ўмовы ў пляне падаткаў на дзейнасьць дабрачынных фондаў, і Беларускі фонд Сораса зачыніўся. Але ж дагэтуль, як вядома, у некаторых рэдакцыях засталася кампутарная тэхніка, бясплатна перададзеная фондам ім у карыстаньне. Дарэчы, далучэньне рэдакцыяў недзяржаўных газэтаў да Інтэрнэту таксама было распачатае зь ініцытывы Фонду Сораса. Дык ці азначае гэта, што незалежная прэса жыве на грошы заходняга капіталу, грошы фінансыста Джорджа Сораса?

Цяпер вось абвінавачваюць амабасаду ЗША, што яна, нібыта, утрымлівае ўсю незалежную прэсу Беларусі. Але перш чым прасіць Вас, сп. Уліцёнак, пракамэнтаваць гэтыя абвінавачаньні на адрас вашай газэты з боку сп. Атрошчанкі, я хацеў бы запытацца ў сп. Манцэвіча: ці ў стане сёньня рэгіянальная прэса, ды й ня толькі рэгіянальная, увогуле выжыць без падтрымкі грамадзкіх арганізацыяў і фондаў, у тым ліку замежных?”

(Манцэвіч: ) “Прыкладам можа быць нашая газэта. Такім прыкладам могуць быць і некалькі іншых незалежных газэтаў – скажам, з Барысава, якія выходзяць даволі добрым тыражом, зьбіраюць добрую рэкляму. У Слоніме гэта “Газэта Слонімская”. У Баранавічах ёсьць некалькі газэт, і тут яскравы прыклад – газэта “Інтакс-прэс”.

У свой час наша газэта атрымала грант ад Сораса. Мы ўдзельнічалі ў адкрытым конкурсе. У ім удзельнічалі таксама іншыя выданьні, і між іншым – дзяржаўныя. Сярод больш чым трыццаці ўдзельнікаў конкурсу, здаецца, было пяць пераможцаў, у тым ліку таксама і мы. Нікому не было забаронена ўдзельнічаць у тым конкурсе. Вынікам сталася тое, што мы набылі добрае па тым часе абсталяваньне і зрабілі крок наперад.

Без дапамогі Сораса, канечне, нам было б цяжэй. Але мы б усё адно разьвіваліся б, таму што перад намі стаяць мэты дайсьці да кожнага чытача. У залежнасьці ад таго, якія мэты перад сабой ставяць выдаўцы, можна ісьці рознымі шляхамі. Можна разьлічваць на сябе і не адмаўляцца, як мы ў свой час не адмовіліся, ад дапамогі. Можна разьлічваць выключна на гранты. Я думаю, што другі шлях згубны, таму што губляюцца сапраўдныя арыентыры”.

(Тарас: ) “Сп. Уліцёнак, магчыма, абвінавачаньні сп. Атрошчанкі ня вартыя былі б увагі, але, як вядома, Міністэрства замежных справаў вельмі апэратыўна адрэагавала на заяву прыватнай асобы і патрабавала ад амбасады ЗША справаздачы – ці сапраўды яна фінансуе газэты, у тым ліку й Вашую…”

(Уліцёнак: ) “Што тычыцца гэтай апошняй заявы, дык вельмі сьмешна, канечне, калі чалавек, які зьяўляецца спэцыялістам у вырабе ніжняй бялізны, ставіць нейкую ультыматыўную ўмову перад МЗС, а міністэрства замежных справаў пагрозьліва пытаецца ў амэрыканцаў: “а ну, што там у вас такое робіцца?!”

Я ня маю права адказваць за амбасадара Козака. Я адкажу за сябе. Я ўжо адказваў на вельмі правакацыйным тонам зададзенае мне пытаньне аднаго з журналістаў, якія падтрымліваюць інтарэсы Атрошчанкі і групы, што стаіць за ім. Адказваў тады, і скажу слухачам “Свабоды”: мы не атрымалі ніводнага даляра, ніводнага цэнту ад амсбасады ЗША. Я ня ведаю, што адбываецца зь іншымі выданьнямі, але паколькі я слухаю сваіх паважаных калегаў-рэдактараў, дык мяркую, што тое ж самае тычыцца і іншых незалежных выданьняў – у прыватнасьці, разьмешчаных у Менску.

А ўвогуле, праблема фінансавай дапамогі – гэта ж практыка, якая ёсьць ва ўсім сьвеце, якая прыжылася і апраўдала сябе. Калі параўнаць Расею і Беларусь, дык глядзіце – той самы Джордж Сорас інвэстуе ў стварэньне новых мэдыяў Расеі проста мільёны – прычым ня толькі ў маскоўскія, але па ўсіх рэгіёнах.

А мы стварылі штучную праблему. Мы пакрыўдзілі чалавека і структуру, якая сапраўды зрабіла для новай масмэдыйнае прасторы Беларусі вельмі шмат. Самі стварылі тупіковую сытуацыю, і сам зараз ня ведаюць, што рабіць. Адсюль гэты дзікунскі запыт: вось, маўляў, “Свободные новості” атрымалі 40 ці 50 тысяч даляраў… Глупства, дзікунства, нецывілізаванасьць!”

(Тарас: ) “Сп. Уліцёнак, Вашая газэта існуе ўжо 11 гадоў – столькі, колькі незалежнасьць Беларусі. Напэўна, ня ўсім падабалася газэта і ў адміністрацыі, і далёка ня ўсім – у апазыцыі. І ўсё ж назваць яе антынезалежніцкай, бадай, не наважыўся б ніхто. Чаму менавіта зараз, калі дзяржаўная прэса пачала ўзахлёб пісаць пра каштоўнасьць незалежнасьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі, дзяржава ў асобе сваіх чыноўнікаў працягвае перасьлед журналістаў і прэсы ў цэлым? Ці свабодная прэса і ў незалежнай дзяржаве ўладам не патрэбная?”

(Уліцёнак: ) “Мы прафэсіяналы, і мы выдатна разумеем, пра што ідзе размова. Калі мы кажам пра сёньняшні настрой чыноўнікаў і пра тое, куды іх раптам пацягнула, якімі яны сталі сёньня нібыта патрыётамі, дык гэта ж звычайная кан’юнктуршчына, на якой выхаваныя і першыя асобы гэтай дзяржавы, і першыя асобы ўсіх абласьцей і раёнаў. Сёньня стварылася такая кан’юнктурная сытуацыя, калі трэба лямантам галасіць: “няхай жыве самастійная Беларусь!” Вось яны і галосяць. Калі заўтра нешта пераменіцца, падзьме іншы вецер… А яны, між іншым, сёньня жывуць чаканьнем таго, што вецер заўтра падзьме іншы. Яны ўсе выдатна разумеюць, што гэта сёньняшняя, штучна створаная сытуацыя, і яны ўсе вераць у тое, што ўсё адно саюзу быць, усё адно яны вымушаныя будуць спэкуляваць на гэтым і зарабляць сабе на жыцьцё спэкуляцыямі падобнага кшталту.

І яны выдатна, адначасова, разумеюць, што на тое яна і незалежная прэса, недзяржаўная, што яна заўсёды, ад самога свайго стварэньня, якое супала са стварэньнем сувэрэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, шчыра і некан’юнктурна імкнулася зрабіць для сваёй незалежнай Беларусі максымум. А яны – прыстасаванцы. Гэта мімікрыя. І яны гэта разумеюць, ім ад гэтага няёмка. І паколькі яны памяняліся, а ёсьць жа сумленьне, ёсьць нейкія эмоцыі, яны адчуваюць сваю злобу за тое, што ўчора яны былі “чырвона-зялёнымі”, а зараз становяцца ледзь ня “бел-чырвона-белымі”, ну дык яны за гэта помсьцяць таму ж незалежнаму друку, у прыватнасьці, “Свободным новостям”: маўляў, атрымайце!”

(Тарас: ) “Сп. Манцэвіч, На Вашую думку, што ёсьць кан’юнктурай на сёньняшні дзень, што ня ёсьць кан’юнктурай? І ці выжыве незалежная беларуская прэса?”

(Манцэвіч: ) “Я цалкам згодны з калегам Аляксандрам. Тое, што мы бачым у сёньняшняй дзяржаўнай прэсе – міністар за міністрам выступаюць у падтрымку сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, дыстанцыююцца ад Расеі – гэта кан’юнктуршчына. Яны глядзяць у рот зразумела каму. І тое самае робяць – не скажу, што ўсе, але многія дзяржаўныя газэты і журналісты, якія працуюць у дзяржаўных выданьнях.

Ці выжыве незалежная прэса? Ну, я не працаваў бы ў незалежнай газэце, не рабіў бы свой сямейны бізнэс у незалежнай газэце, калі б ня верыў у будучыню нашай газэты і ўвогуле газэт нядзяржаўных. Але цяжкасьці, зразумела, наперадзе будуць. Будзем змагацца, будзем старацца пераадольваць іх, будзем рабіць усё, каб нашыя выданьні, нашае слова даходзілі да чытача”.
XS
SM
MD
LG