Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: “мы вярнуліся ў беларускае інтэлектуальнае поле”.


Алена Радкевіч, Прага і Віталь Цыганкоў, Менск

Завершыўся 7 зьезд БНФ “Адраджэньне і 5 зьезд партыі БНФ. Асноўны вынік – пераабраньне кіраўніцтва Фронту. Мандат даверу ізноў атрымалі старшыня БНФ Вінцук Вячорка й ягоная каманда.

Тымчасам на зьезьдзе акрэсьлены быў і іншы пункт погляду на разьвіцьцё Фронту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Яго прэзэнтаваў альтэрнатыўны кандыдат на пасаду старшыні – Вячаслаў Сіўчык.

Адразу хачу зазначыць, што ў нашу студыю мы запрашалі абодвух прэтэндэнтаў на пасаду старшыні. Абодва далі згоду, аднак пасьля таго, як сталіся вядомыя вынікі галасаваньня, Вячаслаў Сіўчык чамусьці ня выкарыстаў шанец выкласьці свае пазыцыі шырокай аўдыторыі – нашмат больш шырокай, чымся зьезд БНФ.

Аднак мы маем магчымасьць выслухаць меркаваньні іншага ўдзельніка зьезду – старшыні Маладога Фронту, Паўла Севярынца. Малады Фронт шмат у якіх пытаньнях падтрымліваў пазыцыю Сіўчыка.

Спачатку я хацела б павіншаваць зь пераабраньнем Вінцука Вячорку. Для кожнага палітыка гэта вялікая падзея. Сп.Вячорка, ці Вы былі ўпэўненыя ў сваім пераабраньні?”

(Вячорка: ) “Дзякуй за віншаваньні, але гэта той выпадак, калі можна ня толькі віншаваць, але й спачуваць. Насамрэч крэсла кіраўніка Фронту, як кажуць, калі і ўтыкана ружамі, то з шыпамі. Наконт пераабраньня я, безумоўна, быў упэўнены – упэўнены перадусім таму, што ведаю настроі нашых людзей, аб’ехаўшы фактычна ўсю Беларусь улетку і ўвосень перад выбарамі. Ведаю, што яны падтрыміваюць тую лінію на мэтадычнае структурнае аднаўленьне Фронту, якое пачалося ў 1999 годзе.

(Радкевіч: ) “Выглядае, адразу варта пачаць размову пра “лінію”. У чым, уласна кажучы, прынцыповыя адрозьненьні дзьвюх розных лініяў, двух розных падыходаў да далейшага разьвіцьця БНФ, якія былі выкладзеныя Вячаславам Сіўчыкам і якія адстойвалі Вы?”

(Вячорка: ) “Наконт лініі Вячаслава Сіўчыка больш лягічна было б спытацца ў самога спадара Сіўчыка. З таго, што я чуў, я ўлавіў два моманты, зь якімі я не згаджаюся. Першае – гэта стварэньне кааліцыі ці, лепш казаць, паўторнае аб’яднаньне (рэўніфікацыя) з КХП БНФ. Другі момант – гэта прыярытэт вулічнай палітыкі. Як адно (гэта значыць, паўторная маргіналізацыя Фронту, які толькі-толькі два гады, як выйшаў з гэтага маргінальнага стану), так і другое (незважаньне на рэальныя настроі грамадзтва) ня можа быць падтрымана, калі мы хочам рэальна ўплываць на сытуацыю ў гэтым самым грамадзтве”.

(Радкевіч: ) “Я зьвярнуся зараз да Паўла Севярынца. Вячаслаў Сіўчык абапіраўся на моладзевыя структуры Фронту й лічыў, што менавіта моладзевая частка Фронту яго падтрымае. Ці падтрымліваеце Вы гэтыя асноўныя тэзы, якія былі выкладзеныя Вячаславам Сіўчыкам, а менавіта: рэўніфікацыю і прыярытэт вулічнай палітыкі”.

(Севярынец: ) “Адразу заўважу, што ў Маладога Фронту быў, напэўна, больш сыстэмны пагляд на аднаўленьне БНФ. Мы прапаноўвалі і праграмныя зьмены, і кадравыя абнаўленьні. Ня толькі тыя акцэнты, пра якія тут казалі, але, мне здаецца, у гэтых прапановах ёсьць трохі рацыі, бо рана ці позна і зь сябрамі КХП давядзецца размаўляць, і вулічная палітыка ніколі не была адмененая. Разам з тым я прымаю аргумэнты спадара Вячоркі. У дадзены момант, можа, вулічныя акцыя ня так актуальныя”.

(Радкевіч: ) “Мы коратка акрэсьлілі асноўныя тэзы спадара Сіўчыка, асноўныя ягоныя погляды на разьвіцьцё БНФ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і, вядома, мне хацелася б пачуць і вашыя погляды. І хацелася б ня толькі мне. Многія палітычныя дзеячы, палітычныя структуры зь нецярплівасьцю чакалі вынікаў гэтага зьезду: хто будзе абраны за кіраўніка, і які далейшы шлях разьвіцьця Фронту ён прапануе. І таму напярэдадні зьезду мы зьвярталіся да прадстаўнікоў розных палітычных структураў і грамадзкіх арганізацыяў з пытаньнем: “Пра што хацелі б вы запытацца ў кіраўніцтва Фронту?” Тады яны яшчэ ня ведалі, хто зойме гэту пасаду. Вось што цікавіць, напрыклад, актывістку Хартыі’97 Людмілу Гразнову”.

(Гразнова: ) “Тое, што ўяўляе сабой на сёньня Беларускі Народны Фронт і тое, чым ён зьяўляўся 10-15 гадоў таму – гэта істотна розныя рэчы. З флягману дэмакратычнага руху ён стаўся чымьсці аморфным. Што думае зрабіць новы лідэр БНФ цяпер, каб ізноў ператварыць Фронт у цэнтар прыцягненьня адукаванай моладзі, інтэлігенцыі, людзей, якія мысьляць па-эўрапейску. Гэта самае галоўнае: што можна зрабіць, каб адрадзіць Фронт у арганізацыю суцэльна новай якасьці?”

(Вячорка: ) “Думаю, нельга параўноўваць наша грамадзтва і палітычную сытуацыю цяпер і сытуацыю, якая была ў 1988 годзе, калі відавочна канаў камуністычны рэжым, і людзі, ня надта разьбіраючыся ў нюансах палітычных плятформаў, выступалі за тое, каб камуністычная сыстэма як мага хутчэй зруйнавалася. Цяпер усё нашмат больш складана. І, натуральна, Фронт, будучы найпершай па часе ўзьнікненьня і найлепш структураванай сёньня палітычнай сілай, выконвае крышку іншыя функцыі, чым гэта было тады.

Фронт, на маю думку, павінен быць, з аднаго боку, эфэктыўнай і дзейснай палітычнай партыяй, якая ставіць перад сабой праграмную стратэгічную мэту: барацьба за захаваньне незалежнасьці Беларусі. Ён павінен быць сучасным, прафэсійным, складацца з адукаваных і кампэтэнтных кадраў зьверху да нізу – і ў Менску, і ў рэгіёнах. З другога боку, дакуль існуе пагроза і самой дзяржаўнай незалежнасьці, і нацыянальна-культурніцкай пэрспэктыве беларускага народу, Фронт выконвае грамадзкую ролю, і таму ён існуе і ў іпастасі грамадзкага руху БНФ “Адраджэньне”, які мае быць своеасаблівай плятформай для прыцягненьня інтэлекту, які стаіць на незалежніцкіх пазыцыях – навукоўцаў, творчых людзей, прадстаўнікоў мэнэджмэнту, бізнэсу. Вось прыблізна так, як гэта было ў тыя часы”.

(Радкевіч: ) “Вядома, гэта гучыць як добрае пажаданьне, але мне падаецца сутнасьць пытаньня спадарыні Гразновай менавіта ў тым, ш т о трэба зрабіць, каб Фронт стаў месцам прыцягненьня інтэлекту, маладога інтэлекту, моладзі. Ці ёсьць адказ на гэтае пытаньне ў прадстаўнікоў моладзевага крыла Фронту?”

(Севярынец: ) “Безумоўна, ёсьць. На зьезд мы прапаноўвалі шэраг праграмных дакумэнтаў. Мы наагул лічым, што БНФ мусіць асацыявацца ў беларускім грамадзтве ў першую чаргу з ідэяй. Гэта ёсьць самая моцная зброя Народнага Фронту. Менавіта таму мы прапанавалі свой праект праграмы БНФ і вельмі ўсьцешаныя тым, што галоўным, мне здаецца, праграмным вынікам гэтага зьезду стала запачаткаваньне дыскусіі, якая прывядзе да праграмнага зьезду руху і партыі БНФ ужо не пазьней за кастрычнік наступнага году”.

(Радкевіч: ) “Зь якой ідэяй, на ваш пункт погляду, павінен асацыявацца Фронт?”

(Севярынец: ) “У першую чаргу з нацыянальнай ідэяй на груньце хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Гэтая фармулёўка ў элемэнтарным выглядзе выражае сутнасьць праграмы, што запрапанаваў Малады Фронт”.

(Цыганкоў: ) “Я хачу запытаць: ці задаволеныя Вы вынікамі зьезду з пункту гледжаньня стаўленьня да Маладога Фронту іншых дэлегатаў зьезду? Я нагадаю, што ў Сойм абралі толькі 7 прадстаўнікоў Маладога Фронту, хаця вы вылучалі значна больш. Ці Вам не здаецца, што ў дэлегатаў зьезду, як і сярод актывістаў Фронту сталага ўзросту ёсьць пэўны недавер альбо, можа, незадавальненьне дзейнасьцю сваіх маладых калегаў?”

(Севярынец: ) “Думаю, гэта зьвязана не зь недаверам, а з цалкам натуральнымі і лягічнымі праблемамі кшталту “бацькі і дзеці”. Тым ня менш, я думаю, ня колькасьцю, а якасьцю мы аднаўленьне Фронту ажыцьцяўляць будзем. Галоўнае, што праграмныя прапановы Маладога Фронту былі пачутыя. Галоўнае, што людзі патрапілі ў кіраўніцтва. Нагадаю, што я таксама быў абраны намесьнікам спадара Вячоркі. Нагадаю, што 7 чалавек трапілі ў Сойм. Думаю, што ў выканаўчых структурах будзе дастаткова шмат маладых людзей, таму аднаўленьне Фронту будзе ісьці, і гэта ўсьцяшае”.

(Радкевіч: ) “Абодва суразмоўцы казалі як пра асноўную ідэю фронту – Павал Севярынец пра захаваньне і адраджэньне беларускай духовасьці, Вінцук Вячорка пра наданьне незваротнасьці ідэі беларускай незалежнасьці. Аднак, гэта тыя тэзы, якія цяпер упісаныя ў статутныя дакумэнты амаль усіх дэмакратычных партыяў Беларусі, і дэкляраваць гэта ў якасьць асноўнай ідэі – гэта значыць нічым ад гэтых партыяў не адрозьнівацца. Дык у чым жа на тле гэтых палітычных сілаў індывідуальнасьць БНФ? Падобнае пытаньне задае кіраўніцтву БНФ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч”.

(Пашкевіч: ) “Калі ўзьнік спачатку БНФ, ён быў з майго пункту погляду вельмі ўплывовым. Але за апошнія гады штосьці здарылася. Напрыклад, БНФ узяў вельмі высокую планку ў адстойваньні беларускага адраджэньня. Але сёньня я магу сказаць, што Таварыства беларускай мовы больш адстойвае інтарэсы беларускага адраджэньня. А што да ўплывовасьці на нашае грамадзтва, дык я б сёньня БНФ паставіў у адзін шэраг з 17-цю палітычнымі партыямі Беларусі. Нават нельга партыю вылучыць.

Мне здаецца, гэта адбылося таму, што БНФ выйшаў з сыстэмнай апазыцыі ў краіне. Раней сябры партыі ўдзельнічалі ў палітычных акцыях перадусім дзяржаўных: у выбарах. І тады іх было чутно – гэта былі публічныя ўрадавыя трыбуны. Дык ці думае партыя мяняць нешта ў сваіх адносінах – перадусім да ўдзелу ў сыстэмнай апазыцыі краіны”.

(Вячорка: ) “Да 1996 году – да дзяржаўнага перавароту, падтрыманага Расеяй, калі былі зьнішчаныя дзяржаватворчыя інстытуты РБ – сапраўды, можна было гаварыць, што ў нас будуецца сыстэма, пры якой грамадзянская супольнасьць, пры якой БНФ можа і павінен удзельнічаць праз інстытуты дзяржаўнай улады і кіраваньня ў дамаганьні сваёй асноўнай праграмнай мэты: забесьпячэньні незваротнасьці незалежнасьці Беларусі. Пасьля 96 году ў нас зусім іншая архітэктура ворганаў улады. Для сыстэмнага ўдзелу ў фармаваньні дзяржаўнай палітыкі месца няма. Больш за тое, вельмі часта ўдзел палітычных сілаў, якія называюць сябе дэмакратычнымі, у спробах ушчаміцца ў гэтую сыстэмную палітыку для іх саміх заканчваецца кепска. Прыклад – выбары ў так званую “палатку” прадстаўнікоў.

Што да стасункаў БНФ-ТБМ, то, па-першае, скажу, што абсалютная бальшыня фронтаўцаў у ТБМ уваходзіць, але давайце ўсё ж ткі не мяшаць у адну кучу функцыі грамадзкай арганізацыі і палітычнай партыі – яны розныя”.

(Цыганкоў: ) “Я хачу адразу ўдакладніць: на зьезьдзе заяўлялася, што Фронту хутчэй за ўсё можа прыняць удзел у мясцовых выбарах, якія адбудуцца ў 2003 годзе. Якая тут дакладная пазыцыя?”

(Вячорка: ) “Удзел у мясцовых выбарах не закранае прынцыповых пытаньняў прызнаньня архітэктуры ўлады, якая сфармавалася пасьля 96 году, і мы ня ставім як самамэту пранікненьне ў мясцовае самакіраваньне, хаця, безумоўна, гэта варта было б зрабіць. Як калісьці гэта зрабілі тыя ж сэрбы, перш чым у іх адбыліся вядомыя радыкальныя зьмены. Мы павінны скарыстаць кампанію мясцовых выбараў для таго, каб узнавіць, а лепш сказаць – адбудаваць наноў – гарызантальныя сувязі з нашым грмадзтвам у кожнай мясцовасьці: у мястэчках, мікрараёнах, у сельскіх раёнах. Мы павінны прывучыць людзей да думкі, што БНФ бароніць іхныя штодзённыя інтарэсы. Пачуюць нас наконт гарачай вады альбо транспартных праблемаў, альбо пабачаць, як мы рупімся пра тое, каб моладзі і дзецям было чым займацца ў канкрэтным мястэчку – тады пачуюць і тое, што мы гаворым пра незалежнасьць і пра дыктатуру”.

(Радкевіч: ) “Вы кажаце пра адбудаваньне гарызантальных сувязяў. Ці азначае гэта, што байкот папярэдніх выбараў – і парлямэнцкіх, і мясцовых (а нагадаем, што БНФ ня ўдзельнічаў і ў папярэдніх мясцовых выбарах) – спрычыніўся да таго, што БНФ згубіў гэтыя сувязі?”

(Вячорка: ) “Я думаю, што кожнае рашэньне прымаецца ў свой час, і мы ня ўдзельнічалі ў мясцовых выбарах і байкатавалі салідарна зь іншымі дэмакратычнымі сіламі парлямэнцкія выбары менавіта таму, што ўдзел у парлямэнцкіх выбарах (пакінем у баку мясцовыя) азначаў бы прызнаньне нелігітымнай Палаты прадстаўнікоў. І мы гэтай сваёй пазыцыі не адмяняем.

Гарызантальныя сувязі, пра адбудову якіх я кажу, мы займелі не дзякуючы ўдзелу ў выбарчых кампаніях, а дзякуючы вядомым падзеям пачатку 90-х гадоў, калі здолелі сабраць адпаведную колькасьць подпісаў за агульнабеларускі рэфэрэндум, пачалі гэтыя сувязі ўзнаўляць цягам палітычных кампаніяў апошніх двух гадоў: скажам, кампанія вываду людзей на вуліцы 99-га – пачатку 2000-га году. Тая ж самая байкотавая капманія, якая насамрэч азначала дастаўку мільёнаў адзінак друкаванай прадукцыі да нашых людзей і кантакты зь імі праз пікеты і абыходы кватэраў. Ну, і асабліва апошняя – прэзыдэнцкая кампанія”.

(Радкевіч: ) “Ці правільна я Вас зразумела, што мясцовыя выбары БНФ будзе разглядаць як свайго роду трэнінг, але тым ня менш ня будзе выкарыстоўваць здабыты вопыт дзеля ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах? То бо, гэты трэнінг абмяжуецца мясцовымі выбарамі?”

(Вячорка: ) “Сёньня я магу адказаць на гэтае пытаньне па выніках абмеркаваньня на зьезьдзе, дзе мы прынялі шэраг прынцыповых ухвалаў, якія якраз датычаць нашага стаўленьня да розных выбараў: мясцовыя выбары – так, а, скажам, выбары ў парлямэнт саюзу Беларусі і Расеі – адназначна не”.

(Радкевіч: ) “Але існуе яшчэ і беларускі парлямэнт – легітымны ці не, гэта іншае пытаньне – але ў якасьці трэнінга выкарыстоўваць выбарчую кампанію больш шырокага ўзроўню, агульнабеларускую – ці не было б гэта больш лягічным працягам тэзы наконт аднаўленьня сувязяў Фронту ў грамадзтве?”

(Вячорка: ) “Мы не адмянялі нашых ранейшых рашэньняў”.

(Радкевіч: ) “А як глядзіць Малады Фронт на пэрспэктыву ўдзелу ў выбарах?”

(Севярынец: ) “Удзел у выбарах – гэта натуральны абавязак любой палітычнай сілы, але ў нашай сёньняшняй краіне палітыка вымяраецца хутчэй штрафамі, суткамі і забаронамі, чым кампаніямі. Менавіта таму МФ лічыць прыярытэтнай дзейнасьць у гушчыні грамадзтва і па-за выбарамі. Мы будзем праводзіць гэткія кампаніі пачынаючы з наступнага году: кампанію “Беларусь ў Эўропу”, пра якую шырока будзе заяўлена крыху пазьней, будзем праводзіць нашу кампанію нацыянальнага супраціву, духовага адраджэньня – шматлікія акцыі, якія, я думаю, дазволяць задзіночыць усю тую моладзь, якая галасавала супраць рэжыму і за Беларусь на апошніх беларускіх выбарах. Такой моладзі абсалютная большасьць, і думаю, што менавіта гэтая моладзь будзе вырашальным чыньнікам на наступных выбарах, якія б яны не былі, і гэтая моладзь зможа дамагчыся менш-больш адкрытых і празрыстых дэмакратычных выбараў – што ў мясцовыя ворганы, што на больш высокім узроўні”.

(Цыганкоў: ) “Павал, выступаючы са справаздачным дакладам, старшыня БНФ Вінцук Вячорка сказаў шмат добрага пра МФ, але тым ня менш дапусьціў і пэўную крытыку на адрас МФ. У прыватнасьці, В.Вячорка заявіў, што ў сувязі зь некаторымі памылкамі частка моладзі, якая была ў МФ, пайшла ў іншыя арганізацыі – напрыклад, у “Зубар”. Як вы да гэтага ставіцеся, цы прызнаеце, што сапраўды былі нейкія памылкі, і як з масавасьцю МФ пасьля выбараў?”

(Севярынец: ) “З масавасьцю ў МФ у апошнія тыдні і месяцы значна лепш, чым у большасьці іншых моладзевых суб’ектаў, напрыклад, у таго ж самага “Зубра”. Праект “Зубр” скончыўся – МФ як жыў і змагаўся, гэтак і працягвае змагацца: што давялі Курапаты, што давялі акцыі абароны беларускіх заводаў, дзень памяці падпольшчыкаў, альбо тыя акцыі супраціву і адраджэньня, якія мы праводзілі ў гэтую восень. МФ таксама памыляецца, бо не памыляецца той, хто нічога ня робіць, але ў галоўным, я думаю, МФ здольны быў усе гэтыя гады, пачынаючы ад 99-га, заставацца эпіцэнтрам нацыянальнага моладзевага руху, вядучай сілай моладзевага супраціву і пэрспэктывай духовага адраджэньня”.

(Радкевіч: ) “Усё ж каб сьцьвярджаць такое, трэба апэраваць нейкімі лічбамі, а за апошні час акцыі МФ былі зусім ня шматлюднымі. І апошняя акцыя – абарона Курапатаў, у якой удзельнічае ня толькі МФ, але і іншыя моладзевыя арганізацыі – яна хаця і доўгатэрміновая, але зусім ня масавая. Маладому Фронту, з пункту погляду многіх назіральнікаў, так і не ўдаецца зрабіць свае акцыі прыцягальнымі для вялікай колькасьці моладзі. Таму гаварыць пра МФ як пра лідэра сёньняшняй моладзевай думкі я б так сьмела ня стала”.

(Севярынец: ) “Насамрэч моладзь сёньня вельмі шмат займаецца музыкай, мас-культурай, нехта займаецца адукацыяй, нехта думае, як зьехаць за мяжу, і таму палітычныя пытаньні, нават асноватворныя пытаньні жыцьця нацыі для моладзі не зьяўляюцца вызначальнымі. Але ў тых сфэрах, дзе моладзь можа і павінна прымаць удзел у грамадзкім жыцьці – у часе, напрыклад, прэзыдэнцкіх выбараў – яе пазыцыя была адназначная. І яе пазыцыя шмат у чым была сфармаваная менавіта Маладым Фронтам. Галасаваньне моладзі супраць Лукашэнкі, масавы выхад моладзі на прэзыдэнцкія выбары – гэта плён працы ў тым ліку і МФ, які ажыцьцяўляў кампанію “Выбірай!”, праводзіў кампанію “Горад наш” і “Зрабі прэзыдэнта”, і думаю, што мы справіліся. Хаця, слушна Вы заўважалі, не ўдалося арганізаваць масавага вулічнага супраціву. Не ўдалося дамагчымя моладзевага ўздыму на належным узроўні”.

(Радкевіч: ) “Такім чынам, паводле Паўла Севярынца, МФ усё ж аддае перавагу пакуль вулічнай палітыцы, а гэта якраз тое, за што выступаў Вячаслаў Сіўчык. І ў сувязі з гэтым у мяне пытаньне да В.Вячоркі: ну, перамог цяпер Ваш пункт погляду, але, як можна зразумець, кампраміс на зьезьдзе не дасягнуты. Як Вы зьбіраецеся інтэграваць тых, хто прагаласаваў супраць Вас, у агульнае рэчышча той стратэгіі Фронту, якую прапаноўваеце Вы? Бо апазыцыя ўнутры засталася?”

(Вячорка: ) “Шчыра кажучы, кампраміс можа быць паміж выразна сфармуляванымі стратэгіямі. Я зноў паўтару, што я ня надта ўчуў сутнасьці альтэрнатыўнай стратэгіі, каб шукаць стратэгічнага кампрамісу. Што да асабістых пытаньняў – то гэта нармальна, калі ёсьць разыходжаньні, спрэчкі і г.д., і ніякага задушэньня апазыцыі, іншадумцаў, хто галасаваў так ці інакш, у нас няма і ніколі ня будзе. І кожны фронтавец, хто бачыць сябе надалей у арганізацыі, хто падзяляе праграмныя прынцыпы і згодны са Статутам, знойдзе сабе ўжытак дзеля нашага агульнага дабра”.

(Радкевіч: ) “Але Вы не дапускаеце цяпер стварэньня, напрыклад, фракцыі ў Фроньце?”

(Вячорка: ) “Думаю, што няма для іх ніякіх падставаў”.

(Радкевіч: ) “Ну, гэта Вы можаце так думаць, а, напрыклад, сп.Сіўчык можа думаць іначай. Статут Фронту дапускае стварэньне фракцыяў?”

(Вячорка: ) “Не”.

(Радкевіч: ) “Такім чынам, калі, напрыклад, не пагодзіцца ўсё-ткі частка Фронту з Вашай лініяй, і статут не дазваляе утварэньне фракцыі – лягічным працягам гэтага разыходжаньня ў пунктах погляду можа быць чарговае падзяленьне Фронту?”

(Вячорка: ) “Ня будзе ніякага падзяленьня. Я думаю, пасьля зьезду пара спыніць любыя размовы наконт расколаў і падзелаў – на гэта і быў зьезд, каб выявіць рэальную сытуацыю, і ён яе выявіў. Не было сфармулявана рэальнай альтэрнатывы той лініі, якая ажыцьцяўляецца з 99-га па 2001 год”.

(Радкевіч: ) “Адна з тэзаў Вышых апанэнтаў – гэта стварэньне наноў кааліцыі з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыяй БНФ. Я хачу прапанаваць вас паслухаць пытаньне, якое задала прадстаўніца адной з моладзевых арганізацыяў”.

(Азаронак: ) “Я – Марына Азаронак, старшыня маладых сацыял-дэмакратаў. У маладых могуць узьнікаць даволі каверзныя пытаньні, у нашай арганізацыі вельмі добры зараз настрой, і мы пытаемся: назавіце, калі ласка, дзесяць адрозьненьняў БНФ ад КХП БНФ”.

(Радкевіч: ) “Гэтае пытаньне я хачу адразаваць сьпярша Паўлу Севярынцу. Вы казалі: асноўная ідэя Фронту – гэта ідэя беларускага адраджэньня, а гэта якраз тое, што ўзносіць на сьцяг КХП БНФ. Наколькі Вы лічыце магчымай рэўніфікацыю з гэтай партыяй?”

(Севярынец: ) “Я лічу неабходнай кансалідацыю ўсіх нацыянальных сілаў Беларусі. Сыходзячы з гэтага, я б бачыў адным з прыярытэтаў Фронту ўсталяваньне стасункаў з усімі – людзьмі ў першую чаргу, а не структурамі – якія гэтую ідэю падтрымліваюць. Таму размаўляць з сябрамі КХП БНФ мы, безумоўна, будзем. Будзем спрабаваць ладзіць зь імі розныя акцыі і, безумоўна, будзем мець за мэту аб’яднаньне ўсіх тых асобаў, тых сілаў, якія змагаюцца за нацыянальную ідэю. Яны павінны быць разам. Але я не шукаў бы адрозьненьняў, а шукаў нешта супольнае”.

(Вячорка: ) “Усе 10 адрозьненьняў зводзяцца да аднаго: адкрытасьць і самазамкнёнасьць”.

(Радкевіч: ) “Пытаньне суразмоўцам задае старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед”.

(Бабаед: ) “Ці думае кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту і надалей заставацца з назовам Беларускі Народны Фронт, альбо прыдумаць нейкую іншую назву, бо Фронт – гэта ўжо вельмі неактуальная назва для ўласна палітычнай партыі. Фронт асацыюецца з канфрантацыяй, канфліктам. І многія людзі пужаюцца адной назвы. Дык ці зьбіраецеся вы зьмяніць гэтую абрэвіятуру?”

(Вячорка: ) “Пакуль што не зьбіраемся. Рэч вось у чым: БНФ – гэта марка, гэта знак, гэта сьведчаньне пэўнай стабільнасьці і надзейнасьці на працягу вось ужо 13 гадоў для тых, хто вызнае незалежнасьць Беларусі як найвышэйшую каштоўнасьць. І калі прыходзяць бяда і трывога і абвастраецца пагроза незалежнасьці, ня йдуць да сацыял-дэмакратаў, пры ўсёй да іх маёй вялікай павазе, ці да іншых, а йдуць да нас, бо ведаюць, што для нас гэта ёсьць галоўны прыярытэт. Я б не пагадзіўся з спадарыняй Аленай, калі яна кажа, што Фронт нічым не вылучаецца ад усіх астатніх. Рэч у тым, што ўсе астатнія спрабуюць уявіць, як быццам бы ў нас у Беларусі ёсьць нармальны палітычны спэктар, дзе ёсьць месца левым, правым, цэнтрыстам, правацэнтрыстам і г.д. Насамрэч мы знаходзімся ў пераходным пэрыядзе, і галоўная праблема цяпер – сапраўды, зьберагчы вось гэтую дзяржаву. І гэтым мы розьнімся ад іншых.

Дык вось, вяртаючыся да пытаньня: паводле розных ацэнак, 14-20% беларускіх грамадзянаў станоўча ставяцца да Фронту. Мы маем станоўчы рэйтынг у такой колькасьці. Гэта наш набытак. Паспрабуем мы зьмяніць назву – мы ж проста зьнікнем, растварымся без нармальнага мэдыйнага інфармацыйнага поля. Зь іншага боку, каб было гэтае нармальнае мэдыйнае інфармацыйнае поле, дастаткова было б двух-трох дзён на тэлевізіі, каб паказаць нармальных фронтаўскіх людзей, даць ім магчымасьць высьветліць свае пазыцыі па розных пытаньнях нашага жыцьця, і ўсяго гэтага “ярлыкаваньня” б як не было. Тады б і пытаньне назвы не было б такім актуальным”.

(Радкевіч: ) “Спадар Вячорка, я толькі хацела б зазначыць, што 14% – гэта станоўчы рэйтынг, але каля 40% – адмоўны, і я думаю сутнасьць пытаньня спадара Бабаеда была менавіта ў гэтым: як зьменшыць гэты адмоўны рэйтынг, які цягнецца іміджавым хвастом за Фронтам ужо даўгі час?”

(Вячорка: ) “Ня бачу праблемы ў адмоўным рэйтынгу памерам 39%, бо гэта тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, гэта менавіта яны і ёсьць. І я ня думаю, што мы можам перавабіць іх да сябе. А вось тыя астатнія, вось яны павінны быць аб’ектам нашай працы. 38% нашых людзей вызнаюць незалежнасьць Беларусі ня проста як каштоўнасьць, але як каштоўнасьць якая не рэалізуецца ў любых саюзах з Расеяй. Гэта ёсьць наш электаральны грунт, электаральная падстава. Мы да іх павінны прамовіць”.

(Цыганкоў: ) “Вяртаючыся ізноў да пачаткаў, да пытаньня пра два альтэрнатыўныя падыходы, я хацеў бы прыгадаць фразу Сіўчыка, якіую ён прамовіў, адказваючы на пытаньне дэлегатаў зьезду, калі ён быў вылучаны. Ён сказаў, што Вінцук Вячорка – выдатны мовазнаўца, але чалавек, які ня здольны ісьці на кампраміс і ня здольны ачольваць арганізацыю з-за гэтага, а таксама спаслаўся на пункт 11 рэглямэнту, паводле якога адна і тая ж асоба мае права вылучацца толькі ў старшыні альбо намесьнікі старшыні. Спадар Сіўчык прывёў прыклад, што нават Зянон Пазьняк пасьля таго, як быў абраны на пасаду старшыні, вылучыў свайго канкурэнта спадара Юр’я Хадыку на пасаду намесьніка старшыні. Ці лічыце Вы, што тут сапраўды адыграла ролю Ваша некампраміснасьць ці Вы маеце іншы погляд на сытуацыю? Чаму, напрыклад, Вы не прапанавалі спадара Сіўчыка на пасаду намесьніка старшыні БНФ, паколькі ўсё-ткі за яго прагаласаваў 91 дэлегат, прыблізна чвэрць ад агульнай колькасьці?”

(Вячорка: ) “Абвінавачаньне ў бескампраміснасьці я пачуў упершыню за даўгі час – хутчэй, мяне абвінавачвалі, магчыма, у залішняй мяккасьці ў розных палітычных і кадравых сытуацыях, таму, вядома, я адкідаю гэтае абвінавачаньне. Рэглямэнт прымаўся папярэдне, зацьвярджаўся на Сойме, як рэкамэндацыя да зьезду, і абгрунтаваньнем тых, хто адстойваў рэглямэнт у гэтым пункце было тое, што ўсё-ткі прэтэндэнт павінен выступаць зь плятформамі і камандамі, і гэта нармальна, калі старшыня і намесьнікі працуюць як адна каманда. Пры ўмове, натуральна, што Фронт не расколаты, не падзелены на нейкія фракцыі, бо тады лягічна было б, каб кожная фракцыя прадстаўляла свайго ўласнага намесьніка. Насамрэч гэтага няма, ніякія фракцыі на зьездзе не зазначыліся. Практыка дагэтуляшняй працы шасьцёх намесьнікаў і спадара Сіўчыка, як аднаго зь іх, была, на жаль, адмоўнай.

(Цыганкоў: ) “Спадар Севярынец, ці лічыце Вы, што старшыня Фронту спадар Вячорка ёсьць чалавекам, які здольны ісьці на кампрамісы?”

(Севярынец: ) “Так, Вінцук Вячорка здольны ісьці на кампрамісы, я гэта ведаю. Але што датычыць гэтай менавіта сытуацыі, я не ва ўсім падзяляю пункт погляду спадара Вячоркі. Мне здаецца, што Вячаслаў Сіўчык – гэта чалавек, які вельмі моцна глядзеўся б у камандзе сёньняшняга кіраўніка, які шмат у чым дапамог Фронту, які зараз мне бачыцца, напрыклад, кіраўніком выканаўчых структураў – сама менш на пасадзе адказнага сакратара ўправы БНФ. Мне вельмі шкада, што яму такога месца не знайшлося”.

(Цыганкоў: ) “Вы лічыце, пасьля зьезду пра гэтую калізію варта забыць альбо ізноў уздымаць гэтае пытаньне? Ці ўсё ж магчыма паставіць кропку ў гэтай справе, як прапанаваў спадар Вячорка?”

(Севярынец: ) “Уздымаць яе наноў бессэнсоўна. Я думаю, шмат будзе залежыць ад самога спадара Сіўчыка. Я, прынамсі, асабіста запрапаную яму супрацоўніцтва ў галіне моладзевай палітыкі і акцыяў – я лічу, ён спэцыяліст у гэтым ня меншы, чым я. Галоўнае – не рабіць выгляд, што “няма чалавека – няма праблемы”.

(Радкевіч: ) “На заканчэньне, я хацела б накіраваць погляд у будучыню, і ад абодвух суразмоўцаў, якія ўзначальваюць партыйныя структуры, хацелася б пачуць пра тое, якія памылкі ў вашай працы трэба ўлічыць на будучыню? Чаго нельга паўтарыць у ніякім разе? Якія ўрокі вы вынесьлі са сваёй дзейнасьці за апошнія гады?”

(Севярынец: ) “Галоўная праблема Маладога Фронту была ў тым, што ён ня вельмі моцна настойваў на сваіх прапановах: і пад час выбарчай кампаніі і пад час працы ў Фронце мы выяўлялі замала ініцыятывы. Калі гэтай ініцыятывы будзе больш, то будуць і вынікі, і будзе лягчэй прапаноўваць свае праграмныя абнаўленьні”.

(Вячорка: ) “Шмат было крытыкі, адрасаванай асабіста мне і наагул да кіраўніцтва, а таксама да ўсяго Фронту, і, натуральна, я шмат з чым з гэтай крытыкі згаджаюся. Лічу, што адным з асноўных промахаў кіраўніцтва Фронту і маім асабіста была страта палітычнай ініцыятывы Фронтам як вядучай незалежніцкай сілы. Пад час прэзыдэнцкай кампаніі мы спрабавалі надрабіць страчанае, мы патрабавалі ўставіць пункты пра незалежнасьць у падпісаныя кааліцыйныя дакумэнты, гэта ўдалося, але разам з тым вялікі ўрок на будучыню”.

(Радкевіч: ) “Вы лічыце, у вас было выйсьце, былі іншыя варыянты? Калі б цяпер сытуацыя паўтарылася, Вы б прапаноўвалі іншы шлях?”

(Вячорка: ) “Так, сапраўды, гэта была сытуацыя выбару меншага зла. Былі “злы”, і сярод іх трэба было выбіраць. Хто яго ведае, можа мы ня ўгледзелі нейкі іншы варыянт. Найважнейшае, не вяртаючыся да той менавіта сытуацыі – гэта трымаць палітычную ініцыятыву. Гэта і ёсьць агульны ўрок”.

(Радкевіч: ) “Зазвычай прынята зьездам даваць нейкае азначэньне: бываюць зьезды праграмныя, напрыклад, зьездам расколу быў мінулы зьезд БНФ. На Вашую думку, пад якім назовам цяперашні зьезд БНФ мог бы быць запісаным ў гісторыю партыі і руху?”

(Вячорка: ) “Гэты зьезд не прэтэндаваў на нейкую “піярную” гістарычнасьць – ён быў чарговым і абавязковым. Разам з тым гэта быў зьезд, які запачаткуе нашую праграмуную дыскусію і нашае вяртаньне – не ў палітычнае поле (мы інтэнсіўна вярнуліся ў палітычнае поле на працягу апошніх гадоў), а ў беларускае інтэлектуальнае поле, у поле тварэньня беларускай нацыянальнай ідэі”.
XS
SM
MD
LG