Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагром у Курапатах, законапраект сэнатара Хэлмса і становішча Беларусі ў Эўропе.


Юры Дракахруст, Прага

У сённяшнім выпуску:

- Пагром у Курапатах: улада прадэманстравала вернасьць выбару, зробленаму у 1917 годзе. Аднак чаму імпэт абаронцаў Курапатаў атрымлівае досыць вузкую грамадзкую падтрымку?

- Заканадаўчая ініцыятыва сэнатара ЗША Джэсі Хэлмса – акт дэмакратыі для Беларусі. Ці будзе ўзгодненаю палітыка ЗША і Заходняй Эўропы ў адносінах да Беларусі?

- Несуцяшальная выснова Міжнароднага Валютнага Фонду наконт стану беларускай эканомікі: пра крэдыты казаць пакуль рана. На што спадзяецца улада?

- Варшаўскі форум па праблемах барацьбы з тэрарызмам: які шанец атрымала Беларусь і ці скарыстала яна яно?


Галоўнай падзеяй тыдня стаў пагром, учынены ў Курапатах. Шмат хто праганазаваў, што ў рэшце рэшт ва ўлады ня вытрываюць нэрвы і ў супрацьстаяньні з грамадзкімі актывістамі яна звыкла ўжыве сілу. І ўсё ж было спадзяваньне, што знойдуцца іншыя сродкі дыялёгу акрамя амонаўскіх дручкоў. Спадзяваньні ня спраўдзіліся. І час і мэтады гвалту былі надзвычай сымбалічныя – пагром быў учынены на наступны дзень пасьля гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі. У звароце напярэдадні гадавіны рэвалюцыі, якая стала пачаткам жудаснага шматгадовага тэрору, Аляксандар Лукашэнка казаў пра сьвядомы выбар народа, зроблены 84 гады таму. Звычка казаць за народ уласьцівая ўсім самаўладным уладарам, але пагром у Курапатах 8 лістападу паказаў, што для самога сп-ра Лукашэнкі гэта сапраўды сьвядомы выбар. Дубінкі, арышты, сьлезацечны газ – 8 лістападу ўсё было, як 13 год таму, калі 30 кастрычніка 1988 году тагачасныя камуністычныя ўлады Беларусі кінулі супраць дэманстрантаў у Курапатах міліцыю і ўнутраныя войскі.

Тады цынічны гвалт у адносінах да народу ўскалануў усю краіну. А зараз? Свае меркаваньні выказвае культуроляг Валянцін Акудовіч.

(Акудовіч: ) “Эмацыйна я бясспрэчна і спачуваю і падтрымліваю людзей, якія абараняюць Курапаты і над якімі ўчынены гвалт. І напэўна я б заставаўся і далей на гэтай эмацыйнай хвалі абурэньня, маральна і духоўна падтрымліваючы тых, хто змагаецца за Курапаты. Заставаўся б, калі б ня некалькі сытуацыяў, якія дзіўным чынам высьветлілі для мяне тое, што робіцца, у зусім іншым ракурсе.
Некалькі тыдняў таму я ехаў з кіроўцам па кальцавой дарозе. Гэта быў добра знаёмы мне чалавек, які і дэмакратычны, і нацыянальна заангажаваны. І калі мы праяжджалі Курапаты, якое было маё зьдзіўленьне, калі я пачуў ад яго абурэньне і зласьлівыя словы на адрас абаронцаў Курапатаў. Я сказаў яму: “Як ты можаш абурацца? Тут жа ляжаць косткі загіблых людзей?” На яго гэта не паўзьдзейнічала, ён адказаў, што робіцца вельмі добрая і патрэбная справа, што дарога прыводзіцца ў той стан, калі па ёй будзе зручна езьдзіць. Хутчэй за усё, абсалютная большасьць кіроўцаў, якія кожны дзень праяжджаюць па гэтай дарозе, выказвае тыя ж погляды. Мне цяжка пагадзіцца з прагматызмам гэтых людзей, але я адчуваю, што калі мы не паспрабуем разабрацца ў лёгіцы гэтых людзей, то за памкненьнем да сьвятых, высокіх, але абстрактных каштоўнасьцяў мы зноў губляем пачуцьцё рэальнасьці.

Я ня ведаю адказу, але для мяне тут ёсьць праблема. Я адчуваю, што залішне спрошчаныя, рытарычна-дыдактычныя адказы залішне адназначныя, каб быць праўдзівымі. Гэтая праблема неадназначная, а палітычна – пройгрышная. Здавалася б, чорт зь ёй, з палітыкаю, калі размова ідзе пра такія сьвятыя рэчы. Але ж я баюся, што ў гэтай акцыі шмат і палітыкі, і калі гэта сапраўды так, то спадзеў на палітычны пазытыў ад гэтай акцыі абсалютна не пралічаны. Пасьля таго, як было заяўлена, што там, дзе мяркуюць правесьці дарогу, няма косткаў загіблых людзей, у абаронцаў Курапатаў засталося вельмі мала аргумэнтаў у абарону іх пазыцыі. І тое, што выбары не дабілі ў апазыцыйным руху, тое можа дабіць абарона Курапатаў”.

Пагром у Курапатах стаў чарговым сьведчаньнем пра прыроду цяперашняй беларускай улады. Менавіта гэтая прырода стала падставаю для вылучэньня сэнатарам ЗША Джэсі Хэлмсам законапраекту пад назваю "Акт дэмакратыі ў Беларусі". Гэты дакумэнт ня мае прэцэдэнтаў па сваёй жорсткасьці – ён прадугледжвае заборону на ўезд у ЗША Лукашэнкі і любых беларускіх чыноўнікаў, замарожваньне беларускіх фінансавых актываў у ЗША, забарону на гандаль і эканамічнае супрацоўніцтва зь беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Нарэшце, законапраект прапануе аказваць шырокамаштабную фінансавую дапамогу беларускай апазыцыі.
Законапраект – яшчэ ня ёсьць закон, аднак па-першае, акт дэмакратыі ў Беларусі вылучаны вельмі ўплываовым палітыкам, былым старшынём міжнароднай камісіі Сэнату, а па-другое, ён, у прынцыпе, ляжыць у рэчышчы пазыцыі выканаўчай улады ЗША. Нагадаем, што ўжо праз некалькі дзён пасьля выбараў 9 верасьня прадстаўнік прэзыдэнта ЗША недвухсэнсоўна заявіў, што Амэрыка не прызнае вынікі сфальсыфікаваных і несвабодных выбараў у Беларусі. Якія шанцы на тое, што заканадаўчая прапанова сэнатара Хэлмса стане законам? На гэтае пытаньне адказвае дырэктар беларускага міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Вячаслаў Паздняк.

(Паздняк: ) “Зьяўленьне гэтага праекту бачыцца лягічным працягам лініі амэрыканскіх заканадаўцаў ў адносінах да Беларусі. І прапанова Хэлмса зьяўляецца ўвасабленьнем гэтай жосткай лініі. Што тычыцца прыняцьця гэтага законапраекту, тут існуе шмат фактараў, якія могуць зьменшыць радыкалізм гэтага рашэньня ці адкласьці яго. Гэта ў першую чаргу фінансавы фактар, паколькі асноўныя выдаткі ЗША на міжнароднай арэне ідуць на процідзеяньне міжнароднаму тэрарызму. З другога боку, сама працэдура прахаджэньня законаў у Кангрэсе вельмі складаная і патрабуе шмат часу. Але можна з упэўненасьцю сказаць, што нейкі варыянт гэтага законапраекту так ці інакш будзе прыняты”.

У адрозьненьне ад ЗША заходнеэўрапейскія краіны, таксама канстатуючы жахлівае становішча ў Беларусі з правамі чалавека, робяць акцэнт на дыялёг з афіцыйным Менскам, на небясьпеку ізаляцыі Беларусі. Наколькі істотныя гэтыя адрозьненьні, ці ня могуць яны ператварыцца прорву, ці не дадуць магчымасьць афіцыйнаму Менску гуляць на гэтых супярэчнасьцях? Ізноў гаворыць Вячаслаў Паздняк.

(Паздняк: ) “Я мяркую, што пры ўсёй розьніцы падыходаў Амэрыкі і Заходняй і Цэнтральнай Эўропы у адносінах да Беларусі заходняя салідарнасьць і адзінства будуць захоўвацца і ступень гэтага разыходжаньня ня варта перабольшваць. Гэта хутчэй адрозьненьні ў тактыцы пры разуменьні агульнай стратэгіі – дасягненьня дэмакратычных пераменаў”.

Як паказалі падзеі гэтага тыдня, больш жорсткаю робіцца і пазыцыя міжнародных арганізацыяў, у прыватнасьці, фінансавых. У апошнія месяцы здавалася, што ў адносінах Беларусі зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі назіраецца нейкае пацяпленьне. Упершыню за некалькі гадоў Усясьветны банк выдзяліў Беларусі крэдыт у памеры 22 мільёнаў даляраў. Міжнародны вылютны Фонд праводзіў шматмесячны маніторынг урадавай праграмы, што таксама давала падставы спадзявацца на крэдыты. І на тле гэтых тэндэнцыяў і чаканьняў "халодным душам" стала заява кіраўніка Эўрапейскага дэпартамэнту МВФ сп-ра Одлінг-Смі, якая прагучала падчас ягонага візыту ў Менск на гэтым тыдні. "Крэдытаў ня будзе" – такім быў сэнс паведамленьня прадстаўніка Фонду. Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што беларускі ўрад у гэтым годзе дасягнуў пэўнага посьпеху, ліквідаваўшы множнасьць валютных курсаў, якая на працягу шэрагу гадоў была сур'ёзнаю хваробаю беларускай эканомікі. Аднак МВФ палічыў гэта недастатковым для таго, каб выдзяліць грошы. На Захадзе спаборнічаюць два падыходы да беларускай праблемы. Прыхільнікі аднаго, умоўна кажучы, падыходу "бізуна", лічаць, што ад Менску трэба жорстка дамагацца выкананьня пэўных умоваў. Паводле гэтага падыходу, менавіта жорсткасьць патрабаваньняў у рэшце рэшт прымусіць беларускія ўлады пайсьці на зьмену сваёй палітыкі. Прыхільнікі іншай стратэгіі, умоўна кажучы, стратэгіі "перніка", мяркуюць, што Менску трэба спачатку штосьці прапанаваць, даць, а потым ўжо выкарыстоўваць дадзенае для ўплыву на беларускую палітыку.

Гэтак жа, як і заканадаўчая прапанова сэнатара Хэлмса, рашэньне МВФ не даваць грошай – безумоўна, ёсьць праяваю стратэгіі "бізуна": беларускія ўлады не выконваюць абавязкі – грошай няма. Гэтае рашэньне Фонду можа падштурхнуць беларускі ўрад да сапраўднай лібэралізацыі, але можа і наадварот штурхнуць Менск у абдымкі Масквы. Расейскі капітал ужо не на прыску – ён перасягнуў прысак. Дарэчы, на гэтым тыдні расейскі піўны канцэрн "Балтыка" канчаткова дасягнуў дамоўленасьці зь беларускім урадам пра набыцьцё кантрольнага пакету менскага заводу "Крыніца". Гаворыць аглядальнік газэты "Белорусский рынок" Тацяна Манёнак.

(Манёнак: ) “МВФ адмовіў Беларусі ў крэдытах і гэта – знак для замежных інвэстараў, гэта значыць, што інвэстыцыйны клімат у краіне неспрыяльны для ўкладаньня грошай у нацыянальную эканоміку. Нават зараз, калі ўзьнікла “парогавая” сытуацыя, г.з. што выбары скончыліся і ўрад мог бы зрабіць нейкія крокі да рынкавай эканомікі, гэтага ня адбываецца. Урад знаходзіцца ў чаканьні, і мне здаецца, што ў гэтай сытуацыі Лукашэнка спадзяецца перш за ўсё на інвэстыцыі расейскіх алігаргаў. Ён ужо адмовіўся ад сваіх ранейшых заяваў пра тое, што “Нафтан” ня будзе прыватызавацца. Ён сказаў, што паспрабуе прадаць гэты гігант нафтахіміі разам з “Палімірам”. Зусім нядаўна падчас паездкі на Гарадзеншчыну ён заявіў, што вядомы “Азот” таксама будзе акцыянавацца, праўда, на першым этапе кантрольны пакет захаваецца ў руках беларускай дзяржавы. На “Азот” таксама прэтэндуюць расейскія кампаніі”.

Халодныя адносіны заходніх краінаў да Беларусі ўжо штурхаюць яе ў абдымкі расейскай дзяржавы. Шмат экспэртаў кажа, што ў гэтым становішчы лепшай была б палітыка “перніка”, бо толькі на канкрэтных прыкладах можна даказаць беларускаму ўраду і беларускаму кіраўніку, што лібэральныя пераўтварэньні даюць станоўчы вынік. Гэта дало б магчымасьць заходнім інвэстарам узяць удзел у прыватызацыі, якая ў хуткім часе пачнецца.

Варта адзначыць, што на гэтым тыдні адбылася падзея, якую можна разглядаць, як камбінацыю стратэгіяў "бізуна" і "перніка" ў адносінах да Беларусі. Ці скарыстала беларуская ўлада гэтую магчымасьць? На гэтым тыдні ў Варшаве прайшла міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная праблемам барацьбы з тэрарызмам. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку і прэзыдэнты Альбаніі, Польшчы, Малдовы, Украіны, Літвы, Румыніі. У працы форуму такога высокага ўзроўню удзельнічаў і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўрал Латыпаў. Прадстаўніцтва Беларусі на канфэрэнцыі было адмыслова паніжанае – арганізатары форуму паведамілі афіцыйнаму Менску, што ня хочуць бачыць Аляксандра Лукашэнку.

У Варшаве сп-р Латыпаў заявіў пра тое, што Беларусь цалкам падтрымлівае антытэрарыстычную апэрацыю, паабяцаў нават, што Беларусь будзе дзяліцца разьведнай інфармацыяй з антытэрарыстычнай кааліцыяй.

Паказальным выглядаў самый факт запрашэньня беларускіх прадстаўнікоў на варшаўскі форум. Бясьпека – рэч непадзельная, і калі з ланцужку бясьпекі выпадае нават адзінае невялічкае зьвяно, наступствы могуць быць вельмі непрыемныя. Запрашэньне ў Варшаву – дэманстрацыя гатоўнасьці Захаду супрацоўнічаць зь Беларусьсю хаця б у сфэры бясьпекі. Адначасна гэта і іспыт – калі Менск хоча супрацоўнічаць, ён таксама мусіць не абмяжоўвацца словамі, а рабіць крокі насустрач. На думку дырэктара міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Вячаслава Паздняка Беларусь гэтую магчымасьць не скарыстала.

(Паздняк: ) “Прысутнасьць беларускага назіральніка была патрэбная ня толькі Беларусі, але і дзяржавам рэгіёну, паколькі Беларусь зьяўляецца надзвычай важнаю гэапалітычнаю часткаю Цэнтральна-Усходнеэўрапэйскага ляндшафту. Калі ўсясьветная супольнасьць сутыкнулася з выклікам ўсясьветнага тэрарызму, то Беларусь сутыкнулася з падвойным выклікам. Гэта з аднаго боку небясьпека тэрарызму, а з другога боку – немагчымасьць паўнавартастнага ўдзелу ў барацьбе з гэтым злом перш за ўсё на рэгіянальным і эўрапейскім ўзроўні. Гэта абумоўлена добра вядомымі праблемамі паміж афіцыйным Менскам і эўрапейскімі структурамі і дзяржавамі.
Паглядзім на вынікі ўдзелу Беларусі ў Варшаўскім форуме. Статус назіральніка азначаў, што яна ня мела права голасу пры прыняцьці выніковых дакумэнтаў. Выключанасьць Беларусі з працэссу прыняцьця калектыўных рашэньняў у сфэры бясьпекі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе прывялі да таго, што зь Менску у Варшаву не было прывезена ніякіх прапановаў, палітычна істотных для ўдзельнікаў форуму. Беларускія падыходы гучалі ці як інтэрпрэтацыя расейскай пазыцыі ці як пацьвярджэньне сказанага раней. У выніку ў адрозьненьні ад Украіны і Малдовы, якія былі паўнавартастнымі ўдзельнікамі канфэрэнцыі, Беларусь страціла магчымасьць стаць удзельнікам шырокамаштабнай праграмы рэгіянальнага супрацоўніцтва. Значэньне гэтай праграмы выходзіць далёка за межы ўласна антытэрарыстычных акцыяў”.

Можна толькі вітаць салідарнасьць з антытэрарыстычнай кааліцыяй і гатоўнасьць унесьці ўнёсак у сумесныя дзеяньні, прадэкляраваныя Беларусьсю. Але тут якраз вымалёўваецца праблема падвойных стандартаў, пра якую так любяць гаварыць у Менску. Дэклярацыі антытэрарыстычнай салідарнасьці ня могуць замяніць адносіны даверу і сапраўднага партнэрства і тым больш не даюць індульгенцыі на невыкананьне міжнародных пагадненьняў у сфэры правоў чалавека, падпісаных Беларусьсю.

Такім чынам, з аднаго боку адчыняецца рэальная і надзвычай спрыяльная магчымасьць радыкальна палепшыць адносіны з Эўропаю і ЗША, як гэта ўжо зрабіла Расея, а з другога боку, існуюць гамульцы, якія гэтаму перашкаджаюць. Ад ліквідацыі гэтых гамульцоў залежыць ня толькі роля Беларусі ў антытэрарыстычнай кааліцыі, але і месца ў сям'і эўропейскіх дзяржаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG