Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры якіх умовах Крэмль можа абраць фаварыта перадвыбарчай кампаніі?


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “У папярэдніх перадачах нам неаднаразова даводзілася казаць пра “расейскі фактар” у беларускай палітыцы, і з надыходам выбарчай кампаніі гэтая тэма набывала актуальнасьць. Старт прэзыдэнцкай кампаніі, першыя прэсавыя канфэрэнцыі прэтэндэнтаў супалі зь візытам Лукашэнкі ў Маскву. І сёньня мы можам ужо больш канкрэтна прааналізаваць пазыцыю Крамля. Што да канкрэтна Лукашэнкі – дык тут супярэчлівыя ацэнкі: адны лічаць, што візыт быў няўдалы для яго, бо наўпроставай падтрымкі Пуцін ня выказаў, іншыя заяўляюць, што Лукашэнка свайго дамогся і прыводзяць эканамічныя аргумэнты. Як лічаць мае суразмоўцы?”

(Портнікаў: ) “Варта разглядаць адносіны Расеі і Беларусі ў двух аспэктах. Першы аспэкт – гэта тое, што, сапраўды, Масква зацікаўленая ў захаваньні Беларусі ў сваёй арбіце ўплыву. Другі аспэкт – тое, што Лукашэнка, які бясспрэчна гарантуе гэтае захаваньне, ўсё ж ня вельмі задавальняе Маскву. Раздражняе нават. Але Масква пакуль не знайшла яму альтэрнатывы. І зусім магчыма, што Лукашэнку ў Маскве спатыкаюць без асаблівай радасьці, але разам з тым – ён бачыць, што альтэрнатыўнага кандыдата няма.

Таму з аднаго боку, Лукашэнка крыўдзіцца на тое, што яго не ўспрымаюць у Маскве як лепшага сябра, ён разумее, што такое незадавальненьне ягонай фігурай можа калі-небудзь прывесьці да краху. Таму што рэжым паразітуе, эканоміка ў стагнацыі. Але разам з тым ён адчувае пэўны спакой, бо ў дадзены момант нішто яму не пагражае, і перамога на выбарах можа адбыцца менавіта ў выпадку рэальнай альтэрнатывы, якая ня вылучаная Масквой.

Але калі Масква знойдзе такую альтэрнатыву – яна знойдзе і магчымасьць скарыстаць рычагі, якія дазволяць пазбавіцца ад Лукашэнкі ў будучыні і бяз выбараў. Тым больш, што такія выбары лёгка арганізаваць, улічваючы сумнеўную легітымнасьць цяперашняй палітычнай сыстэмы”.

(Івашкевіч: ) “Незацікаўленасьць Масквы ў захаваньні такога рэжыму, які ёсьць сёньня ў Беларусі, зьвязаная, найперш, з пазыцыяй эканамічных партнэраў Расеі ў Заходняй Эўропе. Асабліва з праектам транспарціроўкі расейскага газу ў Нямеччыну і іншыя краіны Эўропы. Гэты праект прымушае вельмі шчыльна працаваць і расейскі, і эўрапэйскі бакі, і ўсе гэтыя бакі вельмі зацікаўленыя ў стабільнасьці на тым адрэзку трубы, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. І вось гэты “вартаўнік трубы” павінен быць надзейным і прадказальным чалавекам.

На мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў, калі ішлі вельмі ўпартыя і інтэнсіўныя перамовы эўрапэйскіх дыпляматаў з рэжымам Лукашэнкі, дыпляматы ўгаворвалі Лукашэнку правесьці хоць мінімальна дэмакратычныя выбары і гатовыя былі прызнаць Лукашэнку легітымным. Аднак тое, як павёў сябе Лукашэнка, парушыўшы ўсе дамоўленасьці, з эўрапейскімі палітыкамі, прывяло да таго, што эўрапейцы ня лічаць магчымым далей мець справу з Лукашэнкам, як ненадзейным партнэрам.

Я думаю, што эўрапейскія палітыкі ўказалі на гэта Расеі і сказалі, што калі Беларусь вы разглядаеце, як сфэру свайго ўплыву – ну дык і вырашайце пытаньне, пастаўце чалавека, зь якім бы мы сумесна – вы, Расея, і мы, Эўропа – маглі б працаваць і рэалізоўваць свае вялікія эканамічныя праекты”.

(Наумчык: ) “Спадар Віктар, Вы закранулі вельмі цікавы аспэкт, мы яго абмяркуем, але я ўсё ж вяртаю Вас да ацэнкі менавіта цяперашняга візыту Лукашэнкі ў Маскву – ці вынікі візыту сьведчаць пра тое, што ён будзе заменены, што Масква адварочваецца ад яго?”

(Івашкевіч: ) “Справа ў тым, што паняцьце “падтрымка Расеі” – катэгорыя абмежаваная: ня будзе ж высылацца Таманская дывізыя ў дапамогу дыктатару ці дзеля таго, каб яго зьвергнуць. Гэта можа быць падтрымка ў расейскіх СМІ і выдача нейкіх адмысловых крэдытаў Лукашэнку, каб ён у апошнія месяцы выбарчай кампаніі здолеў рэзка ўзьняць зарплату, прынамсі, у гарадах на буйных прамысловых прадпрыемствах. Дык вось: грошы ня дадзеныя ў неабходным для такога эканамічнага “рыўка” памеры. І другое – не зьмянілася стаўленьне расейскіх мас-мэдыяў да Лукашэнкі. Такім чынам, падтрымкі няма. А адсутнасьць падтрымкі – гэта і ёсьць непадтрымка”.

(Навумчык: ) “Спадар Портнікаў, ці вы можаце пагадзіцца з тым, што Эўропа можа ўказаць на нешта Расеі ці, дакладней, што Масква можа прыслухацца да ўказаньняў ці парадаў Эўропы, наогул Захаду ў гэтай сытуацыі, у сытуацыі з Беларусьсю?”

(Портнікаў: ) “Шчыра кажучы, я так ня думаю, бо для Эўразьвязу і для ЗША пытаньне Беларусі сёньня не зьяўляецца пытаньнем нумар адзін. Усе разумеюць, што сёньня, калі Лукашэнка пры ўладзе, Беларусь ня ёсьць для Захаду зручным партнэрам. Усе разумеюць і тое, што Беларусь знаходзіцца ў сфэры расейскага ўплыву. Прычым Расея імкнецца сфэру ўплыву пашырыць коштам Украіны, і ў гэтай сувязі ў Захада ўзьнікаюць новыя праблемы.

І вось тут сапраўды існуе спаборніцтва, Захад паказвае, што не аддасьць пазыцыі. Часам апошняга візыту Буша ў Варшаву Буш некалькі разоў казаў пра Ўкраіну – але слова “Беларусь” Прэзыдэнт ЗША не вымаўляў. Але істотна, што Буш заявіў, што больш ня будзе падзельных межаў у Эўропе. Ня будзе падзелу Эўропы на Заходнюю, Цэнтральную і Ўсходнюю. І менавіта гэта сьведчыць пра тое, што калі будуць вырашаныя іншыя пытаньні – напрыклад, інтэграцыя балтыйскіх краінаў у НАТА, вывад Украіны з-пад сфэры расейскага ўплыву – тады надыйдзе чарга Беларусі. І – ня больш таго.

Што тычыцца пытаньня газаправоду, дык я лічу, што гэта – расейскі зьнешнепалітычны блеф. Пасьля адстаўкі Рэма Вяхірава магчымасьць будаўніцтва альтэрнатыўнага газаправоду праз тэрыторыю Беларусі і Польшчы робіцца, хутчэй міталягічным жаданьнем Расеі, чым рэальным рашэньнем”.

(Навумчык: ) “Мае суразмоўцы ўжо сказалі, што ў нейкі момант Крэмль можа абраць іншага фаварыта. А хто ім можа патэнцыйна быць зь цяперашніх прэтэндэнтаў? І хто мае больш шанцаў?”

(Івашкевіч: ) “Ёсьць група, якая займае абсалютна прарасейскую пазыцыю – гэта Машэрава, Сініцын, у пэўным сэнсе Гайдукевіч і Калякін (таму што ў праграме Калякіна – адраджэньне Савецкага Саюзу). Карацей, у іх праграмах ёсьць пункт шчыльнай інтэграцыі з Расеяй. І натуральна, хутчэй за ўсё, тыя службы, якія займаюцца ў Маскве Беларусьсю, у першую чаргу разглядаюць як верагодных – кагосьці з гэтых людзей. І тут, відавочна, найлепшы арганізатар кампаніі – гэта спадар Сініцын, а найлепшая шыльда ці шырма гэтай кампаніі – спадарыня Машэрава, дзякуючы прозьвішчу ейнага бацькі.

Другая група – гэта так званая “пяцёрка”, дзе ўсе заявілі, што яны за шчыльнае супрацоўніцтва з Расеяй, але ж з захаваньнем сувэрэнітэту, але ж з захаваньнем дэмакратыі, але ж без ваенных саюзаў і гэтак далей. Калі ня група Машэравай-Сініцына – дык можа быць падабраны нейкі кандыдат з гэтай пяцёркі. Нават хутчэй не падабраны, а той, хто будзе мацнейшы з гэтай “пяцёркі”, калі ён дакажа сваёй дзейнасьцю, што яго падтрымлівае значная група насельніцтва, што ён мае рэальныя шанцы для перамогі, дык Масква ўсталюе зь ім кантакты, тым больш, што кожны кандыдат з гэтай “пяцёркі” сам бясконца езьдзіць у Маскву і прапануе сябе ў якасьці найлепшага партнэра для Расеі”.

(Навумчык: ) “Спадар Портнікаў, ці маеце ў Маскве Вы нейкую інфармацыю пра нейкіх патэнцыйных, акрамя Лукашэнкі, фаварытаў Крамля, якімі якасьцямі павінен быў бы валодаць такі кандыдат і якой можа быць плата за падтрымку з боку Масквы?”

(Портнікаў: ) “Ну, якімі якасьцямі? Прарасейскімі! А калі казаць больш шырока, то Маскве патрэбны быў бы чалавек бясспрэчна прарасейскі – але прадказальны і значна менш харызматычны і імпульсіўны, чым Лукашэнка.

Некалькі месяцаў таму ў Маскве была створаная працоўная група ў справе магчымага пераемніка Лукашэнкі. Але да канкрэтных вынікаў гэтая група не прыйшла. Тое, што мы бачым сёньня – гэта, магчыма, рэпетыцыя. Зьяўленьне такой фігуры, як Натальля Машэрава – гэта, мне здаецца, таксама рэпетыцыя, таму што Машэрава ў вялікай палітыцы – чалавек новы, а новы чалавек наўрад ці можа перамагчы. Аднак Крэмль прыглядаецца да Машэравай. І зьвязвае яе з асобай бацькі – першага сакратара ЦК.

Разам з тым, на прыкладзе Машэравай я бачу, як беларуская апазыцыя дапускае чарговую памылку. Для беларускай апазыцыі галоўнае ў кандыдаце – каб ён быў не прарасейскім. Але такая асоба ніколі не пераможа пры цяперашнім стане беларускага грамадзства. Але калі гэта будзе чалавек не з таталітарным мысьленьнем – дык зьявіцца магчымасьць для нармальнага разьвіцьця беларускага грамадзства. І ў далейшым – для легалізацыі тых сілаў, якія выступаюць за эўрапэйскі шлях разьвіцьця Беларусі. Але пакуль што апазыцыя спробы рэальна перамагчы Лукашэнку ня робіць – і гэта для Масквы таксама зьяўляецца паказчыкам”.

(Навумчык: ) “Пагаворым пра расейскі фактар у нацыянальна арыентаванай апазыцыі. Сёньня яна складае два лягеры. Адзін – падтрымлівае лідэра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Зянона Пазьняка, які акрэсьлівае адносіны з Расеяй як – цытую – “"нармальныя адносіны й на падставе міжнародных стандартаў". Другі лягер – аб’яднаная апазыцыя – падтрымлівае кандыдатаў так званай пяцёркі, якая дамагаецца – ізноў цытата – “рэальнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Расеяй у Саюзе дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў”. Вось гэты “саюз дзяржаваў” – тэрмін зь лексікону Лукашэнкі. Пытаньне да намесьніка старшыні БНФ “Адраджэньне” Віктара Івашкевіча: вы не баіцеся, што БНФ, падтрымліваючы такі лёзунг, згубіць прыхільнікаў зь незалежніцкай часткі насельніцтва?”

(Івашкевіч: ) “Незалежніцкая частка насельніцтва – яна заўсёды будзе за незалежнасьць Беларусі. Мэта ж гэтай выбарчай кампаніі – прыцягнуць на выбары і загітаваць прагаласаваць супраць Лукашэнкі тых людзей, якія ня маюць цьвёрдых незалежніцкіх перакананьняў. Якія хацелі б быць і ў незалежнай Беларусі, і адначасна – у саюзе з Расеяй. Якія хацелі б мець вольную мяжу і на Ўсходзе, і на Захадзе. Якія б хацелі, карацей, ідэальнага варыянту, калі ёсьць адны плюсы – і няма мінусаў.Дык вось фармулёўка аб’яднанай “пяцёркі” – “саюз дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў” – якраз і адлюстроўвае гэтае жаданьне большасьці мець усе плюсы незалежнасьці і ўсе плюсы шчыльных эканамічных і палітычных адносінаў з Расеяй.

Я думаю, самае галоўнае, што патрэбна БНФ ад кандыдатаў – каб яны правялі вельмі хутка пасьля свайго абраньня дэмакратычныя парлямэнцкія выбары, і была б пераразьмеркаваная ўлада крыху больш на карысьць парлямэнту за кошт паўнамоцтваў прэзыдэнта. Карацей, тое, што завецца “чатыры ўмовы АБСЭ”, якія Лукашэнка падпісаў яшчэ летась. Выкананьне гэтых умоваў і паставіць галоўны падмурак пад незалежнасьць Беларусі, калі пачне разьвівацца нармальны парлямэнтарызм ў Беларусі.

Таму, па вялікім рахунку, нам усё роўна, які кандыдат пераможа Лукашэнку. Я маю на ўвазе – які кандыдат з гэтай “пяцёркі” пераможа Лукашэнку. Я не дапускаю магчымасьці (не таму, што я гэтага не жадаю, а таму, што рэальна ацэньваю сытуацыю), што Пазьняк можа перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах. Таму мы падтрымліваем кандыдатаў, якія ўваходзяць у гэтую “пяцёрку”.

З гэтай “пяцёркі” БНФ вырашыў падтрымліваць кандыдата, які, на наш погляд, мае найбольш рэальныя шанцы перамагчы (як у сэнсе асабістых якасьцяў, так і падтрымкі нейкіх структураў). Таму што насамрэч галоўны кандыдат – гэта ня той, каго падтрымае Масква, а той, каго падтрымае беларускі народ.

Масква можа вельмі паўплываць на гэты выбар праз свае мас-мэдыі, але, тым ня менш, аснова – гэта мабілізацыя людзей у сваю падтрымку. Таму вызначаны наш прыярытэт – кандыдата Сямёна Домаша. Што тычыцца кандыдата Машэравай – дык я сумняюся, што яна правядзе дэмакратызацыю. Па яе выказваньнях, па яе мінулым, рэжым Машэравай-Сініцына можа быць горш, чым пры Лукашэнку”.

(Навумчык: ) “Цікава адзначыць, што Масква ніякім чынам не зрэагавала на тое, што ніводны вылучэнец дэмакратычных апазыцыйных партыяў не патрапіў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісІяў. Пытаньне да Віталя Портнікава:: як бы Вы спрагназавалі ў пэрспэктыве – і падчас агітацыі, і падчас самога галасваньня – адносіны Масквы да таго, што завецца”празрыстасьцю”, справядлівасьцю выбараў? Ці ёсьць шанец, што пазыцыя Расеі ў гэтай справе супадзе са стаўленьнем Захаду, які, трэба меркаваць, будзе пільна адсочваць “градус дэмакратычнасьці” беларускіх выбараў?”

(Портнікаў: ) “Думаю, што шанцаў такіх няма. Масква сама прызвычаілася разьлічваць на адміністрацыйны рэсурс – прыгадайце апошнія выбары прэзыдэнта Расеі. Прыгадайце, што і на выбарах у Югаславіі расейскія назіральнікі разыходзіліся з пазыцыяй назіральнікаў з Захаду. Гэта была ганьба, зя якую Расея заплаціла сур’ёзнай стратай пазыцыяў на Балканах . Расея цяпер робіць стаўку на больш моцнага, а не на больш дэмакратычнага”.

(Навумчык: ) “У апошнім нумары “Общая газета” адзначае, што, “павелічэньне фінансаваньня не гарантуе, што беларускую эканоміку не напаткае канчатковы каляпс (ва ўсялякім разе, усё ідзе менавіта да гэтага). Тады ў Менску можа рэалізавацца ўжо не югаслаўскі, а румынскі сцэнар, і да ўлады ў Беларусі прыйдуць такія выразна антырасейскія сілы, што цяперашнія адносіны з Латвіяй і Літвой пададуцца нам ідыліяй.” І далей: “За гэтыя месяцы перад выбарамі Маскве прыйдзецца прыняць надзвычай адказнае рашэньне. Ад яго залежыць, які з двух магчымых варыянтаў далейшага разьвіцьця ўзаемаадносінаў дзвюх краінаў рэалізуецца. Альбо, як гэта ня дзўна цяпер уявіць, мы на шмат гадоў атрымаем у Беларусі ворага, альбо працягнем будаваць Саюз. Але ўжо па іншым сцэнары,”. – канец цытаты.

Тут самае цікавае, на мой погляд, што аўтар дэмакратычнай, не пракрамлёўскай газэты, – не ўяўляе парытэтных адносінаў зь Беларусьсю. Альбо – вайна, альбо – Саюз. Трэцяга, як кажуць, ня дадзена. Спадар Портнікаў, а ці ёсьць у Маскве палітычныя сілы, якія дапускаюць гэты трэці варыянт? І што павінна была б зрабіць беларуская апазыцыя, каб успрымалі Беларусь як партнэра? Ці толькі і застаецца, што заяўляць пра “Саюз”?”

(Портнікаў: ) “Я ня бачу ў Маскве моцных палітычных сілаў, якія б маглі разважаць цьвяроза і зразумець, што Беларусь – гэта звычайная эўрапейская краіна. Такая, як цяпер Польшча ці Чэхія. Такая, якой робіцца Украіна. Зразумець, што шлях Беларусі – гэта шлях у НАТА, які ня спыніць ніякі Аляксандар Лукашэнка. Рана ці позна, але Беларусь будзе ў Эўропе, а час Лукашэнкі будзе ўзгадвацца беларусамі з жахам і ўсьмешкай. Але, уласна, хто будзе прыгадваць тады пра Лукашэнку? Толькі гісторыкі, якія займаюцца аўтарытарнымі рэжымамі і іх няўдалымі апалягэтамі.”

(Навумчык: ) “Тое ж самае пытаньне да Віктара Івашкевіча: ці ёсьць шанец, што Беларусь будзе ўспрымацца раўнапраўным партнэрам?”

(Івашкевіч: ) “Расея будзе ўспрымаць кагосьці як партнэра толькі калі гэты партнэр будзе незалежны і будзе займаць цьвёрдую пазыцыю, сыходзячы са сваіх інтарэсаў. Немагчыма тут нейкімі словамі ці абяцанкамі, ці нейкімі дыпляматычнымі захадамі ўгаварыць, што вось, маўляў, зараз стаўцеся да нас паважліва, калі павагі не выклікае пазыцыя сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі.

Што тычыцца апазыцыі, дык пытаньне тое ж. Будзе 60%, 50% ці нават 30% падтрымкі нейкай апазыцыйнай сіле – ну, тады гэта будзе сур’ёзная размова. Пакуль рэйтынгі на ўзроўні 3%-10% – дагэтуль і стаўленьне несур’ёзнае. Таму на сёньняшні дзень я бачу галоўнай мэтай для беларускай апазыцыі – пасьля збору подпісаў, які можна разглядаць як велізарнае сацыялягічнае дасьледваньне, усё ж абраць адзінага кандыдата, зрабіць адзіны штаб, і тады беларуская апазыцыя будзе здольная ўплываць на палітычнае жыцьцё ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG