Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы можа мець вяртаньне на пасаду міністра абароны генэрала Мальцава? Што сабой уяўляе гандаль зброяй, і куды ідзе прыбытак? Ці насамрэч магчыма гаварыць пра вайсковую рэформу ў Беларусі.


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Днямі быў адпраўлены ў адстаўку міністар абароны генэрал Чумакоў і на гэтую пасаду прызначаны генэрал Мальцаў, які ўжо быў калісьці міністрам абароны. Прызначэньне Мальцава было нечаканым – бо ён быў у свой час зьняты Лукашэнкам публічна, нібыта за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Тады ж зьявіліся вэрсіі, што гэта было справакавана, генэралу падсыпалі клафэлін. Як бы Вы, спадар Казлоўскі, патлумачылі гэтае прызначэньне?”

(Казлоўскі: ) “Я б гэта ацаніў наступным чынам. Сёньня Лукашэнка падбірае тых, хто яму асабіста адданы. Гэта палітыка Лукашэнкі. Ён баіцца дапусьціць да сваёй каманды людзей новых, якія могуць павесьці сябе неяк непрадказальна. Таму асабіста адданых людзей ператусоўвае. Мальцаў у свой час, калі быў зьняты з пасады гэткім абразьлівым чынам (нібыта п’янага з трыбуны зьняў прэзыдэнт на нейкай нарадзе ў медінстытуце) – ён гэтую абразу перанес, маўчаў нейкі час, і гэта Лукашэнка ацаніў па-свойму. Значыць, гэты чалавек у цяжкі час – а сёньня для Лукашэнкі страшна цяжкі час: прэзыдэнцкія выбары – будзе яму адданы. Таму ён і расстаўляе на сілавыя структуры тых людзей, якім ён асабіста давярае. Ён разумее, што Мальцаў ня здолее цяпер супярэчыць, неяк сказаць штосьці супраць альбо не падтрымаць яго на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта галоўнае. Ну а другая прычын – Лукашэнка баіцца дапускаць іншых людзей, людзей новых, якім ён можа не давяраць”.

(Навумчык: ) “Больш як пяць гадоў таму на нейкім дыпляматычным прыёме мне давялося гутарыць з тагачасным міністрам абароны Мальцавым. Ён гутарыў са мной па-беларуску. Цікава, што за некалькі тыдняў да гэтага Мальцаў даваў інтэрвью беларускаму тэлебачаньню таксама па-беларуску, што нязвыкла для прадстаўнікоў лукашэнкаўскага ўраду, тым больш – генэрала. Мальцаў – беларус. Чумакоў – расеец. Ці дазваляе апошняя перастаноўка казаць пра аслабленьне пазыцыяў прарасейскай групы ў атачэньні Лукашэнкі?”.

(Буткевіч: ) “Я мяркую, што ў цяперашнім стане вялацякучай інтэграцыі з Расеяй, руку Масквы можна знайсьці, у прынцыпе, у чым заўгодна. Кажуць, што Чумакова падтрымліваў Сяргееў, яны разам вучыліся ў Акадэміі Генэральнага штабу. А Мальцава мог парэкамэндаваць Крэмль з падачы Квашніна, начальніка Генштабу Расеі. Квашнін здолеў зваліць маршала Сяргеева. І цяпер, фактычна, ён зрабіўся кіраўніком ваеннага ведамства пры “напаўцывільным” міністры Іванове”.

(Навумчык: ) “У Маскве таксама адбыліся істотныя перастаноўкі ў сілавых структурах. Заходнія назіральнікі адзначылі, што Пуцін не знайшоў новых людзей, зрабіў ракіроўку. Тое ж самае – і ў Менску. Ці не азначае гэта кадравы крызыс у атачэньні Лукашэнкі?”

(Буткевіч: ) “Спапчатку – чаму Лукашэнка ўсё ж адправіў у адстаўку генэрала Чумакова. Даволі доўгі час ягоная фігура задавальняла Лукашэнку. Ён не прасіў грошай, не надакучваў праблемамі. У гэты пэрыяд у Лукашэнкі былі іншыя прыярытэты ў сілавых структурах. Гэта ўнутраныя войскі, міліцыя, спэцслужбы. Але, верагодна, справы ў арміі нагэтулькі дрэнныя, што Лукашэнку давялося ахвяраваць генэралам дзеля захаваньня 83-тысячнага армейскага электарату. Акрамя таго (і тут можна прыгадаць расейскі фактар), да Лукашэнкі прыйшло разуменьне, што коштам іншых – а менавіта Расеі – Беларусь ня здолее забясьпечыць сваю бясьпеку. Намесьнік сакратара Рады бясьпекі Станіслаў Князеў канстатуе, што ў Беларусі й Расеі няма ваеннага саюзу. І гэта – на фоне наяўнасьці амаль сарака дакумэнтаў аб супрацоўніцтве ў ваеннай і каляваеннай сфэрах. Сам жа дзяржсакратар Саўбезу Латыпаў нібыта сказаў, што “саюз саюзам, а клапаціцца пра абароназдольнасьць краіны трэба самастойна”. А дзеля гэтага неабходна працягнуць удасканальваньне войска, чым міністэрства не займалася на працягу апошніх пяці гадоў. Мяркую, што выбар быў невялікі, бо кадравы крызыс у адміністрацыі назіраецца з моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады ў 94-м годзе. Напэўна, Мальцаў – найбольш удалы выбар. Ён мае вопыт рэфармаваньня беларускага войска, прычым як уверсе, гэтак і ўнізе. У свой час ён быў намесьнікам камандуючага 28 агульнавайсковай арміі у Горадні, якая была пераўтвораная ў армейскі корпус. Праца ў Штабе ў справе каардынацыі вайсковага супрацоўніцтва краінаў СНД у Маскве на пасадзе першага намесьніка, канечне, дала вопыт. Да яго плюсаў належыць абарона кандыдацкай дысэртацыі, праца над доктарскай. Ну і аўтарытэт у войску, якога ў Чумкова не было на пасадзе міністра. Што тычыца гатоўнасьці ці негатоўнасьці Мальцава выканаць любы загад галоўнакамандуючага – дык я думаю, узброеныя сілы не АМОН і ня ўнутраныя войскі што да выкарыстаньня іх як “стабілізатара” беларускага грамадзства. Маскоўскага сцэнару 1993 годуу Менску ня будзе”.

(Навумчык: ) “Спадар Казлоўскі, ці Вы пагодзіцеся з вызначэньнем спадара Буткевіча, які ўжыў выраз “кадравы крызыс”?”.

(Казлоўскі: ) “Гэта ня проста кадравы крызыс. Гэта – тупік, у якім сёньня апынуўся Лукашэнка. Новых людзей няма, бо ён іх баіцца, а вось тыя, хто безадказна выканае любы загад, ён перамяшчае з прыступкі на прыступку. І гэта страшна. Страшна таму, Сяргей, што вось гэтыя людзі, на якіх ён разьлічвае, могуць пайсьці на самыя непапулярныя і злачынныя крокі ў сытуацыі, калі народ ня пойдзе на фальсыфікацыю”.

(Навумчык: ) “Калі вярнуцца да падзеяў у Маскве, дык што можа азначаць для Беларусі прызначэньне на пасаду міністра абароны Расеі спадара Іванова?”

(Казлоўскі: ) “Я лічу, для нас гэта –добры знак. Для нас, для нашай працы. Для падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў, якую мы вядзем. Чаму гэта вельмі важна? Сёньня атачэньне Пуціна, якое заставалася ад ельцынскай “сям’і”, усё далей і далей адсоўваецца Пуціным ад Пуціна. І гэта – добра, таму што найбольш уплывовыя сувязі былі ў Лукашэнкі з тым, “сямейным” атачэньнем. Я разумею, што гэтыя перасоўваньні дапамогуць нам у галоўным”.

(Буткевіч: ) “Я мяркую, што прызначэньне напаўцывільнага міністра абароны ў Расеі не прынцыпова. Рэфармаваньне ўзброеных сілаў Расеі прадугледжвае падзел функцыяў міністэрства абароны і Генэральнага штабу. Магчыма, у будучым так здарыцца і ў Беларусі. Фактычнае кіраўніцтва войскам і ўсімі працэсамі у войску ў Расеі будзе ажыцьцяўляць начальнік Генэральнага штабу. Цяпер ім ёсьць генэрал Квашнін. Хто пры гэтым будзе ўдзельнічаць у дыпляматычных прыёмах, езьдзіць за мяжу, падпісваць дамовы – не прынцыпова”.

(Навумчык: ) “Значную часту ў валютных паступленьнях Беларусі займае гандаль зброяй. Пагодзімся, што гэта – нармальная, звычайная рэч… Але ці адбываецца ён ў адпаведнасьці з сусьветнымі стандартамі? Спадар Буткевіч, некалькі дзён таму Вы пісалі, што партыя танкаў Т-72 была прададзеная ў Марока па 250 тысячаў даляраў за адзінку. Але ж сапраўдны кошт такога танку, калі не памыляюся, больш за мільён даляраў. Гэта – адзінкавы выпадак ці сыстэма?”


(Буткевіч: ) “Калі сума кантракту сапраўды прадугледжвала продаж танкаў па 250 тысячаў даляраў, дык, відаць, потым гэтыя танкі скарыстоўвалі як мішэні на палігонах. Сапраўды, кошт такога танку ў некалькі разоў большы. Тым больш мадэрнізаванага. Наогул, для рэформы ўзброеных сілаў патрэбныя вялізныя фінансавыя сродкі. Лічыцца, што гэты працэс будзе каштаваць у чатыры-пяць разоў больш, чым утрыманьне войска ў цяперашнім стане. Адкуль ўзяць грошы? Адной з крыніцаў можа быць продаж зброі. Чым Беларусь з розным посьпехам займаецца з пачатку 90-х гадоў. Але, на жаль, сродкі ад гэтага гандлю ідуць куды заўгодна, толькі ня ў войска. Калі я папрасіў афіцэра міністэрства абароны пацьвердзіць альбо абвергнуць прыгаданую Вамі інфармацыю наконт продажу танкаў у Марока, мне сказалі, што міністэрства абароны зброяй не гандлюе і грошай за гэта не атрымоўвае. У нас, як заўсёды, ўсё пакрыта таямніцай. Канечне, гэта сфэра пікантных міжнародных узаемадачыненьняў, бо занадта вялікія сумы абароту, вялікая канкурэнцыя. Канечне, прадаваць танкі і самалёты савецкіх часоў, ад якіх беларускае войска павінна было б пазбавіцца, няма сэнсу. Алё ёсьць жа прадукцыя БелОМО, Агату, Пеленгу, менскага заводу колавых цягачоў. Ёсьць магчымасьць мадэрнізацыі тэхнікі. На мадэрнізацыі аднаго зьнішчальніка можна зарабіць ад аднаго да чатырох з паловай мільёнаў даляраў. Такія самалёты на ўзбраеньні практычна ўсіх краінаў былой Варшаўскае дамовы”.

(Навумчык: ) “У абодвух выпадках – і ў Менску, і ў Маскве – кадравыя перастаноўкі тлумачыліся неабходнасьцю вайсковай рэформы. Ці насамрэч магчыма казаць пра вайсковую рэформу ў Беларусі?”

(Казлоўскі: ) “Ніякая рэформа ня можа быць праведзена ў нашым войску цяперашняй камандай. Чаму? Войска сёньня знаходзіцца ў глыбокім крызысе. Не хапае фінансаў. Значная частка каманднага складу, найперш малодшага, сёньня з войска сыходзіць з-за непавагі, з прычыны таго, як дзяржава, і найперш кіраўнік гэтай дзяржавы, ставяцца да войска. Ён падкормлівае сілавыя структуры ў мэтах вырашэньня ўнутраных сваіх мэтаў. І ніякай падтрымкі войска ня бачыць з боку свайго галоўнакамандуючага. Рэформа ня можа быць праведзеная ў такіх умовах. Першая умова – эфэктыўная эканоміка, што дазволіць атрымаць войску тое, у чым яно мае патрэбу для баявой падрыхтоўкі, для баявой гатоўнасьці, для прафэсыйнай падрыхтоўкі афіцэраў. А гэтага сёньня няма. Войска атрымлівае 5-7 адсоткаў ад таго, што ёй патрэбна. Таму заява Лукашэнкі, калі ён прадстаўляў новага міністра ў міністэрстве абароны… Там прагучала так: былы міністар абароны Казлоўскі ў 1992-1994 гадох разваліў войска, яно было разбуранае, была злачынна выведзеная ядзерная зброя з тэрыторыі Беларусі, было зьнішчана шмат тэхнікі па загаду Шушкевіча і Казлоўскага, і гэтак далей…Вось я прадстаўляю новага міністра, таму што гэта рэфарматар, і ён рэфармуе войска. Сёньня войска найбольш баяздольнае з усіх войскаў краінаў СНД. Гэтыя словы Лукашэнкі – пустыя, за імі нічога не стаіць”.

(Навумчык: ) “Павал Паўлавіч, дык пачакайце.. Вы развалілі войска, а яно самае бояздольнае?”

(Казлоўскі: ) “Так, а Лукашэнка ўзьняў яго з кален…Такая заява – ня першая ў Лукашэнкі”.

(Навумчык: ) “Дарэчы, як Вы ставіцеся да праблемы ядзернай зброі?”

(Казлоўскі: ) “Я быў прыхільнікам і ў той час, і сёньня кажу пра гэта шчыра: ядзерная зброя Беларусі непатрэбная. Калі вернецца ядзерная зброя на тэрыторыю Беларусі, мы будзем закладнікамі гэтай сытуацыі”.

(Навумчык: ) “Спадар Буткевіч, якія б прыярытэты Вы вызначылі ў якасьці галоўных пры ажыцьцяўленьні вайсковай рэформы?”

(Буткевіч: ) “Хачу сказаць, што рэформа ўзброеных сілаў ажыцьцяўлялася, як гэта сказаў шаноўны Павал Паўлавіч, з 92 году па 96 год. У апошнія пяць гадоў ніякай рэформы войска не было. Што датычна пэрспэктывы, дык тут ўсё будзе залежаць ад наяўнасьці фінансавых сродкаў. Сёлета наўрад ці што будзе, бо бюджэтам гэта не прадугледжана. Мяркую, што ў пэрспэктыве ўзброеныя сілы павінны адпавядаць эканамічным магчымасьцям дзяржавы. Ня можа краіна ўтрымліваць 83-тысячную групоўку. Тым болей, што значная яе частка – гэта Сухапутныя войскі – менш патрэбныя ў выпадку агрэсіі, чым войскі супрацьпаветранай абароны альбо ваенна-паветраныя сілы. Калі рэформа пачнецца, скарачэньне войска непазьбежнае. І тут галоўнай праблемай будуць сацыяльныя гарантыі для былых вайскоўцаў. Іх перакваліфікацыя і жыльлё. Асабліва – жыльлёвая праблема”.

(Навумчык : ) “Спадар Казлоўскі, Вы, як напісалі б у газэце “Во славу Родіны”, прайшлі шлях ад курсанта вайсковай вучэльні да міністра абароны, у Вас самае вышэйшае ў Беларусі вайсковае званьне – генэрал-палкоўнік. Ну вось давайце ўявім, што сёньня – 2007 год, Беларусь – незележная і дэмакратычная краіна. Як Вам ўяўляецца войска ў такой краіне?”

(Казлоўскі: ) “Мая сьветлая мара – каб гэтае войска было прафэсійным, каб малады чалавек ішоў у гэтае войска з жаданьнем служыць. Такое войска павінна быць невялікім. Мне цяжка назваць лічбу – 20 тысячаў ці 40 тысячаў, гэта ўжо дзяржава вырашыць, якое войска яна можа ўтрымліваць. Войска павінна быць паважаным у дзяржаве. Я мару аб гэтым і добра ведаю: калі памяняецца ўлада, новае кіраўніцтва зробіць усё, каб гэтае войска было невялікім, прафэсійным і паважаным”.

XS
SM
MD
LG