Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жаночае пытаньне” на постсавецкай прасторы.


Алена Радкевіч, Прага

Ідэя ўсталяваньня адмысловага дня салідарнасьці працоўных жанчынаў усяго сьвету ў барацьбе за свае правы належыць вядомай нямецкай рэвалюцыянэрцы Клары Цэткін – яна вылучыла гэтую ідэю на жаночай канфэрэнцыі ў Капэнгагэне ў 1910 годзе. Дзень 8 сакавіка быў абраны для сьвята жаночай салідарнасьці не выпадкова. Менавіта сакавіцкай раніцай 1908 году жанчыны Ню-Ёрку кінулі працу і выйшлі на вуліцу з патрабаваньнем роўных правоў з мужчынамі.

Упершыню Міжнародны жаночы дзень адзначылі ў некаторых Эўрапейскіх краінах у 1911 годзе, а ў Расеі і Беларусі – у 1913. З кожным годам колькасьць такіх краінаў павялічвалася, і ў 70-я гады 20 стагодзьдзя ААН абвесьціла 8 сакавіка Міжнародным жаночым днём.

Пасьля распаду СССР 8 сакавіка перастала шырока адзначацца ў краінах СНД і Ўсходняй Эўропы. У многіх былых рэспубліках СССР гэты дзень ужо нават не пазначаны ў календары. У Беларусі ж, Расеі і на Ўкраіне – адзначаецца як афіцыйнае дзяржаўнае сьвята.

Чаму амаль ва ўсёй Эўропе гэтае сьвята фактычна адмянілася, і толькі на прасторах былога СССР у асобных дзяржавах засталося ў якасьці дзяржаўнага? У чым тут справа: у сацыяльнай інэрцыі ці наяўнасьць гэтага сьвята прадыктаваная неабходнасьцяй далейшай барацьбы жанчынаў за свае правы?”

(Стрэляны: ) “Цікава, што менавіта гэтае сьвята савецкі народ умудрыўся выхаласьціць такім чынам, што не пакінуў у ім амаль нічога ад палітыкі, ад сацыяльнага грамадзкага сэнсу, ад барацьбы жанчынаў за свае правы. Больш за тое: народ вельмі хутка стаў над усім казённым сэнсам гэтага сьвята – між іншага, для Ню-Ёрскіх жанчынаў сэнсам нармальным і ўзвышаным, але ж вядома, у што пераўтварылі гэтыя сэнсы бальшавікі. Дык вось народ усё гэта прыбраў і ператварыў у звычайнае жаночае сьвята, з задавальненьнем яго адзначаў.

І гэтая гульня ўлады – казённай ідэалёгіі з народам, як частка ўвогуле вечнай гульні савецкай улады з народам – працягваецца і дагэтуль. Улада робіць выгляд, што гэта па-ранейшым савецкае сьвята жаночай роўнасьці, барацьбы жанчынаў за раўнапраўе, а народ ведае сваё: што ў гэты дзень трэба прынесьці букет (па-магчымасьці данесьці яго дадому), на працы нешта падараваць жанчынам, што належыць – вось, уласна кажучы, і ўсё. Гэта працяг усё той жа гульні.

Напэўна, гэтая гульня паступова скончыцца, і цалкам зразумела, што пераможа тут насельніцтва, стыхія. І на пасьлясавецкай прасторы жаночае сьвята будуць адзначаць зусім ня так, як у Эўропе, а без усялякай палітыкі. У Эўропе яно ж не зусім зьнікла, яно яшчэ застаецца, але ў сваім сапраўдным сэнсе – у тым, які ў яго ўкладалі Ню-Ёркскія жанчыны”.

(Радкевіч: ) “Сапраўды, гэты дзень дае падставы міжнародным фэміністычным арганізацыям зноў і зноў уздымаць пытаньне аб правах жанчынаў, выходзіць на дэманстрацыі, заклікаць да салідарнасьці жанчынаў іншых – у тым ліку і постсавецкіх – краінаў. І многія жаночыя арганізацыі на прасторах былога СССР падхопліваюць гэты заклік. Ці здолеюць, напрыклад, у Беларусі жанчыны, зарганізаваныя ў розныя фэміністычныя структуры, зьмяніць у псыхалёгіі грамадзтва ўспрыняцьце гэтага дня?”

(Дракахруст: ) “Думаю, не. Я б хацеў крыху запярэчыць Анатолю Іванавічу: магчыма, сапраўды, на самым пачатку савецкай эры так было, што ўлада ўспрымала гэтае сьвята, як дзень жаночай салідарнасьці і іх змаганьня за свае правы, а народ успрымаў яго проста як жаночае сьвята.
Але наколькі я памятаю, ужо ў 80-я гады нават улада ўспрымала яго як чыста жаночае сьвята. Нават кіраўнікі дзяржавы даравалі жанчынам кветкі, казалі пра іх мілыя словы, і гэта быў той рэдкі выпадак, калі і сацыяльныя вярхі, і сацыяльныя нізы ўспрымалі яго аднолькава.

Сапраўды, тут была нейкая гульня, пераасэнсаваньне сьвята, але на самой справе ў Заходняй Эўропе, у ЗША такой гульні проста не было – такое сьвята зьнікла, і яго адзначаюць вельмі вузкія колы.

Тое, што гэтае сьвята застаецца ў постсавецкай культуры – гэта тыповая зьява для кансэрватыўных, іерархізаваных грамадзтваў, дзе вызначанае нейкае верхняе саслоўе – у дадзеным выпадку саслоўе мужчынаў – і саслоўе жанчынаў. Прыгадаем, як у Рыме было такое сьвята – Сатурналіі – адзін дзень, калі нявольнік роўны гаспадару. І ў гэтым сэнсе 8 сакавіка – гэта такога кшталту сьвята: адзін дзень на год, калі жанчына ня проста роўная, а нават вышэйшая за гаспадара. То бо, гэта вельмі характэрная, архэтыпавая зьява для такіх грамадзтваў, і я мяркую, гэтае сьвята будзе апошнім, якое, магчыма, зьнікне з культуры постсавецкіх краінаў”.

(Радкевіч: ) “На думку абодвух суразмоўцаў, усялякая сацыяльная накіраванасьць з гэтага сьвята ў постсавецкіх краінаў зьнікла. Аднак і па сёньня гэты дзень – нагода для кіраўнікоў дзяржаваў з высокіх трыбунаў нагадаць пра становішча жанчынаў. Міжнародныя арганізацыі публікуюць даклады, прысьвечаныя гэтай тэме, і вось апошнія лічбы: жанчыны складаюць каля 40% актыўнага насельніцтва плянэты, аднак ва ўсім сьвеце яны займаюць толькі 3% вышэйшых кіраўнічых пасадаў, і толькі 8 жанчынаў зьяўляюцца кіраўнікамі дзяржаваў. У сувязі з такім становішчам многія краіны ўводзяць так званыя квоты на жаночае прадстаўніцтва ў вышэйшых дзяржаўных ворганах. На вашую думку, ці правамерная гэтая практыка, і на якія зьмены ў палітыцы разьлічваюць тыя, хто такія квоты прапаноўвае?”

(Стрэляны: ) “Па-мойму, гэта не прыжывецца. Узгадайма, хто першы ў Расеі быў супраць гэтага полавага цэнзу, супраць прадстаўніцтва паводле полавае прыкметы? Самые адукаваныя жанчыны, самыя дэмакратычна настроеныя, падрыхтаваныя – тыя самыя жанчыны, якім ня трэба было памятаць пра свой пол і нагадваць пра яго там, дзе ў гэтым няма патрэбы, а менавіта: у палітыцы, у грамадзкім жыцьці. Нябожчыца Галіна Старавойтава – як ужо яна зьдзеквалася з гэтых камуністак, якія заснавалі цэлую полавую партыю “Жанчыны Расеі”. Як зьдзекваліся, я памятаю, заходнія журналісткі ў Маскве з гэтай нагоды. І цікава, што менавіта камуністкі, духовыя паплечніцы Клары Цэткін – зьдзейсьнілі такі паварот, такую здраду самой сутнасьці марксізму-ленінізму ў арганізацыі гэтай партыі.

Магістральны накірунак дэмакратычнага разьвіцьця заўсёды ідзе ад квотаў, а не да квотаў. Хутчэй за ўсё, будуць прыжывацца такія спосабы барацьбы за жаночае раўнапраўе, якія ня будуць крыўдзіць жанчыну, адчувальную да таго, што на Захадзе завецца сэксізмам.”

(Радкевіч: ) “Значыць, стварэньне партыяў паводле полавае прыкметы – рэч, на вашую думку, немэтазгодная і беспэрспэктыўная. А як вы ўвогуле ацэньваеце пэрспэктывы на постсавецкай прасторы такой зьявы, як жаночы рух?”

(Стрэляны: ) “А ў шырокім сэнсе жаночы рух за роўнасьць вечны. Ён заўсёды быў і будзе да таго часу, пакуль мужчыны непрыкметна для саміх сябе не перастануць прыніжаць жанчыну ва ўсіх адносінах. Жанчына ў ніводным грамадзтве, самым традыцыйным, мусульманскім не лічыла нармальным сваё няроўнае становішча. Яе чалавечая годнасьць заўсёды абуралася, пакутвала, пратэставала. І між іншага, у сваіх пратэстах жанчына далёка не заўсёды была вартай захапленьня.

Могуць мяняцца віды пратэсту, віды руху, а само па сабе імкненьне да роўнасьці, эмансыпацыі, вызваленьня не аціхала ніколі і не аціхне да таго часу, пакуль ня зьнікне ў ім патрэба. Не памятаю хто, можа нават я сам прыдумаў, што вайна полаў – адная з самых доўгіх і жорсткіх войнаў. І скончыцца яна можа толькі сапраўдным мірам, да якога ўсё яшчэ далёка нават у самых вольных грамадзтвах”.

(Радкевіч: ) “Сапраўды, змаганьне полаў – рэч надзвычай даўняя. Бадай, самая раньняя з такіх войнаў, якую апісаў Арыстафан – гэта бунт жанчынаў у Грэцыі пад кіраўніцтвам Лісістраты, калі ўпершыню жанчыны наважыліся на адкрытае супрацьстаяньне мужчынам. Тую вайну яны-ткі выйгралі…

Але мне хацелася б ізноў вярнуцца да дня сёньняшняга, і працягнуць абмеркаваньне пытаньня: наколькі ўсё ж у Беларусі пэрспэктыўны жаночы рух? Наколькі пэрспэктыўнае і мэтазгоднае стварэньне жаночых партыяў?”

(Дракахруст: ) “Ведаеце, можа я буду абвінавачаны ў мужчынскім шавінізме, але я тут прыгадваю формулу брытанскага філёзафа Спэнсэра. Калі ў Брытаніі нараджаўся прафсаюзны рух, ён сказаў прафсаюзным лідарам так: “Змагайцеся, але ня дай Бог вам перамагчы…”

Але мне хочацца прывесьці некаторыя лічбы – што да нібыта змаганьня жанчынаў за свае правы. Вось дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, якое было праведзенае ў Беларусі ўлетку мінулага году. Пытаньне было такое: уяўленьне пра будучага прэзыдэнта. За тое, каб ён быў мужчынам, выказалася 83%, за тое, каб жанчынай – 11%. У Беларусі паводле перапісу 55% жанчынаў. Такім чынам, большасьць жанчынаў таксама лічыць, што ўсё ж такі бацька мусіць быць бацькам, а ня іншага полу”.

(Радкевіч: ) “Паводле тых жа сацыялягічных дасьледваньняў, сярод прыхільнікаў Лукашэнкі жанчынаў больш, чым сярод праціўнікаў. На вашую думку, чаму гэта так?”

(Дракахруст: ) “Вядома, што Лукашэнка – лідар вызначана харызматычнага тыпу, які ў сваёй аргумэнтацыі апэлюе да эмоцыяў. А эмацыйны тып асобы больш уласьцівы жанчынам, для іх гэта адыгрывае большую ролю. І так заўсёды было, што харызматычныя лідары выклікалі больш сымпатыяў менавіта ў жанчынаў.

Хаця да жанчынаў у палітыцы таксама не такое адназначнае стаўленьне. Я ведаю апытаньні і па Расеі, і па Беларусі – калі людзей пыталіся: “Хто для вас ідэал палітыка?” На першым месцы там быў Пётар 1-ы, але цікава хто на трэцім-чацьвертым: Маргарэт Тэтчэр. Прычым гэта зьдзіўляе ўсіх, нават брытанцаў: чаму менавіта гэтая жанчына выклікае такую павагу і ў Беларусі, і ў Расеі? Магчыма, тут якраз псыхалягічная гульня жанчына-мужчына: гэта жанчына, здольная ажыцьцяўляць мужчынскую палітыку.

Так што тут складанае стаўленьне. Сапраўды, у людзей ёсьць пэўныя забабоны адносна жанчыны ў палітыцы. Але калі размова ідзе пра канкрэтную жанчыну, якая дасягае посьпеху, тады не ўзьнікае нейкага шавінізму”.

(Радкевіч: ) “Кіраўнік беларускай дзяржавы на людзях, прынамсі, культывуе іранічна-спагадлівае стаўленьне да жанчыны. А вось сярод прыхільнікаў Пуціна прыкладна столькі ж жанчынаў, колькі і сярод праціўнікаў. У чым прычына такога адрозьненьня ў параўнаньні з беларускім кіраўніком? Справа толькі ў харызме Лукашэнкі, ці карані глыбей?”

(Стрэляны: ) “Улада – яна ж несьвядома вабіць да сябе. Людзі цягнуцца да ўлады – асабліва прыгнечаныя. Да таго ж нават у вольных грамадзтвах, дзе людзі сьвядома ставяцца да палітыкі – і тое ледзьве не 90 % тых, хто бачыць па тэлебачаньні палітычнага лідара і не ўслухоўваецца ў тое, што ён кажа, а робіць высновы паводле таго, як ён сябе паводзіць, паводле аблічча. А што ўжо казаць пра легкавер’е савецкіх людзей. Кажуць: “Бачылі вочы, што бралі”. Дык жанчыне часьцей даводзіцца гэта чуць з прычыны яе непазьбежных расчараваньняў – яна спачатку выбірае эмацыйна, кіруецца пачуцьцем, а потым пачынаецца ацьвярэжаньне.”

(Дракахруст: ) “Што да адрозьненьня ў стаўленьні да Пуціна і Лукашэнкі – магчыма, прычына ў тым, што беларускае грамадзтва больш патрыярхальнае. Беларускія гарады – гэта фактычна ўчорашнія вёскі. І ў гэтым сэнсе бачна, што Лукашэнка сьвядома адыгрывае ролю гэткага вясковага “мачо”.

Я памятаю, за некалькі месяцаў да выбараў 94-га году Лукашэнка публічна, пры журналістах сказаў: на мяне, маўляў, шукаюць кампрамат, але нічога ня знойдуць, хіба што з бабай быў… Ён сказаў, зразумела, грубей… Яго спыталі: “А было?” – “Ну, зразумела, было!”

То бо, тое, што немагчыма сабе ўявіць, напрыклад, у ЗША ці Эўропе – цалкам добра ці праходзіць у Беларусі і дае галасы жанчынаў. Расейскае грамадзтва ў большай ступні мадэрновае, у Расеі ёсьць рэгіёны, дзе ўжо шмат пакаленьняў жыве ў гарадах, і такі стыль вясковага “мачо” наўрад ці быў бы там надта папулярным. Гэта пацьвярджаецца і паказчыкамі падтрымкі Пуціна: у яго вельмі роўная падтрымка, якая ня надта залежыць ад падзяленьня “горад-вёска”, “мужчыны-жанчыны”. Хаця невялічкая перавага сярод жанчынаў у яго таксама ёсьць – я б сказаў, гэта шарм Штырліца”.

(Стрэляны: ) “Лепшае, па-мойму, што дало 20 стагодзьдзе ў Расеі, у Беларусі, ва Ўкраіне – гэта жанчына з вышэйшай адукацыяй: тое, што я называю з найвялікшай пашанай “савецкая інжынэрка”. Можа, гэта наогул лепшы тып, лепшая чалавечая парода на зямлі. Найбольш дэмакратычна настроеная, са здаровым сэнсам, з гумарам, з адказнасьцяй – вельмі я люблю гэты тып…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG