Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе беларуска-расейскі мытны саюз?


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “29 студзеня ў Маскве прэм’еры Беларусі і Расеі Ярмошын і Касьянаў падпісалі пастанову пра адзіную мытна-тарыфную палітыку. Адначасна стала вядома, што Беларусь, нарэшце, пагадзілася на ўвядзеньне расейскіх ставак мытаў на нафту і нафтапрадукты. Расейскі прэзыдэнт Пуцін адмыслова падзякваў беларускаму боку за гэтае рашэньне і заявіў нават, што менавіта зараз “можна гаварыць пра стварэньне адзінай мытнай мяжы”. Чаму менавіта гэтае рашэньне пра адзіныя мыты на нафтапрадукты такое важнае? Чаму раней Беларусь на гэта не пагаджалася? Нарэшце, якія наступствы для яе гэта будзе мець? Сп-р Чыгір, Вам першаму гэты стос пытаньняў”.

(Чыгір: ) “Расейцаў я магу зразумець. Яны спрабавалі зрабіць гэта крыху раней, яны хочуць кантраляваць сытуацыю. Калі нафта выходзіць за межы Расеі, яны імкнуцца абкласьці яе мытам, якое трапляе ў расейскі бюджэт. А калі нафта бяз мыта трапляе на тэрыторыю Беларусі, далей невядома: ці яна застаецца на Беларусі, ці ідзе за мяжу. Расейцы дзейнічаюць у сваіх інтарэсах, яны дамагліся вырашэньня гэтай праблемы, але становішча Беларусі ў выніку гэтага рашэньня пагоршыцца.

Беларускія фірмы маглі напрацоўваць на гэтым дадатковыя грошы, зараз гэта будзе зрабіць значна цяжэй. БДГ напісала, што гэта абыходзілася расейскаму бюджэту ў 70 млн. даляраў. Дзе гэтыя грошы “асядалі“ раней – сказаць цяжка: часткова яны “асядалі” ў Беларусі, часткова даставаліся расейскім фірмам, але цяпер яны будуць ў расейскім бюджэце”.

(Дракахруст: ) “Яраслаў, чаму беларускі бок так доўга не пагаджаўся пайсьці на ўніфікацыю мытаў? Якія страты тут атрымлівала Расея – зразумела, пра гэта сп-р Чыгір ужо сказаў, але няўжо магчымыя страты прыбыткаў нейкіх беларускіх бізнэсмэнаў так ужо непакоілі афіцыйны Менск? У чым тут была інтрыга?”

(Раманчук: ) “Адзіная мытная прастора не існуе і не існавала ніколі. Нягледзячы на тое, што заяўляе Пуцін, факты гавораць самі за сябе. 139 з 288-ці ставак экспартных мытаў і 508 імпартных мытаў няўзгодненыя паміж беларускім і расейскім бакамі. Калі Пуцін кажа пра адзіную мытную прастору, а 26% зьнешнегандлёвага абароту Беларусі складае нафта і газ, то якая гэта мытная прастора? Калі мы гаворым, што беларусы не пагаджаліся на ўніфікацыю мытаў, то справа ня ў тым, што беларускі ці расейскі ўрад неяк дбалі пра свае бюджэты. Ёсьць лябісцкія групоўкі, якія мелі з гэтага прыбытак, але для іншых груповак яны разбуралі зьнешні рынак праз Беларусь. Я думаю, што страты бюджэту, пра якія гавораць расейцы, – гэта аднабаковыя падлікі. Калі паводле расейскай мытні Расея губляла ад мытнага саюзу 400 млн. даляраў, то, калі мы ўлічым “дзіравую” мяжу паміж Беларусьсю і Расеяй і імпарт з трэціх краінаў, то мы можам прыйсьці да лічбы, што беларускі бюджэт губляў каля 600 млн. даляраў. Беларускія страты істотна большыя.

Я разглядаю ўніфікацыю мытаў на нафту як плян захопу беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Я згодны са сп-ром Чыгіром, што расейцы вельмі добра адстойваюць свае інтарэсы. Беларускі бок, ня маючы канцэпцыі, больш клапоціцца пра тое, як вырашыць пытаньні сяўбы і фінансаваньня рэальнага сэктару эканомікі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”.

(Дракахруст: ) “А Ваше меркаваньне , сп-р Чыгір?”

(Чыгір: ) “Наконт сьцьверджаньня Яраслава, што мы нясем вялікія страты на мяжы… Я сам у свой час займаўся гэтай праблемай. Бяз стратаў нічога не бывае, але вялікіх стратаў Беларусь ня несла. Мы мелі ад мяжы вялікія прыбыткі і навялі там парадак раней, чым Расея. А тое, што былі такія выпадкі, як “Торгэкспо”, якое завозіла ў Расею па больш нізкіх стаўках мытаў ці наогул бязмытна якіясьці тавары і там прадавала, то ў выніку расейскі бюджэт меў страты: называліся лічбы 400-600 мільёнаў даляраў, прыблізна такія страты, відаць, і былі. Апошнім часам у Расеі таксама стварылі больш жорсткі рэжым на мяжы, і Беларусь ужо ня можа атрымаць такіх “шалёных” даходаў, калі тавар завозіцца ў Беларусь, патрапляе ў Расею, а мытныя плацяжы трапляюць у беларускі бюджэт. Калі быць шчырым, то і ня варта было спадзявацца на такія шалёныя грошы, бо менавіта ў выніку такіх дзеяньняў мытны саюз і быў разбураны. Расея была вымушаная выставіць мытны кантроль на мяжы з Беларусьсю.

Наконт уніфікацыі нафтавых мытаў я б сказаў так: ня варта было Аляксандру Рыгоравічу займацца падлікамі, колькі даляраў вывезьлі з Расеі ў Амэрыку, а вось тое, што тычыцца мытаў, тут мусіць усё быць падлічана да аднаго даляра. Каб тут і нашыя інтарэсы былі захаваныя, і расейскія. Наколькі я ведаю, урад да канца не асэнсаваў гэтае рашэньне пра ўніфікацыю нафтавых мытаў. У выніку расейскія фірмы будуць мець перавагу над беларускімі, якія будуць перапрацоўваць нафту на нашай тэрыторыі, нашым стане цяжэй працаваць. Акрамя мытаў ёсьць яшчэ і сабекошт нафты, які ніжэйшы ў Расеі, і таму тамтэйшыя фірмы пры экспарце будуць мець перавагу перад нашымі. Аднабаковыя рашэньні доўгі час не жывуць.

Варта памятаць, што ў нас жа таксама ёсьць пэўныя рычагі ўзьдзеяньня: за перапрацоўку нафты нашыя прадпрыемствы атрымліваюць плацяжы. Я лічу, што пры выпрацоўцы канчатковага рашэньня нашаму ўраду варта ўлічваць наяўнасьць гэтага рычага.

Падводзячы вынік, варта сказаць, што да канца гэтая справа нашым бокам прапрацаваная не была, нечаканаю стала жорсткасьць расейскага боку. Маштаб наступстваў гэтых рашэньняў пакуль ацаніць цяжка, але што яны не на нашую карысьць – гэта адназначна”.

(Дракахруст: ) “Прапаную вам кінуць больш шырокі погляд на беларуска-расейскія мытныя адносіны. Я нагадаю, што першае пагадненьне на гэты конт было падпісанае ў лютым 1995 году, калі
сп-р Чыгір узначальваў беларускі ўрад. Падводзячы вынікі шасьцігадовага існаваньня ў гэты мытным саюзе – больш плюсаў ці больш мінусаў ён прынес? Яраслаў, Вам пытаньне”.

(Раманчук: ) “Мы ўвесь час гаворым, што мы робім, як у Эўразьвязе, і будуем адносіны ў саюзе Беларусі і Расеі паводле гэтага ўзору. Але эўрапейцы спачатку дамаўляюцца пра варункі, а потым прымаюць рашэньні. У нас жа ўсё адбываецца наадварот: у 1995 годзе падпісалі дамову пра мытную вунію, а потым пачалі разважаць, што гэта такое.
Сам факт, што 10 лютага сёлета Расея ўводзіць мытныя дэклярацыі на тавары беларускага паходжаньня, гаворыць аб тым, што да мытнага саюзу нам яшчэ далёка. Гэтыя мэханізмы ня мусяць існаваць у мытным саюзе – у ім усё мусіць быць аднолькавае: і мыты, і нямытныя абмежаваньні. У беларуска-расейскім саюзе мы падыходзім да зоны вольнага гандлю. Ужо шмат беларускіх экспэртаў адзначаюць, што на самой справе беларуска-расейскі мытны саюз – гэта дэклярацыя, мэта. Паводле сьцьверджаньняў афіцыйных асобаў, яна будзе дасягнутая ў 2003 годзе, але калі глядзець рэальна, яна недасягальная да 2005 году.
Палітыка, што праводзілася ў апошнія 6 гадоў, пакідае нам усё менш свабоды манэўру, усё менш магчымасьцяў праводзіць незалежную палітыку”.

(Дракахруст: ) “Сп-Чыгір, тое ж пытаньне да Вас. Шэсьць год мытнаму саюзу, часткова, і Вашаму дзіцяці. Можна пагадзіцца з Яраславам, што гэта – ня Эўразьвяз і не саюз НАФТА паміж ЗША, Мэксікай і Канадай. Але той мытны саюз, які ёсьць, ён прынес Беларусі больш стратаў ці выгадаў?”

(Чыгір: ) “Я ня згодны з тым падыходам, што мытны саюз наогул прынес Беларусі якія-небудзь страты. Калі вяліся перамовы пра яго стварэньне, мы падлічвалі, колькі б нам каштаваў увоз тавараў з мытамі. Усё атрымлівалася даражэй: і нафта, і мэтал, і машыны. А калі больш дарагі мэтал, дык больш дарагі наш трактар. Я скажу адназначана: у мытным саюзе для нас былі толькі плюсы. І хацелася б спытаць тых, што лічыць, што мы нічога не атрымалі ад мытнага саюзу: а куды б мы паехалі на сваім падаражэўшым трактарам? Нам і так акрамя Расеі няма куды ехаць на ім. Ён і так нават у Расеі прадаецца вельмі складана. Калі б ён яшчэ быў даражэйшы на 20%, то ўзьніклі б вялікія праблемы. Карысьць ад мытнага саюзу была і для Беларусі, і для Расеі, бо што значыць для Расеі трактар купіць за мяжою і што – у Беларусі?..

Асноўная прычына, чаму мытны саюз даў вялікія шчыліны, гэта тое, што ўрады абедзьвюх краінаў спрабавалі зарабіць сабе на гэтым больш грошай. Вы памятаеце Нацыянальны фонд спорту ў Расеі, мы адказалі фондам Эсамбаева, потым – “Торгэкспа”. Гэтыя выключэньні, як іржа, разьелі мытны саюз.

Нашую прадукцыю на Захадзе ніхто не чакае. Там яе прадаць надзвычай цяжка, хаця мы мусім вельмі імкнуцца туды. Але асноўны наш рынак – гэта Расея. Пра гэта кажа і статыстыка: палова гандлёвага звароту – з Расеяй”.

(Дракахруст: ) “Яраслаў, ці згодныя Вы з высноваю сп-ра Чыгіра пра карысьць мытнага саюзу?”

(Раманчук: ) “Я згодны з тым, што мытны саюз выгадны краінам, якія ў яго ўваходзяць. Уся праблема ў тым, што ўжо ў 1996 годзе Расея загадам па мытні выйшла з гэтага саюзу. Не было ніводнага пэрыяду, калі рэжым увозу тавараў з трэціх краінаў быў бы аднолькавы. Было б добра, калі б правілы выконвалі ўсе, але іх парушаюць абодва бакі. На гэтым атрымліваюць даходы групы інтарэсаў, якія ёсьць і ў Беларусі, і ў Расеі. Але для краінаў, для іх эканомікаў ад гэтага няма аніякай карысьці”.

(Дракахруст: ) “Я так зразумеў, што тэарэтычна мытны саюз – гэта вельмі добра. Але я пытаю, пра тое, што ёсьць. Гэта лепш, чым калі б мытнага саюзу не было ўвогуле?”

(Раманчук: ) “Было лепш не для Беларусі, як краіны, а для пэўных гаспадарчых структураў, якія маглі карыстацца ільготнымі рэжымамі гандлю. Для эканомікі ў цэлым гэты досьвед быў нэгатыўным”.

(Дракахруст: ) “Падчас нашай размовы ўжо рабіліся спробы параўнаць беларуска-расейскі мытны саюз і Эўразьвяз. Чаму так атрымлівалася і атрымліваецца зараз: у беларуска-расейскім саюзе спачатку адчыняецца мяжа, а потым пачынаюць выраўноўваць мыты, якія ня выраўненыя дагэтуль. А ў Эўразьвязе спачатку выраўноўваюць умовы. Чаму гэта атрымліваецца там, а ў нас увесь час ідзе гэтая блытаніна, гульня, узаемны ціск і падман. Сп- Чыгір, Ваш погляд?”

(Чыгір: ) “Я ня думаю, што ў тым жа Эўразьвязе усё так адназначна. Гэты працэс паўсюль ідзе складана, бо тычыцца інтарэсаў розных краінаў. Што часам мы спачатку падпісваем, а потым узгадняем – такое ёсьць, магчыма таму, што мы славяне. Але ня варта думаць, што калісьці перамовы будуць простымі. Мы, калі падпісвалі мытны саюз з Расеяй, вялі перамовы да 3 гадзінаў начы. Гэта праца. Хтосьці мусіць ісьці на саступкі ў адным, хтосьці ў іншым. Што да нас, то у нас тады і адмыслоўцаў не было па стварэньні адзінай мытнай прасторы. Але мы яе стварылі. І яна працуе. Хоць і ёсьць на мяжы расейская мытня, але мытны саюз працуе. Па большасьці пазыцыяў жа ёсьць дамоўленасьць”.

(Дракахруст: ) “Яраслаў, першым у нашай размове вопыт ЭЗ прыгадалі Вы, так што Вам пытаньне: чаму там атрымліваецца, у НАФЦЕ атрымліваецца, а ў беларуска-расейскім саюзе – не?”

(Раманчук: ) “Найперш я б нагадаў, што НАФТА – гэта ня мытны саюз, гэта зона вольнага гандлю. Эўразьвяз – гэта сапраўды мытны саюз. Але нескаардынаванасьць пазыцыяў розных краінаў ў межах ЭЗ прыводзіць да таго, што ёсьць канфлікты паміж Францыяй і Англіяй, паміж Нямеччынай і Францыяй, паміж Італіяй і Англіяй і г.д. Калі ў Англіі больш высокія мыты, туды вельмі выгадна ўвозіць кантрабанду. 90% машын, што праяжджаюць праз Ля-Манш, вязуць кантрабандныя цыгарэты і францускае віно. Тая ж сыстэма працуе і на беларуска-расейскай мяжы, толькі тут вязуць, напрыклад, бэнзын з Расеі, бо там ён таньней.

Толькі той гандлёвы саюз мае пэрспэктыву, які больш празрысты і не забюракратызаваны. У пытаньні з каго нам браць прыклад: з ЭЗ ці з НАФТЫ, я аддаю перавагу НАФЦЕ. У Мэксыкі на ЗША прыпадае 80% зьнешнегандлёвага таваразвароту, г.з. залежнасьць ад ЗША больш, чым у Беларусі ад Расеі, але ў межах НАФТЫ мэксыканцы за 5 гадоў дасягнулі вялікіх посьпехаў, ня толькі павялічыўшы гандаль, але і разьвіўшы ўнутраную прамысловасьць”.

(Дракахруст: ) “А ў ЭЗ усе мытныя стаўкі адзіныя?”

(Раманчук: ) “Не, ня ўсе. Варта прыгадаць, што Нямеччына парушае ці адхіляе 60% законаў, якія прапаноўваюцца Эўрапарлямэнтам і якія мусяць ухваляцца нацыянальнымі парлямэнтамі. ЭЗ – даволі рыхлая структура, і некрытычнае капіяваньне намі эўрапейскага досьведу прыводзіць да кепскіх вынікаў, беручы яшчэ пад увагу і нашыя славянскія характары, і недахоп досьведу працы ва ўмовах рынкавай эканомікі, і адсутнасьць інстытутаў свабоднага рынку”.

(Дракахруст: ) “Вы абодва прыгадалі славянскія асаблівасьці. Наколькі яны вызначальныя? У 1995 годзе мытная дамова з Расеяй была ў немалой ступені вынікам палітычнага выбару кіраўніцтва Беларусі. А пры палітычных пераменах у Беларусі ці захаваецца мытны саюз з Расеяй, як вы лічыце?”

(Чыгір: ) “Я лічу, што мытны саюз павінен захоўвацца”.

(Раманчук: ) “Я лічу, што трэба сказаць, што гэта – нашая мэта, а пачынаць трэба з зоны свабоднага гандлю з Расеяй і ўсімі нашымі суседзямі, перш за ўсе – з Украінаю, Польшчай і Літвою. Варта таксама мець рэжым свабоднага гандлю з ЭЗ і з ЗША. Такі падыход – з усімі гандляваць на роўных умовах – вельмі прывабны для нашай малой адкрытай эканомікі”.

(Чыгір: ) “Калі б мы зрабілі зону свабоднага гандлю паміж Польшчай і Беларусьсю, то з улікам таго, што польскія фэрмэры маюць прадукцыю ў два разы таньней, чым нашая, у нас ніводзін калгас не прадаў бы ніводнага кіляграма мяса. І ўсё б у нас ляснула. Гэта можна казаць, але гэта, на жаль, сёньня нельга зрабіць”.

(Раманчук: ) “Нагадаю досьвед Новай Зэляндыі. У 1984 годзе яна ў аднабаковым парадку скасавала ўсе мыты. І зараз, праз 17 гадоў, яна мае самую канкурэнтаздольную гаспадарку ў сьвеце”.
XS
SM
MD
LG