Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія адносіны ў люстры перадвыбарчай кампаніі


Ю.Дракахруст

Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Анатоль Лысюк. (эфір 10.12.1999).

Аўтар і вядучы Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) "Не выклікае сумненьняў, што тэма беларуска-расейскіх адносінаў будзе адной з галоўных пад час будучай прэзыдэнцкай кампаніі. Ужо зараз можна прыблізна сказаць, з якімі лёзунгамі пойдзе на выбары кандыдат Лукашэнка. "Мы, беларусы і рускія, – славяне, мы мусім быць разам, і мы былі разам, але нас гвалтоўна падзялілі. Але аб'ядноўвацца з Расеяй мы мусім на раўнапраўнай аснове, бо ў нас, беларусаў, – уласны гонар. Захад – вораг славянства, перашкаджае нашаму аб'яднаньню. Беларусь – матор інтэграцыі, бо вышэйшаму кіраўніцтву Расеі бракуе волі дамагчыся адзінства". Прыблізна такія тэзы будзе агучваць дзеючы кіраўнік краіны. А якія іншыя падыходы будуць фігураваць пад час перадвыбарчай кампаніі?

Пад час мінулых выбараў у 1994 годзе было нават чатыры кандыдаты-інтэгратары – Лукашэнка, Кебіч, Новікаў і Дубко. Першае маё пытаньне – як раз пра інтэгратараў. Ці могуць на выбарах мець посьпех звышінтэграцыйныя прапановы, маўляў, няма чаго гуляць у сувэрэнітэты – трэба далучацца да Расеі сёньня ж восьмай федэральнай акругаю? Іншымі словамі, ці можна перагуляць Лукашэнку на ягоным жа інтэграцыйным полі?"

(Карбалевіч: ) "Альтэрнатыўны кандыдат, які будзе выступаць супраць Лукашэнкі, апынецца ў сытуацыі, у якой быў сам Лукашэнка ў 1994 годзе напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, калі ідэю інтэграцыі з Расеяй спрабаваў манапалізаваць Кебіч. Лукашэнку трэба было шукаць выйсьце, і ён знайшоў яго. Ён падтрымаў саму ідэю інтэграцыі, але крытыкаваў сродкі і формы яе реалізацыі. Альтэрнатыўны Лукашэнку кандыдат зараз мусіць выбраць нейкую падобную тактыку.

Сапраўды, нічога новага Лукашэнка прапанаваць ня зможа. Больш таго, зьмяняць нешта ў яго інтэграцыйнай палітыцы для яго проста небясьпечна, бо ён нічога ня выйграе, а страціць можа шмат. Праграма альтэрнатыўнага кандыдата, па-першае, павінная быць адрознай ад лукашэнкавай, бо лукашэнкавую праграму ніхто лепш яго прэзэнтаваць народу ня зможа. Па-другое, гэтая праграма не павіная быць процілеглай лукашэнкаўскай, ня мусіць быць антырасейскай. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць , што большасьць насельніцтва прыхільна ставіцца да інтэграцыі ў розных формах. Больш таго, за апошні год падтрымка гэтай ідэі нават узрасла, што зьвязана з фактарам Пуціна. Апанэнт Лукашэнкі павінен прапанаваць свой варыянт інтэграцыі і растлумачыць насельніцтву, чым ён лепшы , чым варыянт Лукашэнкі. Праграма Лукашэнкі мае вялікі мінус – няма пераканаўчых практычных вынікаў для народу, для насельніцтва. Чым больш падпісваецца дамоў – тым ніжэй падае ўзровень жыцьця".

(Дракахруст: ) "Я не зусім з Вамі згодны. Калі ўжо спасылацца на сацыялягічныя апытаньні, то, паводле меркаваньня грамадзскай думкі, менавіта ў інтэграцыі з Расеяй Лукашэнка дасягнуў найбольшых вынікаў, у адрозьненьне ад выкананьня яго іншых перадвыбарчых абяцаньняў "запусьціць заводы", "перамагчы карупцыю" і г.д."

(Карбалевіч: ) "Але ўзьнікае пытаньне: які ж вынік усіх гэтых інтэграцыйных кампаніяў? Вынік рэальны – у сэнсе паляпшэньня жыцьця народу…"

(Дракахруст: ) "Валер, асабліва ў сувязі з выбарамі нам варта зважаць ня толькі на самі па сабе реальныя вынікі палітыкі, але і на тое, як яны адлюстраваныя ў грамадзкай сьвядомасьці. Вы выказалі цікавы і спрэчны тэзіс: перамагчы Лукашэнку можа толькі інтэгратар. Анатоль Іванавіч, ці згодны Вы з гэтым?"

(Лысюк: ) "Я з гэтым згодны. Але, каб адказаць на гэтае пытаньне больш трапна, мы павінныя прыгадаць першыя прэзыдэнцкія выбары. Тады тэма інтэграцыі таксама была ключавою.
Для большасьці насельніцтва напачатку 1990-х гадоў вобраз Расеі быў "пафарбаваны" чырвоным колерам. Расея ўспрымалася як сымбаль СССР, і імкненьне да Расеі азначала рух у накірунку аднаўленьня Савецкага Саюзу. Гэты вобраз быў цёплы, лагодны, прасякнуты ноткамі настальгіі, і празьмерная эмацыйнасьць Лукашэнкі вельмі добра гарманавала з гэтым настроем.

Але час ідзе, і ў гэтую прэзыдэнцкую кампанію, якая ўжо па сутнасьці пачалася, самае паняцьце інтэграцыі мусіць быць напоўненае зусім іншым зьместам. З вобразу інтэграцыі, з вобразу Расеі зьнікае дух камунізму. Таму палітычныя сілы, напрыклад, камуністы Калякіна, якія будуць гаварыць пра інтэграцыю з Расеяй, як пра рух да аднаўленьня СССР, яны будуць вымушаныя праіграваць, бо паняцьце інтэграцыі як сыноніму Савецкага Саюзу цяпер беларускаму менталітэту не ўласьцівае. Другі важны момант: адносіны да Расеі сталі для беларусаў менш эмацыйнымі. Расея для нас – гэта прастора заключэньня прагматычных зьдзелак, палітычных кантрактаў, а ня сфэра правядзеньня прапагандысьцкіх кампаніяў.

Зараз пачынаецца цікавая гульня на расейскай палітычнай прасторы: гульня як уладнай, гэтак і апазыцыйнай беларускіх элітаў. Толькі партыя Пазьняка будзе пратэставаць і выказваць сваё незадавальненьне інтэграцыяй. Апазыцыя пойдзе на выбары пад лёзунгам інтэграцыі з Расеяй. Пры гэтым пад інтэграцыяй будуць разумецца пэўныя мадэлі рэалізацыі беларускіх эканамічных інтарэсаў. І ня больш таго. У гэтай сытуацыі апазыцыя можа рабіць стаўку на тое, што яе эканамічныя і палітычныя ўяўленьні ў найбольшай ступені адпавядаюць уяўленьням эліты, якая пануе зараз у Расеі".

(Дракахруст: ) "Я не пагаджуся з вашым "бязьмежным" вызначэньнем інтэграцыі. Інтэграцыя гэта ёсьць аб'яднаньне, мне цяжка прыгадаць апазыцыйнага палітыка, які б выступаў за аб'яднаньне з Расеяй. Усе апошнія гады лёзунгам апазыцыі было "Беларусь – у Эўропу". Дарэчы, падчас сваёй нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі ў Інтэрнэце яго паўтарыў магчымы кандыдат ад апазыцыі Сямён Домаш. Як Вы лічыце, ці ня тоесны ў вачах беларускага выбаршчыка лёзунг "Беларусь ў Эўропу" лёзунгу "Прэч ад Расеі?"

(Лысюк: ) " Дадзеныя некаторых дасьледаваньняў паказваюць, што ў беларусаў вельмі моцны "інтэграцыйны сындром", гатоўнасьць аддаць частку сувэрэнітэту дзеля тых ці іншых эканамічных дабротаў. Пры гэтым інтэграцыя з Расеяй для беларускага выбаршчыка – праблема відавочная. Ён ведае, што такое Расея, у Расею ідуць беларускія тавары, вельмі шмат хто вучыўся ў Расеі, шмат хто мае там сваякоў. А калі мы гаворым пра інтэграцыю ў Эўропу, для выбаршчыкаў гэта чыстая ідэалягема. Выбаршчыкі ня ў стане канкрэтна ўявіць сабе, што гэта за працэс. Вельмі распаўсюджанае меркаваньне, што тое, што знаходзіцца заходней Буга – іншая палітычная і эканамічная прастора, гэта – ня нашае.
Паводле гэтага меркаваньня мы мусім шукаць з гэтым заходнім сьветам кантактаў, паразуменьня, шляхоў супрацоўніцтва, але гэта – ня наш сьвет.

Паводле дадзеных сацыялягічных дасьледаваньняў беларускаму грамадзству ўласьцівыя (на жаль) вельмі асьцярожныя адносіны да Захаду ўва ўсіх яго праявах. Таму лёзунг інтэграцыі ў Эўропу, які вельмі папулярны ў краінах Балтыі, у Польшчы, з прычыны шэрагу абставінаў, у тым ліку і культуралягічных, ня можа быць папулярным у нашым грамадзстве".

(Дракахруст: ) "Валер Івавнавіч, да Вас пытаньне. Ці можа традыцыйны лёзунг апазыцыі "Беларусь у Эўропу" прынесьці посьпех на прэзыдэнцкіх выбарах?"

(Карбалевіч: ) " Я мяркую, што не. Я лічу, што лёзунгі інтэграцыі з Расеяй і "Беларусь ў Эўропу" – гэта альтэрнатывы, менавіта так яны ўспрымаюцца масаваю сьвядомасьцю. Я б прапанаваў як элемэнты праграмы альтэрнатыўнага кандыдата такія лёзунгі.

Першае – "Беларусь у Эўропу разам з Расеяй". Гэта альтэрнатыва Лукашэнку, які лічыць, што інтэргацыя з Расеяй – гэта супрацьпастаўленьне Эўропе. Такі лёзунг будзе больш выйгрышны, больш прывабны, ён замест канфрантацыі прапануе супрацоўніцтва.

Другое – "Беларусь – мост паміж Эўропай і Расеяй". Лукашэнка зрабіў з Беларусі памежную крэпасьць для барацьбы Расеі з Захадам.

Трэцяе – "Інвэстыцыі – з Захаду, рынкі збыту – на Ўсходзе". Трэба перавесьці ідэю інтэграцыі з палітыка-прапагандысцкіх гульняў на эканоміку, на неабходнасьць захаваць расейскі рынак, што немагчыма без мадэрнізацыі, якую немагчыма ажыцьцявіць без інвэстыцый з Захаду.

Безумоўнай, часткаю праграмы альтэрнатыўнага кандыдата зьяўляецца захаваньне беларускага сувэрэнітэту. А проста лёзунг "Беларусь ў Эўропу" працаваць ня будзе".

(Дракахруст: ) "Ці ня лічыце Вы, што дадатковай праблемаю дэмакратычнага кандыдата будзе палітычная эвалюцыя самой Расеі пры Пуціне? Прыгадаем, напрыклад, чачэнскую вайну, акцыі падаўленьня свабоды слова, апошнюю прапанову Пуціна зацьвердзіць у якасьці гімну Расеі музыку гімну СССР. Ці не атрымаецца так, што Лукашэнка будзе заклікаць да інтэграцыі, ягоны дэмакратычны апанэнт – таксама, празаходнія выбаршчыкі ня будуць галасаваць ані за аднаго, ані за другога, а дрыгвяністая большасьць нарэшце аддасьць перавага Лукашэнку?"

(Карбалевіч: ) "Па-першае, зараз каманда Пуціна спрабуе якраз рацыяналізаваць беларуска-расейскія адносіны, перавесьці іх на рацыянальную глебу. У гэтым сэнсе мне падаецца, што апанэнт Лукашэнкі будзе ісьці ў накірунку, аднолькавым з расейскім кіраўніцтвам.

Па-другое, я б не драматызаваў тое, што зараз адбываецца ў Расеі. Я мяркую, што там зараз рэалізуюцца супярэчлівыя тэндэнцыі. Разам з тым, пра што Вы казалі, праводзіцца цьвёрды курс на супрацоўніцтва з Захадам. Я ня думаю, што на працягу будучага году адбудзецца рэзкае абвастрэньне адносінаў Расеі з Захадам. І ў гэтым сэнсе праграма кандыдата-апанэнта Лукашэнкі ня будзе ўваходзіць у прынцыповаю супярэчнасьць з лініяй расейскай палітыкі. Што тычыцца празаходняга электарату, тут праблема ёсьць. Але гэта праблема тэхналёгіяў, яна вырашальная".

(Дракахруст: ) "Анатоль Іванавіч, Вы казалі пра эмацыйна насычаную арыентаванасьць часткі насельніцтва на аб'яднаньне з Расеяй. Можна таксама спаслацца на дадзеныя апытаньняў, калі амаль палова апытаных адказваюць, што хочуць інтэграцыі, але толькі невялікая частка зь іх можа адказаць на пытаньне "Чаму?". Так бы мовіць, цягне і ўсё. І ў сувязі з гэтым варта прыгадаць, што тэзы, якія адстойвае Лукашэнка, вельмі эмацыйна насычаныя, і ў іх прысутнічае валявы зарад. Ён казаў у свой час пра Беларусь, як пра "цэнтар, зь якога зыходзіць сьвет славянства". Ня лічыце Вы, што кандыдат, які будзе адстойваць больш рацыянальныя тэзы, будзе саступаць Лукашэнку проста паводле валявой энэргетыцы?"

(Лысюк: ) "Я так ня думаю. Па-першае, таму, што гэты эмацыйны тонус за апошнія гады істотна зьнізіўся. Зараз і для значнай часткі насельніцтва, і для кіруючай эліты інтэграцыя з Расеяй азначае вырашэньне іх вельмі канкрэтных сацыяльных і эканамічных праблемаў. Па-другое, некалькі год таму частка простых беларусаў і частка эліты глядзелі на Расею з погляду местачковай фанабэрыі. Маўляў, краіна вялікая, а няма ў ёй добрага ўладара, яна слабая і непрадказальная, як жанчына. Але ж сёньня сытуацыя і ў гэтым накірунку радыкальна зьмянілася. У грамадскай сьвядомасьці Расея перастала ўспрымацца як непрадказальная і слабая. Сёньня ў масавай сьвядомасьці беларусаў Расея ўвасабляе моц, моц як публічную – эканамічна-ваенную, гэтак і таямнічаю, якую прадстаўляюць спэцслужбы.У значнай частцы грамадства існуе ўяўленьне, што палітыка ў Беларусі ў значнай ступені робіцца ў Маскве. І зараз ўжо Беларусь успрымаецца як слабая. Гэта тычыцца ня толькі Лукашэнкі, але і апазыцыі. Менавіта зараз для апазыцыі стала аксыёмаю, што для перамогі неабходна шукаць паразуменьне з пэўнымі палітычнымі коламі ў Расеі.

У Расеі зьяўляецца больш прывабны "дзяржаўны твар" – твар Пуціна. Гэты вобраз увасабляе халодную моц, волю і таямнічасьць. Я мяркую, што на мэнтальным ўзроўні гэтыя абставіны спрыяюць беларускай апазыцыі.

Для канчатковай перамогі Лукашэнка вымушаны шукаць ня толькі ўнутраныя рэсурсы (ён можа іх знайсьці), але і весьці больш тонкую гульню на расейскім палітычым полі. Але апазыцыя ў нас не дурней за Лукашэнку, і яна ў стане згуляць у сваю гульню".

XS
SM
MD
LG